epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Раўлі вятры да хрыпаты..."

Раўлі вятры да хрыпаты,

І ўжо тады, калі ахрыплі,

Дык на падсцілцы з лістаты

Прылеглі адпачыць пад ліпы.

 

Ой, нахадзіўся я за дзень,

Пара і мне б ужо прылегчы,

А я блукаю, нібы цень,

Гатовы на начлег пабегчы.

 

Калі ўсё кліча і заве

Мяне, асобу гарадскую,

Прайсціся босым па траве,

Прыпомніць сцежку палявую.

 

Гадам падлік я не вяду,

Хоць іх ужо не мала маю,

Яшчэ ў нязнанае іду

І словы новыя шукаю.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.