epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Бароўскі

Расстрэл

Рыгор Каробка ўбіўся ў аўтобус перадапошні.

Ледзьве ўцягнуў за сабою цяжкі, ледзьве рукі не паабрываўшы, чамадан. Зачапіў нейкую візглівую, у жоўтым капелюху, цётку, і яна закрычала на ўвесь аўтобус, хоць вушы затыкай:

- Куды ты прэш, калхознік? Касцюм мне запэцкаў! Жыцця ад вас няма гарадскому чалавеку.

- Даруйце, я незнарок... - паспрабаваў слаба апраўдацца Рыгор, але цётка не сунімалася, лямантавала, здавалася. Яшчэ грамчэй і агрэсіўней.

Ён стаяў на адной назе, а другую не ведаў, куды і ўплішчыць, - скрозь людскія чаравікі, туфлі, басаножкі нагі не прасунеш зноў жа - бомаі каго кранеш, дык бяды не абярэшся...

Духата, здавалася, распірала аўтобус: людзі млелі ад гарачыні і злаваліся на ўсё. І на ўсіх.

Нехта некаму замінаў, хтосьці агрызаўся, пасылаў куды-некуды...

Чулася звычайнае:

- На таксі дабіралася б! Барыня мне тут знайшлася!

- Сам на таксі едзь...

- Пехатой дабірайцеся, калі цесна!..

- Як селядцоў у бочцы набілася, - начальства, мусіць, так не ездзіць - у іх свае членавозы...

Каробка маўчаў. Яму не прывыкаць да жыццёвых выбрыкаў. Хіба ж яму звяртаць увагу на такую драбязу, як цясноцце? Пэўна ж, гэтым крыклівым і незадаволеным людзям добра і лёгка жылося, раз так востра рэагуюць на дарожную неўладкаванасць. Гэта ж не гадзіны ехаць, як яму прыйшлося, а ўсяго колькі прыпынкаў - зайшоў і выйшаў, - і памінай, як звалі, і не ўведаеш, як зваць-велічаць дзябёлую суседку, што ўціснулася ў яго бок поўнымі гарачымі грудзьмі, ці хлапца, што ўпёрся галавой у раскрыты люк...

Аўтобус спыняўся, раскрываў з рыпеннем свае пашчы, адрыгваў жывыя порцыі пасажыраў, - а замест іх набівалася, здавалася, яшчэ больш, але Каробка ўжо стаяў на дзвюх нагах, а чамадан засунуў у куток, сам жа заняў ужо зручную пазіцыю - яго цяпер і бульдозерам з месца не зрушыш. Падставіў твар да акенца, дыхнуў вальней - на ўсе грудзі, сустрэчны вецер крануўся прыемна твару.

Раней, калі ён без папярэджання аднойчы падаўся да сына і сеў вось так у аўтобус, што ехаў да вуліцы Каліноўскага, раз-пораз пытаўся ў людзей, ці хутка будзе патрэбная яму вуліца. Аўтобус тады, падалося яму, поўз цэлую гадзіну, а жаданага прыпынку ўсё не было, і не было...

- Вы, папаша, не волнуйтесь, - супакоіў яго тады каржакаваты барадач, - вас автобус довезет до самого конца - там и сойдете...

І сапраўды - праз колькі прыпынкаў вадзіцель і аб'явіў канечны прыпынак.

Цяпер жа Каробка не хваляваўся, ведаў, што ехаць яшчэ доўга, аж пакуль не павернуць управа, дзе будзе высокі дом з адмысловымі балконамі - яны найбольш чамусьці і запомніліся яму, а пасля ўжо заставалася ўсяго два прыпынкі.

Дзесьці на сярэдзіне шляху, калі перагружаны людзьмі аўтобус зноў спыніўся і выпусціў пасажыраў на сваіх прыпынках, то зайшло ўжо столькі народу, што ўціснулі-прыціснулі Рыгора да сцяны так, што хоць крычы. Ён напруціўся, упёрся ў бакавіну салона, адпіхнуў ад сябе пакрысе суседзяў, - стаў паўбокам да іх.

І тут вочы ў вочы сустрэўся поглядам з чалавекам, які разглядваў яго ва ўпор: насцярожана і зацікаўлена. Ад таго пранізлівага позірку ў Рыгора прабеглі па спіне дрыжыкі, і стала адразу холадна - акурат як тады, у тое спякотнае лета...

«Ты?!» - пыталіся вочы, што ўперыліся ў яго.

«Я, Віталь, хіба ж не пазнаў?..»

«Чаму ж не пазнаў? Пазнаў...»

«Цябе-то я, мусіць, і на тым свеце пазнаю...»

«Пастарэлі мы, аднак, з табою...»

«Праўду кажаш, не маладзёнкі ўжо, час нікога не мілуе...»

Што перад ім быў Віталь Чаркашын, унук бабы Палівіхі, сумневу ў Рыгора не было - ніжняя губа рассечаная яшчэ ў дзяцінстве: у хованкі гулялі ноччу і Віталь напароўся на калючы дрот і разарваў сабе рот... Ды і без тае меткі можна было яго прызнаць - нічым не змяніўся, амаль і не пастарэў, хіба валасы выбеліў час ды рэдкімі сталі зубы, пажаўцелі ад курава. А вочы так і засталіся хітрымі і хцівымі, позірк так і пранізваў навылёт...

«Дык Што, мо абдымемся па-зямляцку, павітаемся?..»

«З д'яблам табе абдымацца, а не са мною, - зямляк мне знайшоўся, - Рыгору ўжо рабілася не па сабе, нават заблажыла, цененька зазвінела ўвушшу, перасохла ў горле. - Не, нас не Бог звёў на жыццёвай сцяжыне, няйначай, д'ябал...»

Аўтобус спыніўся каля кінатэатра.

Піснулі праціўна дзверы, расчыніліся са скрыгатам і енкам, і людская хваля выплеснулася на ўгрэты сонцам асфальт, а разам з усімі і выпхнуўся і ён, Віталь - як і пажадаў таго Каробка: «Каб ты згінуў з маіх вачэй, ірад!..»

Людзей заходзіла ўжо меней, і ён азірнуўся ў задняе шкло.

Віталь стаяў на прыпынку і глядзеў услед. Каробку падалося, што быў ён нейкі разгублены, быццам адчуваў сябе перад Рыгорам вінавата і няёмка. А мо яму, Рыгору. Так толькі падалося...

За пяць хвілінаў, што ехалі, упёршыся грудзі ў грудзі, яны не прамовілі ўголас ніводнага слова. Яны размаўлялі мовай маўчання. Бо яны ўмелі чытаць думкі і пытанні па выразе твару, па выглядзе вачэй...

Адчуў, як пад мокрай кашуляй захвалявалася запознена сэрца - боль пачаў разрастацца ўсё больш і больш.

Ледзь заўважна падрыгвалі рукі. У вачах стаяў шэры туман, - і ён ужо не бачыў перад сабою людзей, не чуў іх галасы. Воклічы, смех...

 

Калі зайшоў у кватэру да сына - ён, на шчасце, аказаўся дома, нявестка была на працы, - хуценька дастаў з чамадана трохлітровы слоік самагонкі. Дрыжачымі рукамі адліў у кварту, а пасля наліў сабе амаль поўную шклянку. Нічога не сказаўшы, выпіў адным махам, адным глытком. Выдыхнуў з сябе паветра, выцер рукавом губы.

- Ты што, бацька. Што з табой? - устрывожыўся сын, убачыўшы такім, непадобным на самога сябе, бацьку. - Блага табе?

- Нічога, Коля, нічога. То я за смерць сваю выпіў.

Сын здзіўлена паглядзеў на бацьку, скінуў з сябе кашулю - даймала духата..

- Як гэта - за смерць Не палохай, бацька... Мо «хуткую» выклікаць?

- Я не палохаю, сын, - бацька ўжо хрумстаў, закусваў агурком, ужо лагодна ўсміхаўся - узрушанасць пакрысе адступала. - Смерць мяне сорак гадоў назад шукала... Абмінула. А цяпер, сын, давай па кроплі за сустрэчу. І налі ў тыя, маленькія, крышталёвыя шкалікі, што мы з маткаю вам падарылі. За сустрэчу, Коля, вып'ем...

Мікола выканаў бацькаву просьбу...

 

Радавы Рыгор Каробка на вайну папаў з першых дзён. Правільней будзе сказаць - адразу, як прызвалі ў ваенкамаце. Акурат яго ўзрост падыходзіў тады - увосень спаўнялася васемнаццаць...

Ноч... Буйныя, як перспелыя жоўтыя слівы, зоркі ў небе.

Вялікая Мядзьведзіца схілілася над возерам - чэрпала з яго ваду.

Узвод укапаўся ў зямлю, зашыўся ў яе як дазваляў роста байца. Пахла жывіцай - за спіной раскашоўваўся густы сасоннік, палыном і чарнобылем схіл гары спрэс зарос разнатраўем.

Хіліла ў сон. За дзень нагрэты пясок утрымліваў у сабе цеплыню і ўганяў у дрымоту.

- Паспі, Рыгор, не клюй носам, - гаворыць радавы Хвайніцкі, з якім паспеў пасябраваць. Хлопец быў з-пад Віцебска. Вясковы, дужы малец, як называюць хлопцаў на Віцебшчыне, які не раз браў на сябе важэйшую ношку, старэй быў на гадоў сем.

- А раптам папаўзуць, - сонна абзываецца хлопец, і прапанова сбра яшчэ больш дрымотліва дзейнічае на яго.

- Ну і што з таго? - даносіцца з цемры затоены шэпт. - Заўважым. Адбівацца ёсць чым... Не першы раз... Спі...

Ціха. Дзесьці ўнізе, ля возера, цвіркочуць конікі. Уздыхнуў цёплы вецер і пошумна прайшоўся па вершалінах сасонніку, пагладзіў даверлівым дотыкам-хваляй твары байцоў.

На Рыгора адразу ж найшла супакоенасць і млявасць: ён праваліўся ў сон і апынуўся ў сябе дома - у роднай хаце. Сярод бацькоў. Малодшая, Волечка, якую бацькі знайшлі апошняй у сям'і, за пяць год перад вайной, весела кінулася яму на рукі, закрычала радасна:

- Лыголка плыехаў! Лыголка плыехаў!..

Яна ўсё яшчэ ніяк не магла навучыцца выгаворваць літару «р».

Маці пацалавала, бацька абняў, прытуліў да сябе, павёў да стала. Ён сабраў, аказваецца, усю сям'ю, суседзяў, каб пахваліцца сынам, яго пабыўкай, каб распытаць у яго пра вайну...

- Колькі ж ты, сын, танкаў падбіў? Пахваліся, Рыгорка!

- Гэтым не хваляцца, бацька, падбіваў - і не раз.

- Танкі! Гаперадзе танкі!..

Рыгор не зразумеў, хто крычаў. Толькі бацька раптоўна знік, як і ўсе людзі, і ён быў ужо не ў сва.й хаце, а дзе - уцяміць не мог.

- Рыгор! Рыгор, прачніся, тваю маць! - крычаў ужо, што было сілы, сябар, катурхнуў моцна за плячо, трывожна гледзячы наперад - у шэрае мроіва.

Каробка тут жа ўскочыў з месца, працёр кулакамі вочы, перапытаў устрывожана:

- Дзе яны, Пятрусь?

- Ды вунь яны - справа ядры іх качалку, - паўзуць ад возера. Фары не ўключаюць, пруць, гады, напрамкі.

А вочы яшчэ нічога не бачуць - наперадзе суцэльная шэрань, і нічога выдзеліць немагчыма. Але вочы пакрысе прывыкаюць, робяцца пільнымі, і ён ужо бачыць чорныя пачвары, што сунуцца павольна ў іх бок.

- Цяпер, Пецька, бачу. Як жукі гнойныя паўзуць. Я гатоў, Пецька!

Камандзір узвода - лейтэнант Стальмахоў - з'явіўся над імі нечакана, запытаўся строга, ці ведаюць абстаноўку - вораг наперадзе.

- Мы напагатове, таварыш лейтэнант, - адказаў Пятро, - не першы раз мы з Карабком вось так перад танкамі...

- На вас, хлопцы, уся надзея, - ужо лагодней прамовіў камандзір, шмаргануўшы носам - прастудзіўся. - Тут яны і будуць перці. Гармата паможа, але і вы ня зявайце...

- Пастараемся.

- Тады - з Богам!

Дзіма Стэльмахоў - чалавек веруючы. Але ён не выстаўляў сваю веру напаказ, нават хаваўся ад старонняга вока. Аднаго разу Рыгор прыкмеціў, як лейтэнант маліўся, цалуючы крыжык, што вісеў на шыі. І зрэдзь у яго размове вырывалася «Бог паможа», «з Божай помаччу»... У хлопца васільковыя вочы, светлыя, колеру спелай пшаніцы, валасы, ціхі, нават і не камандзірскі голас. Але не голасам браў, а кемлівасцю і дабрынёй. Амаль аднагодак быў Рыгору, усяго на год-два старэйшы, а прызнавалі ў ім байца і камандзіра, і - клапатлівага бацьку.

- На Бога спа... - хацеў сказаць Рыгор, але тут жа наперадзе, у кроках дваццаці, разарваўся першы снарад, што даслаў фашысці танк - і на байцоў пасыпалася з карнявішчамі зямля, бадылле, розная труха...

Сябры адразу ж упалі на дно акопа.

Камандзір узвода паімчаў на баявую пазіцыю, прадчуваючы, што бой будзе цяжкі, кровапралітны. Для некага і апошні. Можа, нават і для яго...

Потым снарад разарваўся позаду, сыпануўшы добра зноў на іх жвіру і камення. Але хлопцы на гэты раз не адрывалі позірку ад «тыграў», што павольна сунуліся на іх - трымалі на прыцэле, але агню не адкрывалі, чакалі, калі прыпаўзуць яшчэ бліжэй..

Гахнула са свайго сховішча саракапятка - і першы танк ахапіла полымя. Затахкаў кулямёт. Зноў наперадзе разаоваўся снарад - ужо бліжэй да бруствера: аж падкінула да зямлі проціватанкавае ружжо, што ўчэпіста трымаў у сваіх руках Рыгор.

- Цэлы, Пятрусь?

- Цэлы будзем, не загінем... - агрызнуўся ваяўніча сябар, не адрываў позірку ад сполахаў у цемры. - Трымайся, Рягор, цяпер пачынаецца вялікая-вялікая работа... І рабіць нам яе - не перарабіць...

Наперадзе, перад самым брустверам, успоўз перадам на ўзгорак «тыгр», і Рыгор без прамаруджвання націснуў спускавы кручок. Моцна і балюча тарганула ў плячо, руля з пашыраным канцом выплюнула агонь, - і праз момант танк з перабітай гусеніцай закруціўся на месцы.

Калі ж ён павярнуўся бокам, то ўзяў на мушку паліўны бак, - зноў стрэліў. І тады «тыгр» успыхнуў полымем...

- Малаток, Рыгор, так іх, гітлера маць...

Чорныя воблакі бою ўздымаліся ў чорную ноч, хаваючы зоркі і ўсё наваколле.

У тым месцы, адкуль біла саракапятка, узнікла вялізная ўспышка агню - прамым пападаннем гармата была выведзена са строю.

Пятрусь бачыў у цемры «свае» жывыя мішэні, і дасылў у той бок, прыцэльна, трасіркі. З падбітага танка беглі немчукі назад, і іх даганялі кулі, - у такія мішэні не папасці было проста немагчыма... Гэтага не бачыў Рыгор - лавіў «тыграў», слаў на іх смяротны агонь...

Дзве ўжо пачвары, як бы прывязаныя адна да адной, рухаліся ў яго бок. Рыгор прыкмеціў іх адразу - і стрэліў у правы танк, скоранька перазарадзіў зброю, зноў прыжмурыў вока - цэліўся... Белы слуп зямлі раптоўна вырас перад вачыма, да болю сціснула барабанныя перапонкі ў вушшу - і Каробка не вытрымаў болю, закрычаў, абхапіўшы далонямі галаву...

Страху не было. Было толькі нейкае жахлівае прадчуванне ці то канца, ці то пачатку нечага новага, яшчэ не зведанага ў жыцці. Грудзі распіраў адначасна і пякучы боль і роспач. Нарэўна, так і крычыць немаўля, перайшоўшы ў новую стадыю свайго жыцця. Па крыку тады бабка-павітуха і вызначае здароўе нованароджанага...

Рыгор крыкнуў раз, потым другі, і трэці... Мо ён і не крычаў зусім, а толькі пруціўся, мілячыся нарадзіць крык. А хоць бы і крычаў, то яго наўрад ці хто і пачуў бы ў гэтай пякельнай і жудаснай начы...

Ён, здаецца, і сам сябе не чуў. Не пачуў, але ўсё ж адчуў палёгку, - як другое дыханне адкрылася ў ім перад доўгай дыстанцыяй, якую адолець яму прыйдзецца абавязкова.

І тады ж Рыгор зноў апынуўся за бацькоўскім сталом...

Але - во дзіва! - яго ўжо не радавала пабыўка. Ён жа павінен знаходзіцца там, каля возера Белае, быць побач з Петрусём, побач з другімі байцамі, а там жа - вораг... Ну няўжо бацька не разумее, што яму ніяк нельга і на хвілінку затрымлівацца ў хаце? Тады чаго ж ён хавае ўсмешку ў пракураныя вусы? Яму ж, Рыгору, трэба неадкладна туды, да возера, трэба памагаць байцам, лейтэнанту, які верыць у Бога і ў перамогу, быць там, сярод усіх байцоў, каб біць і біць трапнымі стрэламі па пачварах з крыжамі на баку...

І сам не разумеў, чаму ён пакінуў пазіцыю. Уцёк, збаяўся?! Няўжо - уцёк?! Ды быць таго не можа, - ён жа нават і не думаў пра тое, нават і смерць не прымусіла б яго адступіць ад акопа. А цяпер што - трыбунал?! Які сорам, і якую ганьбу ён нажыў сабе...

І таму ён плакаў ад крыўды на самога сябе, караў сябе бязлітасным і жорсткі судом - за здраду і маладушнасць. І не мог прыдумаць сабе аніякага апраўдання.

 

У шпіталі ён апынуўся толькі на трэція суткі...

У палаце было ціха і выразна патыхала ёдам, нашатырным спіртам, нейкімі іншымі лекамі і лякарствамі. Рыгор памацаў ногі, пашавяліў рукамі - цэлыя. Пакруціў галавой - здаецца, болю не адчуў.

Тады ён скінуў з сябе байкавую коўдру і ўбачыў, што ўвесь у бінтах.

І тады ж успомніўся бой, скаланула запозненая думка: «А як там усё скончылася - ля возера? Ці адбілі фашыстаў? А Петрусёк як, ці жывы хоць? А камандзір узвода?..»

Зноў затахкалі кулямёты, зноў далятаў да вушэй суцэльны гул кананады...

Бой для радавога Рыгора Каробкі працягваўся.

 

Камандзір узвода наведаўся праз дзень.

У яго была перабінтаваная галава, і выглядаў ён засяроджаным, стомленым. Рыгор адзначыў, што ў яго высветліліся валасы - быццам той светла-жоўты жвір ля возера назаўсёды пафарбаваў галаву.

- Як там усё, таварыш лейтэнант? - найперш пацікавіўся Рыгор пра галоўнае.

- Адбілі танкі. Дзякуючы табе. Цябе да ордэна Чырвонай Зоркі прадставілі.

- А Пецька як, таварыш лейтэнант? - затоена паглядзеў хлопец на камандзіра: баяўся пачуць страшную вестку.

- Пецька... - лейтэнант глыбока ўздыхнуў. - Няма Пецькі. І радавога Аколава няма, Наргуліева, Майсурадзэ, Падапрыгары таксама няма... Загінулі. Больш як палавіны ўзвода няма. Для нас Бабруйскі кацёл вунь якім нечаканым бокам абярнуўся.

Бяда парадніла іх, яшчэ больш зблізіла. Рыгор адчуў прыхільнасць камандзіра да сябе, яго шкадаванне.

- Змітрок, а як яно далей з намі будзе?

Рыгор усё не асмельваўся перад гэтым назваць камандзіра па імені. А цяпер, рашыў, зручны для гэтага момант.

- Перафарміруемся. Камандванне новыя часці фарміруе. А ты тут адлежвайся, набірайся моцы і сілаў. Як на курорце пабудзеш... Як адпачынак усё роўна. У цябе ранення вялікага няма, кантузіла толькі крыху... Адчуваеш сябе як?

- Лепей ужо... Хадзіць спрабую. Доктар сказаў, што хутка на выпіску. Да хлопцаў хачу - засумаваў.

- Хутка ўбачышся.

- Дзіма... Таварыш лейтэнант, просьба ў мяне ёсць. Асабістая.

- Якая?

- Я ж родам адсюль - мясцовы. Пад Шацілкамі жыву. За паўдня да сваіх дабяруся, хоць на гадзінку да родных наведаюся. Мігам - туды і назад.

Камандзір узвода задумаўся. Хмурыўся, нешта ўзважваў, вырашаў.

- Ладна, Рыгор, дамовімся давай так. Я папрашу камбата, каб даў табе пяць сутак адпачынку. Ты ж заслужыў. Бог бачыць, што заслужыў. Ваяваў ты выдатна, малайчына. Значыць, так... Ты тут папраўляйся, набірайся сілаў, а я праз два дні наведаюся. Загадзя абяцаць нічога не магу, але пастараюся ўсё ўладзіць...

- Дзякую, таварыш лейтэнант!

- То табе дзякуй, Рыгор! За бой дзякую! Што такой махіне фашысцкай даў па зубах.

Зміцер Стэльмахоў паціснуў яму руку, хітануў, абнадзейваючы, галавой. Павярнуўся - і пайшоў да выхаду.

Рыгор паспеў заўважыць, як за парогам, на сонцы, зырка засвяцілася яго галава.

За адну ноч пасівеў камандзір - пастарэў на шмат гадоў... А камандзіры, як вядома, сівеюць рана.

Горыч і шкадаванне ахпілі Рыгора, калі ўспомніў пра Пецьку, пра Майсурадзэ... Запякло ў вачах, зашчымела сэрца, - і ён абшчаперыў рукамі падушку, уткнуўся ў яе галавой...

 

Крочыў, спяшаўся салдат Каробка дадому.

Прайшлі кароткія дажджы, і таму пад нагамі жвір быў цвёрды, цубкі, і па ім ступалася лёгка і ўпэўнена. За спіной у байца - рэчавы мяшэчак. У ім - хлеб, сала, кансервы. Камандзір узвода схадзіў на палкавы склад і выпрасіў у старшыны для яго такі-сякі правіянт, невядома, як там у бацькоў, мо і на зуб пакласці не было чаго...

Мясціны для Рыгора былі амаль знаёмыя, родныя і блізкія сэрцу. Ён не ішоў, а ляцеў на крылах, не адчуваў пад сабою зямлі.

Неўпрыкмет прайшоў поле, за полем угадвалася вёска. Спытаў у дзядка гадоў пад дзевяноста, што сядзеў на прызбе першай хаты, што хавалася пад ліпамі, ці правільна ідзе дадому. Стары хітануў галавою, не звярнуўшы на яго ніякай увагі, рукой няўцямна паказаў некуд уздож вуліцы.

За беразняком пераплыў неглыбокую рачулку. У трыснягах пераседзеў, прыслухоўваючыся да наваколля, - асцерагаўся, бо не ведаў, на якой тэрыторыі знаходзіцца. Бо не сустракаў па дарозе ні нямецкіх войскаў, ні савецкіх.

Было ціха. У лагчыне прытулілася да лесу невядомая вёсачка - адтуль даносіўся брэх сабакі. Праз колькі хвілін там пачуўся стрэл, потым нечы крык...

Далей рашыў прабірацца толькі ноччу, каб не папасці ў лапы фашыстам ці паліцаям. Пераседзеў паўдня ў хмызняках. З'еў акраец хлеба і скрылік сала - астатняга не чапаў, бярог для бацькоў.

Як зноў запаліліся на небе зоркі, рушыў у дарогу. Браўся збоч бальшаку, прадзіраўся скрозь кустоўе паралельна яму, чуйна ўслухоўваючыся ў золкую цішыню. На кані ехаў нейкі дзяцюк - нокаў на каня, але ў яго спытаць пра дарогу не асмельваўся.

У наступную вёску прыйшоў пад поўнач.

Скраёчку яе ўбачыў жанчыну, што шыргала нагамі, усунутымі ў боты з кароткімі халявамі, кіруючыся да сваіх веснікаў, - несла штосьці ў мяшку, закінутым за плячо. Дагнаў, кашлянуў папераджальна, затоена папытаўся:

- Цётачка, а ці далёка яшчэ да Забалацця?

- Дадому ідзеш, галубец?

- На пабыўку, цётачка. На дзянёк, з матуляй толькі пабачыцца.

- Шчаслівы. Маіх гэна дык Гітлер забіў... Сталін паслаў, а ён забіў... А ты дайдзі і пабач сваю матулю. Скора ўжэ. Да раніцы дойдзеш. Асцерагайся толькі, там, у тым боцы, могуць быць і паліцаі. Мюды наязджаюць зрэдку...

- Дзякую вам, цяпер дайду.

- Шчаслівенька табе, сыночак... Дайдзі. Парадуй матулю...

 

Рыгор ціхенька пастукаў у шыбіну. Потым яшчэ. У хаце было ціха - ніхто не зварухнуўся. Не загаралася святло.

Ён прасцярожліва азірнуўся - ці не чуе хто, ці не бачыць яго ў цемры. Зноў пастукаў - ужо грамчэй.

У акне перад сабою - вочы ў вочы - убачыў твар маці. Цьмяна так, але здалося, што яна хапілася далоньмі за шчокі, - пэўна, узрадавалася ці жахнулася ад неспадзеўкі.

Ляснула прыглушана ў сенцах клямка, як бы запрашаючы яго да прачыненых дзвярэй.

Яшчэ раз азірнуўся, прыслухаўся - ці няма падазроных гукаў, і, крадучыся, каб не наступіць на грымотлівае вядро ці чыгун і не нарабіць грукату, падышоў да ганка. Узышоў на яго і ріхнуў злёгку дзверы.

- Сыночак, няўжо ты? - паўшэптам папыталася маці.

Ён не адказаў, у цемры абняў яе, прытуліўся да шчакі, сціснуў лёгенька ў абдымках. Маці, здаецца, заплакала.

- Скуль ты, сынок, прыйшоў, вакол жа немцаў і паліцаяў процьма?

- З фронту, мама. Ад Бабруйска дабіраюся.

- Як жа гэта, сыночак? Цябе ж маглі падпільнаваць гэныя... А ці надоўга?

- Да на дзянёчак усяго - на адзін, мамачка, усяго дзянёчак. Камандзіо адпусціў. Каб паслязаўтра вечарам або не пазней раніцы быў ужо ў часці.

Маці не адрывалася ад яго, як не верыла, што трымала свайго сына, яшчэ мацней абдымала яго, прыціскала да сябе.

Рыгору падалася яна маленькай, слабой. Твару яе не бачыў, ле чуў яе кволае дыханне - дыхала ў грудзі, як сагравала яго, аберагала ад нечага.

- Бацька як - дома?

- Няма бацькі, сыночак. Забілі немцы. З лесу ішоў, з грыбоў, падумалі, што ад партызан...

- А Волечка?

- Яна...

Расчыніліся за спіной дзверы, у твар ударыў зыркі прамень святла ад ліхтарыка.

- Вось ён! Я ж казаў, што ён у гэтую хату прабіраўся. Рукі ўгору, ну-уу!

Рыгор нічога не зразумеў. Загаласіла роспачна маці, ратуючы сына ад бяды. Калі б ён і паспрабаваў бы хутка зняць з пляча вінтоўку, то не паспеў бы і стрэліць - апярэдзілі б...

- Не аддам! Не аддам сына, ён жа да мяне прыйшоў!..

Не паспеў апамятацца, як яму скруцілі рукі, звязалі за спіной.

Маці не крычала больш, страціла, мусіць, прытомнасць - асунулася на падлогу.

Нехта тупа і балюча ўдарыў прыкладам у спіну, аж пацямнела ўваччу.

- Пшоў, сталінскі сокал! Цяпер ты без крылаў - не палятаеш, еу!..

Іх было шасцёра. Яго павялі некуды ў цемру.

Запозненае горычнае шкадаванне ўварвалася ў грудзі, - як не разрывалася сэрца ад крыўды, што так неабачліва распарадзіўся адведзеным для вольніцы часам. Столькі прайшоў - і воь на табе, маеш дулю з макам... Божа, камандзір падумае, што збег з войска... Што камандзір, - яго ж пад трыбунал могуць упячы... Эх, арэх, які грэх... тваю маць...

Яго ўпіхнулі ў хлеў, зачынілі і замкнулі дзверы на замок. Ідучы, прыкмеціў, што паліцаі знаходзідіся ў школе, у якой ён вучыўся да вайны. А ў хляве, дзе ён цяпер быў, знаходзілася некалі майстэрня - вучні майстравалі шпакоўні, табурэткі, сталы.

Рыгору падалося, што адзін з галасоў паліцаяў быў яму знаёмы. Але як ні сіліўся ўспомніць, хто то мог быць, на памяць нічога не прыходзіла.

«Божачка, як там маці? - не давала спакою думка, ён яшчэ чуў цеплыню яе шчакі на сваёй. - Я ж ёй, беднай, такую радасць і такое гора прынёс сваёй раптоўнай пабыўкай...»

Ён успомніў, што паведаміла матуля пра бацьку, - і пякучы боль зноў пранізаў скроні.

«А Волечка? Не дагавары ж пра Волечку. Што ж з ёю сталася - не выйшла ж у сенцы разам з маці?

Што будзе са мной?..»

Яго вывелі з хлява на золаку - сонца толькітолькі ўзнялося з-за лесу. Рыгор жмурыўся, гледзячы на яго, ледзьве перастаўляў ногі. Ад думак усю ноч ён стаміўся і стаў бязвольны, абыякавы да ўсяго. Што адбывалася з ім. Да яго падкацілася разуменне безвыходнасці свайго становішча, свайго лёсу, - і ён аддаўся ўладзе абставін...

З хлява ўцячы не ўдалося - ніводнай шчылінкі не знайшоў, як ні стараўся, Як некалі для самога сябе рыхтаваў труну разам з настаўнікам працы Марціновічам. Тоўстымі дошкамі аббівалі сцены і столь - каб і мыш, і злодзей які не маглі прашмыгнуць у дзірку.

За работу тады Андрэй Сямёнавіч паставіў яму выдатную адзнаку.

Цяпер жа разумеў - дурную пяцёрку зарабіў тады ён.

- Ну, пашавелівайся, не выспаўся хіба за ноч? - зноў падштурхнуў яго той жа паліцай, які выводзіў з хаты. - Пярыны тутака не паклалі, так што ізвіняй...

Цяпер яго разгледзеў Рыгор. Быў паліцай невялікага росту, каржакаваты, з заўсёднымі насупленымі брыўмі над вачыма.

На рукаве ў яго была чырвоная павязка з чорнай павучынай свастыкай.

- А боты ў цябе нічога, камандзірскія. Здымай. Цяпер яны табе без патрэбы... На тым свеце і без іх добра, там усе босыя ходзяць. Ты ж у рай адразу пападзеш, так?

- Як Бог дасць, пабачым...

- Пабачым, пабачым...

«Як маці? Ці вытрымае яна, даведаўшыся пра маю такую бязглуздую смерць? Эх, мама. Мама, дурны ў цябе сын... Як валенак. Пабачыцца захацеў. Ды лепш бы мяне на вайне забіла, а то на вачах у маці... Для чаго я прынёс ёй такія жудасныя пакуты?!»

 

Яго збівалі доўга і жорстка.

Пытанні сыпаліся адно за адным. Але язык у яго ледзьве варочаўся, каб адказаць хаця б адно з іх.

- Адкуль? Куды ішоў? З якім заданнем?

Маўчаў. Не мог гаварыць. Калі акрыяў трохі, зноў распачынаўся допыт.

- Адкуль? Куды ішоў? З якім заданнем?

- Ні з якім заданнем я не ішоў, Пабачыцца з бацькамі захацелася. Часць мая вунь пад Бабруйскам. Быў бой, паранілі. У шпіталі быў. Адпусцілі на трое сутак...

Праз дзень веў допыт нямецкі афіцэр. Малады, нават прыгожы, як і яго камандзір - Змітрок.

- Адкуль? Куды ішоў? З якім заданнем?

- Я ж казаў, да бацькоў...

- Адкуль?..

Зноў збілі да непрытомнасці. Крывавыя падцёкі навіслі над вачмі. Ён ужо нічога не бачыў перад сабою.

- Расстраляць, - махнуў чорнай скураной пальчаткай нямецкі афіцэр. - Як і астатніх, каго злавілі...

Іх вывелі ў двор шасцёра, такіх жа збітых і змардаваных, як і ён. Рыгор не ведаў, што пяцёра партызан злавілі ў засадзе паліцаі, і немцы доўга потым дабіваліся ад іх прызнанняў. Адзін з іх быў акрываўлены, чырвоныя сукравіцы сцякалі па твары да шыі - ці цэлыя хоць вочы былі ў чалавека?

Да Рыгора падышоў паліцай, крануўся пляча, прасцярожліва шапнуў:

- Рыгор, слухай мяне ўважліва. Я - Віталь Чаркашын...

«Во чый гэта голас! Майго аднакласніка, які заўсёды спісваў у мяне задачкі. А сваю жыццёвую задачку вунь як рашыў - стаў паліцаем... То ты тады першую пяцёрку і атрымаў, калі са мной майстэрню дошкамі абшываў...»

- Цябе расстрэльваць буду я. І - не пападу. Але ты падай, ляжы да вечара, да тае пары, пакуль сцямнее. А потым бяжы ў лес. Маці я папярэдзіў, не хвалюйся за яе, каля Люхчэ цябе будзе чакаць, пад дубам...

На язык ускочыла слова падзякі, але ён не прамовіў нічога. Бо не давяраў таму, што сказаў Віталь. Ды і за што дзякаваць - наперадзе яшчэ самае страшнае, ды і невядома яшчэ, якім бокам яно яшчэ і павернецца...

Іх пагналі агародамі, не па вуліцы. Да лесу. Праз поле. Брылі марудна - апошні шлях самы кароткі і пякельны. Рыгор ішоў, апусціўшы галаву.

- Дай хоць закурыць перад смерцю, - папрасіў дзяцюк, спыніўшыся, гледзячы ў неба, як развітваўся ўсё роўна з ім.

- Навошта тытунь псаваць - усё роўна цяпер, аднака, - зарагатаў паліцай з абвіслымі вусамі, паправіў на плячы стрэльбу.

- О, вылюдкі, крыжа на вас няма.

- Ты ж камуніст, у Бога не верыш, а пра крыж пляцеш.

- І ў мяне ёсць Бог. Толькі не той, што ў цябе...

- У цябе за Бога - Сталін і Ленін, ды Сатана...

- Пакарае яшчэ вас Гасподзь, пабачыце!

- От пагавары мне тут, дык тут, на месцы, і ўлажу спатанькі...

- Эх, ты... - уздыхнуў чалавек, падцягнуў штаны, паклыпаў далей, следам за астатнімі.

Рыгор успомніў пра ўзводнага. Успомніў, як той расказваў, што ён у цяжкія хвіліны жыцця звяртаўся да Бога. Пераканаўча сцвярджаў, што Ўсявышні памагаў яму. Даводзіў яшчэ Зміцер, што галоўнае - паверыць трэба ў тое, што просіш. Толькі пасля гэтага можа адбыцца цуд, нават не цуд, а здзяйсненне жаданняў.

І маці таксама казала. І не раз... Ды не надаваў таму асаблівай увагт. Не было перд ім ніякіх складанасцяў у жыцці. Але тую малітву, што колькі разоў чытала матуля ўслых, каб ён чуў, запомніў, і цяпер, у гэтыя хвіліны, успомнілася яму яскрава і светла.

«Божа, памажы мне, - зашаптаў міжволі Рыгор, гледзячы некуды ў неба, туды, дзе сядзеў на сваім прастоле Ойча, - памажы, і я паверу ў Цябе, маліцца буду штодня, біць паклоны Табе, Ойча!.. Ганьбу якую я наклікаў на сябе, на сваю дурную галаву і на бацькоў. То ж у войску будуць лічыць мяне дызертырам... Мне - ганьба, маці і сястрычцы, калі яна жывая, - гора...

Ойча наш, які існы ў нябёсах! Няхай свяціцца імя Тваё...»

Нечакана Рыгору на плячо сеў белы голуб.

Ён завукатаў нешта невыразнае, але, калі прыслухаўся, то пачуў чалавечы голас: «Ты звярнуўся да Бога, і Ён паможа табе. Але ты потым не павінен здрадзіць свайму слову, бо потым кара Божая не міне цябе...»

- Не здраджу, - прамовіў ён уголас. - Бо паверыў яму, Усявышняму, цалкам паверыў... Узводны навучыў, маці навучыла...

- Выжыве твой узводны. Доўга жыць будзе.

- А... я?

Голуб залапатаў крыламі, пырхнуў над галавой і знік у блакітныі мроіве.

- Што, заснуў? - стукнуў локцем у спіну паліцай, той, які скпуціў яму рукі ў сенцах роднай хаты. - Ану, хутчэй!

Вось і лясок. Нехта выкапаў раней, не цяпер, яму - жвір паспеў ад дажджу і часу асунуцца, зжарэць.

- Стаць усім каля ямы! - скамандаваў Віталь, зняўшы з пляча стрэльбу. - Ты - першы, - паказаў на Рыгора і адвёў яго ўбок, паставіў апошнім справа, прашаптаў: Стой. Не падвяду... Будзеш жывы.

Паліцаі адышлі, закурылі, пра нешта загаварылі.

Прыгавораныя да смяротнай кары маўчалі. Яны ледзьве стаялі, хісталіся, трывалі з апошніх сілаў. Збітыя былі да смерці, і таму адзінае жаданне было, каб хутчэй скончыліся іхнія пакуты.

Адзін з паліцаяў злітаваўся, падышоў і даў прыкураную цыгарэціну таму, хто прасіў перад гэтым. Дзяцюк зацягнуўся, заплюшчыў вочы, потым падставіў твар ветру, усміхаўся, і пачаў глядзець у засмужанае ранішняй волгласцю неба.

Паліцаі моўчкі выстраіліся ў адзін рад.

Віталь стаў супроць Рыгора.

На плячо зноў сеў белы голуб.

Адзін за адным пачуліся стрэлы...

«Рыгорава» куля са свістам апякла вуха - пранізала яго. Каробка паваліўся разам з усімі, роспачна пытаючыся: «Няўжо, Божа, спраўдзілася? Ці ты памог, ці стралок храновы з Віталя - а мо што іншае?..»

- Мо яшчэ па адной, кантрольнай, кулі? - падышлі да ямы паліцаі.

- Навошта псаваць на мерцвякоў? - не згадзіўся з імі Віталь. - І так мала выдаюць...

«Божа, няўжо пранесла?!»

Калі стала ціха, Рыгор расплюшчыў вочы. Ля галавы ляжаў з распластанымі крыламі забіты голуб - з раззяўленай дзюбы выцякала кроў.

Ён ляжаў да вечара. Як і было загадана.

Пад вечар, калі сонца закацілася за лес, калі пад дрэвамі пачалі нараджацца прыцемкі, Рыгор падпоўз да кожнага і патармасіў - мо хто застаўся жывы...

Усе целы скамянелі, зрабіліся халоднымі...

 

Ён выкапаў рукамі невялікую ямку, і пахаваў голуба. Наклаў на сябе крыж, прачытаў малітву.

Рыгору падалося чамусці, што гэта ён, голуб, а мо і не голуб, а анёл-збаўца прыняў на сябе яго смерць.

Хлопец пахаваў бы і людзей, каб была рыдлёўка...

 

Толькі пад другую раніцу прыбег ён у сваю часць.

- А мы палічылі цябе ўжо дызерцірам, - пажартаваў узводны, шчыра радуючыся вяртанню байца. - Расказвай. Як пабачыўся з роднымі...

- На тым свеце, Дзіма пабыў. Расстрэльвалі мяне.

- Расстрэльвалі?!

- Свае ж расстрэльвалі. Аднакласнік, які падаўся да паліцаяў. Ты мне памог, Змітрок, і - мама. Верай у добрае памог, верай у Бога памог... Вылузаўся з лапаў смерці. Цяпер мы з табою да старасці дажывём. Толькі ты павінен нявучыць мяне маліцца, і запішаш малітвы. Я кожны дзень буду ўзносіць падзяку і хвалу Госпаду.

На байца камандзір узвода паглядзеў з вялікім здзіўленнем і радасцю. Бо перад ім быў ужо зусім іншы Рыгор Карабкоў - нейкі асветлены ўнутраным святлом, мудры і ўпэўнены ў сабе.

- А вінтоўка дзе, радавы Каробка? - папытаўся ўжо строгім камандзірскім голасам.

Рыгор уздыхнуў:

- Няма вінтоўкі, таварыш лейтэнант. Паліцаі адабралі. Згодзен на любую кару...

Лейтэнант ускочыў, нахмурыўся:

- Ты што, не разумееш, чым гэта пагражае?! Можна ж і пад трыбунал загрымець!.

Рыгор маўчаў, апусціўшы галаву.

Узводны задумаўся, на пераносіцы збеглтся баразёнкі-зморшчынкі:

- Ну й дзяла... Але будзем думаць, як выбавіць цябе з бяды... І яшчэ - самае галоўнае. Каб нікому і ніколі ты не расказваў тое, што мне расказаў. Бо гэта будзе для цябе яшчэ горш, чым расстрэл.

Каробка здзіўлена і з разуменнем глядзеў на камандзіра.

Кіўнуў згодна некалькі разоў галавой, прашаптаў:

- Дзякую, таварыш лейтэнант...

 

- ...Ты ж, бацька, ніколі і не расказваў мне пра тое.

- А што тут расказваць? То ўсё маё, і пры мне яно, са мной усё жыццё.

- Цэлячыся ў цябе, ён цэліўся, значыць, і ў мяне.

- Мусіць жа, так...

- А ўзводны - жывы?

- Не ведаю, сын. У сорак сёмым «чорны воран» з дому яго забраў, і - ніякіх вестак. Налі, сын, яшчэ па кроплі. Сам можаш не піць, калі на працу... Паскудства ўсё гэта.

- Ад таго дня ты і пачаў верыць у Бога?

- З таго, сын. Лейтэнант шмат чаму навучыў. То я пасля вайны пайшоў у царкву, паспавядаўся. Расказаў свяшчэнніку пра тое, што са мной здарылася. Ён даў мне Евангелле, параіў прачытаць, а калі што будзе незразумела, ён паабяцаў расталкаваць. Хаця ім забаранялі тое рабіць. Ён навучыў мяне. Як быць сапраўдным хрысціянінам. У царкву хаджу. Веру ў Бога. Ты хоць шануеш, Коля, Бога?

Сын няўцямна паціснуў плячыма - і не адмова, і не згода.

Бацька зразумела і са шкадаваннем пахітаў галавой...

- А як жа з белым голубам, бацька? Выдумаў?

- Не, сын, так было і напраўду. Я хадзіў туды, як вярнуўся з вайны. Не адразу, пазней, праз шмат гадоў. З маці тваёй хадзіў. На тым месцы, дзе я пахаваў голуба, вырасла бярозка. Маці сказала, што то быў белы анёл, мой выратавальнік... Так і Волечка казала.

Сын курыў, няўцямна глядзеў у шэрае акно, думаў пра сваё. Раздумваў над тым, пра што расказаў бацька. Ведаў: бацька ніколі ў жыцці не хлусіў...

У калідоры гучна зазваніў тэлефон.

«Няўжо - Віталь? Але адкуль яму быць - ні адраса, ні тэлефона ж не ведае... Але ж ведае прозвішча - мог і пацікавіцца ў даведцы. Але ці мала Карабкоў у Менску?..»

Сын няспешна пайшоў у калідор, і, на чацвёртым ці пятым поклічу, падняў тэлефонную слухаўку...


2005

Тэкст падаецца паводле выдання: Анатоль Бароўскі. Вужык: [аповесць]: Голуб на плячы; Дак: [апавяданні]. - Гомель: Полеспечать, 2012. - 733, [1] с.?