epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Заслаўскія доты

Пакуты травой зараслі.

Жывуць яны толькі ў вачах,

У дотах на роднай зямлі,

У словах старых і шляхах.

 

Хто зведаў ваенны цяжар,

Ля дотаў на Лысай гары

Абпальвае полымя твар

Яшчэ аж да гэтай пары.

 

Пакрытыя мохам-травой,

Здалёку яны не відны.

Над імі хваіны з журбой

Прыгадваюць грукат вайны.

 

Цяпер непатрэбны яны

Ні людзям, ні звонкім барам.

Пра дні крыважэрнай вайны

Бетон той нагадвае нам.

 

Мінулі часіны віхур,

І гільзы зжавала іржа.

Паблізу былых амбразур

Прабітыя каскі ляжаць.

 

У хіжым варожым кальцы,

Забыўшы пра харч і пра сон,

Насмерць тут стаялі байцы,

Але не здаліся ў палон.

 

Мы сёння ў святочныя дні

Згадалі пра мужнасць застаў.

З такой у нас сэрцы брані,

З якое Кастрычнік скаваў.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.