epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Пад Рахманькамі бярозы...

Маці

У добры час — сяброў багата,

У горкі час — сяброў няма,

Заходзіцца ад гора хата,

Бяда царуе тут сама.

 

Нічога я не заўважаю,

Я абыякавы тады,

Таго не бачу, што шукаю,

Іду, не ведаю куды.

 

І ўсё ж такі, хоць ачмурэлы

І хоць без памяці, іду.

Мне лес паможа пасівелы

Адолець смутак і бяду.

 

Я не забуду дзень той шэры,

Труну, халодную жарству,

Калі я ў хату зблытаў дзверы

І сам не ведаў, ці жыву.

 

Не вераць ні душа, ні розум...

Стаяць, як памяць для людзей,

Тут пад Рахманькамі бярозы,

Да іх сцяжынка — без надзей.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.