epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Не хацелася сысці..."

Не хацелася сысці

Мне з вясёлай сцежкі,

А хацелася зайсці

У тваю усмешку.

 

Мне здавалася яна

Гэтакай чароўнай,

Што ажно сама вясна

Не была ёй роўнай.

 

Што там сіні васілёк,

Што там нават ружа,

Калі ўсмешкі аганёк

Быў пякучы дужа.

 

Абпаліў ён мне душу,

Растрывожыў сэрца.

І сягоння я тушу

Тую горыч перцу.

 

Я не трапіў у твой сад,

Не злавіў усмешку,

І аглоблі я назад

Павярнуў са сцежкі.

 

Хоць я сэрцам не крывіў,

Прамаргаў каханне.

Смейся, радуйся, жыві

У сваё жаданне.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.