epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Не маю скаргі я на ўмовы..."

Не маю скаргі я на ўмовы,

Перад бядой не гну калень.

Вясною нават адмысловай

Не супадаюць дзень на дзень.

 

Адзін — пагожы і ўрачысты,

Працяты сіверам — другі.

Адзін, нібы крыніца, чысты,

Другі — з самоты і смугі.

 

Каб на зямлі было ўсё роўным,

Як тыя кропелькі вады,

Мы не змаглі б у днях чароўных

Адрозніць шчасце ад бяды.

 

І на шляху маім жыццёвым

Хапала розных баразён,

І каляровых, і суровых,

І добрых, і нядобрых дзён.

 

Прымаю ласку і не ласку

Сваіх я пройдзеных дарог.

Яны ўжо даўняй сталі казкай

І песняй шчасця і трывог.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.