epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Пасля блакады

Гнілой вады да барады.

Куп’ё. І портавыя вокны.

Калі мы трапілі сюды

Пад тумановыя палотны.

 

Шыпенне мін. Агню слупы.

Плюецца твань балотнай жыжай.

Хоць шлях у цемень і сляпы,

Патрэбна жыць. Патрэбна выжыць.

 

Пад ранак вылезлі з дрыгвы

На астравок сухі ў зацішша.

А кожны ледзьве з нас жывы,

Як мех кавальскі кожны дыша.

 

Мы леглі пластам спакваля

Пасля баёў, блакадных страхаў.

Якая ж лёгкая зямля

Уся з зялёных траў і пахаў!

 

Паміж зрыжэлай асакі

І зараслі балотнай ваты,

На куп’і вабяць буякі

Сухія рты лясных салдатаў.

 

Не хутка смагу нам сагнаць,

Без ягад на душы аскома,

Калі ні ног, ні рук не ўзняць

Ад цяжкай і здранцвелай стомы.

 

Гляджу на даўнія часы

То з радасцю, а то з трывогай,

Тады ж балоты і лясы

Кавалі з намі Перамогу.


1977?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.