epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Здаецца, не было ніколі..."

Здаецца, не было ніколі

Ні тых дарог і ні тых дзён

З шырокім неабдымным полем,

З гамонкай елак і сасён.

 

І гэтых каляін глыбокіх,

І гэтых спаленых мастоў,

І чортавых на багне вокан,

Бяздымных у туман кастроў,

 

І незвычайнай асцярогі

Не для таго, каб мець прывал,

І не з-за страху і трывогі,

Каб біць чужынца напавал.

 

Выразна бачу з-за развілкі

І мост жалезны на Пцічы,

І, можа, даўнія памылкі,

І нашы выбухі ўначы.

 

Счынае сэрца моцна біцца,

Балюча памяць ажыла,

І кроў людская — не вадзіца,

Што некалі ракой цякла.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.