epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Сухое палена ў кастры..."

Сухое палена ў кастры

Гарэць памагае сырому.

Мне быў у зялёным бары

Будан палавінаю дома.

 

Пра ўтульнасць не марыў тады,

Абы была нейкая схова

Ад ветру, асенняй вады,

Ад спёкі і сцюжы суровай.

 

У змрок каламутнай начы

Агеньчык разводзілі ўмела,

Шчапалі на дрэўку карчы,

Каб меней цяпельца дымела.

 

Гатовы цяпер да драбніц

Прыпомніць паходы былыя,

Жывую вадзіцу крыніц

І нашыя песні лясныя.

 

Я ведаю сам па сабе,

Што страх мне не засціў дарогі,

А ў нашай святой барацьбе

Былі хваляванні й трывогі.

 

Пашану заўжды аддаю

Нязломнай упартасці волі.

Той быў неадольны ў баю,

Хто страхі ў сабе ўсе адолеў.

 

Сухое палена ў кастры

Гарэць памагае сырому.

Так памяць мяне па бары

Праводзіць сцяжынкай вядомай.


1977?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.