epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Напрадвесні

Да лясных я прыслухаўся трэляў,

Яны поўны нязгаснай красы.

Птушкі зноў на вясновых арэлях

Правяраюць свае галасы.

 

Гэта спроба запевак для песень,

Гукі флейт і цымбал на зары,

Што нядаўна развесілі ў лесе

На ўсіх дрэвах яго жыхары.

 

Гэта спеўкі. Заняткаў пачатак.

У крылатых — крылаты напеў.

Будзе ў пушчы зялёнае свята,

Каб ад шчасця я плакаў і млеў.

 

На вячэрніх і ранішніх сходках

Мы не ўдзельнікі, а слухачы.

Заліваюцца песняй салодкай

Берасцянкі, гняздо віючы.

 

Дзяцел пробуе бубен драўляны,

А жаўрук — галасісты званок.

Будзе ў маі спяваць апантана

Дрэва кожнае, кожны лісток.

 

Вецер з сонца заранак накрэсліў

І павесіў з аблок дываны.

Я з увагаю слухаў на ўзлессі

Урачыстыя песні вясны.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.