epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Прыгоды дзеда Міхеда

Дзед як дзед
Як дзед немцаў рыбай карміў
Дзеда куля не змагла
Паляванне на шашы
Смерць бургамістра
Дзед Міхед і невядомы
Як дзед сустрэў Новы год
Дзед злавіў языка
Дзед Міхед на чыгунцы
Дзед Міхед — стрэлачнік
Дзед Міхед і “зайцы”
Як дзед плыты ганяў
Дыверсія дзеда Міхеда
Як дзед сам сябе лавіў
Як Міхед фрыца жаніў
Дзед у лясной школе
Дзед Міхед і баба-чорт
Дзед Міхед і доктар Швец
Дзед — парабак пана Ёдкі
Звярынец дзеда Міхеда
Як дзед бульбу прадаваў
Лазня дзеда Міхеда
Дзед Міхед і генерал Капуста
Дзед Міхед змяняе прафесію
Дзед Міхед і дзед Каўпак
Дзед дажыў да шчасця
Перад парадам
На парадзе
Вяртанне на Радзіму
На родным парозе
Як у дзеда коней укралі
Дзед знаходзіць зладзеяў
Прамінула часу многа
Навагодняя прамова Міхеда


 

Гальчэню

Герасіму Маркавічу

прысвячаю

 

 

Дзед як дзед

 

Дзед як дзед. Паважны, скажам,

Шмат што бачыў на вяку.

Ростам ён хоць і не ў сажань,—

Вельмі ўдалы на руку.

 

Ён і бондар, ён і цесля,

I хоць сам не малады,

А жыццё сваё, як песню,

Дзед праносіць праз гады.

 

Меў калісьці дзед ахвоту

З дубальтоўкай пахадзіць,

Толькі гэтая работа

Зараз дзеду не карціць.

 

Трэба вочы, трэба ногі,

А яны здаюць крыху.

Цяжка крочыць па дарогах

Ды таптацца па імху.

 

Ён заўжды шаноўным госцем

У людзей быў за сталом.

Сам без кпінаў, сам без злосці,

Не цярпеў людзей са злом.

 

Мог на скрыпцы крышку рыпаць,

На вяселлях бавіць час.

Жартам мог ён перасыпаць

Паляўнічы свой расказ.

 

I з сваёй сям'ёй заможнай

Дзед у ладзе, дружбе жыў.

За майстэрства дзедам кожны

У калгасе даражыў.

 

А сям'я была на дзіва:

Тры сыны і пяць дачок.

Мо сям'і такой шчаслівай

Не знайсці і назнарок.

 

Быў дастатак поўны ў хаце,

I парадак, і спакой.

Між людзей хадзіла маці

З горда ўзнятай галавой.

 

Зломкам дзед не быў ніколі,

Праца — для яго закон.

I ў майстэрні, і на полі,

I са стрэльбай — майстра ён.

 

А ўжо зробіць наш дзядуля

А ці лапаць, а ці бот,

Надзявай на гулі-булі,

Не парвеш за дзесяць год.

 

А з касой на луг як выйдзе,

От пракосаў накладзе,

Быццам тут не дзень, а тыдзень

Увіхаўся слаўны дзед.

 

У Бабруйску прад вайною

Дзед Міхед адпачываў.

А прыйшла вайна — нікога

Каля роднага парога,

Як прыехаў, не застаў.

 

У калгасе засталіся

Толькі бабкі ды дзяды.

Маці з дзецьмі падаліся

Па дарогах ад бяды.

 

“Дзе вы, дзе вы, мае дзеці,

Ці дарога ў вас адна?

Вас раскідала па свеце

Гэта лютая вайна”.

 

Дзеду горка і балюча,

Ён ад гора цёмным стаў.

Адшукаўся ўрэшце ўнучак,

Ад абоза ён адстаў.

 

Дзед Міхаську к сэрцу туліць,

Цяжка, млосна на душы.

“Нас бамбілі, мо вы чулі?

На Варшаўскай на шашы”.

 

— Супакойся, хлопчык мілы,

Рук сваіх мы не складзём,

Паспрабуем свае сілы

Тут, дзе наш калгас і дом.

 

I пад старасць давялося

Дзеду ў рукі стрэльбу ўзяць.

Ходзіць дзед другую восень,

Ходзіць злыдняў паляваць.

 

Мы ўсе дзедавы паходы,

Мы ўсе дзедавы прыгоды

I алоўкам і пяром

Запісалі з мастаком.

 

 

Як дзед немцаў рыбай карміў

 

Дзед да рыбы быў заядлы

I на выдумкі мастак.

Толькі от нядаўна, падла,

Зазубень скусіў шчупак.

 

Аж пляваўся дзед ад злосці.

Шчупака прапаў і след.

Зладзіў дзед назаўтра восці

I паехаў на падсвет.

 

Гнаў Міхаська човен новы,

Ад агню святлела дно.

Восьці дзед трымаў спахова,

Толькі рыбы не відно.

 

Пад прысом вада булькоча,

Човен добры на хаду.

Дзед свае ўтаропіў вочы

Ў чорна-сінюю ваду.

 

Ціха шэпча асака,

Між ракітаў спіць рака.

Кружаць мошкі-матылькі,

Аб агеньчык крыльцы паляць.

Плачуць блізка кулікі

Ля старых падгніўшых паляў.

 

На казе трашчыць лучына,

Дым куравы вочы есць.

Увабралі ўрэшце ліня,

Будзе пэўных фунтаў шэсць.

 

Рад Міхась, і дзеду гожа:

Рыба ў торбе, як-ніяк.

Толькі дзеда ўсё трывожыць

Той, што з зазубнем шчупак.

 

Недзе пад карчом глыбока

Ён сядзіць у гушчары.

Можа, зяпу, можа, вока

Рамантуюць печкуры.

 

Дзеду з ўнукам шанцавала,

Хутка торба поўнай стала:

Язюкі і акуні

Леглі ў торбу, як кані.

 

А ля дому, ля лазы

Сомік плюхнуў два разы.

Думаў: човен ён кульне —

Будзе наш Міхед на дне.

 

Дзед змарыўся, дзед прамок

Пакуль сома увалок.

Сом жа чорны, слізкі ўвесь,

Ледзьве ў човен наш улез.

 

*

 

То дык што. На рэчцы рыба!

Ёсць у дзеда цэлы скарб.

Ля Міхедавай сядзібы

Трэці год жыруе карп.

 

Будзе час, то лішнім часам

Ты на сажалку зайдзі.

Трэці год дзед у калгасе.

Па рыбацтву брыгадзір.

 

То не рыба — проста цуда.

На прыпёку цэлы дзень

Мітусіцца ў чорных грудах

I куляецца ў вадзе.

 

А луска, як срэбрам ззяе.

Што! Куды там той карась!

I натура ў рыб такая —

Толькі дай ваду ды гразь.

 

А ля сажалкі навокал

Сталі дрэвы ў цесны рад,

Быццам бы з лясоў далёкіх

Дзед прывёў іх на парад.

 

На прыгорку ля заставаў

Трох крыніц вясёлы след.

Часта шоўкавыя травы

Топча днём і ноччу дзед.

 

Мову рыбы, кажуць людзі,

Добра знае дзед Міхед,

На сняданне рыбу будзіць,

З ёю гутарку вядзе.

 

З кніжак дзед Міхед наш вызнаў,

Што з рукі і не з рукі.

Не палошчуць больш бялізну

Тут вясковыя жанкі.

 

Дзед злуе, тлумачыць бабам,

Абапёршыся на кій:

— Гэта ж карпы, а не жабы,

Тут бялізны ты не мый,

 

Рыбе тут спакой патрэбен.

Мыла карпу — востры нож.

Дай макухі, а ці хлеба,

Будзе ён тады харош.

 

Ды аднойчы ранкам ціхім

Прыкаціла к дзеду ліха.

Старшыня ўвайшоў у сенцы,

Кажа дзеду: — Блізка немцы.

 

Выцер дзед гарачы пот,

Выйшаў з хаты, сеў на плот,

Люльку закурыў нясмела,

Сэрца ў дзеда зашчымела.

 

Кажа дзеду старшыня:

— Я табе прывёў каня.

Можа, даць яшчэ падмогу,

Бо не блізкая дарога.

 

Дзед сказаў свайму суседу:

— Застаюся на бяду,

Нікуды я не паеду

I нікуды не пайду.

 

Ад'язджайце вы ўжо, хлопча,

Я пабуду трохі тут,

Трэба ж будзе днём і ўночы

Вартаваць дабро і кут.

 

*

 

Пустка. Задрамалі хаты.

Не чуваць жывой душы.

Толькі вецер зухавата

Клён пад хатай варушыў.

 

Першы раз дзед згорбіў плечы,

Выцер вочы рукавом,

Сумны злез з халоднай печы

I пакінуў родны дом.

 

От і сажалка, і клёны,

А паводдаль лес зялёны,

I круты ў лагчыну спад,

Ды нічому дзед не рад.

 

*

 

Задрамаў Міхед пад вечар.

Вось табе і вартаўнік!

Раптам чуе голас нечы,

Шум, і лаянку, і крык.

 

Памаленьку ён падняўся,

Вочы сонныя працёр.

“Што за д'ябал раскрычаўся?”

Прэцца нейкі жывадзёр.

 

Не паспеў дзед у гамашы

Ногі босыя абуць,

Мова чуецца не наша,

Немцы, значыцца, ідуць.

 

“Рус, здавайся!” — круціць бельмы

Нейкі іхні звадыяш.

— Ваша светласць, пане-шэльма,

Дай жа мне знайсці гамаш.

Шарыў дзед па печы, шарыў,

А гамаш кудысьці знік.

На двары, што на пажары,

Нейкі вэрхал, дзікі крык.

 

Разышоўся, як імбрычак,

Фашыстоўскі шалапут.

На падмогу роту кліча...

Ну, падумаў дзед, капут.

 

I нарэшце дваццаць немцаў

Дзеда вывелі у сенцы,

Запалілі ліхтары,

Каб ад іх не ўцёк стары.

 

На двары суцэльны лямант,

А Міхед нібы глухі.

На гасцей нязваных глянуў —

Дзеляць хлеб і кажухі.

 

“Каб вам немачы і трасцы,

А не хлеб і не кажух.

Будзе твой па нашай ласцы

З голаду бурчаць трыбух”.

 

У Міхеда — сэрца камень.

Што ж у штабе скажа дзед?

Дваццаць немцаў са штыкамі

Пруць за Дубняком услед.

 

Афіцэр нямецкі з крыжам,

Як бурак — ссінелы нос.

Кропля ў кроплю гончы выжал,

Паляўнічы шэры пёс.

 

Плечы дзед свае ссутуліў.

Немец гэтак, немец так.

Языком ён муляў, муляў

I пусціў у ход кулак:

 

“Дзе калгаснік твой дзяваўся,

Камсамолец, бальшавік?

Каб ва ўсім ты, швайн, прызнаўся,

Я прымушу твой язык”.

 

I Міхед яму не ў жарты

Намалоў таго-сяго.

Бачыць немец, дзед не варты,

Што ты возьмеш ад яго!

 

Дзеншчыку ён буркнуў нешта,

Мабыць — “з дзедам не яда”.

Сам, нячысцік, тое з'еш ты,

Што Міхеду пажадаў.

 

Выйшаў ён са штаба ціха,

Смутак дзеда к долу гне.

Можа, прамінуе ліха,

Немец дзеда абміне.

 

Ды ад іх чакаць пашаны

Дзед Міхед і сам не стане.

То ж не людзі, а звяры.

Чорт усіх іх пабяры!

 

Дзень прайшоў, за ім другі,

Зніклі ў дзеда пісягі,

Ад удараў афіцэра

Не шчымела болей цела.

 

От прыходзіць трэці дзень,

Немец к дзеду зноў ідзе.

 

Ператрэслі стопку, хату,

Паламалі ў дзеда снасць.

Кажуць: выкуп дай багаты —

Дзед ім трасцу толькі дасць.

 

Зноў дзядок усё парадкуй,

Захавай кавалак хлеба,

Снасць збяры, складзі манаткі,

Будзе ў іх яшчэ патрэба.

 

Злосць тут дзеду не паможа —

Хочаш — біся, плач, крычы,

Толькі сэрца натрывожыш,

Што ж паробіш? Памаўчы.

 

Ночка холадам падзьмула,

I тут, быццам назнарок,

На сваю бяду дзядуля

Апрануўся ў кажушок.

 

А сказаў жа пану-гаду,

Што ў яго кажух не гут.

Толькі дзед падходзіць к саду,

А ўжо немец тут як тут.

 

Мовай нейкаю авечай

Лямантуе той злы дух,

Ды прыкладам дзеду ў плечы,

Ды грабе з яго кажух.

 

Дзед увесь збялеў ад злосці,

Кроў у жылах аж кіпіць.

Як чужыя сталі косці,

Сэрца з роспачы гарыць.

 

Занялі фашысты хату,

Сталі к дзеду на пастой.

Дзед жа, як халуй наняты,

Перад імі ў струнку “стой”.

Навалок саломы ў хату

Мо ахапкаў якіх пяць,

Хай фашысцкія салдаты

На саломе прутам спяць.

 

Сам сабе ён выбраў карту,

Што ж, патрэбна жыць,

Жыць для перамогі варта,

Чалавекам вольным быць.

 

I даўнейшыя ўсе звычкі

Дзед забыць ніяк не мог.

Лес і рыбу, ў небе знічкі

Ён усё ў душы бярог.

 

Ён на сажалку прыходзіў,

Тут сядзеў за поўнач ён,

З рыбай гутарку заводзіў,

Адганяў маркотны сон.

 

А аднойчы у лагчыну

З грукатам паўзлі машыны,

Лязгаталі на світанку

Чорныя з крыжамі танкі.

 

Ажывіўся дзед без меры,

Нават з пня раптоўна ўстаў.

Прастаяў з сваім намерам

З паўгадзіны ля куста.

 

Дзед не йдзе — бяжыць, танцуе

Проста ў афіцэрскі стан:

— Можа, рыбкі пакаштуе

Мой шаноўны немец-пан?

 

— Што, ёсць рыба? — пан пытае.

— Фіш па-вашаму завуць.

Рыба проста залатая,

Карпы ў сажалцы жывуць.

 

Афіцэр “дазволіць” піша,

Квіт Міхеду падае.

Дзед вясёлы з штаба выйшаў,

Думка жару паддае.

 

Надышоў і летні вечар.

Дзед узяў рыдлёўку, лом,

Сець паклаў сабе на плечы,

Кінуў вокам на свой дом

I на сажалку таропка

Шыбануў ён сцежкай-тропкай.

 

Вось і насып метраў дзесяць,

Дзёрнам знітаваны жвір.

Ціха ў небе зоркі свецяць,

Спіць ля берага аір.

 

Дзед паклаў на насып скрутак,

Папляваў сабе на рукі —

I з рыдлёўкі спакваля

Стала сыпацца зямля.

 

Што далей, то больш упарцей

Асыпаецца пясок.

Зняць яшчэ кавалак гаці,—

Вадзяны рване паток.

 

На світанні у нізіне

Крык падняўся, страляніна,

Нават рэха ў соснах б'ецца

Так, што лес увесь гудзе;

Праз праёмы вада мкнецца,

Толькі нерухомы дзед.

Дзед зрабіў работу чыста.

Танк ніводзін не гудзе.

Хай нямецкія танкісты

Пакупаюцца ў вадзе.

 

А лагчына аж па бераг

Поўна цёмнаю вадой

I кішыць, як з рыбай нерат,

Фашыстоўскаю брыдой.

 

Дзед адзін сядзеў на ўзгорку

I зацягваўся махоркай.

Ён на крык той не зважаў,

Што ўвесь лес апанаваў.

 

Пот з яго ліецца градам.

Вадаём прад ім пусты.

Лісце шэпчацца ў прысадах,

Ды віднеюцца кусты.

 

Па сцяжынцы дождж закрапаў,

Стогнуць гулка правады.

Залатыя стынуць карпы,

Паміраюць без вады.

 

Не падняў вачэй ад долу

Дзед на крык фашыста “ўстаць”,

Не ўразіла, не ўкалола

Нават слова “расстраляць”.

 

Дзесяць рук схапілі дзеда.

Ён жа: “Ціха, не гані,

Рыбку я прыпас к абеду,

Вось на сажалку зірні”.

 

Афіцэр ад злосці сіні

З кабуры пістолю выняў,

Прагучаў на ранку стрэл,

Але дзед застаўся цэл.

 

Хоць быў сам усхваляваны,

Ён з усмешкай праказаў:

— Ну й стралок з цябе паганы,

Мо б павесіць загадаў!

 

Я цябе, сын псінай мамы,

На асіну б, пэўна, ўзгроб,

Каб сабачымі нагамі

Ты зямлю, зладзюга, скроб...

 

*

 

Дзед ляжаў у вязкай ціне,

У забруджанай вадзе,

А над ім у небе сінім

Пачынаўся новы дзень.

 

А ля дзеда, каля світкі,

Мокрай, жоўтай ад руды,

Быццам залатыя зліткі,

Мерлі карпы без вады.

 

 

Дзеда куля не змагла

 

Дзед ачухаўся ў зямлянцы,

Па ілбе правёў рукой.

Сонца ходзіць па палянцы,

А вакол лясны спакой.

 

Не прыпомніць дзед ніяк,

Як сюды ён трапіў, як?

Дзе ж салдаты з афіцэрам?

Ды і сажалкі няма.

Ды і сам, здаецца, цэлы,

Можа, сполах той дарма?

 

Можа, так, падумаў дзед,

Ён праспаў дзянькоў са два.

Толькі жаліцца Міхед,

Нешта ные галава.

 

Быццам волавам наліты

Ногі, рукі у яго.

На хваробу дзед сярдзіты

I самотны ад таго.

 

Закрываюцца павекі,

А ў вушах і шум і звон.

I прыстаў жа к чалавеку,

Як камар, бальнічны сон.

 

Праваляўся у пасцелі

Дзед, магчыма, тыдні тры,

Ён не ведаў, як глядзелі,

Як лячылі дактары.

 

Адышлі на бок нядзелі,

На папраўку браўся дзед.

Зажываў крыху на целе

Ад фашысцкай кулі след.

 

Гаварылі дактары:

“Гэта дуб, а не стары.

Каб такое на якога,

Дык памёр бы за дарогу.

 

А дарога не малая

Ад той “рыбы” ў лазарэт”.

Доктар вёрсты прыкідае,—

Што казаць, не блізкі свет.

Не стагнаў, не войкаў дзед,

Хлопца клікаў на раку,

Мармытаў, што на падсвет

Помсціць едзе шчупаку.

 

Не спазнаць сягоння дзеда,

Здэцца, раны зажылі.

Партызаны на адведы

У будан яго прыйшлі.

 

От была ўжо тут бяседа:

Колькі хочаш, гамані.

Доктара прасіў наш дзеду:

— Ты мне хлопцаў не гані,

 

То ж усе свае, суседзі,

Камандзір жа — Апанас,

З ім на рыбу, брат, я ездзіў

Ночкай цёмнаю не раз.

 

Ай, ды што казаць — суседзі,

З аднаго калгаса ўсе.

З імі я хадзіў і ездзіў

Па траве і па расе.

 

I каб доктар проста сілай

Гэтых хлопцаў не ўвалок,

То папэўна б дзед наш мілы

З імі са шпіталя ўцёк.

 

*

 

Дзед выходзіць напрасткі

Да знаёмае ракі.

З-за кустоў калгас відаць,

Але печы не дымяць.

 

Дзед далоняю рукі

Казырок зрабіў на вочы.

Ну, от проста не сцярпець,

Бо Міхед душою хоча

Хату зблізку разглядзець.

 

Падысці ж ніяк не можна,

Бо там пастка, там заслон.

Ды ці варта на варожы

Лезці з дурасці ражон.

 

— Прыйдзе ноч — другая рэч,—

Кажа дзеду камандзір,—

Запалі ты лепей печ

I пагрэйся, пасядзі.

 

Дзед скрывіў усмешкай губы:

I на ліха печ яму!

“Не, пагрэцца, браце любы,

Трэба, мабыць, самаму.

 

Я нічога, што стары,

А да печы не ахвочы”,—

Дзед блукае па двары

I на ўсё кідае вочы.

 

Партызанскі двор пусты,

Елкі, хвоі ды кусты.

Дзед здаволен гэтым кутам.

Схова зроблена на яць.

Нас не толькі немец люты,

Чорт не зможа адшукаць.

 

Адышоўся дзед на гоні,

Цішыня кругом, спакой.

На асіне дзяцел звоніць,

Пахне мохам і смалой.

 

Да зямлянкі дзед ідзе,

Хараство вяселіць душу.

Песню бор сваю вядзе,

Хвоі лапамі варушаць.

 

Што ж зямлянкі не відаць?

Што такая за напасць!

Хлопцам голас бы падаць,

Толькі сорам іх гукаць.

 

Дзед туды і дзед сюды —

Толькі лужыны вады.

Ані знаку, ні прыкмет,

Заблудзіўся ў лесе дзед.

 

Ён не знаў, і ён не ведаў,

Што за ім хадзіла следам

Сувязная па бары

З вёскі Новыя Двары.

 

Доўга б ён блукаў па лесе,

Каб не гэтая Алеся...

Дзед стаміўся, сеў на пень,

А яна прад ім, як цень.

 

Дзед стаў цёмным, як магіла,

Дзеўка шуму нарабіла,

На ўсё горла як раўне:

— Рукі ўверх! Ні з месца мне!

Азірнуўся коса дзед —

Прад вачыма пісталет.

Дзед ажно разявіў рот —

Трапіў к дзеўцы ў пераплёт.

 

На Алесю, як ні сыпаў,

А з рукамі ўверх паклыпаў.

Тут не жарты, тут не смех,

Над Міхедам бабін верх.

 

Гэта штучка-пісталет

Адпраўляе на той свет.

Дзед ні мёртвы ні жывы,

Не ўздымае галавы.

 

Думкі розныя снуюць,

Партызаны засмяюць.

Каб Міхед паддаўся бабе,

Хіба ж ён на сілу слабы,

 

Каб зблудзіў Міхед у лесе,

Каб яго знайшла Алеся?

Ды у лесе вырас ён,

Дзед жа — дзед, а не шпіён.

 

I таму з тае прычыны

Дзед бубніў сабе пад нос:

— I на ліха тут жанчына,

Чорт яе сюды занёс.

 

Ці ж з яе ваяка будзе?

Толькі бачнасць, толькі зман.

Памяркуйце самі, людзі,—

У спадніцы партызан.

 

Летні дзень ужо на сходзе,

Дзед к зямлянцы падыходзіць,

Час Міхеду адпачыць,

Пачынаюць раны ныць.

 

Як прылёг на ложак ён,

Авалодаў дзедам сон.

I Міхеду сніцца ноч.

Прыхаваўся ён за корч.

 

Хмаркі ў небе ходзяць нізка,

Да світання шчэ не блізка,

Наглядае дзед здаля,

Як калоціцца зямля.

 

Рвуцца міны і снарады.

Ну, падумаў дзед, і пекла.

Сыплюць кулі буйным градам,

Лес сякерай нібы ссекла.

 

На дварэ відно, як днём,

Дыша ўся зямля агнём.

Шэпча дзеду Апанас:

— На разведцы трэба ціха,

Бо прыкмецяць немцы нас,

Не адчэпімся ад ліха.

 

Апанас назад ідзе,

Дзеда ў лагер свой вядзе,

Расхінаючы кусты.

Нібы шчотка, лес густы,

А хваёвыя іголкі

Джаляць дзеда, як назло.

Хоць яно не надта колка,

Толькі б лепш іх не было.

 

А паводдалі ад дзеда

Праз начны туманны змрок

Паспяшае за Міхедам

Слаўны ўнучак Міхасёк.

Нейкі фронт цяпер дзівацкі,

Дрот, акопы не відны.

Дзед не знаў такой вар'яцкай

Перасоўчае вайны.

 

Сёння тут, а заўтра там

Лязгат сталі, шум і гам.

Вось цяпер ступі направа —

Будзе немцава застава.

 

I над Нёмнам над ракой

Трэці дзень грукоча бой.

А налева — хоць бы што,

Цішыня паміж кустоў.

 

Як падаць рукою — лог.

Раптам чуцен лапак хруст.

На зямлю дзед ціха лёг,

Апанас прысеў за куст.

 

Тут жа грымнуў стрэл з нябёс,

Рэха бор удаль панёс.

О, “зязюля” на суку

З аўтаматам на баку!

Ах, няма драбавіка,

Зняў бы з дрэва чужака.

 

А фашысцкая “зязюля”

Штохвіліны ціў ды ціў,

Час нялёгкі наступіў:

Вельмі ж блізка свішчуць кулі.

 

Не паспеў маргнуць Міхед,

Апанаса знік і след.

— Дзе ж падзеўся Апанас,

Як жа ён пакінуў нас?!

Каб Міхеду хоць пістонку,

Бо й яна свой мае стук,

Лупянуў бы з-за сасонкі,

А без стрэльбы, што без рук.

 

Раптам новы стрэл і крык.

Дзед шчыльней к зямлі прынік.

Ды загад пачуўся рускі:

— Злазь, нячысцік, злыдзень прускі!

 

Як жа, дзе ж ён злезе ўніз,

На суку мяшком павіс.

Ай, ды Апанасу брава,

Пекануў жа ён на славу!

 

Дзед Міхед з пасцелі ўскочыў,

Кулакамі выцер вочы:

У зямлянцы толькі цьма,

Нікагусенькі няма.

 

I здзівіўся дзед: глядзі ты,

Трэба ж гэткае прысніць,

Каб было ўсё ў праўду ўліта

Да драбніц, як мае быць.

 

*

 

Прамінуў другі ўжо месяц,

Як прыблуды чорных зграй

Гвалцяць, брудзяць, ботам месяць

Беларускі мужны край.

 

Цяжка, горка, брацці-людзі,

Падлічыць матулі будзе,

Колькі дочак і сыноў

Пралілі за волю кроў.

Хоча Гітлер, хцівец люты,

Край наш родны зруйнаваць.

Прынясла вайна пакуты,

Будзем з ёю ваяваць.

 

Толькі той, хто волю зведаў,

Свой магутны ўзніме гнеў,

Ні прад якім людаедам

Плеч ніколі не сагне.

 

Ну, трымайся пане-немец,

Хвост табе Міхед ушчэміць,

Сабярэ ў лясы народ

Ды і рушыць у паход.

 

I спаўна табе аддасць

I за сала, і за снасць,

За калгас і за кажух

Выб'е вон з фашыстаў дух.

 

 

Паляванне на шашы

 

Выйшлі к шляху дзед з унукам

I пусцілі гусака.

— Можа, зловім мы без груку

На прынаду чужака.

 

Люльку дзед набіў махоркай,

Сцёр расінкі з барады.

— Пасядзім за гэтай горкай,

Нам спяшыць няма куды.

 

I пагутарым тым часам,

Клюне — клюне, не — дык не.

Хоць і блізка ад калгаса,

Толькі мы ўжо на вайне.

 

Драбавік свой дзед пагладзіў,

На калені палажыў.

— Як, унук, з адным мы зладзім?

— Зладзім!

— Ну, то сцеражы.

 

Неўзабаве шум нязвыклы

Дзесь пачуўся за гарою.

— Едуць, дзед, на матацыкле,

Што рабіць, калі іх двое?

 

— Ды адна, унучак, рада,

Калі першага ўпяку,

Улажу й другога гада,

Кулі ж ёсць к драбавіку.

 

Супыніў фашыст машыну,

Бо на тракце як-ніяк

Сунуў дзюбу ў каляіну

I палошчацца гусак.

 

Немцы вылезлі з каляскі

I бягуць да гусака.

Дзед Міхед жа — калі ласка

Пекануў з драбавіка.

 

Вораг вобзем галавою

I заскроб рукамі гразь.

Дзед жа з новага набою

Па другім фашысту — лясь.

 

Той падскочыў і заенчыў,

Упусціўшы пісталет.

Недабітку ўраз на плечы

Селі ўдвух — унук і дзед.

 

Так фашысцкія зладзеі

Свой закончылі паход.

А Міхед займеў трафеі —

Аўтамат і кулямёт.

 

 

Смерць бургамістра

 

З камандзірам дзед аб нечым

Разважаюць ля стала.

Гаспадыня ў зыркай печы

Смажыць сала пачала.

 

Калі ж важную гаворку

Нетаропка скончыў дзед

Ды з маршанскаю махоркай

Выняў вышыты кісет,

 

Дубняку паклаў на плечы

Свае рукі камандзір:

— Да шчаслівай, дзед, сустрэчы.

Сам мяркуй і сам глядзі.

 

А як здарыцца часамі,

Што адбудзецца не так,—

Тут жа мы пад бокам самі,

Дай тады нам, бацька, знак.

 

*

 

Дзед спыніўся ў крайняй хаце,

Выняў снасць і зняў кажух.

Для рашчыны змайстраваць ён

Хоча добрую дзяжу.

Падвастрыў Міхед сякеру,

Трошкі пілачку развёў,

Плашак некалькі намераў

Ды і клёпак накалоў.

 

Загадзя падрыхтаваны

Для кадушак абручы.

Ёсць шархоблікі, рубанак,

I свярдзёлкі, і ключы.

 

Дзень, другі — дзяжу на лаву,

Хлеб, кабета, расчыняй.

А дзяжа? Дзяжа на славу!

Лепшай нават не шукай.

 

I пайшла вакол гамонка,

Рады людзі, вось дык госць!

Робіць цэбры і даёнкі.

Кола?.. Дзень — і кола ёсць.

 

Бургамістр заўважыў дзеда

I яму гаворыць так:

— Малайчына! Я не ведаў...

Зладзь мне бочку і латак.

 

— Калі ласка! Твае грошы,

Матэр'ял давай харошы:

Лепш, вядома, дуб ці клён —

Зробім цераз пару дзён.

 

Дзед за працу ўзяўся смела,

Ён у бочках ведаў толк:

“Будуць, значыць, козы цэлы,

Сам залезе ў пастку воўк”.

 

Дзень прайшоў, другі мінае,

Клёпкі ёсць і абручы.

— Дзе ж кадушка? — пан пытае.

— Будзе к заўтрашняй начы.

 

Надышоў і час жаданы.

Да ўсяго Міхед гатоў:

“Ды не будзь я партызанам,

Каб я выйсця не знайшоў”.

 

Тры разы прыкладваў вечка.

Добра!

Тут і пан ідзе.

— Бочку я занёс на рэчку,

Каб праверыць на вадзе.

 

I прыжмурыў дзед тут вочкі:

— Пойдзем глянем завідно...

Бургамістр нагнуўся ў бочку,

Дзед таўхель яго на дно.

 

— Ціха, гад! Крычаць не трэба,

Я вядомы дзед Міхед.

Калі крыкнеш,— дам пад рэбры,

Бачыш гэты пісталет?

 

Вечка дзед прыладзіў гладка,

Стукнуў раз па абручу.

“Бочка, значыцца, ў парадку,

Зараз пана пракачу”.

 

А пасля ён на падводу

Бочку гэтую паклаў,

Цераз рэчку мелкім бродам

Дзед каня свайго пагнаў.

 

Дзед дабраўся полем чыстым

Да атрада без прыгод.

— Ну, а як жа з бургамістрам? —

Дубняка спытаў народ.

 

Хлопцы бочку правяраюць,

Што тут — піва ці віно?

Дзед памалу выбівае

Таямнічай бочкі дно.

 

З бочкі лезе нечакана

Сам фашысцкі бургамістр.

Глянуў ён на партызанаў

I затросся, нібы ліст.

 

Грымнуў лес вясёлым смехам.

Вось дык справа! Вось дык так!

Ну і нумар на пацеху

Хлопцам выкінуў Дубняк!

 

 

Дзед Міхед і невядомы

 

У глухім бары сасновым,

Што гамоніць і не спіць,

Не зусім стары, не новы,

Проста добры дом стаіць.

 

I жывуць у гэтым доме

Людзі, прышлыя здалёк.

Хто б вы думалі? Вядома,

Дзед Міхед і Міхасёк.

 

Хоць жывуць яны нядаўна,

Не адны тырчаць вуглы.

Домік выгляд мае спраўны —

Адным словам — ён жылы.

Ёсць і сані і драбіны,

Конь з каровай у хляве,

У стопцы кубел кабаніны,—

Дзед нішто сабе жыве.

 

Час ваенны, час трывожны.

Хіба здраднік дзед Дубняк?

Хто так думае нягожа?

Не, відаць, што трэба так.

 

Выгляд дзед меў дужа хвацкі:

“Не хадзі, бо праганю!”

Лес, як залатую цацку,

Бараніў ён ад агню.

 

А любіў ён як прыроду,

Кусцік, поле, сенажаць!

У любую ён пагоду

Лес, як кніжку, мог чытаць.

 

Што там егер! Што прафесар!

У падмётку толькі цвік.

Гаспадар сапраўдны лесу

Земляроб наш і ляснік.

 

Бургамістр здаволен дзедам,

Рады гебецкамісар.

Ён для іхняе патрэбы

Зберажэ лясны тавар.

 

— Пэўна ж так, мае панове,—

Дзед пакручвае вусы,—

Будуць немцам на здароўе

Беларускія лясы.

— Зэер гут! Даю я слова:

Будзе дзед вялікі пан.

Гітлер выдасць крыж дубовы,

Як пакажаш партызан.

 

— Я крыжоў не паважаю,

А вось зорачкі люблю,

Я сваю работу знаю,

Так, як трэба, ўсё зраблю.

 

— Што, ёсць зорка? — фрыц пытае.

— Зоркай, пане, шчасце ў нас

Кожны змалку называе,

А крыжы — няхай для вас.

 

— Зэер гут! — фашыст лапоча,—

Зэер гут! О майн ты Гот!

Ён ад радасці рагоча,

Разявае хайла-рот.

 

З прызначэннем выйшла ўдала,

Так, як трэба, так як след.

Дзеду проста шанцавала:

Рады немец, рад і дзед.

 

Меў Міхед вялікі вопыт,

Мог з ваўком па-воўчы выць.

Нам Міхедаву работу

За паўвека не забыць...

 

Дзед Міхед хадзіў па хаце

Лёгкай, жваваю хадой.

— Вось як, мой унучак-браце,

Нам прыйшлося жыць з табой.

 

Будзе спраў у нас багата,

Што ж паробіш: бой дык бой.

Мы з табою, брат, салдаты,

Мы падпольшчыкі з табой.

 

Храбрым быў унук Міхаська,

Дзеду ўцеха, дзедаў друг.

Калі трэба, калі ласка,

Ён гатовы да паслуг.

 

Хай было там днём ці ўночы —

У дарозе сувязны.

Ён з заданнем дзеда крочыў

Да сваіх у буданы.

 

На зямлю сняжок паслаўся

Тонкі, быццам палатно.

Дзед ужо і спаць сабраўся,

Як пастукалі ў акно.

 

— Выскач, хлопчык, паглядзі ты,

Што за госць да нас ідзе.

Дзверы нашыя адкрыты

Для пакрыўджаных людзей.

 

Толькі ўнук за клямку ўзяўся,

Ссунуў засаўку набок,

Ля парога хтось вагаўся

Без сарочкі і парток.

 

Так ля іхняга парога

З хісткіх ног на землю бразь.

— Дзеду! — абвясціў трывогу

Дзікім голасам Міхась.

 

Удваіх яны ўцягнулі

У пакой — ну, мерцвяка.

Акрываўлена кашуля,

Перавязана рука.

 

— Трэба ж здарыцца такому!

Выскач, браце, па ваду.

Што ж, цяпер вайна, вядома,

Недзе трапіў у бяду.

 

Дзед агледзеў хлопца рану

I прамыў яе як мог.

Куляю плячук парваны,

Дый ад холаду знямог.

 

Удваіх яны з унукам

Да яго прыклалі рукі,

Расціралі снегам цела,

Што з марозу адубела.

 

Ён крыху паварушыўся,

Свае вочы к столі ўзвёў,

Ды на момант абудзіўся,

I прытомнасць страціў зноў.

 

— Будзе жыць! — Міхед прамовіў.—

Як сагрэем — ажыве.

Для яго цяпер здароўя

Трэба вару лыжкі дзве.

 

Дзед сягоння спаць не клаўся,

Каб не выйшла там чаго.

За жыццё ён хваляваўся

Незнаёмага свайго.

 

А Міхедаў небарака

Уначы і не стагнаў,

Ні прыкметы і ні знаку,

Што жывы, не падаваў.

Толькі к раніцы заахаў

А ці з болю, ці са страху,

Стаў варочацца, стагнаць,

Нешта нейкае шаптаць.

 

*

 

Дні за днямі праміналі

Нетаропка, спакваля.

Хмары снегу наскідалі,

Стала белаю зямля.

 

Снегу выпала багата,

Колькі гурбаў намяло!

Ні ад хаты, ні да хаты

Нават сцежак не было.

 

Дзьмуць вятры бесперастанку,

Разгулялася зіма!

I ні ўпынку, ні сціханку

Для мяцеліцы няма.

 

Гэта нават добра, можа,

Дзеду меншы неспакой.

Немцы дзеда не трывожаць,

Абыходзяць стараной.

 

А тым часам незнаёмы

Стаў на ногі, акрыяў.

Ён сябе, нібыта дома,

У Міхеда адчуваў.

 

Незнаёмы аказаўся

Наш савецкі патрыёт.

З акружэння прабіраўся

Да сваіх ён на усход.

Брыў то лесам, то прасёлкам

Дні і ночы напралёт

I не мог уцяміць толкам,

Дзе наш затрымаўся фронт.

 

Пазбягаючы нямецкіх

Гарнізонаў і застаў,

Так з-пад Ломжы аж да Клецка

Ён за сутак сем дапяў.

 

Аж гудуць, равуць дарогі

Ад фашысцкай саранчы.

Як ад ворага ліхога

Нам Радзіму зберагчы?

 

Што рабіць? Куды падзецца?

Ні наперад, ні назад.

Як асіна, дол трасецца

Ад бамбёжак і гармат.

 

— За дарогу я стаміўся,—

Кажа дзеду лейтэнант,—

Ды аднекуль фрыц з'явіўся,

На ўсё горла крыкнуў: Хальт!

 

Я за маўзер свой адразу,

З-за куста раптоўна ўстаў,

Ды з гарачкі я прамазаў,

У фашыста не папаў.

 

Абысці хацеў засаду

Праз ламачча, праз суччо,

Ды фашыст бабухнуў ззаду,

Куля трапіла ў плячо.

 

Усхапіўся я, як віхар,—

Ды ў фашыста ўвесь зарад.

Адплаціў за ліха ліхам,

Каб не жыў фашысцкі гад.

 

Лейтэнанта не шукалі.

Не хадзілі немцы ў лес.

Пастралялі, пастралялі

I спынілі інтарэс.

 

Лейтэнанта дзед шкадуе:

Нацярпеўся ж Зайцаў мук.

— Гэта ж трэба, не шанцуе...

Нешчаслівы твой плячук.

 

Доўга рану ты лячыў?

— Ды два месяцы прабыў

У старога лесніка —

Знахара-чараўніка.

Вось з ягонай дапамогай

Пакрысе я стаў на ногі.

 

У другі раз не шанцуе,

Я кажу, як дружбаку.

(Зайцаў ледзь адвёў руку.)

Бачыш, куля шмарганула

Па тым самым плечуку.

 

Дзед вусы свае пакратаў:

— Сам ты трохі вінаваты,

Трэба было думаць, знаць,

Як патрэбна ваяваць.

 

*

 

Як ачухаўся ад раны

Недзе ў схове лесніка,

Зноў пайшоў як апантаны

Ён на ўсход па хмызняках.

 

Да сваіх усё спяшаўся.

Шмат наперадзе ёсць спраў.

Ён на тое ж навучаўся,

Артвучылішча канчаў.

 

Не здавацца, не скарацца

Прысягаў Радзіме ён,

А з чужынцамі змагацца

За святло савецкіх дзён.

 

Ну і выхадзіў па лесе!

Дзе ён толькі не пабыў,

Але носа ён не звесіў,

Нібы драч, у вырай брыў.

 

Недалёка ад дарогі

Валачыў свае ён ногі,

Выбіраў ён шлях не горшы,

Пазбягаў лясных палян

I таму да самай Оршы

Не прыкмеціў партызан.

 

Ды аднойчы нечакана,

Калі спаў ён ля капца,

Прасачылі партызаны

Адзінокага байца.

 

Той са сну падумаў: фрыцы!

Усхапіўся, як буран,

Ды прымушан быў скарыцца

Перад зброяй партызан.

Вось паспробуй, раскумекай,

Хто ён, што ён, што за госць?

Ні паперкі ў чалавека,

Выпірае толькі злосць.

 

Ён казаў ім, што з-пад Ломжы,

Што сваю шукае часць.

Як жа ўсё праверыць можна,

Хто ж на слова веры дасць?

 

Нос з гарбінкай, добра скроен,

Вочы бегаюць — заўваж.

Хто ён — воін ці не воін,

Пісталет і той не наш.

 

Ды к таму ж яшчэ за словам

У кішэню ён не лез,

Пагражаў судом суровым,

Раскрычаўся на ўвесь лес.

 

“Так і ёсць. Ён падасланы.

Будзе фронт яму і ўсход”.

Парашылі партызаны:

Гэту птушку — у расход!

 

Дзед з увагаю праслухаў

Не адзін раз той расказ.

“Што ж, такая заваруха,

Што ж, такі няроўны час”.

 

Што было, ужо вядома.

Зайцаў выжыў, ён здароў.

Трэба ж здарыцца такому,

Наламалі ў лесе дроў.

 

Дзед заўважыў глухавата:

— Ну і цацка ты, Дзяніс.

Сам, як бачыш, вінаваты,

Каб ты, дружа мой, не скіс!

 

Што ж цяпер ты хочаш, браце,

Як твой вузел развяжу?

— Мне за фронт бы перабрацца,

Там сябе я пакажу.

 

— Б'ешся ты, што ў сецях рыба

Фронт, ты кажаш, рубяжы!

А франтоў няма тут хіба?

Тут сябе ты й пакажы!

 

— Што мне стрэльбы, аўтаматы.

Камарыны гэты піск!

Мне б дабрацца да гарматы,

Я ж, Міхед, артылерыст.

 

— Дзе той фронт і як дабрацца,

Да яго жывым дапяць?

Трэба, мусіць, тут астацца,

Партызанам добрым стаць.

 

— А я з вашай дапамогай

Цераз пекла перайду.

— Сам не знаю я дарогі,

Трэба тут знішчаць брыду.

 

Я табе параіў так бы

I як бацька, і як брат:

Заварочвай свае граблі

К партызанам у атрад,

 

Дзе цябе перахрысцілі,

Як фашыста-чужака.

Ну, дык як, Дзяніс, рашылі?

Вось табе мая рука.

Аж на лоб палезлі вочы

У Дзяніса ад тых слоў.

— Хочаш, слухай, а не хочаш,

Ну, дык, браце, будзь здароў.

 

Дзень ці два Дзяніс вагаўся,

Ліўся пот з ілба, як град.

I нарэшце запытаўся:

— Дзе знаходзіцца атрад?

 

— Гэта добра, гэта гожа,—

Задаволены Міхед.—

Ды Міхаська дапаможа

Адшукаць тых хлопцаў след.

 

*

 

Час мінаў. Вясна настала,

Стала весела ў бары.

Ваяваў Дзяніс удала

У атрадзе “Баявы”.

 

 

Як дзед сустрэў Новы год

 

Ва ўмовах невясёлых,

Поўных гора і турбот,

Нашы гарады і сёлы

Адзначаюць Новы год.

 

I хоць волі не багата,

Хоць лютуе акупант,

Новы год святкуюць хаты

Ўпотай ад фашысцкіх банд.

 

За сталом людзей хапае,

Стол вялікі, хоць скачы.

З краю — пляшка не малая,

Ёсць і кубкі, і харчы.

 

Пойдзе шклянка ўкругавую,

Пі і еш, што на стале.

Вып'еш здатна, то другую

Гаспадар табе налье.

 

Шмат сышлося тут народу,

Блізкіх, родных і гасцей,—

Дзед віншуе з Новым годам

Дарагіх сваіх людзей.

 

Пра свае паходы кажа,

Пра атрады партызан,

Справу лёгка ў вузел вяжа,

Навагодні ладзіць план.

 

— Біць іх трэба чым папала,

Біць у грыву, біць у хвост,

Рваць дарогі, нішчыць шпалы...

Мост? З маста рабіць пагост.

 

Мы з унукам не сядзелі,

На чыгунцы пабылі

I, прызнацца, папацелі,

Пакуль рвалі кастылі.

 

Два варожых эшалоны

Паляцелі пад адхон.

Дзе салдаты, дзе вагоны?!

Толькі грукат, толькі звон.

 

Дзед спыніў апавяданне,

Увайшоў унук з двара.

Гэта значыць, “паляванне”

Пачынаць прыйшла пара.

 

*

 

Вось і штаб. А воддаль — варта.

Дзед праціснуўся праз плот.

Афіцэры-акупанты

Стрэць жадаюць Новы год.

 

Без пяці хвілін дванаццаць.

Шум і рогат за сталом.

Сталі злыдні падымацца,

Чарка ў кожнага з віном.

 

— Не, панове афіцэры,

Не сустрэць вам Новы год! —

I граната паляцела

У фашысцкі подлы зброд.

 

Ну й рвануў жа выбух грозна,

Аж затрэслася сяло.

Па ваколіцы марознай

Толькі рэха паплыло.

 

Дзед — у ход па завуголлю,

Быццам вецер,— дагані!

Ці ён тут, ці ў чыстым полі

На нябачаным кані.

 

Загрымелі ў вёсцы стрэлы,

У фашыстаў перапуд.

Чутны крык атупянелы:

— Партызаны! Рус! Капут!

 

Не відно ў сяле нікога.

Бачаць немцы: не дарма

Узнялася тут трывога,

Хоць і партызан няма.

Сцены штаба запалалі,

Вецер іскры ўзварушыў.

Акупанты люд сагналі

I вяскоўцам загадалі

Тое вогнішча тушыць.

 

Выплыў тут і дзед з унукам.

А мароз — не дай ты бог!

Качанеюць цела, рукі,

Не чуваць ад сцюжы ног.

 

Дзед пажарную машыну

Прыкаціў да грамады,

У калодзеж кішку ўкінуў:

— Хлопцы, хлопцы, дай вады!

 

Кажа ўнук: — Усё гатова,

Справа, дзеду, за табой.—

Дзед нібыта выпадкова

Па фашыстах плясь вадой.

 

Хлопцы зброю — з-пад запазух.

Гучна стрэлы загулі.

Фашыстоўская зараза

Хай не ходзіць па зямлі.

 

Партызаны ў вёсцы банду

Добра ўзялі ў пераплёт.

Будуць помніць акупанты

Гэту ноч пад Новы год.

 

Дзед атрос сняжок з вушанкі

I звярнуўся да людзей:

— Стрэлі мы па-партызанску

Новы год і новы дзень.

 

 

Дзед злавіў языка

 

Вецер снегам поле крые.

Колькі дзед схадзіў дарог!

Кладкі, жэрдачкі крывыя,

Лес, куп'ё ды шэры мох...

 

Дзе абедаў, дзе вячэраў,

Дзе быў снег, а дзе быў дождж,—

Край увесь Міхед абмераў

Пешшу ўпоперак і ўдоўж.

 

Дзед любіў свае паходы,

А ці ўдача, а ці не.

Сёння мала зрабіў шкоды —

Заўтра зробіць удвайне.

 

Вось ідзе цяпер па снезе,

Трэба дзеду за раку.

Бургамістр насустрач едзе

У Міхедавым вазку.

 

— Затрымаем?

— Затрымаем!

Дзед выходзіць з-пад прысад.

— Мы сустрэцца шчасце маем,

Злазь з вазка, прадажны гад!

 

Бургамістр ускінуў вочы:

— Пашкадуй, злітуйся, дзед.

— Не сцяліся лістам, воўча,

Адпраўляйся на той свет.

 

У вазок сеў дзед з унукам,

Пакацілі пакрысе.

Раптам чуюць нейкі грукат —

I каго там чорт нясе?

Дзед з вазка і назнарок

Так стаўляе свой вазок,

Каб дарогу перакрыць

I, хто едзе, супыніць.

 

— Што такое, унзэр Гот,

Не затрымлівай паход!

— Хай даруе ягамосць,

Ну, не конь, а проста злосць,

 

Без падставы, без прычыны

Аж шалее ад машыны,

А бывае так падчас,

Хоць бяры з вазка ты злазь.

 

Дзед сваю “пістолю” ўскінуў —

Нейкі высунуўся гер.

Крыкнуў дзед, як громам грымнуў:

— Гэй, зладзюга, рукі ўверх!

 

Угару ўзняў немец рукі,

Зброю дзед яго забраў.

Матацыкл аддаў унуку,

Немца на вазок забраў.

 

Дзед усеўся на задок,

А фашыст — у перадок.

Выглядаў фашыст пахмура,

За сваю дрыжаў ён скуру.

Дзед з яго не звёў вачэй:

— Трасцу, гад, не уцячэш!

 

Ускрай поля, каля лесу

Павярнулі на Арэсу,

Як дабраліся ў хмызняк,

Хлопцам знак падаў Дубняк.

 

Рукавом ён лоб свой выцер.

Выйшлі людзі з хмызняка.

— Ад мяне, сябры, прыміце

I каня, і языка.

I ў дадатак ад Міхаські

Новы матацыкл з каляскай.

 

Просяць хлопцы ў госці дзеда,

Ён жа:

— К вам яшчэ пад'еду,

Толькі зараз не магу,

Па гарачаму я следу

На чыгунку падбягу.

 

 

Дзед Міхед на чыгунцы

 

Дзед цудоўнай вестцы рады:

Вораг коціцца клубком,

Нашы войскі лупяць гада

Бомбай, куляй і штыком.

 

Хоць ад Тарапца да Слуцка

Многа снежных доўгіх вёрст —

Рады дзед, што катам прускім

Прышчамілі нашы хвост.

 

Што ні дзень, то едуць, едуць,

Пруць да фронту цягнікі,

А пусціць туды іх дзеду

Не пад нораў, не з рукі.

 

I чаго да фронту перці,

Тут канчаюць хай маршрут.

Не ўсё роўна, дзе памерці?

Лепш ляжаць ім будзе тут.

 

Вось на палатне чыгункі

Бачыць дзед — ідзе рамонт.

Ён абдумвае варункі,

Намячае новы фронт.

 

“Прыйдзе ноч, і змроку схова

Можа нам дапамагчы.

Раздабыць абавязкова

Трэба лапу і ключы”.

 

Блізка ходзіць, крочыць варта,

Варта тут і варта там.

Дзед жа кажа ўнуку з жартам:

— Варта? Варта, ды не нам!

 

Прычакаў Міхед цямна.

Стала, нібы сажа, неба.

Снасць для дзедавай патрэбы

Зносяць немцы з палатна.

 

Знеслі ў будку... Горай справы!

Пакрывіўся дзед. Ну што ж!

Нетаропка з-за халявы

Ён вымае фінскі нож.

 

Падышоў бліжэй да будкі.

Воддаль ходзіць вартавы,

Ён, нібыта заяц пудкі,

Не ўздымае галавы.

 

Цемень. Лёг туман навокал.

Дзед паўзком ды бокам, бокам...

Вось і вораг недалёка.

Дзед стаіўся нерухома,

Да зямлі аж прытуліўся...

А пасля як усхапіўся...

Што далей было — вядома!

Вораг быццам сноп зваліўся.

 

Глянуў дзед: замок на дзверцах.

— Эх, каб ломік пад рукой! —

Пнецца дзед з унукам, пнецца,

А прабой не паддаецца,

Ледзьве вырвалі прабой.

 

Дзед ключы і лапу мае,

А Міхась на варту стаў.

Холад да касцей праймае,

I туман кудысь прапаў.

 

Толькі дзед рукой намацаў

Паміж рэек кастылі,

Толькі распачаў ён працу —

Паравозы зараўлі.

 

Пад адхон Міхед саскочыў:

— Вось дык чортава напасць,

Так, глядзі, і справу скончыць,

Як належыць, чорт не дасць.

 

А як поезд праімчаўся,

Знік у цемені начной,

Дзед за працу зноў узяўся

Са стараннасцю двайной.

 

Каб тут днём рабіць без спешкі

Ды крыху падбавіць рук...

Кастылі пад “качарэжкай”,

Як назло, ўсё грук ды грук.

Ужо холаду не стала,

Хоць здымай з сябе кажух,

Толькі часу бракавала

Перавесці нават дух.

 

Вось апошняя заклёпка,

Разабрана палатно.

Дзед рассоўвае таропка

Рэек цэлае звяно.

 

— Скончылі работу нашу,

Ногі, брат, нясі ў хмызняк,

Заварылі злыдням кашу,

Не расхлёбаюць ніяк.

 

Метраў сто, а можа, дзвесце

Адышоў Міхед убок,

Як гукнуў за лесам дзесьці

Басам поезда гудок.

 

Дзед паўзком, за ім Міхась.

— Вось сюды, пад корч залазь,

Трэба ведаць, бачыш, нам,

Які будзе тарарам.

 

 

Дзед Міхед — стрэлачнік

 

Ходзіць немец ля дарогі,

Каля стрэлкі па пуці.

Дзед рашыў без асцярогі

Проста к будцы падысці.

 

I Міхед ступае чынна,

Чаму быць — не мінаваць.

Можа, ў дзеда ёсць прычына —

Ваяваць дык ваяваць.

— Пашпарт! — злыдзень той пытае.

— Калі ласка! — кажа дзед

I з-за пазухі вымае

Свой трафейны пісталет.

 

За каўнер Міхед фашыста

Пацягнуў па палатне.

— Не дрыжы, сабака, лістам,

Распранайся зараз мне!

 

Дзед у вопратку чужынца

Апрануўся на хаду.

Каб падобным быць на фрыца,

Прыхаваў ён бараду.

 

Падышоў да стрэлкі брава:

— Стрэлкі зараз пакручу

I фашысцкія саставы

Сёння з форсам пракачу.

 

Тут, як па заказу дзеда,

Шум пачуўся з-за ракі.

На усход спяшаюць следам

Два ваенных цягнікі.

 

Па ўсіх правілах салдата

Дзед на пост ля будкі стаў,

Праважае зухавата

Са снарадамі састаў.

 

Толькі тыя зніклі колы,

Зноў вагоны на пуці.

Як дзіця, Міхед вясёлы:

— Не затрымлівай, каці!

 

Выгляд дзед харобры мае,

Знае справы ён свае,

Афіцэрам казырае,

Чэсць салдатам аддае.

 

Як пакончылі з дарогай,

Пералез дзед цераз плот:

— Ну, Міхаська, дай бог ногі,

Рушым далей у паход.

 

Удалася дзеду справа.

Недалёка ад ракі,

З-пад Смаленска і Варшавы

Два сышліся цягнікі.

 

Што за грукат быў і ляскат,

Ад агню страшэнны бляскат,

Паравоз на паравоз

Быццам чорт які занёс.

 

 

Дзед Міхед і “зайцы”

 

Прыбыла за ноч паводка,

Не пазнаць цяпер раку.

На ваду спусціў дзед лодку,

Ёсць забава Дубняку.

 

Зайцам крута ў час разводдзя.

Як нахлыне шмат вады,

Па грудках касыя ходзяць,

Пазбягаючы бяды.

 

Кіламетраў на дванаццаць

Выйшла Прыпяць з берагоў.

Калі добра пастарацца —

Уратуеш шмат зайцоў.

 

Дзед Міхед дзеля ахвоты,

З дубальтоўкай за спіной,

Паміж лозаў і чаротаў

Кружыць з лодкаю сваёй.

 

Пад вяслом вада булькоча —

Сіла ў дзедавай руцэ.

Верыць ён вачам не хоча,

Што пабачыў на рацэ.

 

Не вадзіцца тут з зайцамі,

Не пра іх тут справа йдзе:

Вунь чужынцы за кустамі

Лямантуюць у вадзе.

 

Хто нагу на лёд заносіць,

Хто ўчапіўся за карчы,

Хто ў сваіх падмогі просіць,

Хто ад роспачы крычыць.

 

— Значыць, нашых рэк не зналі,

Дзед пакратаў бараду,—

Дзоты, пасткі будавалі

Ды патрапілі ў ваду.

 

Ён ад смеху ледзь не трэсне.

Дыхту рэчка задала!

Дзоты немцаў на Палессі

Адмыслова заліла.

 

Ад “зайцоў” няма адбою,

Просяць, лезуць к Дубняку,

Каб узяў ён іх з сабою,

Пераправіў за раку.

 

— Цьфу ты, чортава зараза! —

Дзед за словам слова гне,—

Ды не суньцеся адразу,

Карабель мой затане.

Зброю ты збяры спачатку,

Мой унучак Міхасёк,

А пасля іх па парадку

Перапраўлю на той бок.

 

Як давозіў іх да грунту,

Без распісак і заяў

Партызанскім нашым пунктам

Акупантаў аддаваў.

 

Тут прасушка, тут утруска,

Па заказу ўсё ішло.

Партызанам беларускім

Шмат работы прыбыло.

 

Дзень схіляўся ўжо да ночы,

Падлічыў дзед свой улоў

I на тым паход закончыў

На тапельцаў, на “зайцоў”.

 

 

Як дзед плыты ганяў

 

З дзеда дождж цурком сцякае.

Па гразі ступае дзед

I на полі пакідае

Ад шырокіх ботаў след.

 

А ўпадбежку за Міхедам

Ледзьве паспявае ўнук.

Трэба вызнаць і разведаць

Справу важную адну.

 

Партызаны каля логу

Акружылі злыдняў шмат.

З базы немцы на падмогу

Новы выслалі атрад.

Расшумелася паводка,

I парвала рэчка гаць.

Акупанты спусцяць лодкі,

Мост пачнуць мо будаваць?

 

Вось таму і даручылі

Партызаны Дубняку,

Каб з унукам не пусцілі

Акружэнцаў за раку.

 

Дзед агледзеўся навокал,

Выбраў добры сабе пост:

Бачыць ён, што недалёка

Пантанёры ўзводзяць мост.

 

Плынь імклівая струменіць

I пагойдвае плыты.

Моцна звязана бярвенне

I прыпята на драты.

 

Дзед для люлькі іскру крэсіць.

Цяжка дзеду — хоць канай.

Грабяць акупанты, месяць

Беларускі родны край.

 

Каля рэчак стогнуць сосны,

I бары з вачэй знікаюць.

Самы лепшы і зайздросны

Лес чужынцы высякаюць.

 

Дзед разгледзеў да драбніцы

Каля рэчкі, ля маста,

Што за зброя у чужынцаў,

Колькі немцаў у кустах.

 

Праз раку на дзвесце метраў

Мост кладзецца раскладны,

I гайдаюцца пад ветрам

Пантанёрскія чаўны.

 

Акружэнцам недзе дзецца.

Бачыць дзед, па ўсім відаць,

Каля рэчкі давядзецца

Сёння ім заначаваць.

 

Трэба, значыць, партызанам

Весткі новыя даслаць,

Бо, глядзі, неспадзявана

Можна бітву праіграць.

 

Дзед Міхаську растлумачыў

Зноў наспеўшую задачу.

Пасадзіў ён ля паляны

Свайго ўнука на чаўнок,

Непрыкметна к партызанам

Пераправіў на той бок.

 

Сам тым часам асцярожна

Ўспоўз на бераг на круты,

Каб праверыць, як тут можна

Па рацэ пусціць плыты.

 

Параскручваў ён зараней

Ад плытоў прычальны дрот,

Каб лягчэй было пад ранне

Згоны рушыць у паход.

 

Ноч ішла марудна надта,

Дзеду быццам бы назло.

Ды і блізка ходзіць варта,

Ды і холадна было.

 

Ледзь на ўсходзе праяснела,

Дзед, па знаку партызан,

На пантоны рушыў смела

Свой драўляны караван.

 

Падхапілі згон той хвалі,

Паварот дзед даў круты.

На фашысцкі мост без паляў

Грозна рушылі плыты.

 

К чорту ўсе пантоны змяты.

Слава дзеду Дубняку!

I машыны і салдаты

Пакуляліся ў раку.

 

А з астатняй часткай фрыцаў

Не было чаго і біцца.

Рукі ўгору паднялі,

У палон да нас прыйшлі.

 

 

Дыверсія дзеда Міхеда

 

На дрыгве гнілой і чэзлай

На высокіх на быках

Мост праз Пціч ляжаў даўжэзны,

Адкрываў на ўсход ён шлях.

 

Днём і ўночы грукаталі

Па тым мосце паязды.

Хлопцы як ні меркавалі —

Не спыніць па ім язды.

 

Ля маста такая варта —

Не падступішся ніяк.

Партызанам блытаў карты,

Гэты мост даваўся ў знак.

 

Немцы столькі настаўлялі

Бліндажоў і дзотаў тут,

Што ад гэтай магістралі

Мелі хлопцы шмат пакут.

 

Як ні думалі-гадалі,

Ні да чога не прыйшлі,

Нават боем прабавалі,

Ды ні з чым і адышлі.

 

Стаў той мост бяльмом на воку,

Разабрала хлопцаў злосць.

На сваёй зямлі, пад бокам

Фашыстоўскі ягамосць.

 

Стоіў мост крыві і смерці

Шмат якому смельчаку,

А яго ніяк не сцерці,

Не скульнуць у Пціч-раку.

 

З фронту просьбы і загады:

“Прышчаміце немцам хвост”.

Мы былі б і самі рады,

Толькі як той знішчыць мост?

 

Хоць сабе прыдумай крыллі,

Каб масту зрабіць канцы.

Распісаліся ў бяссіллі

Нават храбрыя байцы.

 

Гэтым часам выпадкова

У атрад прыйшоў Міхед.

Выгляд быў яго суровы,

Нездаволены быў дзед.

 

Нешта, мусіць, не ўдалося

Здзейсніць дзеду Дубняку:

Хмуры ён таму, як восень,

Паглядае на раку.

Рэчка хвалі свае коціць,

Ціха лашчыць берагі.

На дварэ не восень. Лотаць

Жоўцю ўквеціла лугі.

 

У прыродзе звон, суладдзе,

Зелень яркая травы.

I, здаецца, сэрца гладзіць

Пах лясны і лугавы.

 

Ды вясна — чаго таіцца —

Не прыйшла да нас вясной,

Трэба з ворагамі біцца

I займацца нам вайной.

 

Як хацелася б Міхеду

Скінуць з шыі аўтамат.

Толькі дзед выдатна ведаў,

Што без зброі варт салдат.

 

Хлопцы дзеда абступілі,

Запрасілі на абед.

Расказаць яго прасілі:

— Дзе набраўся суму, дзед?

 

— А чаго мне весяліцца?

Прытаміўся я крыху.

Нешта ные паясніца,

Цягне ў хату пад страху.

 

Можа, з год хаджу па ўзгорках,

Твань балотную тапчу.

— Мо закурыце махоркі?

— I махоркі не хачу.

 

Дзед прысеў пад дуб разгаты.

Ён у хлопцаў — добры госць.

— Як, на тол вы не багаты?

Пазычайце, калі ёсць.

 

— Даць мы вам усё гатовы,

Хоць і трыццаць кілаграм.

Дзед здаволен добрым словам:

— Ну, то дзякуй, хлопцы, вам.

 

Узваліў Міхед на плечы

Міны з толам і шнуры,

I пайшоў у майскі вечар

Ён з Мачульскім па бары.

 

Што была ў іх за гаворка,

Прамаўчым мы да пары.

Развіталіся за ўзгоркам

Баявыя два сябры.

 

I Мачульскі цісне руку:

— Што ж, Міхед, у добры час.

— Сувязным прышлю я ўнука,

Не турбуйцеся за нас.

 

*

 

Ночка цёмная ўдалася,

Быццам дзеду назнарок.

Дзед пусціў па воднай трасе

Спецыяльны свой плыток.

 

За пяць крокаў не разгледзіш

Ані дрэў і ні людзей.

На плыце драўляным едуць

Міны з толам па вадзе.

 

“Ну, шчаслівы шлях-дарога!”

Дзед застыг каля ракіт,

На душы ў яго трывога:

Ці саслужыць службу плыт?

 

Цішыня лягла наўкола,

Дзед напружыў слых і зрок.

Раптам чуе грукат колаў:

“Едзе вораг у наш бок”.

 

Дзеду сёння шанцавала,

Хоць таго не ведаў ён.

Плыт скірован быў удала

I на мост і эшалон.

 

Сам Міхед ажно спужаўся,

Атрымаўся страшны гром.

Мост спачатку ўгору ўзняўся,

А пасля не стаў мастом.

 

Гэтым часам паравоз

За сабой вагоны вёз.

Ён не мог спыніць разгону

Перад самаю ракой.

З'ехалі ў раку вагоны

З фашыстоўскай салдатнёй.

 

Доўга рваліся снарады,

Мо гадзіны дзве ці тры.

Партызаны дзеду рады,

Рады ім быў і стары.

 

Што ўцалела ад састава,

А ўцалела-такі шмат,

Дапамогай людзям стала,

Добра ўзброіла атрад.

 

Хлопцы за сваю здабычу

Славяць дзеда нездарма.

А галоўнае — над Пціччу

Больш ужо маста няма.

 

Дзед з хлапцамі развітаўся

Па-бацькоўску, ад душы,

I з унукам ён падаўся

Справы новыя вяршыць.

 

 

Як дзед сам сябе лавіў

 

Акурат у май вясёлы

Цераз кожных дзесяць хат

Немцы клеілі па сёлах

Пра Міхеда свой загад.

 

“Хто нам дзеда расшукае —

Шмат займее ўзнагарод:

Крыж на грудзі атрымае

I на Случчыне — завод”.

 

Камендант яго прыкметы

Напісаў сваёй рукой:

Як абуты, як адзеты

I з якою барадой.

 

Прачытаў Міхед афішу

I сказаў унуку так:

— Пра мяне фашысты пішуць,

Значыць, даўся ім у знак.

 

Што ж, давай іх патрывожым,

Пагуляем у вайну,

Пашукаць мяне паможам

За вялікую цану.

 

*

 

Ён прыйшоў да каменданта,

Па гадах не малады,

Боты новыя на рантах,

Ні вусоў, ні барады.

Дзед фашысту казырае:

— Справа к папу не малая.

Я наконт таго плаката,

Што прыклеен на рагу,

Калі добрая аплата —

Чым магу — дапамагу.

 

Афіцэр стаіць упарта:

— Дзесяць тысяч, болей не! —

Дзед фашысту не на жарты

Цэлых дваццаць тысяч гне.

 

Шум і крык у каменданта,

Разышліся гандляры.

Голас чуцен акупанта:

— Чорт з табою! На, бяры!

 

Безбароды сціх адразу:

— Хай даруе пан за злосць,

Будзе дзед як па заказу,

Бо ў руках задатак ёсць.

 

*

 

Толькі першы змрок апаў

На лясы, на зелень траў,

Па гадах немалады,

Без вусоў, без барады,

За сабой фашыстаў следам

Вёў Міхед лавіць Міхеда.

 

Той парой унук Міхаська

Па глухой дарозе гразкай

Акупантаў вёў праз лес

Дубняку наперарэз.

 

Ціха. Ліст не варухнецца.

Закаціўся маладзік.

Як лясун, сава смяецца,

Добра знае праваднік:

Гэта не савіны крык —

Гэта ўнука ўмоўны знак.

 

Падаецца ўбок Дубняк.

Цемру асвятлілі ўспышкі,

Гучна стрэлы прагулі,

Быццам хвоі градам шышак,

Сцебанулі па зямлі.

 

Дзед жа з гэтай перапалкі

З горкі ўніз ды уцякаць.

Будуць немцы ёлкі-палкі

Дубняковы памятаць.

 

Ён з унукам вельмі рады,

Адмысловы выйшаў бой.

Два фашысцкія атрады

Ноч таўкліся між сабой.

 

*

 

Ідучы з замшэлых нетраў,

Жвавы, кемны, як заўжды,

Дзед рукой схапіў паветра,

Не знайшоўшы барады.

 

— Цьфу ты,— дзед Міхед азваўся.—

Я ж абчысціў валасы...

Доўга ён яшчэ мыляўся

I хапаўся за вусы.

 

 

Як Міхед фрыца жаніў

 

Летам здарылася справа.

Што ні вёска, то пагром.

Немцы ладзілі аблаву

На Міхеда з Міхасём.

 

Ды з аблавы мала толку.

Дзеда ўзяць — не проста так.

Гэтым часам у пасёлку

Сватаў фрыца дзед Дубняк.

 

Фрыц жа той — вялікі чынам,

Хоць высокі і худы.

Ну, а дзедава дзяўчына,

Як карціна, хоць куды!

 

А красуня — падзівіцца,

Век вачэй не адрывай.

Як “пасцеле” ложак фрыцу,—

Хоць ніколі не ўставай.

 

Фрыц прыходзіў к дзеду ў хату,

Далікатны, проста жах,

У мундзіры у багатым,

Пры медалях і крыжах.

 

Сарамяжная дзяўчына

Стужкі ў косах русых мне,

А Міхед тым часам чынна

На вяселле справу гне.

 

— Што ж, кажу, вам, пан, таіцца,

Рукі ціснуць, уздыхаць,

Трэба, мусіць, пажаніцца

I вяселле адгуляць.

— Зэер гут,— той фрыц лапоча,—

Я гатовы хоць цяпер.—

Аглядае стан дзявочы

Падрабязна афіцэр.

 

— Быў жанаты я ў Афінах

I ў Варшаве быў жанат.

Ды і з вашаю дзяўчынай

Пажаніцца вельмі рад.

 

— Так не водзіцца ў народзе.

Што мне тыя гарады!

Я аддаць дзяўчыну згодзен

Толькі, пане, назаўжды.

 

*

 

Граюць дзень музыкі ў дзеда.

Льецца музыка з акон.

За вясельнаю бяседай

Немцы жлукцяць самагон.

 

На куце — нявеста Насця,

З ёю побач малады.

Афіцэры рознай масці

Папрыходзілі сюды.

 

За сталом староста Лапа

I галоўны паліцай,

Два разбойнікі з гестапа

Рэжуць, крояць каравай.

 

Нешта п'яныя лапочуць

Мовай дзікаю, чужой.

Дзед на ўсё кідае вочы,

Ціха гутарыць з сабой.

Не прыйшоў ніхто з суседзяў

На вяселле да яго,

I на сённяшнім абедзе

Аніводнага свайго.

 

На зямлю і ноч лажыцца,

Не спыняецца банкет.

Зачыняе акяніцы

Растрывожаны Міхед.

 

П'юць і п'юць, галдзяць без меры,

Не набрацца гары ім.

Ды нарэшце афіцэры

Налізаліся зусім.

 

Маладая маладога

Пагуляць на двор заве.

Дзед у сенцах ля парога

Фрыца — бац па галаве.

 

А пасля замок на дзверы

I запалку пад страху.

На вяселлі афіцэры

Хай пагрэюцца крыху.

 

— Зуб за зуб, за вока вока! —

Дзед праз плоцік пералез

Ды з дзяўчынай бокам, бокам

Паміж градак ды у лес.

 

Доўга ў партызанскай часці

Пра Міхеда сказ хадзіў,

Як з разведчыцай ён Насцяй

Фрыца важнага жаніў.

 

 

Дзед у лясной школе

 

Між балота, на палянцы,

Пад дубамі шалашы.

А паводдаль падшыванцы,

За вучобай малышы.

 

У лясной у нашай школе

Ні дзвярэй і ні акон.

Служаць і сцяной і столлю

Шаты елак і сасён.

 

На пяньку сядзіць жанчына,

А прад ёю — цэлы клас.

У часы вайны Айчыннай

Шмат было такіх у нас.

 

Вось настаўніца лясная

Штось расказвае малым,

Цішу лесу парушае

Гучным голасам сваім.

 

Голас мяккі, хоць і гучны,

Цішыню лясную рве.

Слухаюць з увагай вучні,

Як наш край цяпер жыве.

 

Люты вораг край наш топча,

Хоча наш народ сагнуць.

Партызаны днём і ўночы

Бой з чужынцамі вядуць.

 

Трэба жыць на белым свеце,

Быць пісьменнымі ў жыцці.

Навучаюцца тут дзеці

Год з пяці да дзесяці.

А старэйшыя з бацькамі

У атрадах баявых

Сочаць скрозь за чужакамі

На дарогах крыжавых.

 

То на сувязь, то ў разведку

Адпраўляюцца падлеткі,

Каб нам ведаць, каб нам знаць,

Дзе чужынцаў сустракаць.

 

Камсамольцы, піянеры

На пастах сваіх стаяць,

Лютых ворагаў намеры

Памагаюць разгадаць.

 

Цяжка жыць людзям, вядома,

Гэта ў лесе ж, а не дома,

Трэба хлеб, і трэба соль,

I мароз цярпець, і золь.

 

Трэба за жыццё змагацца

I народ свой берагчы,

Наступаць, абараняцца

Ад фашысцкай саранчы.

 

Лепш без хлеба, лепш без солі,

З крапівою ды травой,

Чым у ворага ў няволі,

Пад фашысцкаю пятой.

 

Лес, вядома, што не хата,

Лес, вядома, што не дом.

Хай жывём мы не багата,

Але вольнымі жывём,

Партызанскаю адплатай

Жыць чужынцам не даём.

I ва ўмовах невясёлых

Мы не вешаем галоў,

Маем мы лясныя школы,

Навучаем малышоў.

 

На палянцы сёння ціха,

Толькі шэлест ад лістоў.

На газеце дзеці пішуць:

“Смерць за смерць! I кроў за кроў!”

 

Слова роднае ім міла,

Сажа служыць за чарніла.

Хоць ніякіх кніг няма,

Ёсць настаўніца сама.

 

I яна, як з кнігі, звонка

Пад разлапістай сасной

Перагортвае старонкі

З светлай памяці сваёй.

 

А за ёй на памяць дзеці

Паўтараюць свой урок.

Што было, што ёсць на свеце

Вывучаюць назубок.

 

Нейк зусім неспадзявана

Сёння летнім цёплым днём

Завітаў к лясной паляне

Дзед з унукам Міхасём.

 

А ці хмуры, ці вясёлы,

Не мінаў сваіх малых.

Ён любіў лясныя школы

I наведваў часта іх.

 

I Міхаську і Міхеда

Паважалі ад душы.

Ён багата казак ведаў,

Казкі ж любяць малышы.

 

Дзед спагадны да малечы,

Чулы ён да іх патрэб.

Зняў з плячэй сваіх мяшэчак,

Выняў сала, выняў хлеб.

 

— Гэта, дзеці, хлеб зайчыны,

Сала мне барсук прыпас.

Ешце, ешце. Малайчыны!

Ёсць яшчэ ў мяне запас.

 

Папрасіў я і сініцу,

Што з Масквы к нам прыбыла,

Каб на порткі, на спадніцы

Хоць бы корту здабыла.

 

Калі будзеце вучыцца

На “чатыры” і на “пяць”,

Я магу вам пахваліцца

I такое перадаць:

 

Нават рыбка залатая

Гаварыла ўчора мне,

Што цукерак адшукае

На марскім глыбокім дне.

 

Будзе лад у вас і згода,

Шмат чаго вам прыпасу:

Абяцаў мядзведзь мне мёду,

Другім разам прынясу.

 

У Міхаські на “кватэры”,

На палянцы Верасы,

Ёсць лісіца, козлік шэры,

Чарапахі і трусы.

Дык вучыцеся, рабяты,

Вы з жаданнем, без прынук.

На Кастрычніцкае свята

Вас запросіць мой унук.

 

Ён звяроў сваіх пакажа,

Пра іх нораў вам раскажа

I для школы вам лясной

Падарунак зробіць свой.

 

— А які?

— Я сам не знаю.

Не хачу казаць наўгад.

Што б хацелі, вас пытаю?

— Хочам, дзеду, трусянят.

 

— Запытайцеся ў Міхаські,

Што на гэта скажа вам.

— Калі ласка, калі ласка,

Трусянят я добрых дам.

 

Раптам дзед нахмурыў бровы:

— Час, браткі, цяпер суровы,

Ды не трэба нам тужыць,

Пераможам, будзем жыць!

 

У настаўніцы лясное

Сёння быў святочны час.

— Вам падзяка, дзед, за тое,

Што праведалі вы нас.

 

Хай заўсёды перамога

Не мінае ў бітве вас.

Вам шчаслівае дарогі

Наш лясны жадае клас.

 

 

Дзед Міхед і баба-чорт

 

Нешта восень ранавата

Пачала ў лясах абход.

Золкі холад цягне ў хату.

Стала ноч цяпер, як год.

 

Скаргі мы на ноч не маем,

Ноч мы любім удвайне.

Нам яна дапамагае

Біцца лепей на вайне.

 

Лісце верб, бяроз і вязаў

Кружыць, нібы матылі.

Мы фашысцкую заразу

На прыцэл свой узялі.

 

Люба восень нам глухая

З ветрам шумным, туманом.

Мы душой і сэрцам знаем,

Што мы косім, што мы жнём.

 

Нашы косы — аўтаматы,

Наш камбайн — то кулямёт.

Нішчым вылюдкаў праклятых

Фашыстоўскі розны зброд.

 

Хоць не лёгка нам бывала

У паходах і баях,

Нам Радзіма наказала

Перадолець боль і страх.

 

Ваявалі нашы хаты,

Пушчы помстаю гулі.

Разам з хлопцамі дзяўчаты

Бой з чужынцамі вялі.

Колькі іх, адважных, дужых,

Дыверсантак і сясцёр,

Хай там спёка, хай там сцюжа

Адпраўляліся ў дазор.

 

Не злічыць у летапісе

I атрадаў і брыгад.

Імя Лены ёсць у спісе,

Самай мужнай між дзяўчат.

 

Хоць часамі дзед крывіўся

I дзяўчат не браў у бой,

А вось гэтай ганарыўся,

Як Алесяю сваёй.

 

Той Алесяй, што калісьці

(На пачатку шчэ вайны)

Памагла з глухмені выйсці

Да сваіх у буданы.

 

Хоць было і непрыемна

Заблудзіцца у бары,

Ды шумеў тады дарэмна

На Алесю наш стары.

 

Без дзяўчыны той Алесі

Доўга б ён блукаў па лесе.

Са спагадаю не раз

Бавіў ён з Алесяй час.

 

Як Алеся, Лена — сіла,

Хоць дзяўчына і з далонь,

А дармо, не схіліць крылы,

Пройдзе смела праз агонь.

 

Так Міхед цаніў высока

Талент Лены баявы.

— Гэта птушачка-сарока

Адмысловай галавы.

 

Хоць яна малога росту,

Косы — хвосцікі адны,

Не дзяўчо, а маршал проста,

Ёй, браткі, няма цаны.

 

Ведаў дзед, што ўжо ў Алёны

На рахунку многа спраў.

Не адзін зляцеў з адхону

К чорту гітлераў састаў.

 

У фашысцкіх гарнізонах

Сотні сыплюцца абраз:

Чортам-бабаю Алёну

Называлі там не раз.

 

Як састаў кульнецца з гулам

Ці ў раку, ці пад адхон,

Тую бабу-Вельзевула

Немцы шмат шукаюць дзён.

 

Зараз дзед правёў дзяўчыну

Праз балота завідно.

— Вось за гэтаю лагчынай

I чыгункі палатно.

 

Я ж тут буду недалёка

I на ўзрыў твой падбягу.

Тут я знаю ўсё навокал,

Трэба будзе — памагу.

 

Дзень асенні брыў па свеце,

Хлюпкі, з соннаю імжой.

Жаўталістае суквецце

На сцяжынцы на лясной.

Распраналіся памалу

Дуб, асіна, клён і вяз.

З лесу вільгаць павявала,

Ціха дзень асенні гас.

 

Ад дажджу прамокла Лена,

Ды на варце ўсё яна,

Нібы стрэлачнік, нязменна

Ля стальнога палатна.

 

Трэці дзень не чутна груку,

Што патрэбен зараз ёй.

Як на злосць ёй і на муку,

Поезд коціць, ды не той.

 

Толькі к ночы тры вагоны

За дрызінай праплылі.

На зямлі асенняй соннай

Рэйкі цяжка загулі.

 

Як састаў пусты праскочыў,

Знік у цемені начной,

Запалалі ў Лены вочы,—

Поезд, што патрэбен ёй!

 

Ці паспее, ці здалее?

Шум выразна ўжо чуваць!

Ад трывогі сэрца млее,

Рукі з холаду дрыжаць.

 

Часу мала, ўсё прапала!

Не шчаслівы ў Лены лёс.

Толькі тол яна заклала,

З цемры выпаўз паравоз.

 

Можа, метраў сто адбегла

Ад дарогі клятай той,

У лагчынцы нейкай легла

Пад разгатаю сасной.

 

Выбухам вагоны ссекла,

Запалала ўсё ў агні.

Баба-чорт зрабіла пекла

Для фашысцкай салдатні.

 

Ну, і лязгат быў шалёны,

На кавалкі цішу рваў.

Пад адхон з страшэнным громам

Паляцеў увесь састаў.

 

Цяжка адысці было ёй

У залешаны гушчар.

Злы ядловец, злая хвоя

Колюць ногі, колюць твар.

 

Ад сукенкі — толькі шматкі,

Рукі, ногі аж гараць.

Ды патрэбна без аглядкі

Ёй адгэтуль ацякаць.

 

Так і ночку праблукала

Па дрымучым гушчары.

А пасля без сіл упала,

Праляжала да зары.

 

“А куды цяпер падацца,

Хоць і стала ўжо відно?

Трэба з лесу выбірацца,

Дзед кудысь пайшоў даўно.

 

Ён, відаць, не дачакаўся,

Прамінула аж тры дні.

А ці ў вёсцы дзе застаўся,

А ці ў лесе пры агні?”

Толькі к вечару дзяўчына

К нейкай вёсцы дабрыла.

Ды і ў першую хаціну

Ледзь пастукацца змагла.

 

Адчынілі людзі дзверы,

Правялі яе ў пакой.

Бургамістр к ёй з недаверам:

— Што, дзяўчына? Што з табой?

 

А дзяўчына ў плач ды слёзы:

— Пашкадуйце сірату!

Нас бамбілі бамбавозы

Пазаўчора, ў сераду.

 

Хоць хапала ледзьве сілы,

Аж сцямнелася ўваччу,—

Як магла, так нахлусіла

Бургамістру-крумкачу.

 

I пра бацьку і пра маці

Гаварыла ўсё яна,

Што ніколі ўжо не ўстаць ім,

Што ва ўсім Масквы віна.

 

“Так. Бамбілі пазаўчора

Злыдні гэтыя вакзал”.

Бургамістр быў не ў гуморы

I пра гэта не сказаў.

 

— Сціхні, мне не трэба крыку,—

Бургамістр прамармытаў,

Даў сукенку, чаравікі,

Павячэраць Лене даў.

 

— Ды хутчэй ідзі да печы,

Бач, як дрыжыкі трасуць.

Выграй ногі, выграй плечы,

У мяне як дома будзь.

 

Вусны Лены прашапталі:

— Дзякуй вам за дабрату,

Што душой пашкадавалі,

Нібы бацька, сірату.

 

— Маю к дзецям я спагаду,

Хоць і сам вялікі пан,

Не цярплю я толькі здраду

Беларускіх партызан.

 

Часам ты пра іх не чула?

— Не, не чула, пане, не.

— Каб зямля іх агарнула,

Не даюць спакою мне.

 

I палезла Лена ціха

На ляжанку за стаяк,

Каб падалей быць ад ліха,

Каб сябе не выдаць як.

 

Што ж, пасля работы чыстай

Спі цяпер, адпачывай!

Ды зайшлі да бургамістра

Камендант і паліцай.

 

Іх трымалі ледзьве ногі,

Камендант ажно шалеў:

— Зноў з чыгуначнай дарогі

Эшалон наш паляцеў.

 

— То работа бабы-чорта! —

Бургамістр прагрукатаў.

Лену моцны страх агортваў,

Зуб на зуб не пападаў.

— Хай натрапіцца жывою,

Мала будзе расстраляць!

Так пагавару я з ёю,

Што аж чэрці задрыжаць!

 

— Кажуць, ростам аж два метры,—

Паліцай разявіў рот.

— Донэр ветэр! Донэр ветэр!

Замаўчы ты! О майн Гот!

 

I нагнала ж яна страху

На ваколіцы усе!

— Хопіць двух салдат пад паху,

Як у клешчы,— і нясе!

 

Усміхнулася дзяўчына.

“Не пазналі. Буду жыць!

Хвалявацца ёсць прычына,

Толькі нечага тужыць”.

 

Кашлянула асцярожна.

— Хто ў цябе на печы ёсць?

— То свая. Пры гэтай можна,

Гэта мой, панове, госць.

 

Што, крыху ўжо акрыяла?

Злазь тады к нам да стала.

— Як забітая праспала,

Дзякуй, зараз адышла.

 

Пакланілася дзяўчына

Бургамістру і гасцям.

Не дзяўчына, а карціна

Паказалася панам.

 

Губы — быццам бы маліна,

Вочы — зоркі, дзве касы.

Камендант пагляд ускінуў

I знямеў ад той красы.

 

— Зэер гут! — Свае ён скабы

Бургамістру паказаў

I, забыўшы пра чорт-бабу,

Ён прад ёю слупам стаў.

 

Ледзьве дзеўчына стрымала

Сваю крыўду і свой гнеў.

Каменданту падлівала,

Пакуль той не акасеў.

 

А назаўтра раным-рана

Развітання час настаў.

Ад сустрэчаў нечаканых

Бургамістр аўсвайс ёй даў.

 

I прасіў, каб прыязджала,

Як пагосціць у радні,

Ці намнога, ці намала,

Хоць на два якія дні.

 

Абяцанка, што цацанка,

Ад яе няма красы.

Павадзіла партызанка

Тых фашыстаў за насы.

 

Як ад'ехала нямала

Ад той вёскі, ад Прысад,

Дык вазніцы наказала,

Каб вяртаўся ён назад.

 

Што яна дарогу знае,

Што ёй хочацца пяшком

За грыбамі ў ціхім гаі

Пахадзіць асеннім днём.

 

*

 

Ля адной лясной паляны,

Так пад поўдзень, пад абед,

I сустрэўся нечакана

З нашай Ленай дзед Міхед.

 

Тут яна і расказала,

Як па лесе вандравала,

Як яна пагасцявала

У фашысцкага шакала.

 

— Ну і ёлкі, ну і палкі,—

Дзеда радасць узяла,—

З гэткай выйсці перапалкі

Толькі, Лена, ты змагла.

 

 

Дзед Міхед і доктар Швец

 

— Каб ты спрахла! — дзед азваўся,—

Трэба ж так уліпнуць мне,

Да чаго даваяваўся,

Ледзь не згінуў на вайне.

 

Зачапіла куля злая

Акурат жа за нагу.

Вось цяпер я сам не знаю,

Ці хадзіць я зноў змагу.

 

Не гаруй жа, мой унучак,

Гэта, браце, не канец.

Дасць лякарстваў мне гаючых

Партызанскі доктар Швец.

 

Хлопчык туліцца да дзеда,

Вачаняты трэ рукой.

— Я за доктарам пад'еду,

Недзе тут ён, за ракой.

 

— Патрываю, я ж не хілы,

Ён сюды прыедзе сам.

У вайну, унучак мілы,

Шмат работы дактарам.

 

Ды к таму ж сястрыца ўдала

Мне нагу перавязала,

Ёдам змазала як след,—

Супакойваў хлопца дзед.

 

— А буданчык добры ў Швеца,

За каўнер вада не льецца,

Печка з бляхі, нары, стол

I з асовых плашак дол.

 

Нават вокны з фотаплёнкі,

Хоць малыя, але ёсць,

А пад вокнамі сасёнкі,—

Заўважае Швецаў госць.

 

— Дзе ж галоўны лазарэт? —

У сястры спытаўся дзед.

— Лазарэта мы не маем,

Хворых лечым на хаду,

Па зямлянках размяшчаем

Тых, што трапілі ў бяду.

 

А калі ўжо што не можам,

Ёсць жа ў нас аэрапорт.

Мы тады Маскву трывожым,

Выклікаем самалёт.

 

Дзед патыліцу пачухаў,

Сцёр расінкі з барады.

— Нарабіла завіруха

Нам і гора, і бяды.

 

Вось ты кажаш, самалёты,

Ад Масквы не блізкі шлях.

Як пасадзіш на балота

Той чырваназорны птах?

 

— А ў нас востраў недалёка,

I палянка ёсць на ім,

Зыслаў той за сотню крокаў

Паміж борам векавым.

 

Дзеду цяжка, трохі млосна,

Ён паранен як-ніяк.

Хоць ад жару твар і росны,

Ды мацуецца так-сяк.

 

Патанулі ў лесе змрокі,

Свеціць хліпка каганец.

Вось чуваць чыесьці крокі,

У будан заходзіць Швец.

 

Круглы твар крыху курносы,

Лезе лоб на галаву.

Ён не першую ўжо восень

Топча чорную дрыгву.

 

Дзень і ноч у неспакоі,

Ноч ці дзень — ён людзям друг.

Што ні здарыцца якое,

Швец гатовы да паслуг,

Тэрапеўт ён і хірург.

 

Аднаму дасць валяр'янкі,

А другому ставіць банкі,

Трэба вата — белы мох

Лепш за вату мо, дальбог.

 

А калі ж агонь антонаў,

Тут не трэба ўжо драмаць,

Змочыць пілку самагонам,

Каб бяду адпілаваць.

 

Рэзаць косці без наркотаў —

Вельмі цяжкая работа.

Што ж паробіш?! Самагон

Доктар Швец даваў на сон.

 

Ён лячыў людзей з любоўю

I ў начны і дзённы час.

Богам, доктарам здароўя

Называлі Швеца ў нас.

 

Сёння ж нейкая трывога

Ля вачэй праклала след.

Швец рвануўся ад парога:

— Што з табою, дзед Міхед?

 

— Напароўся на засаду,

Чорт бы гадаў тых пабраў.

Стралянулі з тылу, гады,

Ледзьве косці я не склаў.

 

Добра, што Міхаська мілы

З аўтамата бух па іх.

Чорт паддаў мне, можа, сілы,

Мы паўзком ды да сваіх.

Толькі потым забалела,

За нагу рукою — кроў.

Вось якое, браце, дзела,

А цяпер вось — нездароў.

 

— Што ж, давай крыху прысядзем,

На тваю бяду паглядзім.

Асцярожней трэба, дзед,

Каб не трапіць на той свет.

 

— Што карысці з асцярогі,

Трэба — трэба, не — дык не.

Як жа быць нам без трывогі,

Мы ж з табою на вайне.

 

Навучыўся без рэнтгена

Доктар раны пазнаваць.

Пакалечана калена,

Трэба дзеда ратаваць.

 

Патрывожаны меніскі,

I крыху кранута косць.

Да папраўкі час не блізкі,

Дарагі мой ягамосць.

 

Доктар думаў: як жа брацца,

Як з нагою дзеда быць?!

— Часу нам няма важдацца,

Лепш адрэзаць, чым лячыць.

 

— Я табе язык адрэжу,

Каб ён лішне не малоў.

— Я жартую. З ранай свежай

Паваюем. Будзь здароў!

 

— Дык пакінь свае ты жарты

I з мяне не рагачы.

Без нагі куды я варты.

Раз ты доктар, дык лячы!

 

— У маім жа інтарэсе,

Каб ты быў здароў, жывы.

Шмат на лузе, шмат у лесе

Ёсць гаючае травы.

 

Праз паўгода затанцуеш

На абедзвюх на нагах.

— Што ты, брат, мяне шальмуеш?

Праз паўгода! Гэта ж страх!

 

Тыдзень, два — ды стаў на ногі,

А паўгода, доктар, не!

Трэба ж ворага ліхога

Біць у роднай старане.

 

Не такі я небарака,

Каб адлежвацца ў траве.

Ды на мне, як на сабаку,

Рана хутка зажыве.

 

Кінуў погляд свой ласкавы

На Міхеда доктар Швец.

Ну, не дзед, а проста слава,

Ну, не дзед, а маладзец.

 

Так са Швецавай падмогай

Станавіўся дзед на ногі,

Толькі смутак агартаў,

Што зусім яшчэ не ўстаў.

 

Торф гарачы, мох бялюткі

I ад нейкіх зёлак цвет

Зажыўлялі рану хутка,

Весялеў штодзень Міхед.

 

I на свет нарэшце вылез,

Хоць з кіёчкам, не адзін.

А на небе месяц вырас

I паплыў паміж ялін.

 

А праз тыдзень у дарогу

Дзед Міхед пашыбаваў,

Бо сабралася ў старога

Многа неадкладных спраў.

 

 

Дзед — парабак пана Ёдкі

 

Сходзіць сонца нанач з неба

Нетаропка, спакваля.

Пахне травамі і хлебам

Пасля дожджыку зямля.

 

Дзеду цень на твар лажыцца.

Ці даўно такой парой

Ён калгасную пшаніцу

Песціў, лашчыў за ракой.

 

Дзед на ўзмежак сеў паволі,

Зацягнуўся тытунём.

Зарасло свірэпкай поле

Ды прагорклым палыном.

 

I сумуе па аратым

Поле роднае вясной.

Жытні кусцік дзед пакратаў

Гаспадарскаю рукой.

“Што ж, пакуль што не да жыта

I сяўба другая ў нас:

Сеем косці мы бандытаў

Па зямлі ў вясенні час”.

 

Чуў ён, што абшарнік Ёдка

Зноў прыехаў у Ляўкі.

Дзед падасца ў заработкі,

Пойдзе к пану ў “парабкі”.

 

Пан вачыма дзеда змераў:

— Да чаго нахіл, мужык?

— Да сахі і да сякеры,

Змалку я да іх прывык.

 

Пакаёўка тут капусты

Міску дзеду падала.

Адламаў дзед хлеба лусту

I нагнуўся да стала...

 

Пан з яго вачэй не зводзіць.

Ёдка мае свой закон:

Хутка есць — то падыходзіць,

Есць марудна — пойдзе вон.

 

Як часнок, у дзеда зубы

I нядрэнны апетыт,

Есць — дык глянуць проста люба,

Адмысловы малацьбіт.

 

*

 

Дзед Міхед і справы ўладзіў,

I за вольны час паспеў

Пахадзіць крыху па садзе

I праверыць панскі хлеў.

Дзед жыве нібы ў трызненні.

Кожны дом яму тут люб.

Дзе спыніўся пан, быў клуб

I калгаснае праўленне.

 

Азірнуўся ён наўкола,

Кінуў позірк невясёлы.

“Што ж паробіш, партызан?

Ды не век тут будзе пан!”

 

Ён у працу ўлёг адразу:

Пабываў у каваля,

Брычку Ёдкаву падмазаў,

Сад ачысціў ад гнілля...

 

I адкуль людзей нанесла?

З лёгкай дзедавай рукі

I аратыя і цеслі

Валяць к пану ў “парабкі”...

 

Ёдка нават дзіву даўся,

Дзе людзей падзець яму!

— Я, васпане, пастараўся,

Хлеб патрэбен на зіму.

 

Днём і ноччу двор у пана,

Як пчаліны рой, гудзе.

Поле панскае ўзарана,

I сяўба к канцу ідзе.

 

— А навошта лоб мы грэем

На ячмені і аўсе?

Лепей — сеяў ці не сеяў —

Варушыся пакрысе.

 

— Я мяркую, хлопцы, так,—

Заяўляе дзед Дубняк,—

Быць нам нельга ў старане:

Хто пасеяў — той пажне.

 

Ходзіць, лёгкі і рухавы,

Хоць не чуе ног і рук,

Ладзіць з хлопцамі дзед справы,

Пастушком працуе ўнук.

 

Дзед знясіліўся за тыдзень,

Стаў нямілым белы свет...

Хутка Сёмуха надыдзе,

Ёдка немцам дасць банкет.

 

I таму без адпачынку

Дзед з цямна і да цямна

На сабе цягае скрынкі,

Бочкі піва і віна.

 

Вельмі хваліць пан старога.

— Што ж, люблю я працу, пан.

Век працоўная дарога

У рабочых і сялян.

 

— Што ж, працуй. Табе зарплату

Я павысіць загадаў.—

Дзед жа пакланіўся кату

I нічога не сказаў.

 

Зборы што ні ноч у дзеда —

Пана Ёдкі “парабкі”

Хочуць загадзя ўсё ведаць,

Што з рукі і не з рукі.

 

Дзе паставіць трэба варту,

Дзе, калі і што рабіць,

Дзе там лішняю паўквартай

Вочы здрадніку заліць.

Дзень настаў. Усё гатова.

Абмяркована як след.

Зойме ўнук у лес каровы,

Ну, а там — ваюй, Міхед.

 

Села сонца за лясамі,

Дом напоўніўся панамі:

Бургамістры, каменданты

У мышыных шынялях,

Большасць з іх пры аксельбантах,

Пры медалях і крыжах.

 

Нават двое генералаў

К пану Ёдку завітала.

Ёдка дасць такі банкет,

Пазайздросціць цэлы свет.

 

Госці пана — пана варты.

Як сумленнейшы батрак,

Каля клуба стаў на варту

Гэтым вечарам Дубняк.

 

Сталяры ж, шаўцы і цеслі

Дубнякову службу неслі:

Ежу носячы на стол,

У пакой прынеслі тол.

 

Чутны голас каменданта,

Звон пасуды, пахі страў.

Парабкам-афіцыянтам

Дзед Міхед загад аддаў.

 

Парабкі усе з пакояў

Ціха выйшлі па адным,

Каб не выдаць непакою

Ні гасцям, ні вартавым.

Вось ужо афіцыянты

Аддалі Міхеду чэсць:

— Ну, падклалі правіянту,

Грукне праз хвілінак шэсць...

 

Вось!.. Маланка б'е праз шыбы.

Выбух-гром злізаў агнём

Пана, карнікаў, сядзібу,

Што карова языком.

 

У Берліне чулі грукат.

Здрыгануўся цэлы свет.

Паціскае хлопцам рукі

Задаволены Міхед.

 

 

Звярынец дзеда Міхеда

 

Пажаўцелі ў лесе дрэвы,

Цягне вільгаццю з балот.

Сонца менш дае сугрэву,

Дзень кароткі, ноч, як год.

 

З гаю трэба выбірацца,

Нельга жыць у шалашах:

Пачынае асыпацца

Лісцяны зялёны дах.

 

Як страсе вятрамі восень

Дух шумлівы лісцяны,

Будуць ворагу з нябёсаў

Бачны нашы буданы.

 

К пераезду дзед гатовы,

Выбраны барок глухі,

I патайны, і талковы,

I для восені сухі.

Хоць і месца даспадобы,—

Дзед старых шкадуе шат.

Там жа ўсё Міхед аздобіў

На свой густ і на свой лад.

 

Тут жа зноў, як крот, капайся

На зямлянку лес пілуй,

Стрэць зіму ў цяпле старайся,

Адным словам, брат, будуй.

 

Вецер голле нахінае.

А пад елкамі ў бары

Дзед сваю зямлянку мае,

Пахаджае па “двары”.

Двор жа дзедаў не пусты —

Елкі, сосны ды кусты.

 

З неба першы снег цярушыць

Белым, чыстым серабром.

Выйшлі пакарміць звярушак

Дзед з унукам Міхасём.

 

У клятушцы між сасёнак

Малады жыве арлёнак.

Быў маленькі ён і хілы,

А цяпер па метру крылы,

Дзюба зазубнем сагнута,

Кіпцюрамі ён падкуты.

 

I хоць дзед з сваім унукам

Не нацешацца з арла,—

Не даецца ён у рукі,

Якой ласка б не была.

 

Ды затое жораў следам

Пахаджае за Міхедам.

Ён уподбег, ён трушком

Шкандыбае к дзеду ў дом.

Зажыло крыло даўно ўжо,

А лятаць усё ж не можа.

Ды і ў вырай аднаму

Не дабрацца ўжо яму.

 

I зіму хацеў, відаць, ён

Перажыць у дзеда ў хаце.

— Жора, жорка, журавок! —

Лашчыць сябра Міхасёк.

 

А ўжо з козліка — забава,

Шэры козлік — два рагі,

Ходзіць, бегае рухава,

Вытанцоўвае кругі.

 

То на кухню забярэцца,

Суне мордачку ў муку,

То з вядра вады нап'ецца,

То гуляе ў хмызняку.

 

Як Міхась з казлом гуляе,

Дык злуецца журавок:

Да казла ён падбягае

I шчыпае за бачок.

 

Козлік — скок і стане збоку,

Пастаіць крыху, пасля

Наступае крок за крокам,

Каб пакрыўдзіць жураўля.

 

А лісіца як танцуе!

Брэша, гаўкае тады,

На вяроўцы шпацыруе,

Жоркі нюхае сляды.

 

То ў нару яна кульнецца,

То нацягне павадок,

То прыляжа, то прыгнецца,

То задрэмле назнарок.

 

А Жураўка і ні блізка!

Хіба зладзіць ён з лісой?

Жораў знае нораў ліскі

Як разбойніцы лясной.

 

Нават козлік ад лісіцы

Падаецца ўміг наўцёк,

Бо і козлік сам баіцца

Трапіць лісцы на зубок.

 

Нейк, сарваўшыся з вяроўкі,

Нарабіла глуму шмат.

Пачала ў свае кладоўкі

Кур насіць і трусянят.

 

У зямлянках пабывала,

Свой пакінула там след.

У Міхеда люльку ўкрала

I з махоркаю кісет.

 

Дзед гадзіны, можа, тры

Лазіў, поўзаў па двары,

Злосна лаяў вінаватых

I вымаў з лісіных схоў

То бутэлькі, то гранаты,

То відэльцы, а то лыжкі,

То адшукваў нават кніжкі,

Толькі люлькі не знайшоў.

 

Пасля гэтага пагрому,

Пасля дзедавых турбот

Прывязалі мы, вядома,

Нашу лісаньку на дрот.

Дрот з вяроўкай не зраўняць,

Дрот лісе не перацяць.

Быў яшчэ адзін выпадак.

Дзед Міхед быў на пасту.

Раптам чуе, хтосьці ззаду

Памаленьку стук ды стук.

 

Цемень. Змрок вакол густы.

Дзед рассоўвае кусты.

Нічагуткі не відаць.

Дзед ужо гатоў страляць.

 

— Стой,— крычыць,— хто там ідзе? —

На ўвесь лес Міхед гудзе.

 

А тут дзеду нешта — трах!

Ледзь устояў на нагах.

Дзед агледзеўся вакол:

— Цьфу ты, д'ябал,— то ж казёл!

 

Захацеў праверыць дзеда

I крыху пажартаваць,

Дзеду нашаму, Міхеду,

Страху ў цемені нагнаць.

 

Дзед казла свайго палашчыў,

Трошкі хлеба яму даў:

— Ну, глядзі ты, мой гуляшчы,

Не рабі больш гэткіх спраў.

 

*

 

Дзед з унукам для пацехі,

Дзеля радасці і смеху

На палянцы на лясной

Заапарк трымалі свой.

 

 

Як дзед бульбу прадаваў

 

Дні за днямі прамінулі

У паходах неўпрыкмет.

Стала холадна ў кашулі —

Апрануў ватоўку дзед.

 

Сёння ялавыя боты

Недзе ў лесе каля Жал

Даў Міхеду для работы

Партызанскі генерал.

 

За Міхедавы паходы

I за ўмелую руку

Аж з Масквы прыслалі ордэн

Спецыяльна Дубняку.

 

Дзед стаіць перад сябрамі,

Размаўляе спакваля:

 

— Памяркуйце, хлопцы, самі,

Для мяне як для старога

Ордэн, можа, і замнога,

Хопіць нават медаля.

 

Дзед сваім паглядам чыстым

Песціць, лашчыць сваю даль.

Б'ецца ён супроць фашыстаў

Не за ордэн і медаль.

 

Дзед глядзіць на генерала

I пакручвае вусы.

“Бач, што з гэтым хлопцам стала,

Генерал — суседскі сын!

 

Вось што значыцца навука,

Шлях адкрыты маладым!”

Глянуў раптам ён на ўнука:

“Што — як будзе ён такім!”

 

А пасля пагаманілі

З партызанскім важаком.

Так як трэба закусілі

У зямлянцы за сталом.

 

*

 

Спакваля ішлі балотам

Па сцяжынцы напрасцяк

У высокіх новых ботах

I Міхаська, і Дубняк.

 

Вось мінулі лес сасновы,

Пачаліся хмызнякі.

Дзед — нашто скупы на словы,

А цяпер стаў гаваркі.

 

— Заўтра штуку мы адколем.

— А якую?

— То сакрэт.

I нарэшце — лесам, полем —

Прыблукаў дадому дзед.

 

Не прылёг ён гэтай ноччу,

Бульбу сыпаў у мяшкі,

Нешта ўсё ён воз варочаў,

У трайню ўбіваў цвікі.

 

Як зара ўзышла на ўсходзе,

Стаў дзед хлопца падымаць:

— Можа, спаць, унучак, годзе,

Едзем бульбу прадаваць.

I ў драбіны асцярожна

Сеў унук і дзед Міхед,

Бо чапаць мяшкі няможна,

Каб не трапіць на той свет.

 

Горад Слуцкам той завецца,

Куды бульбу дзед прывёз.

Смела, так, як і вядзецца,

Пашпарт немцу ён паднёс.

 

Колы грукаюць па бруку,

Вось і слуцкі ўжо базар.

Асцярожна дзед з унукам

Разлажылі свой тавар.

 

Дзед свой воз паставіў з боку

Ад сялян, ад іх вазоў.

Сам жа быццам ненарокам

Ад падводы адышоў.

 

Між падвод шныраюць фрыцы,

Каб харчамі пажывіцца,

Каб за маркі, за грашы

Абабраць усе кашы.

 

Як прыйшлі салдаты к возу,

Дзед унука таргануў,

Сам, як кажуць, даў у лозы,

У завулак завярнуў.

 

Можа, дзве ці тры хвіліны

Акупанты трэслі воз.

Падышоў фашыст к драбінам,

Каб мяшок зваліць з калёс.

 

А з мяшка к трайні быў дроцік,

А ў трайню закладзен тол.

Раптам выбух калі хопіць —

Задрыжаў навокал дол.

 

Падняло ўгару падводу,

Перадок зляцеў з калёс.

Конь распрэжаны даў ходу,

Нібы чорт яго панёс.

 

Не паспеў яшчэ дабрацца

К партызанам дзед Дубняк,

Стаў з унукам аглядацца —

Конік чэша напрасцяк.

 

Дзед канём здаволен вельмі,

Добры, значыцца, канец.

“От дык шэльма! От дык шэльма

Ну, не конь, а маладзец”.

 

 

Лазня дзеда Міхеда

 

Сонца грэе ўжо не гэтак,

Птушак болей не чуваць.

Пачарнеў вакол палетак,

Пажаўцела сенажаць.

 

I Кастрычніцкае свята

Стала ўжо не за гарой.

Дзед ківае вінавата

Камандзіру галавой.

 

— Я не меў на тое ўліку,

Трохі збіўся з панталыку,

Ды к святочнаму я дню

Падкладу яшчэ агню.

— Мы прэтэнзіі не маем,

Калі ласка, ў добры час.

I на свята запрашаем

Са сваім унукам вас.

 

— Добра. Дзякую. Заеду.

А калі ўжо часам — не,

То даруйце, хлопцы, дзеду

I святкуйце без мяне.

 

*

 

Дзед прысеў на мшыстым грудзе...

Дзень ужо даўно пагас.

— Што ж, унук, рабіць мы будзем?

Вельмі ж мала часу ў нас.

 

А Міхась свой план малюе

Ды баіцца аднаго:

Што рабіць, як дзед скасуе

Меркаванні ўсе яго?

 

Ды нарэшце асцярожна

Пачынае ўнук здалёк:

— Дзеду, мо пад лазню можна

Падлажыць нам аганёк?

 

— Лазня! — кажа ён да ўнука,—

Гэта штука, брат, не жарт.

Без карысці пэцкаць рукі

Нам, унук, з табой не варт.

 

Ды ці можна падступіцца

Нам да лазні гарадской,

Ды ці будуць гады мыцца?..

Будуць? То якой парой?

— Я ўсё вызнаў, дзед, дачыста,

У нядзелю тут штораз

Ранкам мыюцца фашысты,

Халуі — у дзённы час.

 

— Ну, як так, то нам да твару

Праца ў лазні,— кажа дзед.—

Паддадзім паганцам пары

I памыем іх як след.

 

Дзед з грудка рухава ўскочыў,

Песню нейкую вядзе,

Як вуголлі, ззяюць вочы,

Тоне ўсмешка ў барадзе.

 

*

 

Нарабіў ён скрынак многа,

Змайстраваў сабе сундук,

I ў Старыя ўжо Дарогі

Пададуцца дзед і ўнук.

 

Конь запрэжаны ў драбіны,

Колы змазаў добра дзед.

Едзе ён не без прычыны —

На кірмаш спяшыць Міхед.

 

Зверху ў скрынках яек крышку,

Сала, масла ў сундуку.

Ёсць на возе ўсё без лішку,

Што патрэбна Дубняку.

 

На кірмаш прыбыў к абеду,

Гандаль здаў ён хлапчуку,

Гэтым часам сам праведаў,

Што за лазня ў гарадку.

А прадаўшы яйкі, масла,

Дзед вячэрняю парой

Прывязаў каня за прасла

Каля лазні над ракой.

 

Навакол была прагала,

Лазня збоку, ля гары.

Хат было тут вельмі мала,

А навокал — пустыры.

 

— Ну, паўсправы ёсць, мой блазне,

Выцер дзед рукою пот,—

Занясём сундук мы ў лазню

I — закончаны паход.

 

Азірнуліся навокал —

Нічагуткі, супакой.

— То давай хутчэй, мой сокал,

З вушака цягні прабой.

 

I павольна, з асцярогай

Скрынку з толам напаслед

Падлажылі пад падлогу

Там, у лазні, ўнук і дзед.

 

А пасля прабой прыткнулі,

Дзед каняку сцебануў,

А як поле прамінулі —

Дзед да хлопцаў завярнуў.

 

Як тут дзеда ні прасілі,

Каб ён выдаў свой сакрэт,

Што за жарт там учынілі,—

Не сказаў ні ўнук, ні дзед.

 

— Ды навошта шум і гоман?

Не пытайцеся ў мяне.

Заўтра будзе ўсё вядома:

Грукне — грукне, не — дык не.

 

*

 

У нядзелю рота з грукам

Падышла да лазні брукам,

Акупанты ўсе ў крыжах,

Вёдры, венікі ў руках.

 

Увайшлі ў прылазнік жвава

I ля кожнае сцяны

Парасклалі скрозь на лавах

I мундзіры і штаны.

 

I раскрылі насцеж дзверы,

Каб быў трохі халадок.

Шумна, весела без меры,

Труцца, лезуць на палок.

 

А як стала поўна пары,

Парасселіся на нарах,

Хвошчуць венікам зады,

Не шкадуючы вады.

 

Паміж пеннай шумавіны

Чырванеюць толькі спіны,

I з намыленых галоў

Пена злятвае далоў.

 

Труць адзін другому плечы,

Забаўляюцца вадой.

Вось фашыст прыйшоў да печы,

На масніцу стаў нагой.

 

Тут жа ўмомант з-пад масніцы,

Што крыху вышэй была,

Шуганула бліскавіца,

З громам лазню падняла.

 

Ад фашысцкага атрада,

Калі стукнуў дзедаў гром,

Уцалела мала гадаў,

Ды і тыя галышом.

 

Прэч ад лазні, як вар'яты,—

Без кашуль і без штаноў —

Цераз горад тры салдаты

Перлі на ўсю моц дамоў.

 

Людзі збегліся на дзіва:

Што такое, што за жарт?

На салдат тых палахлівых

Закрычалі немцы: — Хальт!

 

Што ім — хальт? Калі як чэрці

Беглі дальш яны ад смерці.

“Партызаны! Рус! Капут!”

Трос фашыстаў перапуд.

 

*

 

Вось дык лазню дзед наладзіў,

Вось дык немцаў ён памыў!

Смех і гоман у атрадзе:

Каб здаровым дзед наш быў!

 

 

Дзед Міхед і генерал Капуста

 

Ярка іскрамі трапеча

Наша вогнішча ў бары.

У вясенні цёплы вечар

Ля агню сядзяць сябры.

Хто прыйшоў ужо з задання,

А каму яшчэ ісці.

— Да спаткання, да спаткання,

Зычым добрага пуці!

 

Змрок для нас — заўсёды схова,

Сонцам служыць нам касцёр.

Апранаецца дуброва

У зялёнае лісцё.

 

Як вясна развесіць шаты

Над табой і нада мной,

Будзе лес нам добрай хатай

Пад зялёнаю страхой.

 

Ва усіх настрой прыўзняты:

Будзе хутка два гады,

Як мы лупім супастатаў,

Як сышліся ў лес сюды.

 

Мы вайной загартаваны,

Не баімся мы вайны.

Мы салдаты-партызаны,

Беларусь, твае сыны.

 

Мы нагналі немцам страху,

К нам яны забудуць шлях.

Не давалі ў бітве маху,

Білі гадаў па зубах.

 

Білі ў плечы, білі ў грудзі,

Патаўклі мы ім насы.

Вораг люты не забудзе

Беларускія лясы.

 

Гартавалі свае сілы,

Гартавалі мы сябе.

Фронту мы паможам з тылу

У свяшчэннай барацьбе.

 

Франтавыя ўжо гарматы

Нам свой голас падаюць.

Будзе ў Беларусі свята,

Войскі нашыя ідуць.

 

Смех ад жартаў не сціхае

На балотным астраўку.

Дзед ля хлопцаў пахаджае,

Рады хлопцы Дубняку.

 

Пахне мохам, пахне борам,

Дзед здалёку так пачаў:

— Той яшчэ не бачыў гора,

Хто ў блакадзе не бываў.

 

Хоць траплялі ў пераплёты

Хлопцы нашыя не раз,

Ды заўжды яны з ахвотай

Дзедаў слухалі расказ.

 

Сыпаў жарты, нібы з меху,

Як ён іх і памятаў?!

Задушэўным шчырым смехам

Сэрцы хлопцавы кранаў.

 

— Раскажыце, слухаць рады! —

Ля агню байцы шумяць.

— Пра адну вось пра блакаду

Мне дазвольце расказаць.

 

Генерала вы Капусту

Ці не бачылі калі?

Хлопец кемны, хлопец шустры

Ды з ваенным добрым густам —

Ён радзіўся ў шынялі.

Што салдат ён дужа бравы,

Дык яго сцвярджаюць справы,

Шмат фашыстаў на той свет

Ён адправіў,— кажа дзед.

 

— Жах наводзіў ён на фрыцаў

I такі перапалох,

Што ўцякалі чужаніцы

I з пасёлкаў і з дарог.

 

Адступаць не маем права,

Лезці ж нельга напрасцяк,

Праз балота ж пераправа

Непрыгодная ніяк.

 

Праз балота нават чэрці

А ці здолелі б прайсці?

Лепш адкрыта, боем з смерцю,

Чым па брудзе тым паўзці...

 

Хтось заўважыў нечакана:

— Нам цяпер усё адно...

— Паміраць яшчэ нам рана,

Хоць уцехі не відно.

 

— Без харчоў і без патронаў

Не стрымаць атак шалёных...

— Дык мо здацца раіш ты?

Не глядзі, брат, у кусты.

 

Вось такую перапалку

Дзед пачуў каля кастра.

— Не балота, бруду звалка,

Ведзьмы родная сястра.

 

— Як мы ўлезлі ў гэты нерат?

— Тут ёсць нечая віна.

— Ні назад цяпер, ні ўперад,

Куля ззаду, там — багна.

 

З самай лютай перапалкі

Ён выходзіў, што з вады.

Не баяўся хлопец палкі

Аніякае бяды.

 

Хоць бяда за ім хадзіла

Днём і ўночы па пятах,

Прад фашысцкай чорнай сілай

Не адольваў яго страх.

 

Нават куля не чапала

Генерала ўсе часы.

Аб ім ведаюць нямала

Беларускія лясы.

 

Ды аднойчы генерала

Гора ўсё-ткі напаткала:

Тры дывізіі эсэс

Акружылі цёмны лес.

 

Біўся суткі, біўся двое

Генерал адзін за трох,

А праз кола агнявое

Ён прабіцца і не змог.

 

Потым ён сабраў нараду,

Змрочны ўсеўся пад сасной:

— Трэба нам прарваць блакаду

Самай меншаю цаной.

 

Невясёлая карціна.

Надышоў адказны міг.

Думаць генерал павінен,

Ён адказвае за ўсіх.

— Быць не можа! Знойдзем выйсце

Мы з любога тупіка.

Што нам лужу перабрысці! —

Запытайце ў Дубняка.

 

— Што ж тады я мог сказаць ім?

Я — цывільны чалавек.

Па балоце, як па гаці,

Хоць хадзіў я сам спрадвек.

 

Аб балоце тым няходкім

Шмат паданняў, браце мой.

Тут, гавораць, нашы продкі

Крыжакам давалі бой.

 

“Свентай багнаю” назвалі

Гэту процьму без мяжы.

З багны часта здабывалі

I кальчугі і крыжы.

 

Ну дык то ж чужыя людзі,

Трэба іх было тапіць.

Нам самім не лёгка будзе

Праз дрыгву пераступіць.

 

Тут, гавораць, Каліноўскі

Казакам баі даваў,

Са сваім бунтарскім войскам

Па балоце вандраваў.

 

— Што, Міхед,— узняў Капуста

Свае вочы на мяне.

— Як ісці не вельмі густа,

Можа, ліха абміне.

 

Раз хадзіў тут Каліноўскі

I ў той даўні час не ўтоп,

З войскам мы тваім геройскім,

Пэўна, зробім пераход.

 

Холад цісне. Снег цярушыць.

Выйшлі ў нас усе харчы.

У гразі байцы па вушы

Дрэмлюць без агню ўначы.

 

Немцы болей не стралялі,

У балота нас загналі

I сказалі: — Зэер гут!

Будзе ім цяпер капут.

 

Генерал прыняў рашэнне

На дасвецці, раніцой:

На балота ў наступленне

Войска ён павёў за мной.

 

А дзеля перастрахоўкі

Ззаду выставіў заслон:

Хай бабухаюць вінтоўкі,

Уздымаюць міны звон.

 

Можа, тысячы чатыры

Вёў з сабой я партызан.

Па балотнай гразкай шыры

Пацягнуўся караван.

 

Нам бы паўбяды было шчэ,

А вось раненым бяда.

Снег з дажджом калючым хвошча,

Аж да пояса вада.

 

Пакараючы стыхію,

Паміж хмызавых прагал,

З аўтаматам, з доўгім кіем

Брыў за мною генерал.

Клалі жэрдкі, клалі плашкі,

Хворых на сабе няслі.

Людзі, быццам бы мурашкі,

Па балоце тым паўзлі.

 

На сабе цяглі гарматы

Па балотным пустыры,

Мінамёты, аўтаматы,

Скрынкі з толам і шнуры.

 

Генерал не падаў духам,

Не знаёмы быў са скрухай:

— Пераможам мы бяду,

Я ж з Міхедам вас вяду!

 

Ох, і даўся нам у знакі

Гэты чортаў пераход!

Мы папоўзалі, як ракі,

Па той затхласці балот.

 

Трое сутак да знямогі

Мы мясілі ўсё багну.

Гэткай д'ябальскай дарогі

Я не ведаў за вайну.

 

Што мы елі, як мы спалі?

Без яды і сну штодзень.

Журавіны мы збіралі

Ну і розную там дрэнь.

 

Каб цяпер сказаў хто-небудзь,

Каб той харч пакаштаваў,

Стаў бы я харчом тым грэбаць

I плявацца, пэўна б, стаў.

 

Генерал жа наш рагоча

I трасе мяшэчак свой:

— Часнаку зубок не хочаш?

Ён жа пахне кілбасой!

 

От дык чалавек цярплівы,

Падбадзёрваў увесь час!

Засталіся ўсе мы жывы,

Адышла бяда ад нас.

 

На чацвёрты дзень мы выйшлі

З пекла на пясчаны шлях,

Мокрыя, нібыта мышы,

Быццам чэрці, глянуць страх.

 

Дзень адпушчаны спаўна нам

Для парадку, для патрэб.

Хопіць часу партызанам

На разведку і на хлеб.

 

Генерал хадзіў між намі,

Вусны радасцю цвілі:

— Не балота, хлопцы, з вамі

Мы б і Альпы перайшлі.

 

Што нам гэтае балота!

Наядзімся кілбасы

Ды з гармат і кулямётаў

Страсянём яшчэ лясы.

 

Хоць з пакутай, а з блакады

Выйшлі цэлымі мы ўсе.

Хай бушуюць снегапады,

Вецер снег няхай нясе.

 

Нам зіма заўжды да твару,

Любім казачнасць зімы.

Мы падсыплем немцам жару

I пакажам ім, хто мы!

Генерал скупы на словы,

Больш нічога не сказаў.

Час жа быў не для размовы,

А для новых важных спраў.

 

Пралілі нямала поту

За балотны пераход,

Бо праз гэтае балота

Не праходзіў нават чорт.

 

Нават качкі не ляталі

Над заклятай той дрыгвой,

Дзе мы летась вандравалі

З партызанскай грамадой.

 

Не забыць той пераправы,

Не забыць мне той аўрал!

Вось якія, хлопцы, справы,

Вось які наш генерал.

 

 

Дзед Міхед змяняе прафесію

 

Снег пачаў сыходзіць з поля,

I з пагоркаў, і лагчын.

Што ні дзень, то сонца болей,

Засвятлела далячынь.

 

Дзеду клопату хапае,

Хоць прыточвай таго дня.

Надыходзіць пасяўная,

Дзед — калгасны старшыня.

 

Хоць вайна вакол грукоча,

Ад пальбы зямля дрыжыць,

Надыходзіць час рабочы,

Трэба сеяць, трэба жыць.

Ёсць насенне, коней мала,

Два ламакі-трактары.

Каб зямля не пуставала —

На каровах хоць ары.

 

“На каровах! Тры каровы

На вясковыя двары.

Эх, дарэмна даў я слова,

Хоць назад яго бяры.

 

Толькі браць назад няможна.

Раз узяўся за гужы,

Адмаўляцца непрыгожа,

Што не дужы, не кажы.

 

Ды к таму ж я сам не хілы,

Як з грудзей, так са спіны.

Церабіся на ўсе сілы,

Так патрэбна ў час вайны”.

 

Дзед наш не маніў ніколі:

Слова, быццам верабей,

З клеткі выпусціш на волю,

Дык злавіць яго сумей.

 

Дзед са стрэльбай за плячыма

На палетак свой глядзіць.

Стрэльба тут не без прычыны,

Ён са стрэльбай нават спіць.

 

Жаўрукі звіняць над нівай,

I шумяць гракі ў бары.

Выглядаюць сіратліва

Здратаваныя шнуры.

 

Цяжка будзе ўзняць палетак,

Што патоптаны вайной.

Трэба справіцца і з гэтым,

I за хлеб патрэбен бой.

 

Што ж паробіш, і сявенька

Прыгадзіцца з трапкачом.

Хай дзяды хоць памаленьку

Засяюць зямлю зярном.

 

Пахадзіў Міхед па полі,

Так і сяк памеркаваў,

Даў сваім ён думкам волю

I ў райком пашыбаваў.

 

Снег падаўся ўжо і ў лесе,

Споўз вадою да лагчын.

На пагорках ад пралесак

Зазвінела ціха сінь.

 

Хутка лес адзене шаты,

Падпяражацца лісцём.

Лес зімой — палова хаты,

А вясною — цэлы дом.

 

Па гразі хадзіць нялёгка,

Калі кашы просіць бот.

Ды няма часіны вохкаць,

Не адкладваць жа паход.

 

Час пакутны — бездарожжа.

Па калена твань ды гразь.

Вось фашыстаў і трывожыць

З буданоў сваіх вылазь.

 

Дзед цудоўна разумее,

Што ў рабро і не ў рабро.

Трэба сеяць, трэба сеяць

Толькі шчасце і дабро.

Кажуць, як заб'еш гадзюку —

Сто даруецца грахоў.

Як свае прыложыш рукі,

Будзе добры плён з палёў.

 

Чалавек я хоць вясковы,

А ці справіцца змагу.

Коней мала, а каровы

Не прывучаны к плугу.

 

— Знаю, будзе цяжкавата,

Хлеб жа трэба пазарэз.

Лес заўжды быў полю братам

Дапаможа полю лес.

 

Да работы ў нас гатовы

Кавалі і слесары.

Прывядзём, даю я слова,

У парадак трактары.

 

Мы прышлём да вас танкеткі,

Чым яны не цягачы?

Узаром усе палеткі,

Будуць к восені харчы.

 

Партызанская брыгада

Калі выступіць гуртом,

Ды зямлі дадзім мы рады,

I пасеем і сажнём.

 

Мы не толькі ўмеем біцца,

Калаціць фашысцкі зброд,

Сеяць жыта і пшаніцу

Абавязаны народ.

 

Кажуць, слова ты не ўзважыш,

А на працы папацей.

Кажуць, калі слова скажаш,

Дык стрымаць яго здалей.

 

I Міхед, скупы на словы,

З добрым словам вечна жыў.

Слова будзе адмысловым,

Калі з справай падружыў.

 

Цёплы вецер дрэвы гладзіць,

У сасёнках шамаціць.

Дзед ішоў, каб справы ўладзіць,

Каб параіцца, як быць.

 

Скрозь свае законы піша,

Сее маладосць вясна.

Сакратар райкома выйшаў

Да Міхеда з будана.

 

Прывіталіся абое,

Памаўчалі нейкі час.

— Што, Міхед, у неспакоі,

Як ідуць там справы ў вас?

 

— Як сказаць, пакуль што жывы.

З просьбай я прыйшоў да вас.

Абяцалі памагчы вы,

Падтрымаць вясной калгас.

 

Усміхнуўся дзед ласкава

I крануўся барады:

— Ну, тады другая справа,

Будзе добра ўсё тады.

 

Абняліся два салдаты,

Сакратар і дзед Дубняк.

Дзед здаволены да хаты

Заспяшаўся напрасцяк.

Вечарэла. Выйшлі зоркі

На нябесныя лугі.

Пачарнелі ў полі ўзгоркі

Ад вячэрняе смугі.

 

Лёгка ходзяць дзеда ногі.

Час патраціў недарма.

Ані смутку, ні трывогі

На душы ў яго няма.

 

А вясна ўсё наступала

Дружным фронтам на снягі,

Лёд на рэчцы паламала,

Заліла вадой лугі.

 

Потым ветрам, сонцам ясным

Падсушыла цаліну.

Час на полі на калгасным

Сустракаць як след вясну.

 

I не стала ў полі цішы,

Бо на конях і пяшком

Партызаны з лесу выйшлі

На работу веснім днём.

 

Ажылі палеткі-далі

Ад сядзіб аж да лясоў.

Трактары загрукаталі,

Сонца бліскала з плугоў.

 

Тут аралі, высявалі

I пшаніцу і ячмень,

Нават песенькі спявалі,

Так прайшоў за працай дзень.

 

Урачыста дзед пахаджваў

Каля ворнай паласы,

Бараду сваю пагладжваў:

— Будуць грэчкі і аўсы!

 

Як каню, яму карцела

Пакачацца па раллі,

Бо зямля ажно дымела,

Пара дыхала з зямлі.

 

Дзень мінуўся без трывогі,

Ён у свята перарос.

Толькі з хмарнае аблогі

“Рама” паказала нос.

 

Пакружыла, палятала

I з вачэй людскіх прапала.

Гэта быў нядобры знак,

Зналі людзі, знаў Дубняк.

 

Ну, але ваўкоў баяцца,

Дык хадзіць не трэба ў лес.

Яшчэ з тыдзень пастарацца —

Будзе скончан інтарэс.

 

I назаўтра самым ранкам

Выйшлі дружна ў поле ўсе,

Партызаны, партызанкі

Разбрылі па паласе.

 

Сонца к поўдню ўжо хіліла,

Як маторы зараўлі.

Застраляла, засмаліла

Па людзях і па раллі.

 

Ці не вылюдкі фашысты?

З самалётаў сеюць жах.

З неба б'юць па полі чыстым,

Па аратых і сяўцах.

 

Сыпанулі людзі ўроссып,

Хто ў разоры, а хто ў бор.

Кулямёты поле косяць,

Бомбы рвуць зямны прастор.

 

Ну і злыдні, ну і гады!

Будзе ім за ўсё разлік.

— К бою! — чуліся загады,

З аўтаматаў і вінтовак

Партызаны бой вялі.

 

На фашысцкую пагрозу

Загрымеў агонь гармат.

Па варожых бамбавозах

Паляцеў свінцовы град.

 

Нізка “Фоке-Вульфы” кружаць,

Нават лётчыкі відаць.

Нас і з неба не падужаць,

На зямлі нас не зламаць.

 

Дзед вачэй не зводзіў з неба.

Вось адзін гарыць, другі...

— Так і трэба, так і трэба!..

Гнаць з нябеснае смугі.

 

Як затрэсла, як рванула

I зямлю і лес наўкруг.

Ад тых выбухаў, ад гулу

Дзед Міхед ажно аглух.

 

Ён ачухаўся няскора,

Дзеда хлопцы паднялі.

Агнявыя тры азёры

Зашугалі на зямлі.

 

Хлебаробам толькі страхам

Абышоўся гэты бой.

Больш даваць не будзем маху,

Ноччу зоймемся сяўбой.

 

Тры фашысцкіх экіпажы

Чорту душу аддалі.

Хоць палетак вораг спляжыў,

Бой мы добра правялі.

 

Уначы ішла работа,

Месяц нам дапамагаў.

Як сваім сябрам з ахвотай

Поле ноччу асвятляў.

 

Так за тыдзень, упрыхваткі

I пасеяў наш калгас.

На палях навёў парадкі,

Хай расце ўсё ў добры час.

 

Дзед работаю здаволен,

Будзе хлебны каравай

Для цябе, таварыш воін,

Для цябе, наш родны край.

 

 

Дзед Міхед і дзед Каўпак

 

Хто падаўся за ракіты,

Дзе снягоў сыпучых бель,

З асцярожнасцю набытай,

Як палескі журавель?

Падарожнік хвойку цягне

Цаліною ў белы свет:

Замятае след на багне

За сабою дзед Міхед.

 

Чутна: войска Каўпакова

На Палессе прыбыло.

“Мо блакаднаю падковай

Іх у стэпе даняло?” —

 

Думаў дзед Міхед пад вечар,

А сягоння раніцой

Узваліў мяшок на плечы —

I ў паход пад вартай хвой.

 

Шлях не блізкі, не кароткі

Па сумётнай цаліне,

Ды хадзіць яму ў ахвотку:

На вайне як на вайне.

 

Па балотах дзед палазіў

За ставёрсты пераход.

Вось і возера, што Князем

У вяках назваў народ.

 

За бярозай, за ялінай,

Дзе ні глянеш, дык будан.

Лес вартуе адпачынак

Украінскіх партызан.

 

Каўпакоўская зямлянка

Ўскрай палянкі, убаку.

Дзед атрос сваю вушанку,

Даў “дзень добры” Каўпаку.

 

Анішто сабе палата —

Парашутны шоўк вакол.

З чашы п'е Каўпак гарбату,

Абапёршыся аб стол.

 

Паўметровая цыгара.

Кварта. Бульба ў кацялку.

Печка-бочка дыша жарам —

Горача, як на палку.

 

— Ты, відаць, яшчэ не снедаў

Падсілкуйся ў Каўпака.—

Барадач наліў Міхеду

Вару церпкага з гляка.

 

— Не з галоднага я краю,

Сам ты ведаеш, Каўпак.

Да цябе размову маю:

Што ў нас гэтак, што не так...

 

— Не спяшайся, мой Міхедзе,

Нашча цяжка размаўляць,—

I Каўпак з хітрынкай едзе

Дыпламатам, так сказаць.

 

А Міхед — мяшок з-за спіны

Ды вузельчык ператрос.

Дараганаўскай вянгліны

I кілбасак ён прынёс.

 

Пасядзелі, закурылі,

Дым клубіўся давідна.

Што ў зямлянцы гаварылі,—

Ночка ведае адна.

 

Не было ў іх сваркі, знаю,

За ваяцтва, за зямлю,

Аднаго я паважаю,

I другога я люблю.

Спаць дзядам не давялося:

Ледзь зарой заняўся ўсход,

Як на возера, з-за сосен,

Апусціўся самалёт.

 

Ён бяжыць сабе паціху,

Засталося ззаду ліха,—

Фронт у дальняй старане,

Смерць сюдою не дапне.

 

Толькі к берагу пад'ехаў,

Да зямлянак самалёт,

Трэск пачуўся. Не да смеху:

Колы трапілі пад лёд.

 

Хлопцы ўсе, як перад боем,

Выйшлі з лесу: хопіць спаць!

Са стыхіі ледзяное

Трэба госця даставаць.

 

Развінулася іх сіла —

Будуць бомбы-вагары!

Зазвінелі ў лесе пілы,

Загрымелі тапары.

 

I, забыўшы на кісет,

Завіхаецца Міхед:

Сам сасёнку-мачту спляжыў,

З Каўпаком “П-5” падважыў.

Раз націснулі, другі раз,

Самалёт з палонкі вылез.

 

— Даражэнькі браце Сідар,

Я твой госць, і ты мой госць.

Дык дзянёк які мне выдар —

Я агледжу ўсё як ёсць.

Што на свята, што ў дзень будні,

А ці доўгі ў вас прывал.

— Аб усім раскажа Руднеў,

Камісар і генерал.

 

Па зямлі мы пахадзілі,

Па балотах і лясах.

Баявыя камандзіры

Скрозь ва ўзводах і палках.

 

Нат уласную газету

Маем з першых бранскіх дзён.

Ёсць у нас свае паэты,

Самы лепшы з іх Платон.

 

Расказаць табе гатовы

Пра Платона Варанька:

Хлопец кемны і талковы,

Добры камандзір палка.

 

Між баёў і ў час зацішша

Вершы складныя ён піша

Пра сяброў і пра сябе

У свяшчэннай барацьбе.

 

Пра народнае змаганне,

Пра суровыя баі

I легенды, і паданні

Разышліся па краі.

 

Пасля боек нейк аднойчы —

Я не помню вёскі той —

Полк прыбыў у вёску ноччу

I спыніўся на пастой.

 

Як зайшоў Платон у хату,

На пасцель зваліўся з ног.

Нат вячэры не пакратаў,

Напакінь хлапец знямог.

 

Гаспадыня ж пахадзіла

Ля ягонага мяшка

Ды бялізну перамыла

Камандзіру спадцішка.

 

I павесіла сарочкі

Пад паветкай прасушыць.

Недзе й за яе сыночкам

Маці нечая глядзіць.

 

Гаспадыня і не чула,

Як з пасцелі ўстаў Платон:

Моцна к раніцы заснула,

I яе змарочыў сон.

 

Пагдядзеў на гаспадыню,

На пусты мяшэчак свой,

На сябе шынель накінуў

I на ўсё махнуў рукой.

 

Асцярожна выйшаў з хаты,

Пераскочыў пералаз:

Трэба ўкрасці ж у салдата

Невялікі той прыпас...

 

Як прачнулася ж кабета,

Як зірнула на ляжак,

Дык не рада была свету,—

Як жа здарылася так?!

 

Ажно рукі заламала,

Слёзы стынуць на вачах.

Каб яна бялізну ўкрала?

Гэта ж сорам, гэта ж страх!

— Полк падняты па трывозе,—

Растлумачыў ёй сусед.—

Полк па Столінскай дарозе

Выступіў яшчэ за свет.

 

I з Платонавай бялізнай

Падалася баба ў шлях.

Вёрст пятнаццаць мо, прыблізна,

Адмахала па лясах.

 

I Платона адшукала,

Абняла, пацалавала,

Сам расчуліўся Платон,

Хоць не быў слязлівы ён.

 

I, як з маці, ля палянкі

Прасядзеў з ёй доўгі час.

Вось якія партызанкі,

Вось жанкі якія ў вас.

 

Рады дзед быў пахвальбе той,

Слову добраму быў рад:

— Нашы слаўныя кабеты,

Гэта сам ты знаеш, брат.

 

Разам з намі дзеляць гора,

На чужынцаў точаць злосць.

— Не адолее вас вораг,

Раз такія маці ёсць.

 

Пастаялі, памаўчалі

Дзед Каўпак і дзед Міхед.

Злыдні гора накачалі.

Растрывожылі ўвесь свет.

 

Пастаялі ды прыселі

На сасновыя камлі,

Без хітрынкі, як умелі,

Рэй дзядоўскі павялі.

 

— Тут зіму мы перабудзем,

А як з рэчак схлыне лёд,

Да Карпатаў брацца будзем

У нялёгкі свой паход.

 

Ваша помач не пашкодзіць,

Так скажы Казлову ты.

Цераз Прыпяць перабродзіць —

Не праз хмыз і праз кусты.

 

Трэба лодак будзе многа,

Для паромаў — цегачы.

Каб з вялікай асцярогай

Пераправіцца ўначы.

 

— Мы, бясспрэчна, дапаможам,

Вам наладзім калідор.

Ні адзін салдат варожы

Нос не ўткне ў палескі бор.

 

Я людзей тутэйшых знаю,

Сам жа з гэтай стараны.

Чым магу, тым паспрыяю,—

Будуць лодкі і чаўны.

 

— Мы за гэта ўдзячны будзем,

Я запэўніць вас магу,

Вашай ласкі не забудзем,

Не астанемся ў даўгу.

 

— Не пра доўг ідзе размова,

Не патрэбна тут цана.

Час ваенны, час суровы,

I задача ў нас адна...

 

*

 

Вецер снег сыпучы вее,

Елкі, сосны ў ціхім сне,

Сонца свеціць, ды не грэе,

Пэўна, марыць аб вясне.

 

А на лапах хвоек шапкі,

Снегу белага ахапкі,

Нават хмыз у снег увесь

Па макушачкі залез.

 

Надвазерскі бор кашлаты

Нахінуў да долу шаты.

Не кранае цішыню.

Ані дыму, ні агню.

 

Лес маўчыць. Ён вымер быццам.

Але гэта проста зман.

У бары стаіць сталіца

Украінскіх партызан.

 

I адсюль у холад люты,

Хай то днём, ці то ўначы

Шлях ідзе, бягуць маршруты

Да фашысцкай саранчы.

 

— Нам хапае тут работы,

Што ні дзень, то новы бой.

Сёння дзевяць самалётаў

Мы ўзарвалі за ракой.

 

Мы і ў Луцку пагасцілі,

Дзе пануе Гардзвіг-звер.

З бензасховішча зрабілі

Партызанскі фейерверк.

Маем мы яшчэ на ўвазе

Ператрэсці Луцкі Кут.

Вельмі ўеўся ў косці Краўзе,

Будзе оберсту капут.

 

— Вам у рукі і ўсе карты.

Дзесяць тысяч, брат, кулак.

З гэткай арміяй не жарты,—

Заўважае дзед Дубняк.

 

— Толькі зброі малавата,

Асабліва аўтаматаў.

Мы далі Маскве заказ,

Будуць аўтаматы ў нас.

 

— Ну, вось пойдзеш ты ў Карпаты,

Знаю, што не лёгкі шлях,

Бараніць людзей і хаты

Ад пакут і ад зняваг.

 

Там лясы ды паланіны

Могуць немцам здачы даць,

А хто ж будзе на Ўкраіне,

На цэнтральнай, ваяваць?

 

— Далажыць табе я рады:

Ёсць Навумава палкі,

I Сабурава брыгады,

I Збанацкага штыкі.

 

Ды і Фёдарава, дружа,

Ты з рахунку не скідай.

Ля Дзясны ён з войскам дужым

Свой бароніць родны край.

 

I скажу табе, мой браце,

За заўвагу выбачай,—

Украіна й Закарпацце —

То ж адзін савецкі край.

 

Той, хто чэсны з украінцаў,

Хто савецкі любіць сцяг,

Б'ецца з ворагам-чужынцам

За сумленне, не за страх.

 

Стэп, вядома, што не пушча,

Стэп я з лесам не зраўню,

Ды мільны воч відушчых

Поўны помсты і агню.

 

Ды глыбокае падполле

Пачало свой разварот.

За жыццё сваё, за волю

Стаў сцяною мой народ.

 

*

 

Пакрысе і сонца тухне,

Апускаецца за бор.

Папрыходзілі да кухні

Хлопцы быццам на падбор.

 

У ватоўках, у вушанках,

Ў шынялях, у кажухах,

Ім з аснежаных зямлянак

Сабірацца трэба ў шлях.

 

Дзед паказвае на дзядзьку,

Што апранут вельмі хвацка:

— Ты мне, Сідар, растлумач,

Гэта што за барадач?

— То Пятро Вяршыгара,

Камендант майго двара.

Хоць ён хлопец не вайсковы,

А разведчык адмысловы.

 

— Я не бачыў за гады

Гэткай доўгай барады.

Пра такую я не мару,

Мне такая не да твару.

 

Можа, леніцца галіцца,

Можа, хоча пахваліцца,

Што калі ён з барадой —

Дык сапраўдны ўжо герой?

 

Усміхнуўся дзед Каўпак:

— Гэта, мусібыць, не так.

Не аб тым гамонка йдзе,

Справа тут не ў барадзе.

Мы з бародамі з табой,

А не лезем з пахвальбой.

 

Сам, як бачыш, нізкаваты

Як на тую на бяду,

Каб быць болей мажнаватым,

Адпусціў ён бараду.

I хай носіць на здароўе,—

Дзед Каўпак сказаў з любоўю,—

Нам таквеле той бяды

Да ягонай барады.

 

Хлопец ён адукаваны,

У баях загартаваны.

Там, дзе нам бывае трудна,

Там Вяршыгара і Руднеў.

 

Паказаў Каўпак “пасёлак”,

Гарнізон славуты свой.

Партызан тут, як іголак

На яліне векавой.

 

Днём не відна, толькі ўночы

Ажывае лес глухі,

На засады хлопцы крочаць,

На чыгункі і шляхі.

 

Пагаворка недарэмна

Па-над Прыпяццю ляціць:

“Дзень у партызанаў дрэмле,

Ноч у партызан не спіць”.

 

— Можа, хопіць нам на сёння

Вандраваць па гушчары.

Пакажы сваіх мне коней,

Кажуць, коні ў вас — звяры!

 

— Ды звычайныя казюркі,

Арлекіны, Машкі, Муркі,

Што ні конь, дык толькі конь,

Дзе ты возьмеш той агонь!

 

Можа, Зайцава ты ведаў,

У Капусты ён у вас.

На яго я Мурцы гнедай

Вось і езджу ў добры час.

 

Вельмі добрая каняка,

Адмысловы мае трух

I пакорна, як сабака,

Адным словам, добры друг.

 

— Як жа, ведаю Дзяніса,

Даўся ў знак яму твой конь.

Не Арол, а д'ябал лысы,

Сам імчыцца на агонь.

Ды яму твой конь да густу,

Ён сваёй абмене рад.

Сам гарачы, сам ён шустры

I ўпапад і не ўпапад.

 

Змрок даўно апаў над лесам,

Месяц выпаўз паміж зор.

Дзед з вялікім інтарэсам

Каўпакоў агледзеў двор.

 

Мінамёты і гарматы,

Новай зброі поўны спрат.

— Не, яшчэ нам малавата

На паход наш да Карпат.

 

*

 

Двое сутак прамінула,

Як адзін, здаецца, дзень.

Ветрам снегу панадзьмула

Вышай дзедавых калень.

 

Як на Новы год у школе,

Елкі ў снежнай ваце ўсе.

Як са срэбра, наваколле

Дрэмле ў казачнай красе.

 

Любіць снежныя палотны

Аж з маленства дзед Дубняк.

А Каўпак глядзіць самотна:

— На Украіне ў нас не так.

 

Снег не вельмі нам патрэбны,

Хоць яго пазычце нам.

Ён для стэпу вельмі хлебны,

А нашто ён тут лясам?

— Калі ласка, без пазыкі

Снег табе аддаць гатоў.

Падрыхтуй абоз вялікі,

Запрагай сваіх валоў

 

I вазі Чумацкім трактам,

Засыпай снягамі стэп.

Будзе стэп што-небудзь варты,

У засеках будзе хлеб.

 

— Жартаўнік ты заліхвацкі,

Зводзіш гутарку на смех.

Дзякую, што ты па-брацку

Падзяліць гатовы снег.

 

З гэтай самае нагоды

Прымаўку хачу згадаць:

Ёсць сябры, што нават лёду

Нельга ўзімку ў іх дастаць.

 

— Людзі розныя бываюць,—

Дзед ківае галавой,—

Так часамі памагаюць,

Як хваробе кашаль той.

 

Ну дык, дружа мой Каўпача,

Пабрыду ўжо я дамоў.

Мы рашылі ўсе задачы

Так, як водзіцца ў сяброў.

 

— Перадай прывет Казлову,

Нашу просьбу перадай.

— Перадам абавязкова,

Раскажу ўсё слова ў слова,

А пакуль, браток, бывай.

Мне не блізкая дарога,—

Абняліся два дзяды,—

Правядуць цябе да Логу

Два мае павадыры.

Шлях назад табе знаёмы,

Ты ж у лесе, быццам дома,—

Ад душы Каўпак руку

Паціскае Дубняку.

 

*

 

Тыдзень сонца, тыдзень ветру

Даў зямельцы красавік.

Ажылі лясныя нетры,

Снег з лагчынаў нават знік.

 

I Князь-возера набухла,

Падняло на сажань лёд.

Хутка сонечная кухня

На яго пачне паход.

 

I ўжо Прыпяць асядае,

Будзе зноў у берагах.

Час адказны наступае,

Каўпаку патрэбна ў шлях.

 

У кустах замаскаваны

Сотні лодак і чаўноў.

Цэлы флот падрыхтаваны,

I паром даўно гатоў.

 

I налева, і направа

Партызанскія заставы,

А між імі — цераз бор

Каўпаковы калідор.

 

Дзед Міхед таксама тут

Ладзіць Каўпаку маршрут.

I з-пад Мінска, і з-пад Слуцка

Хлопцы к дзеду прыбылі,

 

Каб праз Прыпяць ды па-людску

Пераправіць караблі.

Вадасцёчных недзе рынаў

Расшукаў Міхед ля хат

I на вока так прыкінуў:

“Чым не згоднасць да гармат?”

 

Ён нарэзаў гэтай бляхі

I памчаўся к Каўпаку:

— Будзе немцам добрым страхам

I аховай праз раку.

 

Прыляціць, пакружыць “рама”

Ды адгэтуль — лататы.

— Што ж, Міхед, скажу я прама,

Вынаходца добры ты.

 

Батарэй з ілжэгарматаў

Настаўляем мы кругом

I фашысцкіх супастатаў

Сваёй хітрасцю паб'ём.

 

Удалася пераправа,

Цераз Прыпяць пераход.

А ні злева, а ні справа

Не было нам перашкод.

 

Праўда, “рама” павісела

З паўгадзіны над ракой

Ды на захад паляцела,

Не парушыўшы спакой.

 

Дзед Каўпак ступіў апошнім

У Міхедавы чаўнок,

Ціха гэтаю “ўсяночнай”

Перабраўся на той бок.

 

Абняліся, мне казалі,

Два дзядулі-дружбакі,

Доўга рукі паціскалі

Каля Прыпяці-ракі.

 

 

Дзед дажыў да шчасця

 

Дзед Міхед дажыў да шчасця.

Зноў работа Дубняку.

Наступаюць нашы часці

Па Варшаўскім бальшаку.

 

Паганяў злы дух увесну

I Міхеда, і атрад.

А злавіць? Жартуеш, трэсні,

Не такі дурны наш брат.

 

Ні Міхед, ні ўнучак-голуб

Рукі ўверх не паднялі,

Хоць быў холад, хоць быў голад,

А бяду перамаглі.

 

Хоць яно не надта ласа

У балоце без яды.

Ды бывала часам з квасам,

А парой і без вады.

 

Ды затое без прыгнёту,

Ды не вечна ж нашча, так...

Хлюпае вада пад ботам,

Паспяшаецца Дубняк.

Сёння з арміі разведка

Прыбыла к нам пад абед.

Дзе ж разведка-непрыкметка,

Там і наш заўсёды дзед.

 

Колькі радасці і ўцехі,

Жартаў, музыкі і смеху

У лясных цяпер салдат,—

Кожны весел, кожны рад.

 

Аганьку падсыплем з тылу,

Адпрасуем іх як след.

Мы іх з пылам, мы іх з мылам,—

Не нацешыцца Міхед.

 

Доўга госці не сядзелі,

Пакурылі, нам далі,

Сала нашага паелі,

З дзедам за раку пайшлі.

 

А на трэці дзень прыходзяць

I Міхаська, і Дубняк,

Полк салдат з сабой прыводзяць

К партызанам у хмызняк.

 

Сам, гавораць, Ракасоўскі

Іх абедам частаваў,

З дзедам гутарыў па-свойску

I салдат сваіх прыслаў.

 

А як выйшлі на дарогу,

На вялікую шашу,

Першы раз без асцярогі

Трэслі ў немцаў мы душу.

 

Змалацілі, з тракту збілі,

Асядлалі важны шлях,

Генерала захапілі

У медалях і крыжах.

 

Не прыкмецілі — салдатам

Развітанне надышло.

Войскі рушылі на захад,

Нам работы й тут было.

 

Прачасаць лясы, балоты,

I трафеі падабраць,

Ды фашысцкую брыдоту

Прэч з зямлі сваёй сагнаць.

 

*

 

Нечакана, негадана

Дзед сустрэў ля Капыля

Нейк пад вечар, на змярканні

Свайго сына Васіля.

 

Што казалі, гаварылі,

Не апішаш і пяром...

Ледзьве-ледзьве эскадрыллі

Лес не краталі крылом.

 

Шум і вэрхал быў на небе,

Ляск і грукат — на зямлі,

Па балоце, як па грэблі,

Танкі нашыя паўзлі.

 

Любым стала ўсё і мілым,

Голад, холад дзед забыў.

“Вось дык сіла, вось дык сіла!” —

Марыў дзед аб ёй і сніў.

 

Дзед Міхед дажыў да шчасця:

— Нашы часці, нашы часці! —

Вось яны — ідуць прад ім

Шляхам дымным франтавым.

 

Гарманіст (мо Вася Цёркін?),

Не спыняючы хады,

У гармонік пальцы ўторкнуў

I націснуў на лады.

 

Гукі плаўна, гукі звонка

Чыстым срэбрам паплылі

Над бацькоўскаю старонкай,

Разліліся па зямлі.

 

Дзед і сам гатоў пайсці быў

Разам з войскам на Берлін.

Ды старога возьмуць хіба?

Досыць і такіх, як сын.

 

Ён к грудзям прыціснуў сына:

— Ну, то будзь здароў, сынок.

Нам пішы з таго Берліна

Пра салдацкі кожны крок.

 

Хоць нялёгкая дарога

У гэтай лютай барацьбе,

Вас чакаем з перамогай,

Зычым поспехаў табе.

 

З месца дзед датуль не кратаў,

Покуль сын у танк не ўлез.

— Што ж, унук, цяпер дахаты,

Саслужыў нам службу лес.

 

 

 

Перад парадам

 

Часам ты мяркуеш так,

А ў цябе выходзіць гэтак.

Не адразу дзед Дубняк

Выйшаў к дому напрасцяк,

Родны ўбачыў свой палетак.

 

З вёсак, пушчаў і палян,

I з далёкіх месц і зблізку

Ўсе злучэнні партызан

На парад сышліся ў Мінску.

 

Дзед з унукам Міхасём

Прыбылі сюды на возе,

А за імі ўслед трушком

Шкандыбаў і шэры козлік.

 

Дзед з прыходам войскаў нашых

Да палянкі да лясной

Скіраваў звяроў на пашу,

Распусціў звярынец свой.

 

Распаўзліся ва ўсе бокі

Чарапахі і вужы,

Селі дзятлы і сарокі

На дубовыя кражы.

 

Розных колераў сініцы

Зазванілі ў завушніцы,

Стары бусел з жураўлём

Маюць недзе ўласны дом.

 

I арол яму не трэба.

Ён між хмар заклекатаў

I за волю, аж з-пад неба,

Крыллем дзеду памахаў.

Толькі з ліскай было гора,

Накапала ям і нораў,

Што трапляла ёй, падрад

Запакоўвала ў свой склад.

 

Ды свой спрат яна схавала

Так выдатна, так удала,

Што без Лыскі тут наўрад

Хоць адзін знайшоў бы спрат.

 

Лыска з ёю быў у дружбе,

Бо з лісою разам рос,

Ды сабачую ён службу

Акуратна ў лесе нёс.

 

У звярынцах лісак многа,

А да Мінска — даль-дарога,—

Дзед не ведаў, што рабіць,

Як з лісіцай яму быць.

 

На каўнер лісіца ўлетку

Не прыгодна поўсцю рэдкай,

Забіваць яе шкада,

Выпусціць у лес — бяда.

 

I з разбойніцай лясной

Быў Міхед як сам не свой.

А на хітрасць як багата:

То танцуе зухавата,

 

То заплюшчыць, здэцца, вочы,

То прыляжа, то міргне,

То на задніх лапах крочыць,

Далікатная ўпаўне,

 

Хоць хвіліны тры назад

Падушыла трусянят.

Каб не ласкавасць звярка,

Паспытала б павадка,

 

А то як яе караць,—

Вочы жмурацца, гараць,

I хвастом яна віляе,

Быццам кажа: — Прабачае

Хай мне дзед і Міхасёк,

Я цяпер даю зарок,

Не кранаць лясное дзічы,

Не хаваць яе ў капцы,

Хай маю памылку ўлічаць

Птушкі, мышы і зайцы.

 

Хто кляцьбе лісінай верыў?

Хоць ты лашчы, хоць шануй,

Звер заўсёды будзе зверам,

Як яго не дрэсіруй.

 

Толькі дзед вось так падумаў,

А лісіца тут як тут.

Шмарганула ўбок без шуму,

У гусіны ўлезла гурт.

 

— Ну і прыткая ж ты вельмі,

Не, хітрушчая, пастой!..

Ах ты, шэльма, ах ты, шэльма,

Гэта ж сярод дня разбой.

 

Так рабіць табе не варта!

Не танцуй, не скавычы! —

Раззлаваўся не на жарты

Дзед, у вёску ідучы.

 

Хоць звярок надакучаў,

Ды любіў яго стары.

Па дарозе ён аддаў

Сваю ліску дзетвары.

 

Дзецям забаўка якая

З той лісіцаю жывой!

А яна хвастом віляе,

Круціць мордачкай сваёй.

 

Як сабачка, гучна брэша

На дзяцей тых галасы.

— Хай яна вас зараз цешыць,

Мне цяпер не да лісы.

 

Ну а козлік — той рахманы,

З ім ідзі ты хоць куды

Па дарозе здратаванай

У калгасы, гарады.

 

*

 

Вось і праляцелі дні,

Прамінулі нават годы.

Пад канём і на кані

Дзед пабыў за час паходаў.

 

Уляглося ў сэрцы зло,

Спакайнейшым стала гора.

I, здаецца, ўсё было

Так даўно, але не ўчора.

 

Добра ведаў дзед: заўжды

Так не будзе з чалавекам,

Толькі не забыць бяды

I крыві людское рэкі.

 

Як далёкі цяжкі сон,

Выплывае з даўніх дзён,

На кані ваенным скача

Час мінулы, час гарачы.

 

Толькі дзед не шкадаваў

Ані часу, ані сілы.

Ён за волю ваяваў,

Ваяваў за край свой мілы,

 

За сыноў і за дачок,

За жыццё і за свабоду,

За бярозку, за дубок,

За травінку й каласок

I за лёс свайго народа.

 

 

На парадзе

 

Сонца грэла як найлепей,

Цеплынёй здаволен дзед.

З сутарэнняў і са склепаў

Людзі вылезлі на свет.

 

I хоць свет быў сэрцу мілы,—

Душу боль страшэнны пёк.

Мінск... Не Мінск. Адны магілы,

Цэгла, попел ды пясок.

 

Выйдзі, паглядзі навокал:

Ні будынкаў і ні дрэў...

Толькі дзесь застыг далёка

Бор, што з гора пасівеў.

 

Дзед кідае на ўсё вочы,

Шчэрыцца за дотам дот.

Верыць сам сабе не хоча,—

Горад бачны навылёт.

А сюды, да Дома ўрада,

Што нейк цудам уцалеў,

Партызанскія брыгады

Баявы прынеслі спеў.

 

I з-пад Гомеля, з-пад Пінска,

I з Браслаўля, Капыля

На парад сышлася ў Мінску

Партызанская сям'я.

 

Плошча Леніна занята,

Перапоўнена бітком.

Стрэльбы, ружжы, аўтаматы,

Партызанскія гарматы

Ды падпольныя салдаты

I на конях і пяшком.

 

А вачамі вокан светлых,

Аж пад неба ўзняўшы сцяг,

Паглядае зноўку ветла

На нязломныя атрады,

Што сышліся для парада,

Дома ўрада горды гмах.

 

Хоць у дыме, хоць ён чорны,

Хоць бяда тут пабыла,

А стаіць ён непакорны,

Як гранітная скала.

 

Тут стаяў ля Дома ўрада

Слаўны помнік Ільічу.

Тут граміць фашысцкіх гадаў,

За сваю змагацца ўладу

Прысягалі мы мячу.

 

I хоць помніка не стала,

Злыя вырадкі зямлі

У страшэнны дзень навалы

Па-бандыцку з п'едэстала

Помнік Леніну знялі.

 

Можна знішчыць цэлы горад,

Можна поле здратаваць,

А ці можна знішчыць мора,

А ці мары расстраляць?

 

Хто іх можа сілай здужаць,

Кайданы на іх надзець?!

Думцы, мары ў сэрцы ружай

Красавацца й палымнець.

 

I хоць помнік быў разбіты,

Хоць мы сумнымі былі,—

Фашыстоўскія бандыты

Воблік светлы, самавіты

Вырваць з сэрцаў не змаглі.

 

Ленін жыў у кожнай справе,

I вялікай і малой,

Ленін жыў у мужнай славе,

Нашай славе баявой.

 

Калі цяжка нам бывала,—

Выпаў нам нялёгкі шлях,—

Імя Леніна натхняла

Нас і ў працы, і ў баях.

 

Мы ў паходы з ім хадзілі,

У зямлянках з ім жылі,

З ім мы ворага разбілі,

Перамогу здабылі.

 

I на плошчы раным-рана,

Як народ стаў прыбываць,

Пакляліся партызаны

Помнік зноў адбудаваць.

 

Дзед з хлапцамі быў па-свойску,

Рукі ціснуў і вітаў

I лясное наша войска,

Нібы маршал, аглядаў.

 

Каб не стрэльбы, не гранаты,

Без такіх, бадай, прыкмет,

Не прызнаў бы за салдатаў

Той пярэсты і стракаты

Гарадскі натоўп Міхед.

 

Тут і шапкі і пілоткі,

Тут і боты і абмоткі,

I берэты і хусціны,

I бароды і вусы,

Колер белы, колер сіні

I зялёны, як лясы...

 

У адну сям'ю зліліся,

Нібы дрэвы ў гушчары,

Па-сяброўску абняліся

Працавітымі рукамі

З партызанскімі хлапцамі

Гарадскія жыхары.

 

Толькі радавацца трэба!

За вайну ж у першы раз

Мы пад родным мінскім небам

На парадзе ў добры час.

 

Вось аркестры меддзю гулкай

Разбудзілі ціш наўкруг,

I па вуліцах і вулках

Узнялася пушча рук.

Сонца твары нам цалуе,

П'е з вачэй людскіх расу:

“Горад Мінск мы адбудуем,

Наша шчасце і красу!”

 

На сцягах і транспарантах

Словы гнеўныя гараць:

“Смерць фашысцкім акупантам!”,

“Нашу мужнасць не зламаць!”

 

А цяпер куды не кіне

Дзед пагляд сваіх вачэй,

Ажно кроў у жылах стыне,

Боль, як вугалем, пячэ.

Дзе раней быў домік сына —

З абгарэлых ложкаў плот.

Нехта ў попел бульбу ўкінуў

I развёў тут агарод.

 

Што ж, усё жывому трэба,

I кватэра, і садок,

Да стала кавалак хлеба,

Квасу добрага глыток.

 

Ведаў дзед, што цяжка будзе

Родны край з руін узняць.

Толькі ўсё здалеюць людзі,

Звонам песенным абудзяць

Шыр, каб жыць і працаваць.

 

 

Вяртанне на Радзіму

 

Прамінулі дні ўрачыста

У Міхеда Дубняка.

Пабываў ён у міністра

I заходзіў у ЦК.

Добра скрозь яго прымалі,

Прапаноўвалі харчы,

Шчыра рукі паціскалі,

Абяцалі памагчы.

 

Першы ўзвод быў са старэйшых:

Тут Міхед, і дзед Талаш,

I Мінай, і дзядзька Шэшка,

Генералы ўперамешку —

Самы цвет адборны наш.

 

I Міхаська быў з Міхедам,

Аўтамат і шаблю нёс.

Прыглядзецца — роўны з дзедам,

Нават дзеда перарос.

 

З Міхасём, з салдацкім строем,

Паглядаючы вакол,

Пры трафейнай поўнай зброі

Сам ішоў лясны казёл.

 

Быў на від казёл важнецкі,

Як яфрэйтар там які,

Медалёў, крыжоў нямецкіх

Начапляў ён на бакі.

 

Наш казёл ступаў па-панску

I на брук і на асфальт,

I мундзір на ім германскі,

Здэцца, вось і скажа: “Хальт!”

 

Абступілі чарадою

Дзеці нашага казла.

— Гляньце, крыж пад барадою,—

Ад дзяцей няма адбою,

Іх цікавасць узяла.

Нават маршал Ракасоўскі,

Што парад лясны прымаў,

Дык з казла, што быў пры войску,

Не сцярпеў, зарагатаў.

 

Па Савецкай, то па бруку,

То па шэрым пустыры

Дзед Міхед прыйшоў з унукам

Да Траецкае гары.

 

Пазіраў дзед з горкім жалем

З той Траецкае гары.

Перад ім вакол ляжалі

Абгарэлыя муры.

 

Ды на плошчах за платамі,

Ля муроў то там, то тут

Шавяліў ячмень вусамі,

Аздабляла каласамі

Жыта непрыветны кут.

 

Чым суцешыць можна дзеда?

Мінск шмат гора перанёс.

Дзед Міхед цудоўна ведаў,

Які горад быў прыветны,

Што на плошчах і праспектах

Тут раней ячмень не рос.

 

— Мне не трэба дапамога,

Я здаровы, хоць стары.

Лепш каняку на дарогу

Ты, міністр, мне падары.

 

А дзе конь, там і падвода,

К ёй жа лейцы ды хамут.

А за гэта ад народа

Я падзякую вам тут.

Хоць міністр, а гаспадаркі,

Сваіх коней ён не меў,

Ды псаваць жа свае маркі

Перад дзедам не хацеў.

 

— Сёння я з ваеннай часцю

Перакінуўся слаўцом,

Можа, як, на ваша шчасце,

Вам цягло і падбяром.

 

I такі пашанцавала

Сёння дзеду Дубняку:

Дзве кабылкі, хоць няўдалых,

Дзед трымаў у павадку.

 

Сам палкоўнік коней гэтых

Дзеду з часці перадаў.

— Зараз травы, зараз лета,—

Вінавата ён казаў.

 

— Дзякуй, дзякуй ад калгаса,

Годны конь любы цяпер.

Косці ёсць, то будзе мяса,

Ты, палкоўнік, мне павер.

 

Заязджайце на бяседу,

Будзе рады ўвесь калгас.

— Адваююся, пад'еду,—

Па дарозе ж мне якраз.

 

— Ну, Міхаська, міла-люба,

Не пусты ў нас зараз хлеў,—

Коням дармавым у зубы

Нават дзед не паглядзеў.

 

Ён хутчэй іх у драбіны

Стаў з унукам запрагаць,

Бо як здарыцца прычына —

Вораг можа адабраць.

 

Час ваенны, час турботны,

Свой дык дасць, чужы — зграбе.

Коні ж трэба для работы

У калгасе, не сабе.

 

Са сталіцы на Пясочна

Кожны куст ён знаў і брод.

— За два дні, за дзве “ўсяночных”

Мы закончым свой паход,—

Разважаў ён сам з сабой,

Нездаволены яздой.

 

Час не бег, ішоў марудна

Па здратованым шляху.

Навакол было бязлюдна

I нявесела крыху.

 

Промні сонца ліжуць,

Лашчаць поле-цаліну.

Дзед Міхед для працы выжыў,

Як герой, прайшоў вайну.

 

Паабапал жа дарогі,

Каля вёсак і прысад

Горкі смутак і трывога

Дзедаў засцілі пагляд.

 

То налева, то направа

Ад Варшаўскай ад шашы

Хмызнячок палез каравы

Паміж твані і глушы.

 

Ад дарогі на паўмілі

Па адзін бок і другі

Злыдні лес ператварылі

Ў папялішчы і лагі.

 

На шырокіх скрыжаваннях,

Дзе будыніны былі,

Толькі печы, нібы здані,

Ды ад студняў жураўлі.

 

А вось побач рэшткі плота,

На калу ўцалелы збан...

Шчэрыць зубы пашча дзота

На здратованы дзірван.

 

А дзе людзі з вёскі гэтай,

Ці ў магіле брацкай спяць,

Ці з нявольніцаю-метай

У канцлагерах і гета

Кайданамі шчэ звіняць?

 

Нават дрэвы, нават камень

Не змаглі б таго сцярпець,

Што цярпелі, церпім самі

Пад знявагай і штыкамі,

Не зважаючы на смерць.

 

Толькі ў сонца свае справы,

Людзі ёсць ці іх няма,

А яно гарыць рухава,

Сее промні нездарма.

 

Ад ягонай цёплай ласкі

Будуць поўны зноў красы

На лугах калгасных краскі

I шумлівыя лясы.

 

Ды вятры ўздымаюць гоман,

Ім на пустыры прастор.

Ды іграе хваля Нёман,

Б'е ў пясчаны касагор.

 

Знае дзед, для чалавека

Кут бацькоўскі дарагі.

Любіць пушчы ён і рэкі,

I палеткі, і лугі.

 

Вось і родныя мясціны

Каля Нёмана-ракі.

З сенам поўныя драбіны

Цягнуць на сабе жанкі.

 

Дзед спыніўся нерухома

Каля возчыкаў-кабет.

Ні маста і ні парома,

Толькі паляў чорны след.

 

Ён з жанкамі прывітаўся,

Тую, гэтую пазнаў,

Пра сваіх

У іх спытаўся

I мацней засумаваў.

 

Пераехаў на падводзе

Дзед Міхед праз рэчку ўброд.

Вандраваць, здаецца, годзе,

Скончан дзедавы паход.

 

Вось і вулка, вось і хата,

Дзе ён рос і ў шчасці жыў.

Выгляд вельмі небагаты.

За душу, за сэрца кратаў,

Прад вачмі туманам плыў.

 

Дзе быў сад — адна пустэча,

Нават знік бясследна плот.

Быў ля хаты хлопчык нечы,

А ля хлопца — рыжы кот.

 

Дзверы ў хаце былі зняты,

I без вокан, без дзвярэй

Паглядала страшнавата

Пакалечаная хата

На здарожаных людзей.

 

— Распражы, Міхаська, коней

I пусці на паплавок.

На начоўку трэба сёння

Нам аздобіць свой куток.

 

Я ж агледжу гэтым часам,

Што займелі мы з табой.

Што ж, бывае часам з квасам,

А парою і з вадой.

 

Ноч як-небудзь перабудзем,

А як сонца заблішчыць,

Меркаваць тады мы будзем,

Што рабіць і як нам жыць.

 

 

На родным парозе

 

Не паспеў ён двор агледзець,

Выпіць конаўку вады,

Як прыйшлі к яму суседзі,

Дзеці, бабы і дзяды.

 

Рукі дзеду паціскаюць,

Хто пахмура, хто з слязой,

То пытаюць, то ўздыхаюць,

То ківаюць галавой.

Тут раптоўна распачаўся

Цэлы мітынг, цэлы сход.

“Песачанская сям'я ўся”,—

Дзед міжволі заўсміхаўся

I прыкрыў далонню рот.

 

Хоць была бяда і гора,

Невясёлы, змрочны час,

Дзед не кіне ім дакора,

Аганёк жыцця не згас.

 

Смутак! Што ты з ім папішаш.

Шмат каго няма ў жывых.

Хто са славай з пекла выйшаў,

Будзе помніць мужнасць іх.

 

Як ручай, плыла бяседа

На Міхедавым двары.

Кожны рад быў за суседа,

За суседзяў рад стары.

 

А Міхаську абступілі

I дзяўчаткі і хлапцы.

Разам некалі ж хадзілі

Па грыбы і па дубцы.

 

Барсука з нары глыбокай

Гурт выкурваў малады,

Атрасалі дуб высокі

I збіралі жалуды.

 

Нераты на Лошы трэслі,

Былі рады шчупакам

I сваё маленства неслі

З піянерскай мілай песняй

Сустрэч сонцу і вятрам.

У адну хадзілі школу,

Хоць вучыліся ўсяляк...

Ды забыць той час вясёлы

Нельга зараз аніяк.

 

Дзе была дзесяцігодка —

Толькі ямы ды пясок.

Быццам бурная паводка

Пахадзіла тут знарок.

Сэнс і ясны і кароткі,

Ад якой такой паводкі

Школьны згаснуў аганёк.

 

— Будзем зноў хадзіць у школу,

Будзе зноў звінець званок,—

Лашчыў позіркам вясёлым

Аднагодкаў Міхасёк.

 

Ён расказваў пра паходы,

Партызанскія прыгоды,

Пра лісіцу і казла,

Пра жураўку і арла.

 

Дзеці слухалі з увагай

Партызана Міхаська,

На медаля “За адвагу”

Паглядалі спадцішка.

 

Не змаўкае дзедаў двор,

Хоць і мрок раптоўна вырас.

Зайшло сонца ўжо за бор,

I на неба месяц вылез.

 

А гаворцы ды бяседзе

Канца-краю не відаць.

— Што ж, пара, мае суседзі,

Час прыйшоў адпачываць.

Што яшчэ недапыталі,

Што яшчэ недасказалі

Мы аб тым, што нам баліць,—

Знойдзем час дагаварыць.

 

Дзед сваю гаворку скончыў.

— Пажадаю добрай ночы.

Мне хацелася яшчэ б

Дзякуй вам сказаць за хлеб,

За хлеб-соль, што вы прынеслі

Для старога дзеда-цеслі.

 

Будзем жывы, я аддзячу

Ці кубельцам, ці вядром.

Бачу вашу ўвагу, бачу,

За дабро аддам дабром.

 

Што датычыцца начлега,

Дзед сказаў, што будзе тут.

Ён дружыў з дажджом і снегам

Зараз мае дом, свой кут.

 

 

Як у дзеда коней укралі

 

Дзед быў стомлены, знябыты

I заснуць ніяк не мог.

Колькі гора перажыта,

Колькі пройдзена дарог.

 

Хоць паходы ён закончыў

I пакінуў буданы,—

Небасхіл яшчэ закончан

Чорным заравам вайны.

 

Недзе сын Васіль на танку,

Два малодшых — шафяры.

А вайна — не пагулянка

У наднёманскім бары.

 

Ды напэўна, што і ўнукі,

Як дубочкі, падраслі

I свае не склалі рукі,

А надзелі шынялі.

 

А зяці? Што зараз з імі,

На зямлі яны якой,

I нявесткі са старой

Ходзяць сцежкамі якімі?

 

Хто пра гэта ўсё раскажа

I адклікнецца ў цішы,

Хто журбу вузлом завяжа,

Каб не кратала душы?..

 

На дварэ такая ціша,

Што чуваць, як травы дышуць

I як вербы над ракой

Шэпчуць нешта між сабой.

Коні хрумстаюць траву,

Дзяцельную мураву.

 

Ні сабака не брахне,

Ні агеньчыка ў акне,

Толькі за ракой дзяркач

Падрывае свой гарлач.

 

Ды скарыла ўрэшце стома.

Дзед прылёг на шынялі

I не чуў, як каля дома

Двое ценяў незнаёмых

Патаемна праплылі.

 

Трэба ж, як на тое ліха,

Дзеду моцна задрамаць.

Сталі цені тыя ціха

Коней дзедавых сядлаць...

 

Адвялі два цені тыя

Коней далей ад ракі

Ды праз сцежкі палявыя

Падаліся ў хмызнякі.

 

А за хмызам бор кашлаты...

Вось у гэты самы лес

Трэба ценям тым праклятым

Коней сплавіць пазарэз.

 

I яны з-за асцярогі,

Абмінаючы дарогі,

Цераз куп'е і карчы

Гналі коней уначы.

 

Хто такія? Што за людзі?

Што за злыдні — не згадаць.

Толькі дзеда не разбудзіш,

Будзе ён да ранку спаць.

 

*

 

Дзед прачнуўся на світанні,

Вочы сонныя працёр,

Рот прыкрыў ад пазяхання,

Выйшаў з сенечак на двор.

 

Скрып асвераў каля студняў

Быў выразна ўжо чуваць.

Рана дзень прыходзіў будні,

Летам шкодна позна спаць.

 

“Будзе дзень цудоўны сёння,

Сонца радасны усход.

А дзе ж, воўча мяса, коні?

Перайшлі, відаць, праз брод”.

 

Дзед туды і дзед сюды,

Тупаў, тупаў ля вады:

— Што за ліха, за напасць,

I куды тых кляч пагнала?

Ну, глядзі ты, воўча масць,

Хіба тут травы ім мала!

 

Ён унука раскатурхаў:

— Ты малодшы, скакані,

Адным парам, адным духам

Коней к дому завярні.

Як наеліся, відаць,

Дзе ў алешніку стаяць.

 

Хлопец выган абышоў,

Толькі коней не знайшоў.

— Што за ліха, за бяда,

Ну, не коні, а брыда!

 

Падышлі суседзі к дзеду.

Што параіць, што сказаць?

Каб жа ведаў, каб жа ведаў,

Дзе іх можна адшукаць.

 

— Ды няўжо ваўкі укралі?

Гэта ж думаць, два кані!

— На тым тыдні ў нас прапалі

Дзве авечкі, тры свінні.

 

— Што за гады-недавяркі

Ганьбяць нашу старану?

— Мо нямецкія аўчаркі,

Што здзічэлі за вайну?

Па лясах іх шмат блукае,

I адрозніць цяжка іх

Па паводзінах сваіх

Ад ваўчынай шэрай зграі.

 

У Міхеда сэрца млее,

К стрэльбе цягнецца рука.

— Як аўчарка азвярэе,

Дык яна горш за ваўка.

 

Толькі іншыя сабакі

Учынілі тут бяду.

— Ах, кабылкі-небаракі,

Ці жывых я вас знайду?

 

Разабраўшыся з слядамі,

З аўтаматам у руках

Дзед з сваімі землякамі

К лесу скіравалі шлях.

 

Як вядомы паляўнічы,

Навучыўся за гады

Ён адрозніць і аблічча,

I звярыныя сляды.

 

Дзед ішоў хадою шпаркай

Цераз поплаў і жыты.

Не відаць слядоў аўчаркі,

Толькі коней капыты.

 

На ўсю моц Міхед спяшаўся,

Аж з ілба і пот пацёк,

Як да лесу ён дабраўся,

Свой крыху суцішыў крок.

 

— Хлопцы, слухайце параду:

Не шумець і не крычаць.

Каб дабіцца толку-ладу,

Трэба лес нам прачасаць.

 

 

Дзед знаходзіць зладзеяў

 

Як разведчыкі якія,

Як адважныя байцы,

I малыя і старыя

Зніклі ў лесе ў багунцы.

 

Асцярожна ўсе ступалі,

Выбіраючы маршрут.

Людзі дбайна правяралі

Кожны падазроны кут.

 

I раптоўна ў твані гразкай

Паказаўся нейкі след.

Не агледзеўся Міхаська,

Як прад ім узнік і дзед.

 

Тут падспелі і суседзі,

Прыглушаючы свой крок.

— Нам ісці па гэтым следзе

На балотны астравок.

 

Там, сярод лясной паляны,

У зялёным гушчары

Мелі стан свой партызаны

На час летняе пары.

 

У зямлянках там зладзеі

Мо прыстанішча знайшлі,—

Не губляе дзед надзеі,

След жа свежы на зямлі.

 

Астравок той недалёка —

Засень вязаў і дубоў.

Так паволі, цвёрдым крокам

“Апалчэнцаў” дзед павёў.

Глянуў ён у правы бок —

Угару цячэ дымок.

Значыць, нейкія там людзі,

Што за д'ябал іх прынёс!

Па лясным балотным грудзе,

Як вужака, дзед папоўз.

 

А налева і направа

I вяскоўцы заляглі.

Што ж, аблава дык аблава!

Будзе бітва, будзе справа,

Клешчы востраў абнялі.

 

Верыць дзед вачам не хоча:

Вось і коні ўжо відны...

А фашысты фінкі точаць

Ля паваленай сасны.

 

Дзеду стала зразумелым,

Што тут дзеецца ў бары.

Ён падняўся, крыкнуў смела:

— Хлопцы, на прыцэл бяры!

 

I па дзедавым загаду

Паднялася ў той жа міг

Песачанская “брыгада”,

Акружыла злыдняў тых.

 

А было іх толькі восем,

Рэшткі Мінскага “катла”.

Чорт сюды іх напрыносіў

Ці нялюдскасць прывяла?

 

Толькі б хто іх не прынёс,

Дзед прад імі стаў у рост:

— Хальт, фашысты! Рукі ўгору!

Рэха загуло над борам.

Паднялі фашысты рукі,

Апусцілі вочы ўніз.

— Нарабілі нам дакукі,

Каб вас, гады, воўк загрыз.

 

Тут жа хлопцы абшукалі

Іх мундзіры і штаны,

Пісталеты адабралі,

Аглядзелі буданы.

 

У вялікім перапудзе

Штось лапочуць чужакі.

— Хлопцы, іх вязаць не будзем?

— Нам такое не з рукі,—

Адказалі землякі.

 

— Уцякаць няма куды,

А паспробуе каторы,

Дык вядома, што тады

Будзе нам не да гумору.

 

Дзед сваёй знаходкай горды,

Гладзіць коней ён сваіх.

— Ах вы морды, мае морды,

Рады бачыць вас жывых.

 

Ах вы, коні, мае коні.

Аўсяца я вам прыпас.

Вас чакаюць нашы гоні,

Вас чакае наш калгас.

 

У паход гатова “войска”,

Дзед на коніка узлез:

— Павядзём мы іх у вёску

Нацянькі праз гэты лес.

Там пазвонім у раён,

Што ўзялі іх у палон.

Немцы божкаюць, клянуцца

I адно крычаць: “Капут”.

— Там дапросяць, разбяруцца

Мы ўчыняць не будзем суд,—

Так рашыў калгасны люд.

 

 

Прамінула часу многа

 

Прамінула часу многа

З тых далёкіх цяжкіх год.

Дзень вялікай Перамогі

Адзначае наш народ.

 

Дзе былі адны руіны,

Спусташэнні ад вайны,—

Ходзіць, ходзіць па краіне

Квецень яркая вясны.

 

Не пазнаць калгасных вёсак,

Нашых новых гарадоў.

Магістралі між бярозак,

Павуцінне правадоў.

 

Дзень і ноч стальныя коні

Гулка звоняць на палях.

Нам у будучыню сёння

Партыя адкрыла шлях.

 

Ціха коцяцца машыны,

Уначы відно, як днём.

А магутныя турбіны

Надзяляюць нас святлом.

 

А наш Мінск які прыгожы!

Не пазнаць яго зусім.

Нахваліцца дзед не можа

Казкай-горадам сваім.

 

На нарадзе пад год Новы

Дзед у Мінску пабываў,

З рук таварыша Казлова

Новы ордэн атрымаў.

 

— Доўга з Васілём Казловым

Потым прасядзелі мы,

Прыгадалі ўсе дубровы,

Сорак першы год суровы,

Лютасць першае зімы.

 

Як-ніяк, лічу нямала,

Тры гады я з генералам

У паходах і баях

Бараніў савецкі сцяг.

 

Ён і зараз не зазнаўся,

Хоць і прэзідэнтам стаў,

Са старым, са мной, абняўся,

К нам заехаць абяцаў.

 

Быў Міхед без меры горды,

Стаў на дзіва гаваркі.

— Ад савецкага урада

Гэта гонар мне які!

 

Пасля Мінска шмат размоў

З землякамі дзед правёў,

Ён расказваў, дабаўляў,

Як Казлоў яго прымаў,

Дзе гасціў, куды хадзіў,

Колькі бачыў розных дзіў.

 

Як тралейбусы імчацца

На калёсах надуўных,

Як прыемна пакатацца

Па праспектах гарадскіх,

 

Як снуюць па тратуарах

Людзі ўсе, як на пажары,

I калі яны працуюць,—

Здэцца, толькі шпацыруюць.

Той туды, а той сюды,

Не спыняючы хады.

 

Колькі фабрык і заводаў

Ззяюць яркай белізной!

Карпусы іх за паўгода

Не абыдзеш пехатой.

 

Ну, а ўжо дамы, дык, браце,

Не раўня вясковай хаце,

Вышыня, дык глянуць страх,

На дамах бляшаны дах.

 

Людзі з каменя на дахах

То паселі, то стаяць.

Трэба ж гэтакія гмахі

Гэтак хутка збудаваць!

 

Ног нідзе не навярэдзіш,

Скардзіцца на гэта грэх:

Сеў у ліфт і ўверх паедзеш

На любы, скажу, паверх.

 

А машын! Не дай ты божа,

I вялікіх і малых,

Юркіх, спраўных і прыгожых,

Легкавых і грузавых.

 

Я кажу вам без прыкрасы,

Як бяжыць машын паток,—

З паўгадзіны, можа, часам

Не пяройдзеш на той бок.

 

А сады стаяць ля рэчкі,

Ліпа ў ліпу, клён у клён...

Што там нашае мястэчка,

Хоць люблю яго здавён.

 

Дзеду ёсць чаму дзівіцца,

Ён у вёсцы жыў заўжды.

Беларуская сталіца

Прыгажуня сапраўды.

 

Не збіраемся абразіць

Дзеда, сэнсу нам няма.

Моцна Мінск яго уразіў,

Відавочна, нездарма.

 

Дзеда слухалі старыя,

Моладзь слухала яго

Думкі-сказы неблагія,

Што ад сэрца усяго.

 

У калгасе ён абжытым

Быў пачэсны гаспадар,

Працавіты, знакаміты,

Свайго шчасця уладар.

 

Паважалі яго дзеці —

Дочкі, ўнукі і зяці.

З ім прыемна жыць на свеце

I святлей з ім у жыцці.

 

Дзеці хоць і разышліся —

Той туды, а той сюды,

Гэта дзеду паўбяды,

Толькі б мары іх збыліся.

А як з'едуцца на лета

Ажно з цэлага паўсвета

Да Міхеда пагасціць,—

Дзедаў дом тады звініць.

 

Колькі шчасця, весялосці

Напрывозяць яму госці!

З іх і бабка й дзед Дубняк

Не нацешацца ніяк.

 

Ох, калі сям'я збярэцца,

Толькі харчу напасай,

Дзед глядзіць на іх, смяецца:

— Хоць ніколі не ўмірай!

 

...Дзе ж Міхаська, ці вядома?

Ён закончыў інстытут

I працуе аграномам

У сваім калгасе, тут.

 

 

Навагодняя прамова Міхеда

 

Сёння ў клубе вельмі людна,

Ярка свецяцца агні.

Толькі час ідзе марудна,

Хоць ты стрэлкі падгані.

 

Каля сцен сталы з харчамі:

З мясам, салам, пірагамі,

З рыбай карпам, селядцом,

З квасам, півам ды вінцом.

 

Новы год страчаць за звычай

Наш калгас узяў здаўна.

Клуб прыбраны маляўніча,

На людскіх жывых абліччах

Радасць светлая відна.

 

Ярка люстра ўверсе ззяе

Хрусталёвай галавой.

Духавы аркестр іграе

Тут жа побач за сцяной.

 

Старшыня калгаса ходзіць,

Правярае ўсё як след.

Сёння пагуляць не шкодзіць,

Як вы думаеце, дзед?

 

— Добра, калі ўсё дарэчы,

Я не супраць, што казаць.

Нам у Навагодні вечар

Нават чарку можна ўзняць.

 

Я ў ваенныя часіны

На ваенных на шляхах

Года Новага радзіны

Адзначаў з усёй краінай

З аўтаматам у руках.

 

Ды аб тым пасля размова,—

Дзед пакратаў за вусы,—

Пра людзей скажыце слова,

Пра наш план пяцігадовы,

Пра палеткі і лясы.

 

*

 

За сталом гаворка льецца

Гаманлівым ручайком,

Добра есца, добра п'ецца

Навагоднім слаўным днём.

Тост то гладкі, то не гладкі

Смеху выбухі нясе.

Ды трымаюцца парадку

Яшчэ людзі пакрысе.

 

Старшыня сядзіць ля дзеда,

Дзед гатовы на бяседу,

Выпіў чарку, выпіў дзве,

Зашумела ў галаве.

 

— Слова дзеду, слова дзеду!

Хай нам скажа добры тост.—

Паважае дзед бяседу,

Устае ва ўвесь свой рост.

 

Рост жа ў нашага Міхеда

Не вялікі, не малы.

Гаманы няма ні следу,

Змоўклі, сціхнулі сталы.

 

Хто ж не меў к яму павагі,

Хто яго не шанаваў,

Хто яго не знаў адвагі,

Партызанскіх мужных спраў!

 

Рукі ў дзеда залатыя,

Задзіраць не любіць нос.

I зайздросцяць маладыя

Дзеду нашаму ўсур'ёз.

 

Ён садоўнік, ён рыбак,

На ўсе выдумкі мастак.

Ён і столяр, ён і цесля,

Паважае дзед і песні,

 

А ўжо зробіць дзед Дубняк —

Ён не любіць абы-як —

А ці лапаць, а ці бот —

Не парвеш за сорак год.

 

— Што сказаць мне вам такое,

Як свой распачаць расказ?

Надакучыла былое,

Раскажу я лепш пра вас.

 

Падыміце ўгору чаркі

У святочны гэты час,

Вып'ем мы за гаспадарку,

За багаты наш калгас,

 

За людзей, да працы здатных,

За кабет сваіх выдатных,

За Парасак і за Ганнаў,

За Мікітаў і Сцяпанаў,

За мазоль, за горкі пот,

За стары, а слаўны год.

 

Добрым людзям на здароўе,—

Выцірае дзед вусы,

Вочы поўняцца любоўю

Светлай бацькаўскай красы.

 

— Год мінулы быў прыгожым,

Малайчынам, я б сказаў.

На яго паклёп не ўзводжу,

Хоць і дыхту ён нам даў.

 

Хто не мае солі-поту,

Той працуе не ў ахвоту.

Хто не мае мазаля?

Іх няма у гультая.

 

У калгасе ў нас язык

Не прымаецца ў залік.

Добра ведае народ:

Будзе лепей кожны год.

Самі знаеце, цяпер

Наш калгас міліянер.

 

Да хвалення мы няўмекі,

Але ж нельга і ўтаіць,

Што ў нас поўныя засекі,

Што нам лепей стала жыць.

 

А што вораг на нас брэша,

Ён свой нораў толькі цешыць.

Хай пацешыць свой язык,

Вораг да хлусні прывык.

Не баімся мы іх звону

Ні з Нью-Йорка і ні з Бона.

 

Мы не раз па носе білі,

Неаднойчы гаварылі,

К нам не лезь ні Сэм, ні Вілі,

Каб да смерці не забілі.

 

Знойдзем мы такія цацкі

Для чужых галоў вар'яцкіх,

Каб ніхто не змог ад іх

Пазбіраць касцей сваіх.

 

Не чапай нас, не зачэпім,

А зачэпіш, так улепім,

Так намылім мы бакі —

Не залечыш за вякі.

 

Сёння радасна на сэрцы.

Колькі планаў, смелых мар!

Дзьме эпохі свежы вецер

Нам, будаўнікам, у твар.

Мы сабе будуем, ладзім,

I сады ў пустынях садзім,

Сеем поле, косім, жнём,

К мэце ленінскай ідзём.

 

Нашы планы, нашы мэты

Сонцам Леніна сагрэты.

Сэрцы поўныя надзей.

Зробім шчасце для людзей.

 

Хай красуе мір на свеце

Назаўсёды, на вякі,

Хай растуць, смяюцца дзеці

I не знаюць слёз жанкі!

 

Шчасця ўсім я вам жадаю,

I мужчынам, і жанкам,

З Новым годам вас вітаю,

Хай жывецца добра вам!

 

*

 

Аж да раніцы у клубе

Пелі скрыпкі, гралі трубы:

Навагодні светлы час

Адзначаў увесь калгас.

 

Тут і дзед Міхед Дубняк

Піў пакрыху, еў усмак,

Я таксама за сталом

Быў з Міхедам Дубняком.

 

 


1955?

Тэкст падаецца паводле выдання: Прыгоды дзеда Міхеда: паэма / для сярэд. і ст. шк. узросту. — Менск : Маст. літ., 2011.— 183 с.— (Школьная бібліятэка).