epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Жыццёвай радасцю багаты..."

Жыццёвай радасцю багаты,

Адчуўшы волю ўпершыню,

Ішоў па свеце я стракатым

Насустрач сонечнаму дню.

 

Збіраў нястомна ўзоры шчасця,

Хацеў па іх не для забаў

Вялікай прагаю дапасці

Да сэнсу, да жыццёвых спраў.

 

Мяне займалі, хвалявалі,

Ажно з юначых дзён гнялі,

Занатаваныя ў скрыжалях,

Пакуты люду на зямлі.

 

Яго няўрымслівасць, шуканні

Спрадвечнай долі і красы,

З нядобрым лютае змаганне,

Надзей высокіх галасы.

 

І ў пошуках надзей нязгасных

Пачуццям часта давяраў,

А спрэчным мэтам і няясным

Я наваселля не спраўляў.

 

Праз боль пакут і ўсе трывогі,

Праз пекла, праз агонь баёў

Да запаветнай перамогі

Радзіму нашу Ленін вёў.

 

Прайшлі мы ўсе выпрабаванні,

Народ абараніў свой лёс.

Свабоду, шчасця панаванне

Кастрычнік на зямлю прынёс.


1977?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.