epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Нічога я не забываю..."

Нічога я не забываю

І не хачу забыць.

Як сорак першы прыгадаю,

Душа агнём гарыць.

 

І на сябе бываю злосны,

Што самалётны шум

Старую выклікае млоснасць,

Яшчэ бамбіць душу.

 

Што ўсё яшчэ замнога

Баёў, атак у сне,

Не прыцішаецца трывога,

Прывіды аб вайне.

 

І тых карцін злавесна-хіжых,

Тых чорных дзён смугу

З душы сваёй навечна выжыць

Ніяк я не магу.

 

Адно шкада, што ценем засцяць

Дні гора і бяды

Здабытае ў змаганні шчасце,

Сучасныя гады.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.