epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"З кудлатых хмар, нібыта з прасніц..."

З кудлатых хмар, нібыта з прасніц,

Свае праў ніткі цёплы дождж.

Хацелася, калі праясніць,

Пабегчы лугам басанож.

 

А то ж, нібы ў гаршку варыла,

Гарэла сонца тыдні два.

Цяпер ад вільгаці дыміла

Удзячнай парай мурава.

 

Уся зямля пахарашэла,

Здаецца, й спёкі не было.

Усё па-весняму запела,

Усё нанова зацвіло.

 

На жытнім полі знікла стома.

Ай, спорны дождж, яшчэ падсып.

Яшчэ не зжухлая салома,

Трымае моцна каласы.

 

Між хмар нячутны гром праехаў,

Пакрыўдзіць хмары ён не мог,

Завуркатаў зялёным рэхам,

Спачыць на воблаках прылёг.

 

Абмытае і маладое,

З-за парадзелых цёплых хмар

Зірнула сонца. Пад дугою

Вясёлкі цвіў зямны абшар.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.