epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Схаваны ў прадонні начэй..."

Схаваны ў прадонні начэй

Чароўныя песні і казкі.

Святлей ад жаночых вачэй,

Цяплей і ад рук іх і ласкі.

 

Я рад неспакойнасці дня,

Вячэрняй ціхмянасці сцежкі.

Хіба толькі зорцы раўня

Твая незабыўная ўсмешка.

 

Я знаю, вясне красаваць,

У пышным быць росквіце лету,

Каб постаць тваю параўнаць,

Патрэбна пабачыць паўсвету.

 

Танцуе, спявае зіма,

Яна ў гэты год непаўторна.

Такіх, як твой воблік, няма,

Ён мілы, прывабны, чароўны.

 

А вуснаў крамяных цяпло?

З іх хочацца шчасця напіцца.

Прад казкаю сэрца здало,

Сваіх не ўтрымала пазіцый.

 

Схаваны ў прадонні начэй

І казкі, і песні, і чары.

Святлей ад жаночых вачэй

На свеце, на белым абшары.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.