epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Што лічыць мне абавязкам..."

Што лічыць мне абавязкам,

Як мне апісаць прамень,

Называць былое казкай

І легендай новы дзень?

 

Я на выдумкі не гожы,

Слоў і рэчаў не ўладар,

Ненадзейных бездарожжаў

Бездарожны гаспадар.

 

Нельга жартам перабіцца,

Нельга з праўдай ваяваць.

Будзем працай ганарыцца,

Дзень наступны сустракаць.

 

Звонкай песняй славіць будзем

Добрых поспехаў прыход,

Плён штодзённы нашых будзен,

Сонца захад і усход.

 

Нам з надзеямі заўсёды

Толькі к радасці ісці,

Мы з надзеямі ў паходах,

Мы з надзеямі ў пуці.

 

Дружнай выйшлі мы паходкай

Штурмаваць вялікі шлях.

План дзесятай пяцігодкі

Наша мэта і наш сцяг.

 

Клічуць сцежкі, калі ласка,

Іх красы не забываць,

Пагасціць у новых казках,

У легендах пабываць.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.