epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Сум па сябрах

Прыгадваю часы былыя,

Асенні збродлівы туман,

Шляхі нябачныя лясныя

І партызанскі свой будан.

 

Хадзіць не трэба мне далёка

У тыя грозныя гады.

Цяпер вылазяць часта бокам

І буданы, і халады.

 

Тады жылі адной мы верай:

Разбіць фашызм. Перамагчы!

Што нас ніякая халера

Ні днём не возьме, ні ўначы.

 

Але штогод наш круг вузее,

Больш развітанняў, чым сустрэч,

Старэем, пакрысе старэем,

А смерці не ржавее меч.

 

Зрабіць нічога мы не здольны,

Не ўмеем жыць, каб не старэць.

Закон зямны для ўсіх няўмольны,

Дзе ёсць жыццё, дык там і смерць.

 

Не стрэну больш ужо ніколі

Я многіх баявых сяброў,

З якімі за жыццё, за долю

Сваю не шкадавалі кроў.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.