epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"За акном зіма і сцюжа..."

За акном зіма і сцюжа,

Ёй пара прыйшла шумець.

Мне з табой прыемна дужа

Нават побач пасядзець.

 

Памаўчаць, не кратаць словы

І памарыць, пагадаць,

На сардэчнай тайнай мове

Пра пачуцці пачытаць.

 

Сноў мінулых не трывожыць,

Не паліць касцёр стары,

Паблукаць у марах, можа,

Па жыццёвым гушчары.

 

Што гаворка, што гаворка?

А ці варт куды спяшыць?!.

Ад гаворкі часта горка

І на сэрцы, і душы.

 

Хай палеткі і дубровы

Нагаворацца за нас

На сваёй цудоўнай мове

Пра вясны прыгожы час.

 

Пасядзелі, памаўчалі,

А навошта галасы!

У маўчанні мы спазналі

Шмат і шчасця, і красы.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.