epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Снег ляжыць на прасторах балот..."

Снег ляжыць на прасторах балот,

Вораг бомбы нядаўна тут скінуў.

Выгарае тарфяны ўвесь спод

Пакрысе аж да самае гліны.

 

Над Палессем гушкаецца дым.

Тлее торф.

Выгараюць балоты.

Патушыць іх няможна нічым,

Гумус чорны пайшоў на згіноту.

 

Нам прыстанкам абшар быў балот,

Памагаў нам з чужынцамі біцца.

...Праз тарфянік закрыты праход,

Можна ў самае пекла ўваліцца.

 

Гэта столькі загіне дабра

На вайне той,

Народам праклятай,

Каб агонь не пайшоў па барах,

Мы канавы капаем лапатай.

 

Як мы можам, дык так беражом

І свой край,

здабытае шчасце.

Мы ваюем са смерцю, з агнём,

З фашыстоўскаю чорнай напасцю.

 

На сваёй мы зямлі не далі

Жыць фашысцкім бандытам паганым.

К Перамозе народ прывялі

Мы пад сцягам сваім палымяным.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.