epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Шумяць бярозы каля хаты..."

Шумяць бярозы каля хаты.

Хляўчук паскрыпвае стары.

Паўночны вецер зухаваты

Раве і стогне на двары.

 

А ўжо як вырвецца з-пад плоту,

Бяжыць, нібыта на пажар,

Шалёную сагнаць ахвоту

У рыжы палявы абшар.

 

Тады то плача, то рагоча,

Свае накручвае віры.

Зямлю, здаецца, скасабочыць

І пераверне дагары.

 

На полі нарабіўшы глуму,

Узняўшы вэрхал да нябёс,

Ён з лютым гіканнем і шумам

Пясок на гарады панёс.

 

Такія ў нас вятры ў стагоддзе,

Калі цямнее раптам днём,

Каб вецер гэтак мог нашкодзіць,

Каб стрэхі і слупы — на злом.

 

Але залопала па вокнах,

І вецер сціх, як не бываў.

Аднекуль з захаду, здалёку,

Пад вечар ён дажджу нагнаў.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.