epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Не прыміраў я між сабою..."

Не прыміраў я між сабою

А ні жаданняў, ні надзей.

Яны вясёлаю гурмою

Са мной ішлі ў наступны дзень.

 

Без іхняй цеплыні і ласкі

Запал бадзёрасці б пагас.

Яны ж па песні і па казкі

Са мною бегалі не раз.

 

Без іх не мог бы захапляцца

Красой у роднай старане,

Вясной на восень спадзявацца,

Зімою марыць аб вясне.

 

Без іх не ведаў бы граніцы

Паміж бядою і дабром.

Люблю надзеі-чараўніцы

У ціхі свой прыводзіць дом.

 

Пакуль мой шлях не абарвецца,

Пакуль на свеце буду жыць,

Красу надзей душой і сэрцам,

Як песню, буду я любіць.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.