epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Не ведаю, чаму да бэзу..."

Не ведаю, чаму да бэзу

Пагляд пахмуры твой прырос.

А думаў я, што ты з жалеза,

Без захаплення і без слёз.

 

Сустрэч у нас было нямала,

Павінен быў цябе я знаць,

А ты умела так хавала,

Што выгадна было хаваць.

 

Як мары ні хавай глыбока,

Як ні закоўвай у браню,

Не ўтоіш ад чужога вока

Кахання, песні і агню.

 

Гарэць агнём халодным бэзу,

Пачуццям жыць і трапятаць,

Ад сонца плавіцца жалезу,

Вачам смяяцца і рыдаць.

 

Здымай з сябе чужую маску

І дзён пражытых не шкадуй,

Заходзь у сэрца, калі ласка,

І па-святочнаму пануй.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.