epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Прыгадай сваю сялібу..."

Прыгадай сваю сялібу,

Дзе быў дзёран за страху.

На акенцы з лёду шыбы,

Між бярвенняў жменька мху.

 

Аніякага знадворку,

Аніякага жытла,

Сосны стройныя на ўзгорку,

Ні кала і ні двара.

 

Ні ўвахода і ні выйсця

З будана нідзе няма.

Тут і зараз, як калісьці,

Гаспадыняю зіма.

 

Да цяперашняга дома,

Што на Зыславе між хвой,

Шлях мне блізкі і знаёмы

У будан, што пад зямлёй.

 

Ёсць і спальня. Ёсць і сені,

Хоць жылых няма прыкмет.

Замятае ззаду венік,

Як мяцеліца, мой след.

 

Я сваю задачу знаю,

Загартован я ў баях.

З-пад зямлі я вырастаю

З аўтаматам у руках.

 

Не было ў нас баязліўцаў.

Не злічыць маіх брыгад.

Я за кроў, за слёзы — мсціўца,

Я — лясны былы салдат.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.