epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Зжынаў хмурынкі ў небе невысокім..."

Зжынаў хмурынкі ў небе невысокім

Маладзіка сярэбраны сярпок.

Самотна зорка трапятала ў змроку,

Спыніўшы каля месяца свой крок.

 

Яны ўдваіх у бездані віселі,

Нібыта неба вымерла за дзень.

А на зямлі вясенняе вяселле

Прыйшоў прадмайскі вечар паглядзець.

 

Яшчэ ні на бярозах, ні на клёнах

Ні лісцейка, ні завязі на цвет.

Дажджы зямлю не вымылі ад стомы.

Яшчэ ў лясах зімы халодны след.

 

Хоць голадна і холадна на нівах,

І дрэмлюць па начах яшчэ бары,

З далёкіх выраяў у край шчаслівы

Крылатыя спяшаюць жыхары.

 

Надыдзе час. На неба выйдуць зоры,

Іх гэтак будзе многа, як зярнят,

І стане ўся зямля зялёным морам,

І зацвіце яна, як майскі сад.

 

Самотна ў небе зорка дагарае,

Упаў за лес маладзіка сярпок.

Жаўрук на крыльцах пругкіх уздымае

Пад раніцу над полем свой званок.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.