epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Усё змяняецца на свеце..."

Усё змяняецца на свеце,

Дзе быў хмызняк, там лес парос.

І я нядаўна жыў у леце,

Ды ў восень перакінуў лёс.

 

Зара вячэрняя патухла,

Паблекла неба сінізна,

Лісцё на дрэвах трохі зжухла,

І пачарнела цаліна.

 

Прыціх у лесе птушак гоман.

Збірае вецер статкі хмар,

І лішкі хваль злівае Нёман

На свой прырэчанскі абшар.

 

Б’е рэзка ў вочы клін азімы

Нязвыклай зеленню сваёй.

Схавалася ў туманным дыме

І сонца за лясной сцяной.

 

Грыбамі пахне і цыбуляй

У вёсцы вуліца і лес.

Вятры паўночныя падзьмулі,

І холад пад страху палез.

 

Як пойдзе баль спраўляць завея,

Уздыме ледзяны свой звон,

Дык снегу сыпкага навее

Да самых стрэх і да акон.

 

Зноў будуць і вясна і лета,

Іх зменяць восень і зіма.

Майго ж юнацтва песня спета,

Звароту ў маладосць няма.

 

Ну што ж. Я мары і надзеі

У кайстру сталасці згружу.

Зямля вясною маладзее,

Яе красой я даражу.


1977?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.