epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Табе роўнай няма

Дзе знайсці чарадзейныя словы,

Ці падслухаць у ніў ці ў дубровы,

Каб падзяку з іх шчырую скласці

Роднай партыі — маці любімай —

За вялікую долю і шчасце.

 

Дзе знайсці незвычайныя словы,

Каб яны сталі слаўнай асновай

Для сардэчнай і радаснай песні

Аб табе, наша партыя-маці,

Яснай праўды і шчасця прадвеснік.

 

Ад тваёй цеплыні і ад ласкі

Сталі явай легенды і казкі,

Ад тваёй мудрай волі і сілы,

Наша добрая партыя-маці,

За плячыма ў нас выраслі крылы.

 

Табе роўнай няма ў цэлым свеце,

Ты, як сонца, і грэеш, і свеціш,

І наперад вядзеш у паходы

Да вялікай зары чалавецтва

За сабою рэспублік народы.

 

Ты і сіла, і мужнасць народа,

Ты адвага яго і свабода,

І сумленне, і гонар дзяржавы.

Дык няхай жыве партыя-маці,

Ей і нашая песня і слава!


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.