epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Вялікай меркай дабраты.."

Вялікай меркай дабраты

Мы вымяраем не заўсёды

Свае працоўныя франты,

Свае жыццёвыя паходы.

 

Хацеў бы я, каб на зямлі

Было па-чалавечы ціха,

Каб шчасце з радасцю жылі

І непрабудна спала ліха.

 

А ўсё да гэтага ідзе,

Яно на свеце гэтак будзе,

Калі спрадвечнай злыбядзе

Учыняць бой сапраўдны людзі.

 

Здараецца ж, што нас яшчэ

Цікуюць спадцішка заганы,

Што крыўда сэрца нам пячэ,

Няпраўда сыпле соль на раны.

 

Што праўдзе трэба пэўны час,

Што ёй набрацца трэба духу,

Каб і на смех, і напаказ

Няпраўду выцягнуць за вуха.

 

Што часам многа валтузні,

Не ўсё разведаеш адразу,

Пакуль папаліш у агні

Паклёп і іншую заразу.

 

Вялікай меркай дабраты

Павінны вымяраць заўсёды

Свае працоўныя франты

І неўміручай праўды ўсходы.


1977?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.