epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Упэўнена жаданням веру..."

Упэўнена жаданням веру,

Пад гоман маладых хваін

Шырока адчыняю дзверы

У свет і казак, і былін.

 

Сабралася ў душы іх многа

За пройдзены жыццёвы шлях

Аб святах сэрца, аб трывогах,

Аб баявых, працоўных днях,

 

Аб даўніх і забытых сцежках,

Аб марах добрых і жальбе,

Аб светлых сонечных усмешках,

Якія носім мы ў сабе.

 

Аб шчасці жыць на белым свеце

І праслаўляць працоўны шлях,

Высока несці па планеце

Радзімы непагасны сцяг.

 

Я знаю, збудуцца надзеі,

Жыву я імі, веру ім.

Расту я з імі, маладзею

Пад сінім небам веснавым.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.