epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Стаю адзін на Лысай я гары..."

Стаю адзін на Лысай я гары,

Спаласаванай месяцам і змрокам.

Відны здалёк Заслаўскія муры,

Акружаныя хвойнікам высокім.

 

Адсюль брыдуць хмызы да Налібок,

У пушчу сходзяцца, нібы на веча,

Адсвяткаваць зубрыны рык і крок,

Што панавалі ў зараслях спрадвечна.

 

Яшчэ да раніцы не блізкі час.

Душу палоняць даўнія ўспаміны.

Яшчэ агонь кастроў іх не пагас,

Ён след на ўсё жыццё ўва мне пакінуў.

 

Стралялі ў неба смольныя карчы,

Каб туманы сагнаць з гары ў балота.

Палалі часта вогнішчы ўначы,

Сігналамі служылі самалётам.

 

Чакалі іх з маскоўскіх мы нябёс

Са скрынкамі і куль, і аўтаматаў,

Каб ад фашыстаў бараніць свой лёс

І множыць армію лясных салдатаў.

 

Пасеклі ворагі стары сасняк,

Ператварылі лес у мёртвы прысак...

Ізноў шуміць, гамоніць тут хмызняк,

А ўсё гару мы называем Лысай.

 

Лясны мы ашчаджаем свой куток,

ён помнік сэрцу дарагі і блізкі.

Ён мост перахадны да Налібок,

Дыван зялёны на парозе Мінска.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.