epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Пара надзей, пара здзяйсненняў..."

Пара надзей, пара здзяйсненняў,

Здавалася, мінула ты.

Даўно патухшыя праменні

Ужо не маюць пекнаты.

 

І не надзеі, а жаданні

У соннай цепляцца душы,

Як тыя ў змрочлівым тумане

Пад хісткім ветрам кіяшы.

 

Хаця не маю я ілюзій,

Не пець зімою салаўю,

Жаданні з вёснамі ў саюзе

Усцешылі душу маю.

 

І сэрца просіцца ў дарогу,

І ўсмешкай расцвітае зрок,

Нядаўнюю забыўшы змогу,

Прыспешваю ў надзеі крок.

 

Пару надзей і летуценняў

Ніяк акрэсліць не магу.

Яны цвітуць то ў дзень асенні,

То ў весні сохнуць на лужку.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.