epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Таго, што страціў, не шукаю..."

Таго, што страціў, не шукаю.

Ну, дзе я маладосць знайду?

Яшчэ ў дарозе пагубляю

І тое, з чым у свет іду.

 

Назад не ўмею я вяртацца,

Няма ў жыцці дарог назад.

Не варта марна спадзявацца,

Што стане маем лістапад.

 

Хоць як ты хочаш ці не хочаш,

Цяжэй знайсці, чым парашыць.

Кусок адрэзаны не сточыш,

Пялёсткі кветцы не прышыць.

 

Закон жыццёвай раўнавагі

Нясём на ўласных мы руках.

Я не шукаю перавагі

Ні ў сталых, ні ў юначых днях.

 

Усе яны сатканы з казак,

З вясёлых песень і надзей,

Не могуць адналькова ўразіць

Старых і маладых людзей.

 

Яны, як момант, непаўторны,

Імгненне, ўспышкі аганёк.

У кожным дні свая чароўнасць,

Наперад незваротны крок.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.