epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Нічога не збылося быццам..."

Нічога не збылося быццам

На ўлонні вечаровых ніў:

Спыніўся лось каля крыніцы

І месяц рэчку пераплыў.

 

У лесе затрымаўся вечар

І нанач адпачыць прылёг.

Калі прыціх у голлі вецер,

Пугач узняў перапалох.

 

Яго быў крык такі жахлівы,

Нібыта паратунку крык,

Што нават месяц палахліва

За хмаркаю адразу знік.

 

А потым цішыня настала,

Зямлю засеяў сонны змрок.

Чуваць было, як зорка ўпала,

Згасіўшы ў росах аганёк.

 

Нічога не збылося нібы...

Пастукаў сонечны прамень

Мне раптам раніцай у шыбу,

І... нарадзіўся новы дзень.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.