epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Пахаваў я нямала надзей..."

Пахаваў я нямала надзей,

І, на жаль, многа мар не збылося.

Дзе ж было іх, вясенніх, падзець

У маю непагодную восень.

 

Аблажылі дажджы не на дзень

Сваёй музыкай сумнаю сэрца.

Спадзяваўся, што сонца прамень

Цераз хмары сівыя праб’ецца.

 

Ды зацята дажджы ўсё ішлі.

Стала неба дзіравым, як сіта.

У салдацкім маім шынялі

Стала дзірак багата прабітых.

 

Я не думаў сябе берагчы,

Хоць шынель свой надзеямі латаў,

З мар раскладваў агонь уначы,

Быў мне лес палавінаю хаты.

 

Але мары разбегліся ўсе,

Быццам конікі пырснулі ў травы.

Спрабаваў іх сабраць пакрысе,

Ды было гэта марнаю справай.

 

Я не буду па іх сумаваць,

Хоць душы маёй трохі балесна,

А пайду па зямлі вандраваць,

Пашукаю для восені песні.

 

Пахаваў я нямала надзей,

І, на жаль, многа мар не збылося.

Не было мне куды іх падзець

У маю непагодную восень.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.