epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Сказ пра лес

Звініць ручай, ўдаль цячэ,

Каля яго лясок пасецца,—

Замілаванне для вачэй,

Уцеха для душы і сэрца.

 

У зелені і сонцы ён

Шапоча і пяе аб нечым.

Прывабны, казачны здавён

Ён для старых і для малечы.

 

Ён нараджае ў нас спакой

І дорыць радасці багата.

Мы згодны з прымаўкай такой,—

Для чалавека лес — паўхаты.

 

Ад сцюжы бараніў ён нас,

Дзяліўся з намі ўсім па-брацку.

У горкі і нядобры час

Быў цытадэллю ён салдацкай.

 

А колькі жыццяў ён збярог

У фашыстоўскую навалу!

І кожны лес, і кожны лог

Быў партызанскім запявалам.

 

Радзімы гордасць і краса

Усе і пушчы і дубровы.

Я ўсё шукаю аб лясах

Яшчэ не сказаныя словы.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.