epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Не па лёгкім хадзіў я шляху..."

Не па лёгкім хадзіў я шляху,

І было майму сэрцу не лёгка

На балотным грудку, на імху,

На тым багнішчы чорным і дрогкім.

 

Як прымерыць, цяпер паглядзець,

Як прыкінуць на мілі і вёрсты,

Як хадзіў я па мокрай рудзе,

Як я жыў паміж гэтай каросты?!

 

А прыстанак я свой пазнаю

Між паўзучай лазы і алешын,

Хвалявання ў душы не таю,

З буданом я спатканнем усцешан.

 

Што ж, буданчык крыху пастарэў,

Акружыў сябе хмызам навокал.

Ты ж мяне ашчаджаў тут і грэў,

Быў прытулкам у час той далёкі.

 

Прывітаць ад душы цябе рад,

Партызанская сціплая хата.

Не забуду зялёных я шат —

Паратунку лясному салдату.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.