epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Журавіны

Вакол іх белы-белы мох

І пах бяссонны багавіння.

Выпрошваць не магу трывог

Асеннім днём у павуціння.

 

Прыйшла да нас ва ўсёй красе

Часіна бабінага лета.

Крумкач ля возера пасе

Няспелых журавін палетак.

 

К саням прыладзіць палазы

Даўно мяцеліцы павінны,

Прывезці ж трэба маразы,

Каб спелі журавіны.

 

Без поля жаўруку не жыць,

Без васілька самотна жыту,

Без журавін імху тужыць,

А рэчцы плакаць па ракітах.

 

Адменны журавінны квас,

Незамянімыя з іх лекі,

Яны на слаўным месцы ў нас,

Яны — бальзам лясной аптэкі.

 

Гамоняць з ветрам і шумяць

Над возерам лясным асіны.

Халодным полымем гараць

На белым моху журавіны.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.