epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Святкуюць развітанне з летам..."

Святкуюць развітанне з летам

Лугі, палеткі і лясы.

Прырода поўна самацветаў,

Жывой нявыказнай красы.

 

Я аддаю сябе ва ўладу

Замілавання, светлых мар,

Не вельмі добрую прынаду

З адных надзей і позніх мар.

 

Яшчэ турбуе захапленне,

Агонь здзіўлення не пагас.

Гатоў стаяць я на каленях

Перад табой, вясенні час.

 

І здзіўляцца, і здзіўляцца,

Што час душу не ўкрыў жарствой,

І захапляцца, захапляцца

Зямным нязгасным хараством.

 

Люблю з маленства я світанні,

Снапкі праменняў залатых.

І — бласлаўляю я жаданні,

Забыўшы пра нязбыўнасць іх.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.