epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Словам прамянець

Усё мінае. Смутак, гора

Магчыма воляй адалець.

Гараць да рання, тухнуць зоры,

Вось толькі словам прамянець.

 

Народы нарадзілі мову,

Адшліфавалі, як крышталь.

Яна — ў жыцці людзей аснова,

Яна — і золата, і сталь.

 

Яна і цешыць, і карае,

Гамонку з космасам вядзе,

У дружны калектыў яднае

І творыць радасць для людзей.

 

І ў буднія часы і ў святы

Мы песняй з самых лепшых слоў

Свой праслаўляем век дваццаты,

Жыццю выказваем любоў.

 

Сваім напеўным шчырым словам

Заўжды умеем даражыць.

Пад сцягам Леніна барвовым

Нам працаваць і ў шчасці жыць.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.