epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Надышла пара, крыху старэю..."

Надышла пара, крыху старэю.

Кажуць, што я грэшны сын сахі.

У грахах я мала разумею.

Ды к таму ж не веру я у грахі.

 

Гэта праўда: я араў і сеяў,

Каля Нёмана спяліў лугі,

Жыта ўвосень арфаваў і веяў,

Як ракеты, узвышаў стагі.

 

На начлег каня вадзіў сівога,

Пасвіў і авечак, і кароў.

Я з дзіцячых год баяўся бога,

На балоце — чорта і ваўкоў.

 

Я ад гора бараніўся смехам,

Жыў за працай і на працы рос.

Можа, дзе ўзараў загон з агрэхам

Ці пакінуў грыўку ў сенакос.

 

Можа, верш які не так удаўся,

Да пасады значнай не дарос,

Там, дзе трэба плакаць, усміхаўся

І сцярогся, нібы здрады, слёз.

 

Можа, з некім дзе не павітаўся,

Можа, недзе некаму салгаў

Ці неспадзявана абазнаўся,

Не таму калісь «дзень добры» даў.

 

Хто ж у кніжыцу грахоў запіша,

Дзе, калі і ў чым я вінават!

Палкаводзец слоў з мяне не выйшаў,

Радавога верша я салдат.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.