epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Толькі часам смутак агартае..."

Толькі часам смутак агартае,

Як пабачу стоптанае жыта,

Што жыццё гадоў мне не вяртае,

Што не так, як марыў я, пражыта.

 

Ды па гэтым смутку жыць магчыма,

Я не злосны, я і не тужлівы.

Ды не ўсё прапала шэрым дымам,

І сяўба была, было і жніва.

 

Час паклаў свае сляды на твары,

Страціў выгляд свой, свае абрысы,

Стаў я, як сяло пасля пажару,

І сівы, маршчыністы і лысы.

 

Пакарэжыў час мяне страшэнна,

Каб пазнаць, дык трэба прыглядзецца.

Як жа можа гэтакія змены

Вытрымаць паношанае сэрца!

 

Можа, качка недзе убрыкнула?

Пасяджу тады я каля хаты.

Быў жа некалі і я ў мінулым

На красу вясеннюю багаты.

 

Што ж паробіш. Смутак агартае,

Як пабачу стоптанае жыта.

Час гадоў мінулых не вяртае,

Бо яны даўно табой пражыты.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.