epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Не бывае для думак мяжы..."

Не бывае для думак мяжы,

Чалавек з імі вечна ў дарозе,

Па далёкім ён шчасцю тужыць

Будзе нават у горы і змозе.

 

Залаты той праменьчык свяціць

Будзе нам аж да самага скону,

Не баяцца нічога, а жыць —

Неадольная сіла закону.

 

Ды не проста пры тым існаваць,

Жыць па-людску, прыгожа і смела,

Так на свеце жыццё будаваць,

Каб зямля красавала і пела.

 

Нам пакінут такі запавет

З даўніх дзён

Для здзяйснення на справе,

Каб праклалі мы ў Заўтрае след,

Узаконены працай і славай.

 

Грозны, мудры Семнаццаты год

На вякі нашы мэты акрэсліў.

Мы ў паходзе. Вядзём свой паход

У легенды, у казкі, у песні.

 

Нашы дружныя крокі чуваць,

Рэхам коцяцца па планеце.

А над намі сцягі шалясцяць,

Шалясцяць,

Сонцам Ленінскім свецяць.

 

І няма нашым мэтам мяжы,

Чалавек з імі вечна ў дарозе.

Нам нязнаныя браць рубяжы,

Мужны шлях пракладаць к Перамозе.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.