epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

У час пахмуры

У час пахмуры, час круты

Не ашчаджаў расчараванні,

Яны апалі, як лісты

З таполь асенніх

На світанні.

 

Іх вецер пагушкаў крыху

І між бярэзінак і ліпаў

На шэрым выцвілым імху

Зямлі за подсцілку рассыпаў.

 

Хіба магчыма прыгадаць

Былых расчараванняў цені?

Па іх мне грэшна сумаваць,

Другія выраслі імкненні.

 

Не ім жа ўвекавечваць час,

Пражыты некалі табою.

Ніякіх не люблю прыкрас

І выхваленняў после бою.

Яшчэ ў нязморанай душы

Шумяць надзеі і жаданні.

Таму не буду варушыць

Мінулых дзён расчараванні.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.