epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Дзяленьдзік

Выклік багам

Дзеючыя асобы
Дзея першая
  Карціна І
  Карціна ІІ
  Карціна ІІІ
Дзея другая
  Карціна V
  Карціна VI
  Карціна VII
  Карціна VIII
  Карціна IX
  Дзея трэцяя
  Карціна X
  Карціна XI
  Карціна XII
  Карціна XIII


Дзеючыя асобы

Інга

Святлана — студэнткі медыцынскага інстытута

Галіна

Аскольд — вучоны, 32 гады.

Вадзім — інжынер-канструктар, 28 гадоў.

Максім — эканаміст, 26 гадоў.

Лапкіна — урач, 25 гадоў.

Медсястра — 25 гадоў.

Капарыха — пажылая жанчына.

Студэнткі, буравікі.

 

Дзея першая

 

Карціна І

 

Вечар. Вестыбюль клінікі. На адных дзвярах таблічка: “Эксперыментальная лабараторыя”. З’яўляецца група дзяўчат-студэнтак. Яны здымаюць халаты, прыводязць сябе ў парадак, размаўляюць.

— Яшчэ паўгадзіны — і я не вытрымала б.

— Няўжо ён будзе пытацца пры генетычныя рэкамбінацыі?

— Радыёміметычныя рэчывы — цёмны лес.

— Гэта ж зусім проста. Алкуруючыя агенты ўздзейнічаюць на біялагічныя аб’екты і індыцыруюць развіццё пашкоджанняў, аналагічных пашкоджанням, што ўзнікаюць пры ўздзеянні іянізуючай радыяцыі…

З дзвярэй з таблічкаю “Эксперыментальная лабараторыя” выходзіць Аскольд, малады мужчына ў белым халаце, стомлены, няголены. Дзяўчаты змаўкаюць. Ён вітаецца і ідзе далей.

— …З прычыны чаго гэтыя рэчывы атрымалі назву “радыёміметычных”.

— Зойка, дай трошкі яшчэ пажыць!

— Дзяўчаты, перад філармоніяй паспею паабедаць?

— Хто пазычыць рубель?

— Перад стыпендыяй?!

— Рубель? А што гэта такое?

З’яўляецца Галіна.

Галіна (абурана, адной з дзяўчат). Ты апранула мой халат. (Падыходзіць да дзвярэй, адкуль выйшаў Аскольд. Стаўшы спіною да дзяўчат, піша запіску, адносіць яе ў лабараторыю і вяртаецца.)

— Я ўчора першы раз скокнула з парашутам.

— Ну і, мусіць, аж вішчала.

— Хто ў чытальню? Мне там пакінулі новыя часопісы.

— Інтэлектуалка!

— Галка, ідзеш у спортзалу?

Галіна. Пачакаю Інгу і Свету.

— А, неразлучная троіца.

— Быццё вызначае свядомасць — п’юць з аднаго чайніка.

Галіна. Добра, давай-давай…

Вясёлай чародкаю дзяўчаты знікаюць з вестыбюлю. Галіна папраўляе валасы. З’яўляецца Святлана, кволая, стомленая. Падыходзіць да гардэроба, сядае на лаўку, пачынае развязваць тасёмкі халата.

Ну і дзяжурства ў мяне было! То шок то колапс. А потым пунцыю давялося браць. Не ідзе іголка — хоць лопні.

Святлана. Ведаеш, Галка, відаць, я ніколі не змагу прывыкнуць да пакут людзей. Амаль фізічна адчуваю той жа боль, што і яны.

Галіна. Ну і дарэмна. Хочаш есці?

Святлана круціць галавой.

Любая, калі б урач паміраў з кожным сваім хворым, медыкаў не засталося б.

Святлана. Такі слаўны хлапчук, разумныя вочы… Тэмпература трыццаць дзевяць і шэсць, ведаю, што яму балюча, але ніводнага стогну. Затое маці… дапякла ўсім.

Галіна (закурвае). О, ты яшчэ не ведаеш, што ўрачы нажываюць інфаркт толькі ад сваякоў сваіх пацыентаў. У нас у аддзяленні самы цяжкі дзень — чацвер, дзень спатканняў.

Святлана. Чаму ты выбрала псіхіятрыю?

Галіна. У мяне шмат сяброў, якія маюць патрэбу ў лячэнні.

Святлана. Напэўна, псіхіятры ўсіх лічаць ненармальнымі.

Галіна. Усіх не ўсіх, а, вер майму слову, калі-небудзь будуць лячыць тых, хто сёння яшчэ ўяўляе сябе здаровым: паклёпнікаў, скандалістаў. Ну, а людзей з дрэнным настроем — у першую чаргу.

Святлана. Гала, а чаму ты разышлася з мужам?

Галіна (уважліва глядзіць). Навошта гэта табе?

Святлана. Ён жа цябе кахаў. І ты яго. (Падыходзіць да акна.)

Галіна (пасля паўзы, горка). І гэтага дастаткова?

Святлана (са здзіўленнем). А хіба не?

Галіна (абыякава). Светка, не забівай сабе галаву ўсялякім глупствам.

Святлана. Я проста хачу разрабрацца, чаму людзі разыходзяцца. Калі б я каго-небудзь пакахала…

Галіна. Няўжо ў твае гады я была такая ж? І як цябе татуля пусціў адну з дому — незразумела.

Святлана. А ён не пускаў. Хацеў, каб я паступала ў яго інстытут. Я адмовілася. Прыехала ў Мінск і паступіла сама. Паглядзі ў акно. Учора ўвечары, калі мы выходзілі з клінікі, ён стаў на тым жа месца.

Галіна (падыходзіць). Відаць, дружыннік. Ну і што?

Святлана. Ён глядзеў у наш бок, а потым ішоў назіркам.

Галіна (рашуча). Светка, каб я так жыла! Гэта сваяк аднаго з нашых хворых. Вось убачыш, пазнаёміцца, а потым (з нудой у голасе): “А як вы яго лечыце, а чаму адяце парашкі, калі нашага суседа лячылі таблеткамі…”

Святлана. Чаму табе так весела?

Галіна (уздыхае, глядзіць на дзверы, у якія намервалася ўвайсці). Чаму так доўга няма Інгі?

Святлана. Аперацыйны дзень.

Галіна. Ты ўпэўнена, што яна на аперацыі?

Святлана. Калі я праходзіла міма, яна была там.

Галіна (стараючыся не паказаць цікаўнасці). Як ты думаеш — што ў іх з Аскольдам?

Святлана. Адкуль я ведаю? Па-мойму, нічога.

Галіна. Праўда?

Святлана (паслы паўзы). Няўжо ён можа падабацца? (Паціскае плячыма.) Сухар. Падвопытная малпа для яго даражэй за любую жанчыну.

Галіна. Ах, Светка! Што ты разумееш у мужчынах!..

Вяртаецца Аскольд. Убачыўшы Галіну, на момант спыняецца, вітаецца з ёю кіўком галавы і ідзе да сябе.

Святлана. Ты сапраўды…

Галіна. Сапраўды. І гора таму, хто стане на маёй дарозе.

Святлана (пасля паўзы). Іншы раз мне здаецца, што ты можаш забіць чалавека.

Галіна. Калі ён гэтага заслугоўвае.

Святлана (складвае халат). Халат больш ірвецца ад мыцця.

Галіна (смяецца). Нам з табою дзяліць няма чаго.

Святлана. Сёння разгляджу яго лепш. Пойдзем разам у басейн?

Галіна (глядзіць на гадзіннік). Пакуль што ў мяне ёсць час.

З’яўляецца Інга, стройная, прыгожая. На ёй белы халат. У руцэ трымае сумку і шапачку.

Галіна. Нарэшце…

Інга. А мяне не чакайце. Я да Аскольда.

Галіна. Што, што?

Святлана. Галка, хадзем, хадзем…

Святлана бярэ Галіну за руку, і абедзве выходзяць.

 

Карціна ІІ

 

Эксперыментальная лабараторыя. Сучасная апаратура. Аскольд адыходзіць ад прыбораў, уключае рыдыё. Гучыць музыка — першая частка Пятой сімфоніі Бетховена.

Аскольд. Чалавек і чалавецтва… Дылема. Электронная машіна рашыла б імгненна…

З’ўяляецца Інга.

Інга. Забылася, што тут рэпрадуктар. Хацела ў ардынатарскай паслухаць. (Цёпла.) Бон суар, месье… Так, здаецца?

Аскольд (падыходзіць да мікраскопа, сядае). Бон суар...

Інга. Чалавек перамагае лёс… Шэф гаворыць, што такую музыку мог напісаць або геній, або вар’ят.

Аскольд. Гэта амаль тое ж самае. Шкада толькі, што легенда створана, каб суцешыць.

Інга (весела). Калі так гаворыць вялікі вучоны, атрымліваецца камічна. Аскольд, ну што?

Аскольд. Ты пра што?

Інга. Які аналіз?

Аскольд. Аналіз?.. А, твой… Вядома, адмоўны. З вас, сіньярына, шэсць долараў.

Інга (смяецца). Ого! На Захадзе ты быў бы мільянерам!.. Ты не памыліўся?

Аскольд. Не, не памыліўся. (Дастае з кішэні бібліяграфічныя карткі.) Памажы раскласці карткі. Санітарка пераблытала.

Інга (бярэ палавіну картачак, пачынае няспешна раскладваць). Уяўляеш, стаю за аперацыйным сталом, і раптам у вачах усё паплыло… Калі б не падтрымалі, павалілася б.

Аскольд (бесклапотна). Яшчэ не прывыкла.

Інга (дакорліва). Я аперырую з чацвёртага курса… Колькі драматызму ў музыцы…

Аскольд (падыходзіць, выключае радыё). Ты ператамілася.

Інга. Навошта выключыў?

Аскольд. Галава трашчыць.

Інга (праводзіць рукой па яго шчацэ). Зноў начаваў у лабараторыі?

Аскольд. Хто-небудзь павінен наглядаць за апаратурай.

Інга (уздыхае). Абедаў?

Аскольд. На рагу прадавалі піражкі з павідлам.

Інга. Аскольд, колькі можна так пражыць?

Аскольд. Вашы ўжо разышліся?

Інга. Напэўна. Аскольд, ты верыш у сны?

Аскольд. Дзтўна, студэнтка шостага курса… Без пяці мінут урач…

Інга. Са снамі не ўсё ясна. Шэсць гадоў вывучаеш тэорыю разлітага тармажэння, а потым чытаеш у газеце, што ёсць чалавек, які дваццаць год абыходзіўся без сну… Значыць, не верыш?

Аскольд. Я прынцыпова супраць псіхааналізу.

Інга. Увечары я доўга чытала, а потым мне прысніўся дзіўны сон. Нібыта я шла над глыбокай прорвай і раптам сарвалася. Жах! Лячу ўніз і вось-вось разаб’юся аб каменне, але тут падхапілі мяне дужыя рукі… У цябе ёсць скураная куртка?

Аскольд. Пры чым тут куртка?

Інга. Ён быў у куртцы.

Аскольд. Трэба спаць з адчыненай форткай. А вячэра павінна быць лёгкай.

Інга. Божа, які рацыяналізм…

Аскольд. З кім ты аперыравала?

Інга. З шэфам. Як ён працуе! Бог! (Паказвае картку.) гэту куды?

Аскольд. Сюды.

Інга. Ведаеш, ён мяне пахваліў.

Аскольд. У вочы?

Інга. Яшчэ чаго захацеў! Стаю за дзвярыма, а ён гаворыць: “Малайчына дзеўка. Вы пра яе яшчэ пачуеце”.

Аскольд. Нішто сабе.

Інга. Заўтра паляціш?

Аскольд. Ага, заўтра.

Інга (задуменна). Белград… Адрыятыка… А я ж ні разу не бачыла мора… Дзіўна, людзі з’яўляюцца і знікаюць, а мора… (Весела.) Прывязеш мне вялікага краба?

Аскольд. Думаеш, будзе час на забавы? Памыляешся.

Інга. Аскольд, там збяруцца вучоныя з усяго свету?

Аскольд. Бадай што.

Інга. Вось гэта здорава… (Урачыста.) Лэдзі анд джэнтльмены, панове! Распрацаваны намі метад ранняга выяўлення… (Спыняецца, потым пацягваецца.) А ведаеш, я таксама стамілася. Схадзіць паплаваць, ці што?

Аскольд. Табе трэба часцей бываць на сведым паветры, спажываць вітаміны…

Інга (весела). Дыялог пенсіянераў. (Перадражніваючы старых, прыкладае руку да паясніцы.) Скажыце, а вы крапіву прыкладалі? (Паказвае картку.) Гэта па-італьянску?

Аскольд. Па-іспанску. Напружаная праца патрабуе актыўнага адпачынку.

Інга (жвава). Ведаеш, што мы думаем зрабіць?

Аскольд (з дакорам). Новая авантура… Калі ты перастанеш быць дзіцем?

Інга. Дамовіліся з дзяўчатамі — толькі нікому ні слова, — паедзем уночы электрычкай на дачу дацэнта Мельнікава, — ён у Светы і Галкі стыпендыю зняў — і выкрадзем у яго сабаку…

Аскольд (заклапочана). Інга, у яго вялізны ваўкадаў!

Інга. Утрох не справімся з даным ваўкадавам?

Аскольд. Але ж ён можа пакусаць!..

Інга. Яшчэ невядома — хто каго… Дык вось, прывязём у горад і прададзім яму ж на кафедру.

Аскольд (смяецца). Мельнікаў гэтага не перажыве.

Інга (весела). Так што зусім магчыма, пакуль ты будзем падарожнічаць, мне давядзецца адседжваць пятнаццаць сутак. (Сур’ёзна.) Аскольд, табе трэба развкяцца. Прыедзеш назад, я пазнаёмлю цябе з нашымі. Ёсць нішто студэнткі.

Аскольд. Ведаеш, я старамодны — флірт да чагосьці абавязвае.

Інга. Ну і што?

Аскольд (пасля паўзы). Каб чаго-небудзь дасягнуць у навуцы, трэба васемнаццаць, дваццаць гадзін. А то ўсё жыццё будзеш друкаваць арткульчыкі “Яшчэ раз да пытання аб…”, “Некаторыя дадзеныя пра…”. Я доўга думаў і прыйшоў да вываду — няхай мяне лічаць ідыётам, — мне не трэба заводзіць сям’ю.

Інга. Што ты сказаў?

Аскольд. Жанчыны патрабуюць увагі. А я дні і ночы павінен праводзіць у лабараторыі.

Інга (усміхаючыся). І гэта ўсё?

Аскольд. Мала?

Інга. Пра такіх, як ты, псіхіятры гавораць: “Гэта наш таварыш”.

Аскольд. Буду прыходзіць дадому позна, раніцай зноў на працу. Размаўляючы з жонкай ці забаўляючы дзіця, буду думаць аб марскіх свінках, храмаграмах, хворых… Гэта не так смешна, як здаецца. Задаволіць каго-небудзь такі лёс?

Інга. Божа, як дрэнна мужчыны думаюць пра жанчын. (Нервова цярэбіць картку.)

Аскольд. Мы — урачы.

Інга. Я недзе чытала: юная актрыса выйшла замуж за шасцідзесяцігадовага Рэмарка. Калі гэта праўда, яе можна зразумець. (Сярод картак знаходзіць запіску.) “Чакаю цябе ў дзесяць за горадам”. Ого! без подпісу. Але почырк знаёмы.

Аскольд. Дай сюды. (Забірае.) Ты ведаеш, хто гэта?

Інга. Не.

Аскольд. Адна настойлівая асоба.

Інга. Мабыць, ёсць падставы.

Аскольд (уздыхнуў). Майскае свята. Даволі банальна: складчына, кампанія на дачы… Дорага мне абышлася тая ноч — у лабараторы перагарэў трансфарматар.

Інга (паля паўзы). Ідзі, яна чакае.

Аскольд (збірае карткі). Прызначыўшы спатканне, яна зрабіла адну памылку. Ехаць туды сорак мінут… (Рве запіску.)

Інга. Ну і мужчыны цяпер!

Аскольд (пасля паўзы). Толькі нікому не расказвай. Мяне захапіла адна ідэя. Каб яна спраўдзілася, трэба патраціць два-тры гады. А то і ўсё жыццё. І не толькі маё. Але калі пашанцуе, чалавецтва ўздыхне з палёгкай.

Інга. Калі ж няўдача?

Аскольд. Даб’юцца другія.

Інга. Аскольд, тое, што ты задумаў… І калі лічыш, што нехта можа перашкодзіць… Толькі фанатыкі і дабіваюцца сапраўднага поспеху.

Аскольд (пасля паўзы, пазіраючы ўбок). Інга, калі б мне можна было ўзяць жонку…

Інга (таксама не глядзіць на Аскольда, гэта хутчэй думкі ўголас). Я ведаю, Аскольд…

Аскольд (глянуўшы на гадзіннік). Спачатку размінка, потым трошкі папрацую.

Інга (весела). Па сістэме ёгаў?

Аскольд. Мудрыя людзі, ёгі.

Інга. Аскольд, заўтра можна цябе праводзіць?

Аскольд. Ну вядома.

Інга. У нас шмат агульнага. Ты адмаўляешся ад кахання па сваё волі. А я… Я не магу кахаць. Ну што ж, бывай.

Аскольд. Усяго добрага.

Інга бярэ чамаданчык і выходзіць.

(Задумаўся.) Усяго добрага… (З горыччу ківае галавой. Глядзіць на тэлефон і, пераканаўшыся, што Інга пайшла, набірае нумар.) Вера Сяргееўна? Пакідаю ўключаным трэці, сёмы і дваццаць чацвёрты… Так, кантрольная група… Навошта выклікалі ў міністэрства?.. Прапанавалі… Не, не здагадаецеся. Прапанавалі ўзначаліць навукова-даследчы інстытут… У Зялёным Гаі. Не спяшайцеся віншаваць. Я адмовіўся… Разумееце, у мяне толькі двое штаноў. І калі прашмарую адны ў крэсле дырэктара… Але я згадзіўся ўзяць лабараторыю… Вельмі ж добрае абсталяванне. Ну навошта так? Вы — мая правая рука… Вазьму яшчэ Антона, Дзіму, Барысавіча… І Фамічова, вядома, калі ён згодзіцца… (Праводзіць рукой па твары, глуха.) Вера Сяргееўна… Я толькі што гаварыў з Інгай… Не, ні аб чым не здагадваецца… Пайшла ў басейн…

 

Карціна ІІІ

 

Вечар. Басейн. Аблакаціўшыся на парапет, стаіць Вадзім. Гэта зграбны, упэўнены ў сабе малады чалавек. Ён настройвае радыёпрыёмнік. Чуецца жыццярадасная музыка. Побач ходзіць Максім, нервова папраўляе акуляры.

Максім. Яны! Пайшлі ў раздзявалку!

Вадзім (не рэагуе). Якое неба! Вось бы сюды Сар’яна.

Максім. Ты павінен мяне пазнаёміць.

Вадзім (рэгулюючы гучнасць). Калі пайду на пенсію, падаруеш гэтую штучку.

Максім (сам не свой). Музыка, горад!.. Мы на яго глядзім кожны дзень.

Вадзім (засмучана). Заўсёды знойдзецца тып які сапсуе настрой.

Максім. А калі гэта каханне?

Вадзім. Ніколі не гавары слоў, сэнсу якіх не разумееш.

Максім (паглядае ўбок). Пастараўся пазнаёміцца.

Вадзім. І гэта кажа галоўны кансультант міністэрства. А прызнавацца будзеш сам?

Максім (падыходзіць бліжэй). Ты цынік з галавы да пятак… Чалавек павінен быць прыгожы…

Вадзім. Перадыхні.

Максім (махнуўшы рукой, адыходзіць). Цябе магіла выправіць.

Вадзім. Альбо жонка. У чым ты бачыш сэнс жыцця?

Максім. У тым, каб не задаваць недарэчных пытанняў.

Вадзім (пасля паўзы, прыклаў да вуха прыёмнік). Ты хоць раз у месяц чытаеш газеты?

Максім. Не арыгінальна.

Вадзім. Уяві: заўтра — усё дагары нагамі. Што ты ўспомніш?

Максім. А калі гэтага не здарыцца?

Вадзім (настройвае прыёмнік). Па Фрэйду, чалавек — раб інстынктаў. Імкнецца да асалоды. Як бы мы ні абураліся, але, на жаль, ён кажа праўду. Жывём толькі раз.

Максім (задуменна). Цікава, як яе імя?

Вадзім (насмешліва). І гэтага не ведаеш? Чакай! Добра. Існуе сто спосабаў знаёмства з дзяўчатамі. Я карыстаўся сто адным. Напрыклад, з Таняй…

Максім. Да д’ябла Таню… Ідуць.

Вадзім (выключае прыёмнік, перадае Максіму, той хавае ў кішэню). Назірай і вучыся.

Максім. Зняць акуляры? Як з боку?

Вадзім (махнуўшы рукой). Не хачу нажываць ворагаў.

Максім. Толькі не стараўся выстаўляць напаказ свае заганы.

Вадзім. А наш дворнік кажа: “Мне напляваць”.

Праходзяць Святлана і Галіна ў купальных касцюмах, на плечы накінуты халаты.

Вадзім. Скажыце, дзе тут рамантуюць абутак?

Галіна. Вас бабуля вучыла знаёміцца?

Дзяўчаты ідуць далей. Максім насмешліва глядзіць на Вадзіма. Вадзім хапаецца за сэрца, стогне, адварочваецца.

Святлана (клапатліва). Што з вамі?

Вадзім не адказвае асцярожна садзіцца на лаўку. Дзяўчаты паспешна падыходзяць на яго, спрабуюць рашпіліць каўнер, праверыць пульс. Вадзім адводзіць іх рукі.

Вадзім. Што вам ад мяне трэба?

Галіна. Мы студэнткі медыцынскага.

Вадзім. Ёсць у вас які-небудзь дакумент?

Галіна. Вось яшчэ бюракрат!.. (Святлане.) Пакажы студэнцкі.

Вадзім (разглядае пададзены Святланай білет, чытае). “Святлана… Міхайлаўна… Шосты курс…” (Максіму.) Мне лепш. Праўда?

Максім (злосна). На жаль.

Вадзім (падымаючыся, дзяўчатам). Як кажуць на ўроку англійскай мовы, май фрэнд Максім, май нэйм із Вадзім.

Доўгая паўза.

Галіна. І часта вы так забаўляецеся?

Вадзім. Гэта не забава — суровая неабходнасць.

Святлана. Нішто сабе жарт.

Галіна. Гадзіну назад мы бачылі, як памірае чалавек.

Вадзім. Дакладне не падлічваў, але кажуць: на зямным шары тры мільярды людзей. І кожную секунду нехта памірае і нехта нараджаецца. На смерць трэба глядзець па-філасофску.

Галіна. А вы часам не з самадзейнасці?

Вадзім. Як на споведзі: ён — эканаміст, я — інжынер.

Максім (паказвае на Вадзіма). А таксама майстар спорту па плаванію.

Вадзім (нездаволена). Цяжэй за ўсё для паэта — трымаць язык за зубамі.

Галіна. Гэты нервовы малады чалавек піша вершы?

Святлана (з цікавасцю). Паэт?

“Я іду і смюся

ад шалёнае звонкае

радасці,

што хаджу па зямлі

і раптоўна

навек упаду,

не дайшоўшы да слабасці,

подласці,

дурасці,

старасці,

бо я з песняй хаджу па зямлі

у людзей на віду!”

О, калі б я ўмела пісаць вершы… (Максіму.) Друкаваліся?

Максім робіць адмоўны жэст, потым дастае сшытак.

Вадзім. Ён піша лепш, чым патрабуе рэдактар.

Святлана (бярэ сшытак). Даўно пішаце?

Вадзім. Яшчэ ў школе пачаў. Яго маці спачатку напалохалася, павяла да доктара, той выпісаў горкія пілюлі і параіў аблівацца халоднай вадой. Не памагло.

Галіна (Вадзіму). Вы яго адвакат?

Вадзім. Скажыце лепш, давераны ў справах. (Заўважыў, што Галіна часта пазірае ўбок.) І ён прыйдзе сюды?

Святлана. Вось і Інга.

Падыходзіць Інга.

Так позна?

Інга. Затрымалася ў аперацыйнай.

Галіна. Няўжо былі яшчэ аперацыі?

Інга (задзірліва). Былі. А што?

Галіна. Адзін шызафрэнік мне сказаў: “Калі ласка, не лічыце мяне вар’ятам”. Ну, мне пара.

Святлана. Пойдзем разам?

Галіна. Не, сёння мне будзе лепш адной.

Інга. Гала…

Паўза.

Галіна. Дзеці будуць заікацца. Светка, ты ў мяне пытала, чаму я разышлася з мужам… Знайшлася нахабніца — сілком хацела адабраць. І каб не быць пакінутай…

Святлана. Гала…

Галіна. Хай маладыя людзі вучацца.

Вадзім. Адчувеш сябе так, нібы перад табой выпрабоўваюць новую зброю.

Галіна. І толькі потым падумала — была дурніца. (Пайшла.)

Вадзім (Інзе). Дзе я вас мог бачыць?

Інга (глядзіць услед Галіне). Наўрад. Я там не бываю.

Святлана. Інга, яны могуць навучыць плаваць.

Максім. Цікавае імя. А па-бацьку?

Інга. Яўхімаўна.

Вадзім. Камбінацыя нарвежскага з белавежскім.

Інга. А вы, хлопчыкі, у які клас ходзіце?

Вадзім. Адсталыя. У пяты.

Святлана. Інга, Максім піша вершы.

Інга. Сапраўдня вершы ўдаюцца толькі жанчынам.

Вадзім. Шчырая прахда. Лермантаў, Блок, Максім Зюзік…

Максім. Зю-зен-чык!

Інга (Вадзіму). А вы што пішаце — аповесць, раман?

Вадзім (гледзячы ёй у вочы). Я не пішу раманаў. Я іх заваджу.

Інга. Ці не будзе дажджу? Пара дадому.

Вадзім. А вы не бойцеся. Не думайце, што ў мяне такі дрэнны густ…

Святлана разгортвае сшытак, праглядае. Да яе падыходзіць Максім. Чытаюць разам.

Інга. Дзякуй за шчырасць. А то мне часцей гавораць кампліменты.

Вадзім. Натуральна. Вашы вочы заклікаюць да кахання.

Інга (злосна). Каханне? У век нейрахірургіі і малекулярнай біялогіі?! Мой шэф пранікае скальпелем у сэрца, але кажа, што ні разу не патрапіў там на каханне.

Вадзім. Вы хўочаце сябе ў гэтым пераканаць?

Інга (паля паўзы). Няўжо нельга прысвяціць сабе ідэі і адмовіцца ад кахання? Я ведаю такога чалавека.

Вадзім. У мірны час? Глупства. Ад якога ханжы вы гэта чулі?

Інга. У мірны час чалавецтва вядзе барацьбу з хваробамі, голадам, цемрашальствам.

Вадзім. Не, вы нас разыгрываеце. Дарэчы, чалавек, які адмаъляе каханне, не мае права на існаванне. Паглядзіце на прыроду — пустацветы гінуць.

Інга (няўпэўнена). Але ж ёсць прыклады, калі людзі не ведалі кахання, а між тым іў імёны… (Углядаецца ў Вадзіма.) Дзіўна… Скажыце, у вас ёсць скураная куртка?

Вадзім. Хочаце купіць? Якая ваша цана?

Інга. Я сур’ёзна.

Максім. Паглядзіце ўчарашнюю фізкультурную газету. Там яго здымак.

Інга. Як проста…

Вадзім. Я мог бы і зараз паказаць вам куртку. Яна ў мяне дома… Тут недалёка.

Інга (глядзіць на гадзіннік). Дзякуй за кмпанію. Цікава было даведацца, што грамадства яшчэ далёкае ад дасканаласці. (Выходзіць.)

Вадзім (задуменна). Адкуль ён узяўся, не знаю, той сум, што мяне агарнуў…

Святлана (адыходзячы, падымае руку). Да пабачэння, хлопчыкі.

Максім (Святлане, наўпэўнена). Калі першы ўрок?

Святлана. Паслязаўтра. На возеры ў пяць.

Святлана выходзіць.

Вадзім. “Яшчэ ніколі дзядзька зроду

Не бачыў гэтулькі народу…”

Максім (гледзячы ўслед дзяўчатам, Вадзіму). За ёю гатоў пайсці на край свету.

Вадзім. На край свету… Гэта вельмі далёка.

Максім. Як табе Інга?

Вадзім (пасля паўзы). У мяне дома бутэлечка “Бакардзі”… Хадзем?

Уздыхнуўшы, Максім ідзе за Вадзімам.

Карцина ІV

Мінула некалькі дзён. Бераг возера. За кустамі водная роўнядзь. Пярэдні план. На перакуленай лодцы сядзіць Максім і варожыць на рамонку. Глядзіць на гадзіннік, устрапянуўся. Раптам устае, робіць некалькі крокаў назад. Падыходзіць Інга, у руках у яе лілеі і кніга.

Інга. Света здае залік. Я хацела папярэдзіць. Як яна плавае?

Максім. Стараецца. Але ў плаванні галоўнае — плывучасць. (Захапіўшыся.) Вада — гэта накшталт капрызнай дзяўчыны, з якой трэба ўмець абыходзіцца…

Інга (разумеючы, кіаве галавой). Калі вы хоць раз пакінеце іх разам, я здыму з вас галаву.

Максім. Гэта вы дарэмна. Ён добры хлопец.

Інга. У кожную эпоху ёсць свой ідэал добрага хлопца. Ваш Вадзім спазніўся гадоў на пяцьдзесят. (Расшпільвае сукенку, здымае, кладзе на траву.) Пойдзем паплаваем? Павучуся ў вас і я.

Максім. Э… Я толькі з вады, і нешта мяне калоціць…

Інга. Калі Вадзім яе пакрыўдзіць, будзе мець справу са мной. (Узяўшы ручнік, пайшла.)

Максім дастае хустачку, выцірае лоб. Раптам некага ўбачыў, махае рукой. З’яўляецца Вадзім.

Вадзім. Адзін? Тады хадзем. (Парываецца ісці.) Хлопцы знаёмяцца з прынцыпова новай схемай аўтаматычных ліній… А тут — такія дзяўчаты!

Максім. Пачакай. Трэба пагаварыць.

Вадзім (паціснуў плячыма). Наколькі мне вядома, “курсы па плаванню” праходзяць паспяхова, хаця настаўнік… без паплаўкоў не плавае.

Максім. У мяне сур’ёзна.

Вадзім (спачувальна). Гэта ад гарачыні. Давай лепш пакупаемся.

Максім. Бяда ў тым, што я не магу з ёю астацца сам-насам — яны заўсёды разам. Вадзім, пахадзіў бы ты каля Інгі.

Вадзім (пася паўзы). Сын мой, ты ўвагрэўся.

Максім. Няўжо ты не фліртаваў з дзяўчатамі, якім табе не падабаліся? А я ж люблю. І гэта сур’ёзна.

Вадзім. О божа! Дык жаніся. Я табе зараз каго-небудзь паклічу. (Глядзіць па баках.)

Максім (адыходзячы). Зразумела… Арэшак гэты табе не па зубах.

Вадзім. Гледзячы ў каго якія зубы.

Максім. Галаву на адрэз! Яна цярпець цябе не можа гэта… Гэта пантэра.

Вадзім (пасля роздуму). Што ж. Бачыць бог — я супраціўляўся. Але калі так, пайшлі ў заклад? На твой прыёмнік.

Максім. Прайграеш — аддасі альбом імпрэсіяністаў. (Перадае прыёмнік Вадзіму.) Для памяці. Інга будзе праз некалькі хвілін. (Паказвае на сукенку.) Спужаўся?

Вадзім. Вечар заняты. Абяцаў суседу разрабраць матацыкл, і яшчэ рандэву з Таняй.

Максім. Цяпер пакажы, на што ты здольны. Вось яна! (Знікае.)

Вадзім садзіцца на лодку, кладзе прыёмнік побач з сукенкай Інгі. Падыходзіць Інга. Нерашуча спыняецца.

Вадзім. Дзе ваш добры дзень, доктар?

Інга. Добры дзень. (Азіруючыся.) Тут быў Максім.

Вадзім. Пайшоў шуаць філасофскі камень. Сядайце. (Паказвае ёй кветку.) Хто мае кветку ў руках, той ліха не жадае.

Інга (садзіцца на лаўку). Мяне даўно цікавіць — чаму вашы жарты такія банальныя?

Вадзім. О, гэта доўгая гісторыя. Цяжкае дзяцінства, недахоп вітамінаў. А чаму, уласна кажучы, вы зацікаваліся мною?

Інга (весела). Адкуль вы ўзялі?

Вадзім. Нехта сказаў Максіму, што хацеў бы пабачыць, як мяне ахоплівае полымя любві.

Інга. Я сказала, што ахвотна паглядзела б на вас у звычайным полымі.

Вадзім. Сур’ёзна, ненавідзіце?

Інга. Усімі фібрамі душы.

Вадзім. Важна, што ў вас ёсць да мяне моцнае пачуццё. А любіце ці ненавідзіце — не мае значэння.

Інга (паказвае на прыёмнік). Ваш?

Вадзім. Пакуль што не. Інга, сустрэнемся заўтра ўвечары?

Інга (раскрывае кнігу). Навошта?

Вадзім. Будзем вывучаць зоркі… па праграме міжнароднага геафізічнага года.

Інга. Няўжо спутнікі з гэтым не спраўляюцца?

Вадзім (націскае на клавіш). Вы чытаеце такія тоўстыя кнігі? Пра вайну ці пра каханне?

Інга. Іншых вы не ведаеце?

Вадзім (бярэ кнігу, перагортвае). Без малюнкаў? Нашто вы яе чытаеце?

Інга (лагодна). Мне прыемна размаўляць з вамі.

Вадзім (самазадаволена). Н-ну!

Інга. Калі слухаеш вас, здаецца, нібы прабіраешся праз дрымучы лес, дзе яшчэ не ступала нага чалавека.

Вадзім (рэзка выключае прыёмнік). Калі мой сучаснік піша раман на тысячу старонак, я не хачу яго чытаць.

Інга. Вядома.

Вадзім (ускаквае, злосна). Тэорыю адноснасці Эйнштэйн выклаў на адной старонцы.

Інга. Выкладзіце “Ціхі Дон” на адной старонцы.

Вадзім. Ды што з вамі гаварыць.

Інга. Хацелася б ведаць вашы прынцыпы.

Вадзім. У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу. Шчасце ў працы. Не май сто рублёў, а ма сто сяброў. Прачытай і перадай таварышу. Прабачце, апошняе не абавязкова.

Інга. А вы злосны.

Вадзім. Танцуеце твіст?

Інга. Не выношу.

Вадзім (жартаўлівы жэст). Віншую. Як рана вы пастарэлі!

Інга. А што дае вам твіст?

Вадзім. Настрой. Той самы, без якога я не магу праседзець над чарцёжнай дошкай дванаццаць гадзін. Калі трэба. А з Дэбюсі або Глюкам не праседзіш.

Інга. Калі Дэбюсі і не ўздымае настрою, дык гэта чысты ручай, які ачышчае чалавека.

Вадзім. Я кожны дзень плаваю ў басейне.

Інга (разводзіць рукамі). Здаюся.

Вадзім. Вы сапраўды не любіце твіста?

Інга. Нядаўна да нас прывезлі хлапчука, які ў твісце вывіхнуў нагу.

Вадзім. Дарагая мая, ці ведаеце вы…

Інга (з агідай). Не называйце мяне дарагой.

Вадзім. У эпоху касмічных хуткасцей і электронных апаратаў музыка, якую слухалі нашы продкі, залезшы на печ, мяне не задавальняе. Хочацца дынамікі. Калі чую добры джаз, кроў кіпіць, галава працуе лепш… (Глядзіць на прыёмнік.) Не будзем спрачацца. Проста вы блукаеце, як авечка.

Інга. Вас што, кормяць сырым мясам?

Вадзім. Той самы спосаб… Калі жанчыне хто-небудзь падабаецца…

Інга (устаючы). Вам напякло ў галаву.

Вадзім. Інга, можна сур’ёзна?

Інга. Паспрабуйце.

Вадзім (водзіць пальцам па прыёмніку). Атрымалася найвялікшае глупства. (Паўза.) Не ведаю, як гэта здарылася, але я… вы запаланілі мае думкі!

Інга (напеўна). “І калі надышоў вечар, Шахеразада пачала расказваць казкі”. (Садзіцца.)

Вадзім. Ці э гэта не смешна? Мне спадабалася такая дзівачка…

Інга. “На тысячу ладоў цягнуў пераліваўся…”

Вадзім (запінаючыся). З таго дня, калі мы “пагаварылі”… Памятаеце? На выстаўцы графікі… Я пачаў заўважаць… Мяне ўсё больш і больш ваюіць… Многа думаю… Нават бачу вас у сне.

Інга (усміхаючыся). Вось як!

Вадзім (сярдзіта). Мяне гэта не цешыць. Уночы я павінен спаць.

Інга (мякка). Але, таварышы, пры чыт тут я?

Вадзім. Памажыце мне выкінуць вас з галавы.

Інга (збіраючыся пайсці). З задавальненнем. Бывайце.

Вадзім (утрымлівае). Гэта не выйсце. У сваіх думках я намалюю вас намнога лепш… Раскажыце пра сябе. Калі буду ведаць ваш характар, густы, звычкі, — самі разумееце, ад захаплення нічога не застанецца.

Інга (весела). Чаму вам так боязна ў мяне ўлюбіцца?

Вадзім. Гэта было б самагубства. Атамная вайна вялікіх дзяржаў.

Інга (з хітрынкай). А мірнае суіснаванне?

Вадзім. Паміж намі?

Інга. Я пажартавала. (Са смуткам.) Усё гэта не для мяне.

Вадзім. Вось-вось. Я нават не спрабую даводзіць, што вы мне падабаецеся. Вучыцеся вы на “выдатна” і таму нічога не зразумееце.

Інга дапытліва глядзіць.

(Задуменна.) І што мне магло… Пра фігуру і гаварыць не трэба. Ваш спосаб мыслення можа адштурхнуць мёртвага. А манера адзявацца… Мае сяброўкі і вы — неба і зямля.

Інга. Было многа?

Вадзім. Мне дваццаць восем год. Хочаце даведацца што такое пацалунак?

Інга. А самба — цудоўная рэч. Вы не думаеце?

Вадзім (абараняючыся, падняў рукі). Не люблю шчыкоткі… Каб вы не супраціўляліся, у мяне не было б жадання вас цалаваць. Палавіна разводаў — таму сведчыць. (Набліжаецца.)

Інга ў нерашучасці.

Можаце нават заплюшчыць вочы, і я не скрануся з месца.

Інга заплюшчвае вочы. Вадзім адразу ж абдымае яе і цалуе. Адышоўшыся, назірае за дзяўчынай, якая павольна падыходзіць да дрэва.

Інга…

Інга. Не трэба. Пажартавалі — і хопіць.

Вадзім. Глядзі, чайкі ляцяць! Інга, чаму ты выбрала медыцынскі?

Інга. Чаму?.. Спадабалася, што ў эмблеме змейка.

Вадзім. Кажуць, што ты едзеш на балота.

Інга. Ёсць такая хвароба — керома. Чуў?

Вадзім круціць галавой.

Як вытокі — балоцістыя мясціны. У мінулым годзе мне прыйшла ў галаву адчайная думка — лячыць керому ўвядзеннем… Расказала шэфу. Спачатку ён пасмяяўся, а потым… У бальніцы было двое такіх хворых. Мы паспрабавалі, і абодва паправіліся. Такога яшчэ не здаралася. Але ж гэта толькі два факты. Трэба паехаць і папрацаваць там гады тры, можа нават больш. (Захапіўшыся.) Трэба будзе праверыць методыку, знайсці найлепшы варыянт, зрабіць тысячы аналізаў… (Узрушана.) Хутчэй бы, хутчэй бы здаць экзамены… Эфектыўнай жа тэрапіі пакуль што няма!..

Вадзім (пасля паўзы). Інга, а не падобна гэта… на вершы Максіма?

Інга. А?.. (Супакоена.) Шэф перакананы, што мы трымаем у руках сінюю птушку.

Вадзім. І ты згодна жыць на балоце?

Інга. Туманы… Крык начной птушкі… Трошкі бліжэй — жабы — крум-крум… Бальнічка маленькая, размешчана ў гаі. Ад бяроз — навокал бела-бела… Нядаўна пачалі будаваць горд хімікаў. Вось толькі людзі неахвотна едуць. Праз керому.

Вадзім. Няўжо больш ніхто гэтым не займаецца?

Інга (з прыкрасцю). Не, чаму? Клініка. Але… Багі супраць нас. Калісьці кіраўнік клінік зрабіў доктарскую па кероме. І цяпер усё, што супярэчыць яго канцэпцыі, адхіляе. Значыць, выклік багам. Нахабства, праўда?

Вадзім. Люблю, калі скідаюць багоў.

Інга (глядзіць на гадзіннік). О, я павінна ісці. Праўда, прыгожы гадзіннік? Плаваю, сплю з ім… Падабаецца?

Вадзім. Цябе толькі і можна або ненавідзець або любіць.

Інга. Калі правалю экзамен — праз цябе.

Вадзім. Будзем пераздаваць разам. Па адных шпаргалках.

Інга (смяецца). Сустрэнемся яшчэ?

Вадзім. Не… Калі табе лепш?

Інга. Паслязаўтра. (Выбягае.)

Вадзім дастае папяросы, шукае запалкі, не знаходзіць. Рэзка кідае папяросу, ідзе.

Нкаторы час сцэна пустая. Азіраючыся, з’яўляецца Інга. Яна не можа схаваць сваёй радасці. Падымае кнігу, якая ляжала за лодкай.

Спакуснік, практыкант-самавук… Знайшоў дурніцу. Божа, колькі чаек! Ніколі не бачыла столькі чаек…

Заслона.

 

Дзея другая

 

Карціна V

 

Мінула два тыдні. Пакой дзяўчат. Галіна прасуе сукенку. Святлана праглядае канспект.

Святлана. Што яшчэ гаварыў Мечнікаў? Кожны чалавек можа жыць не менш як сто пяцьдзесят гадоў. Для гэтага трэба ліквідаваць хваробы і наладзіць апдаведнае харчаванне. (Глядзіць некуды ўдалячынь.) Чалачечае жыццё — агеньчык свечкі. Трэба баяцца пустых хвілін, пустых гадзін, пустых дзён…

Галіна (пільна пазіраючы). Светка, што з табой робіцца?

Святлана (закрывае канспект). Надакучылі экзамены. (Прыбірае ў пакоі).

Галіна. А ты не закахалася? Вось ўжо два тыдні, як не знаходзіш сабе месца.

Святлана. У цябе багатая фантазія.

Галіна. Інтуіцыя. Я не выпадкова выбрала сваю спецыяльнасць.

Святлана. Хіба можа быць псіхіятрам чалавек, які не прачытаў усяго Дастаеўскага?

Галіна. Уяві, можа. (Весела.) Сеёння прывезлі хворага, і ён сцвярджае, што вушамі ловіць хвалі шматлікіх радыестанцый свету, і просіць адключыць яго. Дзіўна, раней хворыя больш трызнілі на рэлігійныя матывы. Цяпер — спутнікі, атамы…

Святлана. Жывём так, быццам наперадзе вечнасць. А потым настае такі момант, калі бачыш…

Галіна. Са мной таксама нешта робіцца. Іду па вуліцы, убачу якго-небудзь мужчыну, і раптам ён мне здаецца такім родным, такім блізкім, нібы ведаю яго тысячу год… Што-небудзь здарылася?

Святлана. З цябе выйдзе добры спецыяліст.

Галіна. Аднойчы ў школе выкладчык матэматыкі сказаў Эйнштэйну, што ў яго вельмі пасрэдныя здольнасці… А можа надзець цёмнае?

Святлана. Куды ты збіраешся?

Галіна. У вялікі паход.

Святлана. Што ты надумала?

Галіна. Чалавек думае адно, гаворыць другое, а робіць трэцяе.

Святлана (з прыкрасцю). Ды не сустракаюцца яны!

Галіна. Кажуць, за мяжой створаны дэтэктар хлусні… А дзе яна прападае вечарамі?

Святлана. Логіка!

Галіна. Ці не з Вадзімам! Не, я ведаю яе густ!

Святлана (асцярожна). Як бы табе сказаць… Яе цікавяць яго даследаванні. А каханне… У іх проста сяброўскія адносіны.

Галіна. Цэлыя дні тырчыць у яго лабараторыі. Я сустракаю іх у інстытуце, у клініцы — усюды. І не расказвай мне казак пра дружбу мужчыны і жанчыны.

Святлана. Гэта нейкі кашмар… Што ж рабіць?

Галіна (іранічна). Раскажы пра новую методыку, якой яна так цікавіцца.

Доўгая паўза.

Святлана. Добра. Але калі ты каму заікнешся…

Галіна. Нядрэнны пачатак для дэтэктыва.

Святлана. Гала, наша Інга… вельмі хворая.

Галіна. Сэрца?

Святлана. Помніш, як яна самлела ў аперацыйнай?

Галіна. Ну?

Святлана. Аскольд у той жа дзень узяў у яе кроў.

Галіна. І аналіз быў адмоўны.

Святлана падыходзіць да кніг, шукае, дастае фотаграму, кавалак фотаплёнкі.

Святлана. Вось.

Галіна (разглядае). Не можа быць…

Святлана. Ты разумееш, што гэта такое?

Галіна. Ён нешта наблытаў.

Святлана. Лабарантка бачыла, ён тры разы правяраў.

Галіна. Але ці азначае гэта, што Інга…

Паўза.

Святлана. Яшчэ не было выпадку, каб Аскольд паставіў чатыры плючы і чалавек астаўся жыць.

Галіна. Яна здагадваецца?

Святлана. Думаю, што не.

Галіна. Злаякасная форма. Год — два?

Святлана. Не болей. Але няўжо нічога нельга зрабіць? Галка, мілая?..

Галіна (разглядваючы плёнку, раптам усміхнулася). Ці не здагадалася ты, што ў мяне з ім спатканне?..

Святлана. Ідыётка… (Хавае фотаграму.)

Галіна (пільна глядзіць на Святлану). Здаровая дзяўчына, кроў з малком… І раптам…

Святлана. Практычна яна яшчэ здаровая. Толькі апарат Аскольда ўлавіў змены у храмасомах.

Галіна. сёння ж пагавару з Аскольдам.

Святлана. Галка, не трэба.

Галіна. Вось як…

Уваходзіць Інга. Яна вясёлая, бяспечная. У руках кветкі, кніга.

Інга. Прывітанне зубрылам! (Ставіць кветкі, кладзе кнігу.)

Галіна. А ты чаму не вучыш?

Інга. Адзін мой знаёмы кажа, што студэнты падзяляюцца на выдатнікаў і здольных.

Галіна. Цяпер дзяржаўныя экзамены.

Інга. Цяпер вясна. (Напявае.) Дзе мая кофтачка?

Святлана. Зноў на ўвесь вечар?

Інга. Хачу зацягнуць маладога чалавека ў філармонію. (Смяецца.) Для яго гэта яшчэ адзін крок у пекла.

Святлана. Ты абедала?

Інга (здзіўлена). Ой, забыла!

Святлана (клапатліва). Але так жа нельга. Выпі хоць чаю. Зараз прынясу.

Інга. Свецік, няма калі.

Святлана. Паспрабуй толькі ўцячы. (Выходзіць.)

Інга пераадзяваецца. Галіна гартае кнігу, якую прынесла Інга.

Галіна (ціха). “Так гаварыў Заратустра…” (Насцярожана.) “З кніг Аскольда Паланава”?

Інга. Ты нешта сказала?

Галіна. Хацелася б ведаць, пра што гаворыць звышчалавек Заратустра… Інга, як ты сябе адчуваеш… пасля ўчарашняй гульні?

Інга. Усе мускулы баляць. Але здорава мы гулялі, праўда?

Галіна (кладзе кнігу, падыходзіць да Інгі). Зборная выглядала выдатна.

Інга. Калі мы і заўтра выйграем…

Галіна (стараецца гаварыць абыякава). Што ў цябе на шыі?

Інга (захінае). Хлапчук… шкадлівы…

Галіна. Хто гэта?

Інга. Містэр Ікс.

Галіна. Вядома, гэта няпраўда…

Інга. Чаму? Выдумалі, што вучоныя — сухары. Сярод іх ёсць і лірыкі, і рамантыкі… Ды яшчэ якія… О!

Галіна. Хлусіш!

Інга (паціскае плячыма). У іх, праўда, не заўсёды ёсць час, каб ехаць на ўскраіну горада, дзе ім прызначаюць спатканне… Дома лепш, утульней.

Галіна. Не! Так не будзе!

Інга (смяецца). Ну і нервы!.. Урач, спачатку вылечы сябе.

Галіна. На такіх не жэняцца! Ён сам…

Паўза.

Інга. Што ты сказала? На такіх?.. Як гэта разумець?

Галіна (ходзіць). Ну… Мужчыны любяць жанчын з іншым тэмпераментам.

Інга (нервова). Якое глупства… А калі я табе скажу, што ў нас усё вырашана?

Галіна. Вырашана?!

Інга. Яго ідэя. За сталом будзеш сядзець побач са мной, добра?

Галіна. Так і ёсць: фотаграма — ліпа…

Інга. Фотаграма? Якая?

Галіна. Звар’яцець можна… Куды гэта Светка пайшла?

Уваходзіць Святлана з чайнікам.

Святлана. Вось і чай. У мяне ёсць варэнне.

Інга. Пра якую фотаграму вы гаварылі?

Святлана (пасля паўзы). Пря чкую фотаграму мы гаварылі? Ды так… (Разлівае чай на падлогу.) Гэта я, каб супакоіць яе… Яна дамула, што ты з Аскольдам…

Галіна (Святлане, са злосцю). Вось яна, жаночая дружба! Я ведала, што ты ашуквала… Развяла камедыю — безнадзейна хворая, злаякасна форма… Нават фотаграму паказала… Але я не такая дурніца…

Святлана. Перастань!.. Перастань… (Да Інгі.) Я ўсё выдумала… Я хацела…

Інга (рашуча). Фотаграму.

Святлана (знаходзіць і падае фотаграму). Я не ведаю… Можа туту памылка…

Інга (разглядае). Як жа гэта… Чатыры… Што ж гэта?.. Непаразуменне, напэўна…

Святлана (жвава). І я так думаю.

Галіна. Паглядзі, там другі шыфр.

Інга. (прагна ўзіраецца). Другі шыфр… Праўда… (Абмякла.) Але я ведаю, калі Аскольд ставіць не той шыфр. Бедны… Што ён перажыў!.. Чатыры плючы. Але ж, не трэба было забывацца… (З прыкрасцю.) Ну чаму зараз? (Падбягае да акна.) Як недарэчы…

Святлана. Інга, родная…

Інга. Перастань, Светка! (Галіне.) Ты зрабіла добрую паслугу… (Глядзіць у акно, паспешліва выходзіць.)

Святлана. Што ты нарабіла… (Стомлена ідзе да акна.) Сотні гадоў пройдуць, людзі стануць іншыя, а нешта ад жывёлы застанецца… Гэта такая ж праўда, як і тое, што з мяне ўрача не выйдзе.

Уваходзіць Вадзім.

Вадзім (весела). Вы што, шаноўныя, аглухлі? Сткаю, стукаю. Скажыце, Інга дома?

Галіна (занепакоена). Навошта яна табе?

Вадзім. Мя спазняемся. А ведаеце, бога ўсё-такі няма. Інакш ён не дапусціў бы маіх пакут — кожны дзень: філармонія, опнра, карцінная галерэя... Чаго не зробіш дзеля… мастацтва.

Галіна. Няпраўда! Ты з ёю не сустракаешся.

Вадзім. Няўжо я так сказаў?

Галіна (паспешліва). Праўда ці не? Гавары…

Вадзім. Ёсць пытанні, на якія нельга адказаць: праўда ці няпраўда. Напрыклад, пытаюцца — вы дурань?

Святлана. Вадзім, скажы ёй праўду.

Вадзім. А ў вас не засумуеш.

Галіна (пакутліва). Божа мой… Чаму мне так не шанцуе… (Выходзіць.)

Вадзім. Што з ёю?

Святлана. Пройдзе. Перавучыла…

Вадзім (падыходзіць да падручніка, раскрывае).”Прапедэўтыка”… Сястрыцы міласэрныя, прадаю ідэю. Адкіньце падручнікі, гараць яны ясным агнём… Ідзіце на вуліцу, аддайцеся сонцу, жыццю. Шансаццаць гадоў карак гнулі. Для чаго? Ці варты людзі таго, каб іх лячыць? Нейкія дзівакі пырнуць адзін аднаго нажом, а потым вы суткамі не адыходзіце. П’яны прастудзіцца пад плотам, а вы… Думаеце, будзе ўдзячны? Яшчэ скаргу напіша — у кішэні была чацвёрка, а ў бальніцы дапілі.

Святлана. Што табе трэба?

Вадзім. Задвайце на тройкі. Дыплом і зарплата вам гарантаваны. Ты яшчэ помніш, як узыходзіць месяц? Як выглядае раса на травінцы? Як у полі спяваюць жаўрукі? Калі ты захтра трапіш пад машыну…

Святлана. Калі ласка, ідзі…

Вадзім. Мне патрэбна Інга.

Святлана. Інга?.. (Выбягае з пакоя.)

Вадзім. Адны рэбусы… (Глядзіць на гадзіннік, выходзіць.)

 

Карціна VI

 

Скверык. Інга сядзіць на лаўцы і вучыць: рыхтуецца да экзамена. Закрывае кнігу, сядзіць як акамянелая.

Інга. Свет стаў доўгі, а людзі не заўважаюць. Спяшаюцца на канцэрты, спрачаюцца пра футбол, сварацца з-за глупства… Змяніліся паняцці. Усё жыццё… змесціцца на далоні. Планы бліжэйшыя і перспектыўныя… Апошнія выкрэсліваюцца. Будучыня… Іншыя могуць сказаць: “У гэтым годзе махнём у Ялту, а ў наступным — вакол Еўропы”. Не будзе… Нічога не будзе… А што такое жыццё? Існаванне? Барацьба? Самасцвярджэнне? Божа, як мала я ведаю… Век вучылася і — друніца… Дзяўчаты сталі такія клапатлівыя… Нават злосць бярэ. А ноччу Светка плача ў падушку. І ўсё-такі ў мяне перавга — ведаю свой тэрмін. Колькі ж засталося? Год, паўтара? Яшчэ б гадоў дзесяць. Ну, пяць… (Круціць галавой.) А раптам за гэты час што-небудзь вынайдуць? Як калісьці антыбіётыкі… Не, цуда, сіньёры, не будзе… Як жыць, калі няма калі жыць? Во як загаварыла… Кінуць усё і паехаць да бабулі? Вйграю месяц-два… Кінуцца ў “салодкае жыццё”? Хутка абрыдне. Што застаецца пасля чалавека? Дзеці, справы? Першае выключаецца. А другое… Добра пісьменнікам, кампазітарам… А што пакідае пасля сябе ўрач?.. Галоўнае — не гэта. Галоўнае — астацца чалавекам.

З’яўляецца Вадзім. Інга рэзка ўстае.

(Спалохана.) Вадзім? Калі ласка, ідзі! Я павінна вучыць…

Вадзім. Інга, што гэта азначае? Два тыдні ганяюся за табой, а ты хаваешся. На запіскі не адказваеш, — што здарылася?

Інга. Экзамены.

Вадзім (падыходзіць бліжэй). Можа я і дурань, яле не настолькі…

Інга (запальчыва). Ведаеш, колькі двоек наставілі?.. Пер’е ляціць!

Вадзім. Неяк я цябе бачыў з тралейбуса. Ты ішла з хлопцам і смяялася… Гэта хто?

Інга (памаўчала). Так сказаць, прапануецца падумаць — а што, калі так?

Вадзім. Адзінае, што магло б мяне спыніць. Так засумаваў па табе… Ідзі, я нешта скажу.

Інга раздумвае, потым падыходзіць. Вадзім абдымае яе. Дзяўчына хоча запомніць гэтае імгненне.

Што з табой?

Інга (адхіляючыся). Не трэба так моцна. Што на рабоце?

Вадзім. О, можаш павіншаваць! Мне даручылі распрацоўку новай лініі. Памятаеш?

Інга. Вядома. Цяпер ты задаволены.

Вадзім (стрымана). А як жа! Я пакажу, на што здольны. Буду працаваць на ўсю сілу. Два гады ваяваў за гэтую ідэю!.. Толькі б за мяжой не апярэдзілі… Нешта такое ж робяць японцы.

Інга (весела). Заяц захмялеў.

Вадзім. Хопіць пра работу. А дзе твой гадзіннік?

Інга. Зняла.

Вадзім. Сапсаваўся?

Інга. Не.

Вадзім. Як жа так? Ты ж з ім заўсёды…

Інга. За колькі ты цяпер праходзіш сотку?

Вадзім. Не, праўда?

Інга (узрушана). Чаго ты прычапіўся?! Дай мне спакой!

Вадзім. Мабыць, усе прыгожыя жанчыны наравістыя. (Бярэ яе за руку.) Якія халодныя пальцы… Як у бабулькі.

Інга вырывае руку.

Ты што?

Інга (жвава). Я не расказвала, што рэжысёр прапанваў мне галоўную ролю?

Вадзім. Сучасная п’еса? Лепшая за тую, што мы іграем?

Інга (усміхнулася). Мы запыталі ў аўтара ці можна зрабіць невялікія змены — бо ў нас самадзейнасць. Ведаеш, што ён адказаў? “Мяняйце, ну вядома, мяняйце. П’еса настолькі дрэнная, што дазваляю вам перапісаць яе нанава”.

Вадзім. А калі ты будзе іграць?

Інга (глядзіць убок). Ты… пра што?

Вадзім. Ты ж паедзеш…

Інга. Паеду, іграць не прыйдзецца… А на сцэне прасцей…

Вадзім. Дзіўная ты сёння… (Хоча прытуліць да сябе.)

Інга (гулліва). Эй, эй! Не захапляйцеся, таварышы!

Вадзім. Дай руку. (Прыкладвае яе руку да свайго сэрца.) Чуеш, там нешта трапечацца?

Інга (весела). Праўда! Што ты праглынуў?

Вадзім. Цемната. Гэта ж сэрца! Усе ўдары — цераз адзін — твае.

Інга (зацікаўлена). Цераз адзін? (Раўніва.) А каму другі?

Вадзім. Мне. Трэба ж неяк жыць.

Інга. Скнара. Іншы аддаў бы ўсё.

Вадзім. Ну, ведаеш… Хутка вечар. Можна цябе благаславіць?

Інга. Пасля тваіх благаславенняў я доўга не магу заснуць.

Вадзім (паказвае мезенец). Адзін…

Інга (спалохана). Не, не!.. Баюся інфляцыі.

Вадзім. І ўсё-такі ты нейкая другая. Што з табой, дзяўчынка?

Інга (закінуўшы галаву, павольна матляе ёю ў бакі). Вадзім, гэта наша апошняе спатканне.

Вадзім. Інга, ты гаварыла, што гумарысты — людзі з агрэсіўным комплексам.

Інга. У мяне ёсць друг. Яшчэ са школы. Андрэй. Ён не тут. доўга не пісаў, і таму я… мы… А нядаўна прыйшло пісьмо. Я люблю яго.

Вадзім. (няўпэўнена). Выдумваеш. Інга, што было ў той вечар, калі мы збіраліся ісці ў філармонію?

Інга. Па касмічных маштабах веку — нічога… Канчаць будзем адразу. Іншы раз радыкальная аперацыя — лепшы сродак.

Вадзім. Глянь мне ў вочы… Мы былі сапраўды шчаслівыя. Ненавіджу гэтае мяшчанскае слова, але былі, былі!.. І няўжо ўсё скончана?!.

Інга (пасля роздуму, у роспачы). А, прападзі ўс1 пропадам… Вадзім, сёння наш дзень! (Паспешліва.) Едзем у лес… Возьмем з сабою віна, музыку… І павесялюся ж я, натанцуюся… А там — хоць трава не расці… Едзем. (Цягне Вадзіма за рукаў.)

Вадзім. Не. Усё альбо нічога.

Інга (стомлена).ідзі. ты яшчэ сустрэнеш сваю… Андрэй прыедзе праз некалькі дзён. Чуеш?

Вадзім. Інга, я ж бачу, што з табой робіцца. Дык якому д’яблу патрэбна такая ахвяра?!

Інга. Каб жа я ведала… (Груба.) Чаго ты стаіш? Я кніколі не любіла цябе! Захацелася падражніцца. Ну?!

Вадзім. Што было, тое сплыло. (Праводзіць рукой па твары.) Калі я пайду…

Інга (з выклікам). Вернешся! У цябе няма ні кропелькі гонару. Хлюпік, бязвольны слімак…

Вадзім (успыўнуў). З табой каб гаварыць — трэба жалезнвыя нервы. (Рашуча ўстаў.)

Інга (астаўшыся адна, паступова супакойваецца). Ну, нічога… Самае страшнае прайшло. Кіп смайлін — захоўвайце ўсмешку. (Закрыла кнігу і пайшла.)

 

Карціна VII

 

Вечар. Канструктарскае бюро. Над чарцёжнай дошкай схіліўся Вадзім. Звоніць тэлефон. Вадзім неахвотна падыходзіць, здымае трубку.

Вадзім. Слухаю… Я… (Уздыхае.) Таня… (Апускае трубку, доўга глядзіць на дошку, потым успамінае пра тэлефон.) Скончыла? Я нядаўна ўспомніў, што свет трымаецца на трох кітах і жанчыны тут ні пры чым… І не будзе!.. (Рэзка кідае трубку, але, падумаўшы, здымае яе і кладзе побач. Вяртаецца да дошкі.)

Уваходзіць Аскольд з партфелем.

Аскольд. Добры вечар. Магу бачыць Жураўлёва?

Вадзім (вітае яго кіўком). У камандзіроўцы. Месяцы на два.

Аскольд. Што вы кажаце! Якая непрыемнасць… (Задумаўся.)

Вадзім. А можа на паўтара. Мантаж устаноўкі ў Іркуцку.

Аскольд. Шкада. І вельмі.

Вадзім. А магу запытацца, што ў вас за справа? Сядайце.

Аскольд (прысаджваецца). Дзякую. Бачыце, Жураўлёў быў маім пасрэднкамю у вас рабілі некаторыя вузлы да майго апарата. Дазвольце пазнаёміцца. Аскольд Паланаў.

Вадзім. Вадзім.

Аскольд. Я прапанаваў сваю методыку ранняга выяўлення некаторых захворванняў крыві. Спадзяюся, вы разумееце, што азначае задоўга да развіцця сімптомаў хваробы — прыкладна за год — паставіць дакладны дыягназ?

Вадзім. Даць у рукі медыкаў…

Аскольд. Вось іменна. І павінен сказаць, некаторыя замежныя фірмы заявілі, што хочуць набыць ліцэнзію… Так, а цяпер я думаю пра новы аппарат, з большым дыяпазонам дзеяння. (Дастае з партфеля накіды.) Прынцып дзеяння заснаваны на розным паглынанні святла. У гэтым месцы змяшчаецца кропля крыві…

Вадзім уважліва разглядае.

Але вось тут у мяне ніяк не атрмліваецца… Слабае звяно… Часта выходзіць са строю… Чаго толькі не прыдумваў. Дарэмна. Гэта як матацыкл: дзень ездзіш — тыдзень рамантуеш. Разбіраецеся?

Вадзім (задумліва). Ды ўжо ж… У вас якой маркі матацыкл?

Аскольд. У мяне “Волга”.

Вадзім. Гэты блок для чаго?

Аскольд. Выраўноўвае сігнал.

Вадзім. Так… дайце падумаць…

Аскольд паціскае плячыма і адходзіць да акна. Вадзім падлічвае, крэсліць нешта на паперы.

Ну што ж. ёсць над чым паламаць галаву. Прыходзьце праз тры дні.

Аскольд. І што будзе праз тры дні?

Вадзім. Паглядзім. Люблю такія задачкі.

Аскольд. Мабыць, вы недаацэньваеце ўсёй складанасці…

Вадзім. Праз тры дні… (Весела.) Хначыць, хто хутка ставіць дыягназ, той хутка вылечвае?

Аскольд (пасля паўзы). Не зусім. Гаворка ідзе пра хваробы невылечныя. Хто захварэў — стопрацэнтная смяротнасць.

Вадзім. І ніхто не вылечваецца?

Аскольд. Пакуль што — ніхто. Нядаўна мы правяралі сваіх студэнтаў… Адна студэнтка безнадзейна хворая. Чатыры плюсы. Спартсменка, выдатніца, выпускніца. Калі я прапанаваў ёй абследавацца, кажу, дай кроплю крыві — будзеш ведаць свой лёс, яна засмяялася: “Таварышы, пакуль не разлічуся з керомай… І наогул, я збіраюся пражыць не менш як сто гадоў”.

Вадзім. Як, вы сказалі, яе завуць?

Аскольд (пасля паўзы). Я назвая імя? Не можа быць. У вас там знаёмыя?

Вадзім. Не. Проста цікаўлюся. Дайце закурыць.

Аскольд частуе. У Вадзіма падае цыгарэта.

Аскольд (жартуючы). Піць трэба меней, таварыш канструктар.

Вадзім. Выпадак цікавы… Няўжо нічога нельга зрабіць?

Аскольд (задуменна). Пакуль што — абсалютна… Чалавек без заўтрашняга дня.

Вадзім. Як жа так.

Аскольд. Па сутнасці, усе мы памром.

Вадзім. Але ў яе гады… Адкуль? Чаму?

Аскольд (падыходзіць да акна ўсміхаючыся). Праўда, цудоўнае паветра? Свежае, чыстае. Зеляніна… А фон радыяцыі ў некалькі разоў вышэй, чым да вайны. Дазвольце запытаць, колькі разоў вы праходзілі рэнтген?

Вадзім. А?.. Пятнаццаць — дваццаць.

Аскольд. О!.. Дадайце добры дзесятак іншых шкоднасцяў, якія ўзніклі з прычыны тэхнічнага прагрэсу. Пад іх уздзеяннем у храмасомаў адбываюцца мутагенныя перабудовы…

Вадзім. Яна ведае?

Аскольд (паглядзеўны на Вадзіма, круціць галавой). Чалавек адыходзіць ад прыроды. У этым трагедыя нашага часу.

Паўза.

Вадзім. Дык што ж, назад — да каменнай сякеры?

Аскольд. Зусім не. На ўзроўні сучаснай цывілізацыі вярнуцца да прыроды. А галоўнае — ліквідаваць шкоднасці. Пакуль не позна.

Вадзім. Якія вы слабыя, медыкі. Людзі праніклі ў космас, разгадалі нейтрына…

Аскольд. Навошта параўноўваць чалавечы арганізм — самае складанае ў прыродзе — з элементарнымі часцінкамі? Слабыя… Не забывайце, што для фізікаў не было ніякіх забарон, а медыкам доўгі час не дазвалялі даследаваць клетку. Рэкамендвалі займацца ўмоўнымі рэфлексамі (пстрыкае пальцамі ў паветры), а ў якасці дадатковай нагрузкі — пытаннямі мовазнаўства…

Вадзім. Калі ж чалавецтва пазбавіцца хвароб?

Аскольд. Няўмольна набліжаецца час, калі сонечнае цяпло, слабеючы, не зможа растопліваць лёд, які будзе насоўвацца з палюсоў, і Зямля — мёртвы, асталы, як Месяц, шар — будзе кружыць у глыбокай цемры па ўсё больш кароткіх арбітах вакол мёртвага Сонца, на якое яна нарэшце ўпадзе.

Вадзім. Гэта хто — Сартр, Камю?

Аскольд. (пасля паўзы). Не. Энгельс. “Дыялектыка прыроды”.

Вадзім (пасля роздуму). Чалавецтва не загіне. Яно зможа перасяліцца…

Аскольд. Некалькі мільярдаў чалавек? На чым жа — на таксі?

Вадзім. Да таго часу — гэта будзе праз мільёны гадоў — праблема транспарту вырашыцца.

Аскольд. Магчыма. Але ці хопіць чалавечага жыцця, каб даляцець да другой сістэмы?

Вадзім. Людзі запаляць новае сонца. Яно будзе лепшае за гэтае.

Аскольд. Ярчэй за тысячу сонцаў… Мы не ведаем, што нас чакае заўтра.

Вадзім. Скажыце, у гэтай дзяўчыны… белакроўе?

Аскольд. Не зусім. Але канец — аднолькавы.

Вадзім. А бывае, што ваш апарат памыляецца?

Аскольд. Не, калі б ён дапусціў хоць адну памылку, я адчуваў бы сябе лепш.

Вадзім. Ну, хоць бы адзін раз на тысячу…

Аскольд. Выключяаецца. За два гоады — ні адной памылкі. Калі я паставіў дыягназ… (Заўважыў, што Вадзім хвалюецца.) Урэшце, у медыцыне ўсё магчыма. Зусім верагодна, што ўсё абыдзецца шчасліва.

Вадзім. Не трэба!

Аскольд. А праўда суровая. Адзін дасціпны калега сказаў пра маіх пацыентаў: “Аскольдавы магілы…” (Стараецца бравіраваць.) Іншы раз я адчуваю, што наводжу жах на людзей. (Пільна прыглядаецца да Вадзіма.) Штосьці мне вашы вочы не падабаюцца. Не заўважаеце стомленасці, слабасці? Хочаце, праверым вашу кроў? Гэта нядоўга… (Смяецца.) Я пажартаваў.

Вадзім (не гледзячы на Аскольда). Скажыце, вас калі-небудзь білі?

Аскольд (паспешліва збірае паперы ў партфель, накіроўваецца да дзвярэй, на хвіліну спыняецца). Калі вы знаёмы… з гэтай дзяўчынай, калі ласка, не гаварыце. Ёй гэта нічога не дасць. (Абвяўшы.) Паверце, каб быў хоць адзін шанц… Я люблю яе. (Ідзе да дзвярэй.)

Вадзім (рэзка паварочваецца, глядзіць). Стойце!

Аскольд спыняецца. Вадзім бярэ аркуш паперы, шпарка піша, падыходзіць да Аскольда, аддае.

Зойдзіце ў пятніцу. Трэці цэх.

Аскольд бярэ запіску, выходзіць. Вадзім глядзіць услед, падыходзіць да тэлефона, набірае нумар.

Скажыце, басейн сёння працуе да… Дзякуй. (Паволі кладзе трубку.)

 

Карціна VIII

 

Кватэра Вадзіма. Вечар. Сучасны інтэр’ер. Гарыць настольная лямпа. Прыглушана гучыць музыка — арган. Вадзім у купальным халаце ходзіць па пакоі. Званок. Вадзім выходзіць і вяртаецца з Максімам.

Максім. Добра, што ты дома. Дождж пачынаецца. Ледзь паспеў.

Вадзім. Сядай… Толькі што пайшлі хлопцы. Каньяку?

Максім. Калі ёсць напітак…

Вадзім. Пашукаем… (Прыносіць бутэльку вады.)

Максім (налівае, п’е). Сёння ў клубе паказвалі “Хірасіма, мая любоў”. Думаў, прайду, але столькі ахвотнікаў…

Вадзім (задуменна). “Хірасіма, мая любоў”…

Максім. Ты… ведаеш?

Вадзім (адыходзіць ад акна). Ведаю.

Максім. Мне Света расказала. Хто б мог падумаць.

Вадзім. Пасылаюць у Новасібірск. Па дарозе назад спынюся ў Маскве, абыду ўсе інстытуты.

Максім. Я ўчора прыляцеў з Ленінграда. Быў у клініцы, якая… Гаварыў з кіраўніком. (Разводзіць рукамі.) Ні ў нас, ні за мяжой. Адзіная надзея — памылка ў дыягназе.

Вадзім. Гэты тып сказаў, што яго пякельная машіна не памыляецца… Мефістофель, іхтыязаўр… Ледзь не надаваў яму па шыі…

Максім. Улезь у яго скуру: імкнецца рабіць дабро чалавецтву, а сёння гэта ператварыцца…

Вадзім. А калі пашукаць у народнай медыцыне?

Максім. Пра тое, як спрабавалі лячыць гэтую хваробу, напісаны сотні тамоў, але… (Аглядаецца.) Яна… была тут?

Вадзім. Учора бачыў Святлану. На стадыёне.

Максім. Між іншым, Света згадзілася астацца.

Вадзім (пасля паўзы). Што б ты сказаў, Максім, каб я… ажаніўся з ёю?

Максім (наліваючы ў кубак вады). Ты часам няўдала жартуеш.

Вадзім. А ўсё-такі?

Максім. Гэта… кашчынства, Вадзім. Камедыя скончана. Цяпер мы героі драмы.

Вадзім. У жыцці ўсё пераблытана. Толькі эстэты наставілі перагародак.

Максім (не выпіўшы, адстаўляе кубак з вадой). Але гэта не каханне, стары.

Вадзім. А хто мне скажа, што такое каханне?

Максім. Хочаш даць ёй трошкі радасці?

Вадзім. “Асколачак вясёлкі”. Ёсць такое апавяданне.

Максім (памаўчаўшы). Пір з атручанай закуссю. І госці гэта будуць ведаць.

Вадзім. Чаму так змрочна?

Максім. Ты дрэнна ўяўляеш, што такое хворая жонка, асуджаная на…

Вадзім. А калі не…

Максім (пасля паўзы). Чалавек не можа ашукаць бяззубаю з касой. Каханне перамагае смерць… І як гэта медыкі не дадумаліся? Ты сур’ёзна?

Вадзім (ходзіць). Што ў наш час можа быць сур’ёзным?

Максім. Тваё каханне прыняе ёй толькі пакуты — вастрэй адчуе, што траціць.

Вадзім (спыніўшыся, не зусім сур’ёзна). А ты мудры.

Званок.

Максім. Ты каго-небудзь чакаеш?

Вадзім. Завязаў, як кажуць паэты. (Выходзіць.)

Голас Вадзіма: “Плашч павесь тут”. Уваходзяць Вадзім і Святлана.

Святлана. Даўно такога дажджу не было. (Абтрэсвае рукі, заўважае Максіма.)

Максім. У гэтым склепе толькі і хавацца, калі дрэннае надвор’е.

Святлана (пасля кароткай замінкі, Максіму). І ты?..

Вадзім. Сядай. Кофе?

Святлана. не трэба. (Садзіцца, папраўляе валасы.) Ішла міма, дай, думаю, зайду. (Вадзіму.) Цыгарэту.

Максім. Наколькі мне вядома, ты не курыш.

Вадзім дае ей прыкурыць.

Святлана. Зубрылі, зубрылі з Інгай, пакуль галовы не забалелі.

Максім. Святлана, ён ведае.

Святлана (паклала цыгарэту, Вадзіму). Ты не павінен сустракацца з ёю.

Вадзім (гнеўна). Паспелі пахаваць! Сябры…

Святлана. Але ж… Не ведаю, што ў вас было ў скверыку, тады, толькі пасля гэтага яна... Калі ў цябе ёсць да яе хоць кропля...

Вадзім. Яна цябе паслала?

Святлана. я лічыла цябе разумнейшым.

Вадзім (пасля роздуму). Добра. Вы пасядзіце. Хачу прагуляцца па горадзе.

Святлана. У так дождж?

Вадзім. Іншы раз дождж як на заказ. (Выходзіць.)

Святлана. Гаспадара выжылі.

Максім (падыходзіць да Святланы). У мяне суседка выязджае. Вызваляеца пакой.

Святлана (адхіляючыся). Ніколі не бачыла гэтага часопіса. (Разглядае.)

Максім. Спадзяюся, табе спадабаецца.

Святлана. Няўжо ён чытае і па-французску?

Максім. Гэтак жа, як я ў тваіх вачах.

Святлана (адкідвае часопіс). Максім, я еду з Інгай.

Максім (з прыкрасцю стукае далонню па стале. Ходзіць па пакоі. Выразна). Навошта? Каму патрэбна, каб ты ехала?

Святлана. Хто-небудзт з нашых павінен быць побач. Нельга пакідаць яе адну.

Максім. Што гэта зменіць?

Святлана. нічога. Але мы — людзі. (З напружаннем.) І не спрачайся са мной. Гэта канчаткова.

Максім. Свецік, я зусім не ідэальны герой. Я лепш за іншых бачу свае слабасці, недахопы… паэта з мяне не будзе. Але я люблю цябе. Я ведаю сваю працу і люблю працаваць. Так, люблю. Што людзі ведаюць пра эканамістаў? Лічаць… Але ж яны часам могуць сэканоміць больш, чым некалькі заводаў за год. Нядаўна нам прывезлі электроннае абсталяванне. Надзвычайныя перспектывы!.. А на балотах я буду проста бездапаможны.

Святлана (задуменна). Электроннае абсталяванне… Навошта? Ты з поспехам яго заменіш…

Максім. Калі б мне сказалі: дзесяць гадоў варочай каменне, і гэта яе выратуе… А цяпер?..

Святлана. Самае страшнае — што гаворыш праўду… Але я не магу так… Прыйдзецца расстацца.

Максім. Разумней за ўсіх у гэтац сітуацыі трымаецца Інга. Бо ведае — нічога не зменіш. І што азначае ў нашу эпоху жыццё аднаго чалавека?

Святлана. Мяне ўсю калоціць… Хоць бы дождж перастаў…

Максім. Табе трэба сагрэцца. (Дастае з паліцы бутэльку, чарку, налівае.) Святлана, але справа не ў Інзе… Проста ты пакідаеш мяне. Чаму?

Святлана. А Галка не знаходзіць сабе месца. Нават глядзець не хоча на Аскольда.

Максім. За цябе, доктар.

Святлана. Будзем весяліцца… Пакуль здаровыя.

Выпівае. Паўза.

І ўсё-такі калоціць. Дождж, дождж…

 

Карціна IX

 

Паліклініка. Інга ў белым халаце сядзіць за сталом, разглядвае рэнтгенаўскі здымак і нешта запісвае ў журнал. Потым устае, падыходзіць да дзвярэй, трошкі іх прычыняе.

Інга (не глянуўшы). Заходзьце. (Вяртаецца, садзіцца, піша.)

Уваходзіць Вадзім. Моўчкі стаіць ля дзвярэй.

(Не гледзячы.) Сядайце. Вы ў нас былі? Ці ўпершыню? (Падымае галаву, глядзяць на Вадзіма. Рэзка накіроўваецца да дзвярэй.)

Вадзім. Пачакай! Я апошні.

Інга (выглядае за дзверы). Хто да хірурга? (Павольна вяртаецца, рашуча.) Я на рабоце.

Вадзім. Бюракратаў б’юць іх жа зброяй… (Дастае з кішэні талон, падае Інзе.) Як пацыент я маю права на ўвагу ўрача.

Інга (бярэ талон, глядзіць, рэзка кідае на стол, гледзячы ўбок). Я слухаю.

Вадзім падыходзіць да дзвярэй і зачыняе іх на ключ.

Ты што, звар’яцеў?

Вадзім. Акажаш, прыйшоў надта сарамлівы хворы.

Інга. Калі шэф даведаецца пры гэтыя штучкі…

Вадзім. Між іншым, ужо шесць. (Паказвае га гадзіннік.)

Інга. Што ж, пагаворым на вуліцы. (Здымае халат.)

Вадзім. Інга… Будзь маёй жонкай.

Інга (пасля працяглай паўзы). Ты казаў, што гэтае мерапрыемства запланавана на канец сямігодкі.

Вадзім. Сямігодку — датэрмінова. Дэвіз многіх.

Інга. Дзіўная перамена.

Вадзім (з умешкай). Ведаеш, надакучыла самому цыраваць шкарпэткі, гатаваць снеданне…

Інга. Андрэй казаў, што ўсё будзе рабіць сам… Каб ты ведаў, які ён харошы. У школе хадзіў за мною, як прывязаны. Ходзіць і маўчыць. Аднойчы кажу: “Андрэй, злаві мне ваўчаня”. І што ты думаеш? Прывалок. (Задумалася.) Ён будзе добры муж…

Вадзім. Інга, я ўсё ведаю.

Інга. Што — ведаеш?

Вадзім. Ну… выпадкова сустрэў урача з лабараторыі, і ён…

Доўгая паўза.

Інга. Ведаеш… Так, чатыры плючы, чатыры крыжы… І я ведаю. Вось і каханню прыйшоў канец, дарагі Уладзім Уладзімыч… (Успыхнуўшы.) Якое глупства! Я проста ператамілася. Заняткі, секцыя, студыя… Варта толькі добра адпачыць…

Вадзім (жвава). Вядома! Я перакананы ў гэтым. Здасі экзамены, паедзем на поўдзень. Марское паветра, фрукты, цудоўныя мясціны Каўказа… Мы яшчэ пасмяёмся з гэтага аракула!

Інга. Смех у раі. Гэта весела. Мы на розных берагах.

Вадзім. Я нядрэнна плаваю.

Інга. Не трэба, прашу цябе.

Вадзім (з пачуццём). Чаму — не трэба? Мы з табой творым планету, дзе суткі прыраўняем да года. Цяпер ні на дзень не пакіну цябе.

Інга. Хочаш бачыць, як буду рабіцца брыдкай?

Вадзім. А ты ўяўляеш сябе прыгожай?.. Слухай, няўжо ты верыш гэтаму глупству? Ці можна наогул верыць нейкаму аналізу? Гэта ж не матэматыка.

Інга. Калі б я не была ўрачом…

Вадзім. А колькі разоў ваш брат ставіць фатальны дыягназ, а хворы жыве і п’е за яго здароўе. Ну а раптам, што ўсё ў парадку.

Інга. Учора Аскольд зноў браў у мяне кроў. І сказаў, што ўсё ў парадку.

Вадзім. Вось бачыш!

Інга. Я запытала: “Як і месяц назад?” А ён: “Так, вядома”. (Пасля паўзы.) Не, Вадзім. Усё правільна. Памылкі быць не можа. (Закасвае рукаў.)

Вадзім (уражаны). Што гэта? Ты была…

Інга. У тое лета дзеці ваеннаслужачыў адпачывалі ў Белавежскай пушчы. І калі танкі з чорна-белымі крыжамі перайшлі граніцу, шлях дадому быў адрэзаны. А потым прыехалі яны. Я ўсё помню. Яны былі ў белых халатах… Ласкавыя, добрыя… Кляйнас медхен іст шён… Давалі шакалад. А потым рабілі ўколы. З нашай групы не памерла яшчэ адна дзяўчынка. Лена. Нам бы зноў увялі гэты прэпарат. Але неяк партызаны вызвалілі частку дзяцей. Я доўга хварэла, паўгода нічога не бачыла.

Вадзім. Лену таксама выратавалі?

Інга. Так. Нядаўна памерла.

Вадзім. Няшчасны выпадак?

Інга круціць галавой.

Што вам уводзілі?

Інга. Калі я пераканалася, што сапраўды… Можаш уявіць, што я адчула. (Усміхнуўшыся.) Гейнэ неяк сказаў: калі ў півавара ў бочцы канчаецца піва, яму здаецца, што надыходзіць канец свету... Кінулася ў бібліятэку. Перагледзела ўсё новае, што ёсць у нас, за мяжой… Была і ў дацэнта Мельнікава, сказала, сястра хварэе. І ніхто нічога… Хутчэй бы за работу…

Паўза.

Вадзім. А керома?

Інга. Відаць, не паспею.

Вадзім. Год — 8760 гадзін. Напэўна, гэта многа.

Інга. І вельмі мала. Вось яшчэ трыццаці мінут ты ўкраў.

Вадзім (пасля паўзы, усхвалявана). Інга, керома — выратаванне… Для чаго мы жывём? У чым прызначэнне чалавека? У цябе наперадзе жыццё… Так! Жыццё, якое вымяраецца не стрэлкамі гадзінніка. Удваіх мы зробім удвая больш.

Інга. Не муч… Толькі ты адзін мяне і мучыш.

Стук у дзверы.

Вадзім (гучна). Прыём закончаны. (Інзе, цвёрда.) Будзеш рабіць тое, што скажу я.

Інга (плача). Навошта?

Вадзім (абдымае яе за плечы, горача, пераканаўча). Ты будзеш жыць. Будзеш! Мы кінем выклік богу, нячыстай сіле, д’яблу і тым гадам з чорна-белымі… Чуеш? (Бярэ яе твар у свае рукі.) Ты мяне яшчэ не ведаеш… Я не аддам цябе. Я кахаю. Ты чуеш? Кахаю цябе!..

 

Дзея трэцяя

 

Карціна X

 

Мінула паўтара года. Невялікая ўчастковая бальніца на палессі. Вечар. За акном завіруха. На сцэне медсястра, сярэдніх год жанчына, яна падкідае паленцы ў жалезную печку. Уваходзіць Вадзім, ён у лыжным касцюме, пляскае сябе па баках, спрабуючы сагрэцца.

Вадзім. Хірург з Забалоцця ў вас?

Медсястра. Там (паказвае на дзверы). Хлопчыка глядзіць. А што?

Вадзім. Ну і мяце!

Медсястра. Даўно на палессі такой зімы не было. Учора адзін ногі памарозіў. А ты адкуль?

Вадзім паказвае пальцам угору.

У цябе захварэў хто?

Вадзім. Як яна прыехала?

Медсястра. На трактары. Чым жа яшчэ сюды дабярэшся? Паехала я па яе на санях, а назад — намяло, конь не ідзе. Пайшла яна да начальніка — давай трактар. Той — куды там, гаварыць не даецца. Яна і так і сяк, а ён — не. Тады яна як грукне кулаком пас тале, а на стале шкло — только пырсні ва ўсе бакі. Хацеў у міліцыю паведамляць.

Вадзім. Даў?

Медсястра. А як жа. У райком пазваніла. Тады той гаворыць: “Глядзі, доктар, каб ваўкі не з’елі”. А яна: “Калі з вамі зладзіла, дык з ваўкамі спраўлюся”.

Вадзім. Лыжы ніхто не сцягне?

Медсястра. Гэта ж не горад. Людзі свае.

Вадзім выходзіць. З суседняга пакоя паказваецца Інга і малады ўрач Лапкіна.

Лапкіна (здзіўлена). Тут?

Інга. Умовы не ідэальныя. Але што рабіць?

Лапкіна. Мы нават патрэбнага інструменту не маем.

Інга. Самі калі-небудзь аперыравалі? (Мые рукі.)

Лапкіна. Хірургію я не любіла. Калі можна было, уступала асістыраваць іншым.

Інга. Прамерзла ў лесе да костачак… (Усміхаецца.) Калі раптам… адчую сябе дрэнна, увядзіце мне стрыхнін. Добра?

Лапкіна (заклапочана). Вам нездаровіцца?

Інга (весела). Ды не. Прамерзла, стамілася…

Лапкіна. Дык, можа, не трэба брацца?

Інга. Вы ж урач. Калі б ляснік нас не сустрэў… Паглядзіш — агеньчыкі… Пад’едзем — нічога няма. Міраж нейкі…

Лапкіна. Ваўкі.

З’яўляецца Вадзім.

Вадзім. Гэта ж трэба, — на каляды такое надвор’е! Відаць, пара архангелам на пенсію.

Лапкіна. Вам каго?

Інга (радасна). Вадзім? Як ты знайшоў?

Вадзім. Расказаў зайцам анекдот пря мядзведзя. Двое памерлі на месцы, а трэці не зразумеў і згадзіўся паказаць дарогу… Чаму ў вас няма ёлкі?

З’яўляецца Капарыха, пажылая панурая жанчына.

Лапкіна. Капарыха, маці хлопчыка.

Інга (Капарысе). Страшнага нічога няма. Але трэба аперыраваць.

Капарыха. Гэта што — рэзаць? Жывое цела? Не дам.

Інга (сумеўшыся). Як гэта?

Капрыха. Маё дзіця, мая родная крывінка. Бачыць бог — не дам.

Інга. Паслухайце, матуля, калі не зрабіць аперацыі…

Капарыха. Усё ў руках госпада нашага.

Інга. Гэта… ваша дзіця?

Капарыха. Ён раб божы.

Лапкіна. У вёсцы ёсць мурашкаўцы, сектанты.

Інга. Зразумейце, толькі хуткая аперацыя выратуе хлопчыка ад удушша.

Капарыха. Боская валя. Бог даў — бог возьме. Што людзі могуць? (Інзе, раз’юшана.) Маліцеся богу! Кожнаму хочацца зжыць… Маліся, дачка, богу! Толькі бог, толькі бог…

Інга расцірае скроні.

Вадзім. К д’яблу! (Паказвае на Інгу.) Вось твой бог! Усё ад яе залежыць.

Убягае медсястра.

Медсястра. Доктар, хлопчык ужо вочкі закочвае.

Інга. Вы чулі? (Робіць некалькі крокаў, хістаецца, асядае на табурэтку.)

Вадзім і Лапкіна яе падтрымліваюць, медсястра падае на ватцы нашатырны спірт.

Капарыха (радасна). Божачка забярэ яго да сябе!.. Ён будзе з анёламі. Аддайце дзіцятка, слязінку маю горкую.

Лапкіна. Толькі пад распіску.

Капарыха. Што — крыжыкі паставіць? Рукі адсохнуць.

Інга (рэзка). Ніякіх распісак!.. Не ведаю, як вас пераканаць!..

Капарыха (пачынае шумець). Аддайце сынка дабром, госпадам богам малю!

Вадзім. Дабро для яго — аперацыя. І хопіць!

Капарыха. Ліхадзеі! Толькі паспрабуйце рэзаць…

Медсястра выводзіць Капарыху.

Лапкіна. Раскажа сваім. Тыя могуць сюды ўварвацца, вокны пабіць.

Вадзім. Парадоксы стагоддзя.

Лапкіна. Калі мы хадзілі па вёсцы і рабілі прышчэпкі, яны запіралі аканіцы на засаўкі і спускалі сабак з ланцугоў.

Інга. Аперыраваць! (Зноў мые рукі.)

Лапкіна. Як маці не згодна, не маем права… Калі няўядача — крымінал.

Вадзім (Лапкінай). А вы добра вывучылі юрыспрудэнцыю.

Лапкіна. Такое жыццё. Вы паедзеце, а я…

Інга. Жыццё, уявіце, не толькі такое… Адказваць за ўсё буду я.

Лапкіна. Паслухайце, вы тут другі год. І другі год участковыя ўрачы не маюць спакою. Нашто вам гэта?

Інга. Зарабляю характарыстыку. Для аспірантуры…

Уваходзіць медсястра.

Медсястра. Можна пачынаць.

Святло паступова гасне.

Інга. У чым справа?

Лапкіна. У клубе кіно скончылася. Рухавік выключылі.

Інга. Нам неабходна святло.

Лапкіна. Зося, збегайце і ўгаварыце механіка.

Медсястра (запальвае свечку). Не згодзіцца. Яго Юльчына алена чакае.

Вадзім. Скажыце, доктар Лапкіна абяцала даць спірту.

Медсястра. Паспрабую… (Выходзіць.)

Лапкіна накіроўваецца ў суседні пакой.

Інга (глядзіць на свечку). Вось і каляды… Я рада табе, снежны чалавек.

Вадзім. А ты падобная на снягурачку… Інга…

Інга (перабівае). Сектанты — няшчасныя людзі.

Вадзім. Ты ведаеш, што я хачу сказаць?

Інга. Мы некалі дамаўляліся, што не будзем няньчыць.

Вадзім. Ты наўмысля сябе перагружаеш. Навошта?

Інга. Навошта, чаму, адкуль… пытанні для малых — ад двух да пяці. Што Светка робіць?

Запальваецца святло.

Вадзім. Гатуе грыбны суп. Такі суп — смаката…

Інга. Ну, пара. (Падстаўляе шчаку для пацалунка.) Даведайся ў зайцоў дарогу дадому.

Вадзім. Я з табою.

Інга выходзіць у суседні пакой. З’яўляецца медсястра. Падумаўшы, замыкае дзверы і ідзе да ўрачоў.

Вадзім (ходзіць па пакоі, пачынае чытаць газету, зацікавіўся). “Агенцтва ЮПІ паведамляе, што доктар Эрых Крамер, які прымаў у гады вайны ўдзел у эксперыментах над вязнямі канцлагера дахау, прызначаны спецыяльным саветнікам НАТА”.

Марудна цягнецца час. Вадзім ходзіць, раптам да нечага прыслухоўваецца. Чуецца моцны стук у дзверы.

Галасы. — Адчыняй!

— Валамім дзверы!

Вадзім марудзіць, потым бярэ качаргу і накіроўваецца да дзвярэй. З’ўляецца напалоханая медсястра.

Медсястра. Стойце!.. Доктару дрэнна…

 

Карціна XI

 

Прайшло некалькі месяцаў. Ранняя халодная вясна. Кватэра Інгі і Вадзіма на Палессі. Ноч. Світае. Інга цяжка хворая. Яна ў суседнім пакоі. Туды дзверы налева. Яшчэ ёсць дзверы направа — у кухню і на двор. Гарыць настольная лямпа. За сталом, абапёршыся на руку, сядзіць Вадзім. Ён нібы акамянеў, глядзіць у адну кропку. З пакоя, дзе знаходзіцца Інга, ціхенька выходзіць Святлана. Яна разбірае шпрыц, кладзе ў стэрылізатар.

Святлана. Мне ніхто не званіў?

Вадзім не адказвае.

Ужо раніца. Пагасі святло. Яна цябе кліча. (Адносіць стэрылізатар на кухню, вяртаецца.)

Вадзім (не мяняючы позы). Святлана, няўжо гэта ўсё?

Святлана. Не ведаю. У звычайную клініку гэта не кладзецца. Думаю пазваць кансультанта.

Вадзім. Што яшчэ можна зрабіць?

Святлана. Ты паказваў яе спецыялістам, даставаў самыя новыя прэпараты…

Вадзім. Паўгода ляжыць. Амаль паўгода…

Святлана (здзіўлена, ціха). Што ты сказаў?

Вадзім. У месяцы чатыры тыдні, а ў тыдні сем дзён…

Святлана. Ідзі да яе.

Вадзім. Потым.

Святлана. Ідзі.

Вадзім не рухаецца.

(Ходзіць па пакоі, быццам спакойная.) Што ж. Усё правільна. Думаў — як у басейне. На старт, марш — і праз дзве мінуты кветкі, падарункі, слава на ўсю рэспубліку. Раскіс!..

Вадзім. Яна не павінна бачыць мяне такім.

Святлана (нервова ўсміхаючыся). Толькі падумаць — я лічыла яго за ідэал мужчыны!..

Вадзім. Чаго ты хочаш?

Святлана. А!.. Калі яна адчуе, што ты… Твая вера — апошняе.

Звоніць тэлефон.

(Падыходзіць, здымае трубку.) Міжгародняя?.. Так, я заказвала. (Радачна.) Тата? Ой, як дрэнна чуваць… Вось цяпер лепш… Як ты там?.. Што яшчэ новага?.. Дасталі сібірскага ката? Будуць кацяняты — аднаго абавязкова забяру… (Паказвае Вадзіму на дзверы ў кухню.) Шпрыцы перакіпяць.

Вадзім выходзіць.

(У трубку, ціха.) Татачка, цяпер слухай. Сімптомы тыя ж, што і ўчора. Тэмпература трыццаць восем і сем. Ціск дзевяноста пяць на пяцьдзесят. Так… так… Не, не назіраецца. Антыбіётыкі тыя ж?.. Угу… Добра… У мяне ўсё ў парадку, не хвалюйся. Цалую, родны. (Кладзе трубку.)

Уваходзіць Вадзім, сядае да стала.

Вадзім. Калі прыедзе кансультант?

Святлана. Аскольд? Недзе ў канцы месяцы.

Вадзім. Што? Той самы? (Пасля паўзы.) Няхай хто другі.

Святлана. Без глупства. Ніхто лепш за Аскольда ў гэтым не разбярэцца. (Усіхнуўшыся.) Раўнуеш?.. Вадзім, усё-такі ўгавары яе ехаць у клініку. Цяпер гэта неабходна. (Выходзіць на кухню, хутка вяртаецца, пачынае апранацца.) Зной тая сектантка прыходзіла. Мёду берасцяначку прынесла і соку кляновага. І заўсёды ўпотай. Цікавая жанчына. Учора ўбачыла яе і гавару: “Інга зрабіла аперацыю хлопчыку, дык за гэта ёй плоцяць”. — “Тое, што яе сардэчныя ручачкі сатварылі, не купіш ні за якія грошы”. Пытаюся, што новага ў секце. “А гэта, дачушка, не твайго розуму справа”. Траву нейкую ўсё мне ў рукі совала. “Рабі настой і даай піць, калі ўзыходзіць сонейка”. Чуў бы гэта мой прафесар… Ну я пайшлаю пяцімінутка. (Выходзіць.)

З’яўляюцца двое мужчын у кажухах — гэта буравікі.

Першы. Паслухай, дарагі, хірург дзе жыве?

Вадзім. Тут.

Другі (за дзверы). Сюды!

Увальваецца яшчэ некалькі буравікоў.

Вадзім. Ідзіце у бальніцу. Гэта за бярозамі.

Першы. Ты не зразумеў. Нам хірург патрэбен. Жанчына, такая маладая, прыгожая…

Вадзім. Яна… яе няма. У горадзе…

Першы. Што ты гаворыш? Вай-вай… А ты яе муж?

Вадзім. Муж.

Першы. Дарагі, ты для мяне…

Другі. Браток, выпі з намі… (Выцягвае бутэльку шампанскага, пластмасавыя стаканчыкі.)

Вадзім. Што трэба, хлопцы?

Трэці (налівае). Мы буравікі…

Другі. За медыцыну.

Чацвёрты. За Мамедава. Не было б Мамедава, не было б нафты. (Падае Вадзіму стаканчык.)

Павагаўшыся, Вадзім бярэ, паглядае на дзверы, дзе Інга.

Трэці. За чалавека, які… Калі яна нашага Мамедава… яго самазвалам… з таго свету выцягнула…

Галасы. Праўда.

— Тры ночы не спала.

— Не доктар — канцы Мамедаву і канцы нафце.

— Мамедаў, добра цябе залатала?

Першы (выходзіць у цэнтр). Паглядзі… (Згінае рукі.) Бачыў, га? (Прысядае.) А гэта бачыў, га? (Прытанцоўвае.)

Пяты. Мамедаў! Яна зрабіла цябе вышэйшым!

Чацвёрты. Яшчэ б! Косці з пластмассы паставіла.

Першы. Так і сказала — у гэтах месцах параломах больш не будзе. (Вадзіму.) Усё, што ёсць у мяне… так… тваё.

Трэці (узрушана). Ды што тут гаварыць… За яе здароўе! (Намерваецца піць.)

Пята. Вось дае! Доктару — здароўя.

Усе шумна п’юць. Вадзім глядзіць на дзверы, хоча выпіць.

Вадзім. За вашы пластмасавыя косці.

Трэці. Ну і за нафту, вядома.

Вадзім. Што?

Трэці. Пад намі, разумееш, мора нафты. Учора ўдарыў фантан… За кіршнэнь, на галаву — як негры! Выдатная… Хоць ты пі яе. Праўда, Мамедаў?

Першы. Ён гаворыць, зробім аналіз. Я гавару, не трэба. Узяў на пальцы. Так? Панюхаў. Так? На язык. Так? Паглядзеў на сонца і кажу — добрая нафта. Мамедаў ніколі не памляўся. Спытай у Татарыі, на волзе. Пра Каспій не гавару.

Чацвёрты. Я жонцы напісаў — будзе дачка — назавём Нафтусяй.

Першы. Мы там, разумееш, казу прывялі.

Вадзім. Казу?

Першы. Дзікая каза, ледзь не алень. Прывязана. Завесці сюды, га?

Трэці. Няхай там будзе, Мамедаў.

Першы. А у калідоры — скрынка з персікамі і хурмой. Маці піша, няхай жыццё ў доктара будзе салодкай, як наша хурма… Ах, чаму не засталі…

Другі. Хадзем. Уваліліся…

Першы. Жыццё добрае, калі ёсць такія людзі, як доктар, праўда?

Трэці. Хадзем, браточкі, хадзем…

Першы. Калі што трэба — кліч Мамедава. Зраблю ўсё…

Буравікі выходзяць. Вадзім марудна зваязвае фартух.

 

Карціна XII

 

Пакой Інгі. Інга ляжыць у пасцелі і глядзіцца ў люстэрка. Навокал параскіданы кнігі, часопісы, лісты з запісамі. Уваходзіць Вадзім. У руках у яго паднос, на якім кубкі, сподкі, ваза з кветкамі.

Вадзім. Ніколі не думаў, што ў мяне кулінарны талент. Паспытай і пераканаешся.

Інга кладзе люстэрка, глядзіць міма.

(Падыходзіць да пасцелі і ставіць паднос на столік.) Спачатку таблеткі. Потым выпі соку. Што ні кажы, а быць урачом — найлепшая справа.

Інга не рэагуе.

Нішто не робіць чалавека такім высакародным, яе хвароба. Раней насілася па раёне, ваявала з бюракратамі за лабараторыю страшыла фельчыраў за антысанітарыю… А цяпер — проста святая. Кветкі ад Воранава. З цэха каталізатараў. Ты яго аперыравала. У яго сімпатычная жонка. Памятаеш? Калі паправішся, пабываем у іх.

Інга. Не, Вадзім. Такога не будзе.

Вадзім. Не выдумляй. Збоку лепш відаць. Прачытаць табе Джэка Лондана? Вельмі люблю яго — пісаў кароткія рэчы.

Інга. Баліць галава.

Вадзім. Вядома, — тэмпература.

Інга. Увесь час летуценні, летуценні…

Вадзім. Цікава! Тэлевізар не патрэбен.

Інга. Ляжала і ўспамінала сябе маленькай. Бацька вадзіў мяне да рэчякі. Там было поўна гарлачыкаў… Адкуль гэты звон?

Вадзім. Які звон?.. А… На будоўлі. Мантаж чэшскага абсталявання. Добра, што напомніла. (Ставіць на столік будзільнік.) Вось, купіў. Цяпер не прасплю на работу. Спадабалася, што не чуваць цікання. Прычасаць цябе?

Інга. Хочаш праверыць, ці выпадаюць валасы? Вадзім, што цябе тут трымае?

Вадзім. Добрае паляванне. Учора галоўны дзіка забіў.

Інга. Я так стамілася… Ты… яшчэ верыш? Толькі не мані.

Вадзім. Тое, што я тут, хіба не доказ?

Інга. Не хапае мужнасці.

Вадзім. Хочаш, каб я паўтараўся?

Інга. І… цяпер?

Вадзім (лашчыць яе рукі, пяшчотна папраўляе валасы). Яшчэ мацней. Калі ты слабая, бездапаможная…

Інга (жорстка). Так і ведала!.. Гэта не каханне.

Вадзім. Дзіўна. Чамусьці іншыя лепш за мяне ведаюць пра мае пачуцці. (Пераканана.) Усё будзе добра, дзяўчынка. Пераможам. І не думай пра бязглуздіцу.

Інга. Бязглуздіца… (Глядзіць на нумар на руцэ.)

Вадзім. Свет ідзе да лепшага. І мы гэта ўбачым.

Інга. А ты… ведаеш формулу маёй крыві?

Вадзім. Ведаю. Мяне гэта не пераканае.

Інга. Фанатызм — сляпая вера.

Вадзім. Уступай у маю секту.

Інга (пасля паўзы). Не, Вадзім. Паядынак выйгралі не мы. І з керомай не паспела. Святлана ўжо сама…

Вадзім (сядае побач). Давай шчыра. (Выразна.) Яшчэ не было, разумееш, не было выпадку, каб я чаго-небудзь моцна хацех і не дабіўся.

Інга. Па псіхатэрапіі ў мяне была пяцёрка.

Вадзім (сядае бліжэй). Інга, на свеце нас толькі двое. Дык давай трымацца разам! Пакуль ты са мною, табе нішто не пагражае! Толькі ты павінна мне памагчы. Пакажы свой характар.

Інга. Вадзім, у мяне да цябе просьба.

Вадзім (з гатоўнасцю). Калі ласка.

Інга. Едзь адсюль.

Вадзім. Гэта ад недахопу ў арганізме цукру і фосфару. Будзеш добра есці, прыдумаеш што-небудзь больштарыгінальнае. (Падае сподак.) Еш, кацянё. Тут многа жалеза.

Інга. Табе патрэбна здаровая жанчына.

Вадзім (рэзка). Разумная! Але бачу — памыліўся.

Інга. Калі ты гаворыш, што ў Воранава сімпатычная жонка…

Вадзім (злосна). Вы, медыкі, ханжы! Гаворыце пра Паўлава, а думаеце па Фрэйду.

Інга. Вадзім, табе прапанавалі спецыялізавацца па электроніцы.

Вадзім. Ведаю гэтую спецыялізацыю. Прымітыў, учарашні дзень навукі.

Інга. Калі застанешся праз мяне…

Вадзім. Праз цябе? Электроніка — не мая стыхія.

Інга. Хачу паслухаць музыку.

Вадзім. Даўно бы так. (Падыходзіць да століка. На якім стаіць прайгравальнік і пласцінкі.) Пашукаем Гершвіна…

Інга. Пастаў Моцарта.

Вадзім (разглядае пласцінкі). Моцарта? Здаецца, мы некаму яго аддалі. Я знайду “Блакітную рапсодыю”…

Інга (ціха, але настойліва). Пастаў Моцарта. І не ўздумай разбіць.

Вадзім. Інга, трэба ехаць у клініку.

Інга. Я ўжо гаварыла — нікуды не паеду. Ну?

Вадзім ставіць пласцінку, адыходзіць да акна. Гучыць “Рэквіем” Моцарта, частка дванаццатая, “Агнус Дэі”.

Напэўна у лесе цяпер хораша… Я хачу, каб ты ўзяў машыну і павазіў мяне па лесе, па палях. Як-небудзь перад заходам сонца.

Вадзім (падыходзіць да пасцелі). Навошта ты стараешся дапячы мне?

Інга. Дзе ты быў пасля работы?

Вадзім. Хлапчукі гулялі ў футбол. Глядзеў, а потым падключыўся нават гол забіў!.. Плаваць няма дзе. Калі нічым не займацца… (Ходзіць, робіць практыкаванні.)

Інга. Як я цябе… ненавіджу…

Вадзім (спрабуе жартаваць). Калісьці… мы прайшлі праз гэты этап.

Інга адварочвае твар да сцяны.

(Глядзіць на Інгу, павольна адыходзіць да акна, разводзіць рукамі.) Тады гэта усё… марна. (Выходзіць, не гледзячы на Інгу.)

Некаторы час Інга ляжыць спакойна, аглядае пакой, доўга глядзіць на будзільнік — срэлкі спыніліся. Раптам хапае яго, прыкладвае да вуха, сядае, трасе, зноў прыкладвае і ўпускае долу. Інзе здалося, што Вадзім пайшох назусім. Як яна ні рыхтавала сябе да канца, вострая думка працінае яе: паедзе Вадзім — яна памрэ.

Інга (у неверагодным жаху). Ва-дзі-м-ім!!!

Ціха. Інга спрабуе ўстаць, але раптам падае на ложак, страціўшы прытомнасць. Уваходзіць Вадзім з плашчом у руцэ.

Вадзім. Я ў сектар растваральнікаў… Святлана зараз прыйдзе. (Глядзіць на Інгу, падыходзіць.)

У Інгі ніякіх адзнак жыцця.

Інга… (Кідае плашч, хутка падыходзіць да пасцелі, бярэ яе за руку. З незвычайнай сілай.) Інга!.. Я не хачу. Чуеш?! Я не дам… Ты не маеш… Інга!!!

Да Інгі паволі вяртаецца прытомнасць, яна сядае.

Інга (шэптам). Вадзім, я нічога не бачу…

Вадзім абдымае яе, Інга з усіх сіл трымаецца за Вадзіма.

Вадзім. Супакойся, я з табою. Гэта пройдзе, дзяўчынка.

Інга. Ты не паедзеш? Ты не паедзеш?

Вадзім. Усё астыла. А я так стараўся…

Інга. Цяпер лепш. Спачатку дай таблетку. Я магу і халоднае.

Вадзім. Супакойся. Кладзіся.

 

Карціна XIII

 

Кватэра Галіны ў Мінску. Святлана і Галіна.

Галіна (паказвае пакоі). Там Міколка з бабуляй. А ў тым мы з мужам. Вось так.

Святлана. Жывуць жа людзі! Ванная, душ, газ… Як табе працуецца?

Галіна. Хіба псіхіятры працуюць? Пішуць, пішуць… Дзённікі, выпіскі, эпікрызы…

Святлана. Мы сённяя ж перавязём яе ў клініку. Няхай толькі Аскольд паглядзіць і параіць, куды лепш.

Галіна. З галавы нават выкінь. Будзеце ў нас. Дома заўсёды лепш. Як былі студэнткамі, змяшчаліся ў малюсенькім пакойчыку, а тут… (Падыходзіць да дзвярэй, вяртаецца.) Інга спіць.

Святлана. Чаму не ідзе Аскольд?

Галіна. Сынок у мяне цудоўны. Усе дзеці пачынаюць: “Дай, дай…” А ён: “На, на…” Ніколі не думала, што так буду любіць дзіця. Але намучылася — пяць кілаграмаў сто!

Святлана. Ты… шчаслівая з мужам?

Галіна. Цяпла не хапае на гэтай зямлі. Звычайнага чалавечага цяпла. Усе стараюцца быць сучаснымі, хаваюць пачуцці, хаваюць, а потым не ведаюць, дзе іх знайсці… Інзе пашанцавала.

Святлана. Пашанцавала… (Глядзіць у акно.)

Галіна. Не думаеш перабірацца сюды?

Святлана. А ведаеш, мы робім цікавыя доследы па кероме…

Галіна. Што ў цябе з Максімам?

Святлана. Мне заўжы падабаліся людзі, у якіх двойчы два — пяць. У яго — чатыры, заўсёды чатыры… Я хутка гэта зразумела. Аскольд збіраецца жаніцца?

Галіна. смяешся! Калі ты напісала, зімою, я была ў інстытуце. Цэлы горад пабудавалі… Расказала пра Інгу, а ён: “Цікавы выпадак…” Кажу, трэба нечым дапамагчы, а ён: “Яны ведалі, што іх чакае”. Такі ж. Выпадак, мадэль, сістэма — і толькі… Страшна падумаць, я хацела стаць яго жонкаю. Як табе ўдалося зацягнуць яго сюды?

Святлана (падышла да акна). Ідзе!

Галіна. Пабуджу Інгу.

Святлана выходзіць. Галіна таропка папраўляе валасы, іде ў суседні пакой. З’яўляюцца Аскольд і Святлана. Уваходзіць Галіна. Аскольд вітаецца кіўком.

Аскольд. Дзе?

Галіна. Там.

Аскольд марудзіць, потым накіроўваецца ў пакой да Інгі. Святлана ідзе за ім. Хутка Святлана вяртаецца.

Святлана. Я не магу…

Галіна. Добра, што ў такі момант мы разам.

Святлана. Гала, тады ты мела рацыю — яны кахалі адзін аднаго.

Галіна. Не успамінай. Зацямненне было…

З’яўляецца Вадзім.

Вадзім. Я купіў сёе-тое ў магазіне.

Галіна. Ох, гэтая вёска… Ды ў гэтым доме ёсць усё.

Святлана. Вадзім, там Аскольд.

Вадзім ідзе ў пакой да Інгі.

Пачакай. (Рашучым жэстам паказвае, каб Вадзім аставаўся тут.)

Вадзім (спыняецца). Даўно?

Святлана. Не.

Вадзім. У яе ўзялі кроў для аналізаў. Што ён сказаў?

Святлана. Нічога. Маўчыць.

Галіна (прыслохоўваеца). Так і ёсць — малако пабегла. (Выбягае.)

Доўгая паўза. Вадзім ходзіць з месца на месца.

Святлана. Перастань кідацца. Сядзь.

Вадзім. Калі мы знаходзіліся ў эвакуацыі, у вёцы быў аднарукі паштальён. Ігнат. Часта прыносіў пахавальныя. Варта яму зайсці ў дом, як усе нямелі ад страху…

З’яўляецца Максім з партфелем.

Максім. З прыездам. (Падыходзіць да Вадзіма, паціскае руку.)

Святлана. Які халодны чэрвень… Няхай яна ўключыць што-небудзь. (Ідзе да Галіны.)

Вадзім. Сядай.

Максім (сядае). А я збіраюся да вас, на балоты. Нафта хнесла і ў нашы разлікі папраўкі. Чым вы туды дабіраецеся?

Вадзім. Па-рознаму.

Максім. Яна там? (Паказвае.)

Вадзім. Там.

Максім (дастае бутэльку віна). За ўсё лепшае?

Вадзім выходзіць і прыносіць дзве шклянкі. Максім налівае. П’юць.

Ну, як ты жывеш?

Вадзім. Усё жыццё гэтае пытанне ставіла мяне ў тупік.

Максім. Відаць, даводзіцца быць дыпламатам. “Так” і “не” не гаварыць, “белага” і “чорнага” не называць.

Вадзім. А ты псіхолаг, Зюзік.

Максім (нерашуча). Вадзім, у нас ствараецца новае канструктарскае бюро, перспектыўнае. Твой профіль. Такога інжынера абедзвюма рыкамі схопяць. Я сёння ж пагавару са сваімі.

Вадзім. Не будзем пра гэта.

Максім (больш настойліва). Ты — выдатны спецыяліст, а марнуеш сілы… даруй, выпадкова даведаўся. Прараб…

Вадзім. Гэта часова. Шкада толькі — няма басейна. (Налівае, п’е.)

Максім. Два гады… (Жорстка.) Не магу сабе дараваць, што тады не ўтрымаў цябе. Адмовіцца ад стварэння лініі, за якую столькі замагаўся… Пра хлопцаў шумелі газеты, тэлебачанне… Вадзім, сівізна ў валасах?!

Вадзім. Цяпер гэта модна.

Максім. Але ж існуюць навука, вопыт… Згодна з фармальнай логікай…

Вадзім. Апрача фармальнай, ёсць дыялектычная.

Максім. Спадзяешся выйсці ў героі?

Вадзім. Поспехі ў плаванні зрабілі мяне славалюбам. (Зноў п’е, устае, ходзіць, паглядае на дзверы, дзе Інга.)

Максім. А я стаў начальнікам аддзела, зарабляю кучу грошай, а штосьці “не тае”. Але і там я не быў бы шчаслівы. Дыялектыка?

Вадзім. Пагавары са Святланай.

Максім (выпівае). Учора паставілі кропкі над “і”. “Ты бодры, харошы, але шэранькі, без крылляў. Вось Вадзім, Аскольд…” Вадзім, пакажы, дзе ў цябе крылы…

Вадзім. Хочаш, пагавару з ёю?

Максім. Хутка зразумееш, што і табе не ўсё падуладна… Проста табе больш шанцавала. А я заўсёды вёў няспынны, жорскі паядынак са сваімі жаданнямі.

Вадзім. У цябе нервы… (Налівае, п’е.)

Максім. Усе мы памечаныя вайною. Не пі больш…

Вадзім. Пры чым тут вайна.

Максім. Калі ў Інгі вайна ў крыві, дык у іншых… А!..

Вадзім. Час — лепшы лекар.

Максім (горка ўсміхнуўшыся). Усё наша пакаленне памечана крыжам — голадам, хваробамі, жахам… Ты не задумваўся, чаму цяпер так многа захворванняў? Толькі тыя, хто прыйдзе пасля нас, будуць здаровыя, значыцца, і шчаслівыя.

Вадзім. Ты гаварыў гэта Святлане?

Максім. Мне патрэбна міласэрная сястра. Вадзька, ты мне даруй… Нядаўна Святлана была тут, і Аскольд ёй сказаў, што гэтка хутка скончыцца. Табе трэба ведаць.

Доўгая паўза. Вадзім бярэ Максіма за борт пінжака.

Вадзім. Паправіцца Інга, пастаўлю медыкаў перад фактам… І паляцяць дысертацыі, набраныя артыкулы… Займаўся альпінізмам?

Максім. Не даводзілася.

Вадзім. Мы ўсе ў адной звязцы. Калі хто зрываецца, трэба ўтрымаць. Любой цаной… (Адпускае Максіма.).

Максім. Паміж хачу і магу — адлегласць…

Вадзім. Я задумаў: паправіцца Інга — не будзе вайны… Глупства, праўда? І яшчэ — калі здарыцца бяда, дык і вне… Жыццё блізкага чалавека — галоўнае…

Максім. Некалі ты асуджаў высокія словы.

Вадзім. Я іх вымыў. Як пялёнкі. Там Аскольд.

Максім. Ёй… вельмі цяжка?

Вадзім. Зараз ён выйдзе… Што мне з ім зрабіць?

Максім разводзіць рукамі. Уваходзяць Галіна і Святлана.

Святлана. Ён яшчэ там?

Галіна. Ну і холад. Памятаеш, былі студэнткамі, і стаяла такое ж халоднае лета.

Максім. Вам наліць?

Святлана. Як вы можаце…

Максім (Вадзіму). Цябе я не пазнаю. Святлана стала іншая… Што адбываецца?

Дзверы адчыняюцца і павольна выходзіць Аскольд. Доўга паўза чакання і страху.

Аскольд. Незразумелы, неверагоды парадокс…

Святлана. Што?

Аскольд. Адзін на мільён. Не больш.

Святлана. Аскольд, я нічога не разумею!

Аскольд. Здаецца, яна будзе жыць.

Вадзім. Што вы сказалі?

Аскольд (доўга глядзіць на Вадзіма, потым адводзіць позірк убок). Хвароба праходзіць.

Вадзім (баючыся памыліцца). Як — праходзіць?

Аскольд. Ачуньвае.

Вадзім. Вы… сур’ёзна?

Аскольд. Я не знаходжу ў яе адзнак хваробы.

Вадзім (падыходзіць да Аскольда). Яна… ведае?

Аскольд ківае. Вадзім кідаецца ў пакой, па дарозе перакуляе крэсла. Святлана не можа стрымаць плачу.

Галіна (у жаху). А?! Я зразумела…

Аскольд. Дзіўна, вельмі дзіўна… Чым вы яе лячылі?

Святлана. Чым лячылі? (Іранічна.) Не ведаеш, чым гэта лечаць?

Аскольд (задуменна). Гэты хлопец зрабіў тое, што не ўдавалася нікому. Закрысліў чатыры крыжы…

Святлана. Аскольд, што ёй магло памагчы?

Аскольд. Той, хто адкажа на гэтае пытанне, варты Нобелеўскай прэміі…

Галіна. Усё гэта… Не ўкладваецца…

Максім. Неверагодна.

Аскольд. Святлана, ці не было моцнага нервовага ўзрушання?

Святлана. Быццам не.

Аскольд(закурвае). Зрэшты, мабілізацыя ахоўных сіл магла быць выклікана рознымі прычынамі… Не так даўно ў “Сайенс” было цікавае паведамленне. Захварэў марскі лётчык. Англійскія ўрачы выпрабавалі ўвесь арсэнал сродкаў і, пераканаўшыся, што нічога не дапамагло, адправілі дадому, фактычна паміраць. І раптам ён пааў ачуньваць, быў зусім здаровы, працаваў. Але праз тры гады… раптоўна памёр.

Святлана. Ты хочаш сказаць, што гэта… толькі адтэрміноўка?

Аскольд. Баюся што-небудзь сцвярджаць. Але перш тайм яна выйграла. Гэта бясспрэчна. (Збіраецца ісці.)

Святлана. Паабедаеш з намі, га?

Аскольд (задуменна). Яна стала яшчэ прыгажэйшая. Нягледзячы на хваробу… Інга, сонечны зайчык…

Галіна (пасля паўзы). Мне здаецца, Аскольд, тады ты паставіў няправільны дыягназ.

Аскольд (здзіўлены). Я — памыліўся?!

Галіна. Так. хоць даказаць гэта немагчыма.

Аскольд. Але хто з тых, каму я тады… застаўся жывы? Я мог памыліцца, дапусцім, у іншых выпадках, але не тут. што адбылося — не ведаю.

Галіна. Ты чагосьці не ўлічыў. У яе была цяжкая, вельмі цяжкая хвароба. Але не гэтая.

Аскольд. Глупства, трызненне…

Галіна. Чаму ты такі разгублены?

Аскольд. Ты разумееш, што гаворыш? Ды і хто ведае гэта лепш — ты ці я?

Святлана. Давайце будзем абедаць.

Галіна. Адышоў ад людзей, адмовіўся ад кахання. І жыццё адпомсціла табе. Нават навука, твая навука цябе пакарала.

Аскольд. Я раблю гэта для соцень такіх, як яна.

Галіна. Гуманізм без чалавека… Было.

Аскольд. Мы яшчэ не ведаем, чым гэта скончыцца.

Максім. Святлана, а ў нас не атрымалася. Чаму?

Святлана. Не трэба, Максім… Сядай да стала.

Максім. Пачалося ў іх несур’ёзна, праз глупства… А вось глядзі…

Аскольд (Святлане). Мне спадабаўся ўзровень вашых даследаванняў па кероме. Захочаш у наш інстытут — калі ласка.

З’яўляецца Вадзім.

Вадзім. я выпадкова чуў вашу размову пра першы тайм. Мяне гэта не палохае. Выйграем і другі. На тым стаім. (Святлане.). А ты можаш ехаць. У аспірантуру.

Святлана. Яна хоча, каб мы зайшлі?

Вадзім. Няхай спіць…

З’яўляецца Інга, яна слабая, трымаецца за спінку крэсла.

Інга (з дакорам). Лімоны, я прасіла лімоны.

Вадзім. Пара, калі хворым дагаджаюць, скончылася.

Інга. Святлана, ніколі не выходзь замуж…

Святлана. Ты праўду кажаш, добрыя мужы — рэдкасць.

Інга. Глядзіце, сонца… Якое чыстае сонца…

 

Заслона.

 

А ў зале, у калідорах, у вестыбюлі гучыць фінал Пятай сімфоніі Бетховена.

 


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Сучасная беларуская драматургія. -- Мінск, 1999
Крыніца: old kamunikat