epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Прыеду я вясной да Нёмана пагрэцца..."

Прыеду я вясной да Нёмана пагрэцца,

Па берагах шаўковых пахадзіць.

Я абяцаў з вяскоўцамі сустрэцца,

Мне з імі ёсць пра што пагаварыць.

 

Хоць па мінулым сумаваць не ўмею,

Яно даўно на сэрцы дзесь ляжыць,

А ўсё ж на могілках старых нямею,

З журбой гляджу на зоркі і крыжы.

 

Былое зданню прабягае міма,

Шляхоў мне не знайсці да даўніх дзён.

Гляджу на свет жывымі я вачыма,

Юнацтву землякоў маіх паклон.

 

Іх толькі па бацьках пазнаць гатовы,

Па справах добрых, залатых руках,

Яно жыцця нязломнага аснова,

Яно надзей і нашых мэт размах.

 

Няхай шуміць, красуе маладосцю

Наш кожны новы дзень, наступны час.

Няма чаго былому мне зайздросціць,

Касцёр зары вячэрняй не пагас.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.