epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Пра сумленне

« Сумленне — вартаўнік душы»,

Калісь сцвярджалі чарадзеі

І пасяляліся ў глушы,

На праўду страціўшы надзеі.

 

Міналі дні. Змяняўся свет.

Не стала болей глухамані.

Ад мудрасці застаўся след

Жыць у легендах і паданнях.

 

Сумленне — нашых спраў вага

І атэстат душы людское,

Па ім нам выверыць ільга,

Што добрае, а што пустое.

 

Па ім знаходзім мы сяброў,

Яно, як нашае прычасце,

Благаслаўляе і любоў,

І на зямлі зямное шчасце.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.