epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Крэйдзіч

Хуліган

У кішэні дабяла пацёртых джынсаў сцішыўся пакамечаны траяк. Ён не шалясціць нават тады, калі хлопец ад няма чаго рабіць бязлітасна скубе яго спрытнымі музычнымі пальцамі, запіхвае на самае дно скуранога капшука для ключоў і іншай патрэбнай і непатрэбнай дробязі. Нядаўна ў кішэні гэтак жа пакутліва бавіла час пяцёрка, але яна перабралася ў партманет невядомага гандляра-бэйбуса ў абмен на загадкавыя рублёвыя газеты, і вось цяпер застаўся знябожаны старэнькі траяк.

Хлопец прыпомніў, як пасля заняткаў сабраўся з сябрукамі павячэраць у студэнцкай сталоўцы, але ў апошні момант перадумаў, пайшоў блукаць па горадзе. Яму заўсёды да нудоты прыкра слухаць, як студэнты таргуюцца, дамаўляюцца між сабою, каб не пераплаціць лішнюю капейку, танней паесці, плануючы выдаткі на месяц уперад.

Ён жа альбо жыў, як кажуць, на шырокую нагу, альбо дыбаў на цыпках, перабіваючыся з вады на хлеб. Іначай не ўмеў.

Заўтра ў інстытуце культуры, дзе ён вучыцца, - выдача стыпендыі, і траяк, які ляжыць у кішэні, просіцца, аж пацее, на волю. А вось, здаецца, якраз тое месца, дзе можна патраціцца. Маленькая экспрэс-кавярня на рагу вялізнага каменнага будынка запрашае элегантнай некрыклівай шыльдаю.

...Праз хвіліну здаровы бармен з халодным абыякавым тварам ужо грэе на гарачым пяску чорны духмяны напітак, падае ці не ўчарашнія, падсохлыя зверху, бутэрброды. Юнак нетаропка пераносіць ежу на паліцу, якая тут замест століка, падсілкоўваецца, аглядаючы адначасова сваіх суседзяў. Іх тут нямнога - дзве дзяўчыны і двое па-вясковаму апранутых мужчын. Большую колькасць наведвальнікаў гэты малюсенькі пакойчык змясціць не мог пры ўсім жаданні яго гаспадара.

Дзяўчаты смаляць цыгарэты, збіваючы попел у кубачкі з-пад кавы. Стройныя, у кароценькіх светлых куртках і такіх жа кароценькіх спаднічках, быццам выстаўляючы напаказ прыгожыя ногі, адцененыя чорнаю сетачкаю калготаў, праз якія прасочваецца моцны васковы загар, яны вымушаюць спыніць на сабе позірк.

Юнаку такое суседства не падабаецца. Здаецца, глядзяць тут на яго як на выпадковую казяўку - пры ім можна гаварыць усё, што хочаш, не турбуючы сябе выбарам слоў.

- Што ты за чалавек, Пятровіч? Ужо ж стары, а да дзяўчат яшчэ ласы, - звініць нахабным смехам маладзейная, тузаючы субяседніка за крысо паліто.

Той задаволена рагоча:

- З такімі прыгажунямі я адчуваю сябе зусім юным. Вунь як гэты пацан.

- Дзяўчаты зыркаюць на хлопца і душацца ад смеху. Ён чырванее.

Захацелася раптам выскачыць на вуліцу, дыхнуць свежага паветра.

Другі мужчына хваліўся, што ён самы галоўны ў нейкім калгасе, што стварыў там сабе сапраўдны рай і цяпер для яго нічога немагчымага не існуе.

- Так што прыязджайце да мяне ў калгас, - заключае ён. - Не пашкадуеце.

- Што-о-о? У калгас? - зноў заходзяцца ад смеху дзяўчаты. - Да гэтых трактарыстаў мурзатых? Што мы там з імі рабіць будзем? Навучаць верхавой яздзе? Ха-ха-ха...

Хлопец, збіраючыся ісці, яшчэ раз акідвае ненавісным позіркам сваіх суседзяў, з гідлівасцю заўважае, як лапае стары сваімі поўнымі і белымі, нібы вылепленымі з цеста, рукамі тонкі дзявочы стан.

- Гэй, студэнт, - чуе ўжо наўздагон, - адну хвілінку.

Азіраецца. Дзяўчынка спрытна адводзіць ад сябе руку «жаніха», лёгка, нібы матылёк, падлятае да яго. Не паспеўшы апамятацца, хлопец адчувае, як леглі на плячо яе мяккія пальчыкі.

- Мне надакучыў гэты стары, - быццам аднекуль здалёк, з іншага вымярэння, ловіць ён здзеклівы, з адценнем капрызу галасок і зусім блізкі смех. - Хачу быць з табою. Ты запросіш мяне ў рэстаран?

Такога павароту, відаць, не чакаў ніхто. Хлопец разгубіўся і маўчаў. Мужчыны аслупянелі.

- Што ты стаў як пень. Пайшлі адсюль. Я ж сказала, што з імі быць не хачу.

І яны выйшлі.

- І куды ж мы? - спытаў, абы не маўчаць, збянтэжаны юнак.

- Калі хочаш, пайшлі да цябе, - усё гэтак жа весела і бессаромна прапаноўвае спадарожніца.

- Гэта немагчыма.

- Тады пойдзем да мяне. Калі ты джэнтльмен, то не адмовішся правесці дзяўчыну дахаты. - Яна зазірае ў самую глыбіню яго вачэй, смяецца іскрыстым, задзірыстым смехам. - У тваіх вачах адбіваецца неба. Не, не адбіваецца - яны ўвабралі ў сябе цэлае неба. Такія глыбокія, чыстыя і светлыя.

Ён крывіць вусны недаверлівай, іранічнай усмешкай:

- Ты ўсім сваім хахалям так гаворыш? І гэтаму старому тое ж казала?

- Ага, казала, - ужо з нейкім раздражненнем парыруе яна.

Пасля гэтых слоў хлопцу падалося, што дзяўчына зусім не такая, якую строіла з сябе ў кафэ.

- Як ты вызначыла, што я студэнт?

- У цябе ж на ілбе напісана. А ведаеш, на каго ты падобны? - да дзяўчыны зноў вяртаецца весялосць. - На Морыса-мустангёра з фільма «Коннік без галавы». Памятаеш, у яго таксама былі прамыя і доўгія светлыя валасы, ён таксама быў высокі і стройны. Гэта мой любімы кінагерой. Я цябе таксама буду называць Морысам, добра?

- Заві. Але ў мяне няма мустангаў, - кідае ён з кропляй іроніі.

- А мне мустангі і не патрэбны.

- Жалезнага мустанга ў мяне таксама няма.

- Я ж, здаецца, сказала, што мне мустангі не патрэбны.

- Як жа тады мне цябе называць?

- Маё імя Валянціна. Так і называй.

- А маё - Жэнік.

Жытлом Валянціны аказаўся інтэрнат. Высокі, нібы слуп, абкладзены барвовай пліткай, ён узвышаўся над суседнімі будынкамі.

- Ты мне пазвоніш? - запыталася яна каля дзвярэй. І, не чакаючы адказу, прадыктавала нумар свайго рабочага тэлефона. - Гэта бальніца. Я там працую медсястрой, - дадала, амаль прытуліўшыся да вуха. Цмокнула яго ў шчаку і знікла. Быццам і не было. Толькі за дзвярыма гулка зацокалі абцасікі.

«Ну і гісторыя», - крутнуў галавою Жэнік і засмяяўся. Затым ён імчаў на аўтобусе да свайго студэнцкага інтэрната. Ужо змеркалася, і перад вачыма праляталі, быццам вялізныя снежкі, блакітна-белыя плямы ліхтароў. Сёння яны здаваліся асабліва яркімі, нават урачыстымі. Хацелася імчацца ўсю ноч, каб хоць крыху астудзіць узрушаныя, узбунтаваныя пачуцці.

 

* * *

 

На наступны дзень яны сядзелі ў маленькім рэстаранчыку за столікам ля самай эстрады. Жэнік упершыню наведаў такую ўстанову і адчуваў сябе не зусім ёмка. Але не толькі гэта было прычынай ніякаватасці. Усяго некалькі гадзін назад ён атрымаў ліст ад сваёй дзяўчыны з вёскі, поўны пяшчоты і нейкай, цяпер ужо, здавалася, наіўнай шчырасці. Хлопец глядзеў на багата сервіраваны стол, на ўсе гэтыя закускі, салаты, крышталёвыя шклянкі, бутэлькі; глядзеў на асляпляльную, свежанькую Валянціну ў белай вязанай сукенцы, якая пакідала адкрытымі прыгожыя крамяныя плечы і частку грудзей. Ён бачыў перад сабою Валянціну, а сам успамінаў спатканні з Марыяй у дамоўленым месцы за ваколіцай. Божа, як адрозніваліся гэтыя сустрэчы - тыя, што былі ў вёсцы, і сённяшняя. Як не падобны адна на адну Марыя і Валя. Прыкладна так, як не могуць быць падобныя саматканая сялянская світка і модная імпартная кофтачка.

З Марыяй ён адчуваў сябе лёгка: мог сказаць што неўпапад - яна даравала, не баяўся быць наіўным, дзяліўся самым патаемным. Ёй таксама было лёгка з ім. Аднойчы яны аж да самага світання прастаялі, захутаныя шчыльным туманам, каля хаты, усё цалаваліся, мілаваліся, не маглі развітацца. А калі з-за сяліб прасачыліся першыя сонечныя промні, адкуль ні вазьміся - Марыіна маці і давай хвастаць дзяўчыну хвартухом па спіне. Здавалася, пасля такой знявагі яны не змогуць больш зірнуць адно аднаму ў вочы, але пры першай жа сустрэчы ён неяк па-простаму, па-сяброўску спытаў: «Што, дасталася ад маці?». «Дасталася, - гэтак жа проста адказала Марыя. - Але нічога, яна добрая. Толькі каля хаты ўсё роўна стаяць больш не будзем. Лепш за ваколіцай». І яны доўга і весела смяяліся, руйнуючы ўсялякую ніякаватасць.

...Тут жа трэба сачыць за кожным словам і рухам. Сабранасці патрабуе сама атмасфера іх яшчэ няпэўных, нявызначаных адносін. Добра, што за два гады вучобы крыху асвойтаўся ў горадзе, іначай даўно ўжо абняславіўся б. Валя - не Марыя. Ледзьве што - засмяе.

Пасля некалькіх чарак гарэлкі ніякаватасць прайшла. Марыя паціху знікала, адыходзіла на другі план, а вочы прагна лавілі Валю. Вось яна акуратна прабіла нешырокае кола танцораў, і яе зграбнае цела пачало вырабляць хуткія выкрутасы ў такт музыцы. Яркія кофтачкі, кароценькія спаднічкі, чорныя сетачкі калготаў, джынсы, касцюмы адразу ж расступіліся, прыпынілі рух, залюбаваліся невядомай танцоркай. Валя не ведала стомы. Яе рукі мільгалі то пад самай столлю, то плылі ў бакі, галава плаўна адкідвалася назад, цела выгіналался, нібы спружына. Жэніку захацелася раптам абняць яе, прытуліць да сябе, пацалаваць адкрытыя спакуслівыя плечы, злавіць гарачыя месячыкі вуснаў...

Да Валі пачалі падыходзіць мужчыны. Яна круціла галавою, гарэзліва смяялася, пасля крутнулася некалькі разоў з шырокаю джынсаваю курткаю, пакінула яе, падбегла да Жэніка... І яны сталі героямі вечара. У інстытуце ён навучыўся нядрэнна танцаваць, таму трымаўся з Валяй больш-менш упэўнена. Пасля па яе просьбе заказваў музыку, замяняў на эстрадзе гітарыста і нават не заўважыў, як яны, яшчэ не астылыя ад гарэлкі, музыкі і танцаў, апынуліся на аўтобусным прыпынку, пасля ў інтэрнаце, у яе маленькім утульным пакойчыку.

Ноч ператварылася ў казку. Казкаю былі яе трапяткія рукі, якія аблытвалі цела мяккаю казытлівай павуцінкаю, яе хуткае, гарачае дыханне ў самае вуха; яно пранікала глыбока-глыбока ў сэрца, пераварочвала ўвесь свет, вымушала дзейнічаць... Казкаю быў яе дзівосны шэпт у цішы пакоя. Казкаю была яна, тоненькая, але не худая, налітая маладой свежасцю, загарэлая амаль да чарнаты, быццам адлітая з воску, са светлымі ўзгорачкамі палаючых грэшным, пякельным агнём грудзей, уся такая звабная і жаданая на белым прастакутніку канапы.

 

* * *

 

Наступны дзень быў такі ж цёплы, як і папярэднія. І людзі гэтак жа ўпарта і нястомна таўклі на вуліцы снежную кашу. Але ён гэтага не бачыў. Ён спаў спакойным, моцным мужчынскім сном на сваім ложку ў сваім інтэрнаце. На гэты раз яму не прыснілася нічога.

Недзе пасля абеду сон пачаў паступова адыходзіць, і думкі адразу ж перанеслі яго зноў у той утульны маленькі пакойчык з сінімі валошкамі ў нізкай тоўстай вазе на вялізным плакаце-календары. Яго ён заўважыў толькі пад раніцу.

«Зараз яна на працы... да паловы дзевятай, - успомніў, зірнуўшы на гадзіннік. - А так хочацца пабачыцца зноў».

Праз якую хвіліну Жэнік быў ужо ля тэлефона-аўтамата і накручваў прадыктаваныя Валяю лічбы.

- Я слухаю, - пачулася ў трубцы.

- Валя? Добры вечар. Гэта Морыс. Пазнала?

- Ага.

- Я пакінуў у цябе сваю куртку. Сёння зайду забяру.

- Заходзь.

- Ты будзеш мяне чакаць?

- ...

- Ало, Валя. Ты чуеш?

- Чую.

- Дык я зайду.

- Я ж кажу, заходзь.

«Які я наіўны, - думаў ён, кладучы трубку. - І пацягнула ж нешта за язык». «Чакаць будзеш?» - перадражніў сам сябе ледзь не ўголас.

 

Валянціна сустрэла яго ў сваім пакойчыку стрымана. «А няўжо ж на шыю кінецца. Гэта табе не Марыя, - зноў пакпіў ён сам з сябе.

- Хачу папіць з табою чаю, - прапанаваў першае, што прыйшло ў галаву. Толькі б затрымацца яшчэ хоць некалькі хвілін. Тыя мяккія, але моцныя павуціны, якімі яна аблытала яго яшчэ ноччу, скавалі не толькі цела, але і гонар, і Жэнік гатовы быў ужо на каленях маліць Валянціну, каб дазволіла застацца тут.

- Зараз падагрэю ваду. Але я піць не буду. Калі хочаш, магу зварыць каву.

- Не, лепей чай.

- Табе трэба не спазніцца на аўтобус. Тут далекавата дабірацца, - напомніла яна.

...Па дарозе дамоў ён думаў пра Валянціну ўжо са злосцю: «Вось я цябе і раскусіў, даражэнькая. Ты кахаеш за пачастунак. Табе нальеш, у рэстаран зводзіш - і каханне забяспечана. Не пачастуеш - бывай здароў. Як жа гэта ўсё прыкра. А яшчэ пытаецца, ці пазваню. Трэба ёй гэты званок...»

Але назаўтра ён пазваніў. І зноў Валянціна прымусіла аслупянець ад здзіўлення.

- Ты не крыўдуеш на мяне? - пыталася яна чароўным шэптам. - Прыходзь сёння. Я буду чакаць.

Пасля гэтых слоў хлопец гатовы быў хоць зараз з усіх ног імчаць да яе ў той маленькі ўтульны пакойчык з сінімі валошкамі на вялізным плакаце-календары.

 

* * *

 

Усе мы залежныя ад волі нашага ўладара - усемагутнага Лёсу, добрага і бязлітаснага ў адначассе. У яго свае правілы, свае ўмовы гульні, якімі ён ніколі і ні з кім не дзеліцца. Усё вырашае сам - Бог і д'ябал у адной асобе. Некалькі дзён назад ён захацеў злучыць, звязаць у адзін вузел дзве нітачкі чалавечых жыццяў і зрабіў гэта самым неспадзяваным, нейкім не зусім нават натуральным чынам. Жэнік адчуваў, што калі яму і не выпадзе сустрэцца больш з Валяй, дык вузел гэты ўсё роўна доўга-доўга будзе тлець у яго сэрцы пякучым вугольчыкам. Зараз жа Лёс захацеў, каб тае прагна чаканай сустрэчы не адбылося, і вось ужо юнак імчыць у цягніку дамоў, туды, дзе яго чакаюць бацькі і сціплая вясковая дзяўчына Марыя.

«Дома нешта здарылася, гэта бясспрэчна, - трывожныя думкі заглушалі грукат цяжкіх жалезных колаў цягніка, нацягвалі кожную мышцу яго маладога здаровага цела, вымушалі іх напружана дрыжаць, як пры цяжкай рабоце. - Але што, што магло здарыцца? Чаму такі скупы на словы быў гэты ліст ад Марыі? У ім нічога не растлумачана. Можа... самае горшае? Не. Тэлеграма была б».

На процілеглай лаўцы сядзела немаладая вясковая кабета ў ярка размаляванай хустцы, ела вараныя яйкі і хлеб. Затым бялявая ружовашчокая правадніца прынесла чай, і жанчына пачала сваімі непаслухмянымі, пакрыўленымі і патрэсканымі пальцамі развязваць зашмальцаваную насоўку, у якой ляжалі некалькі пяцірублёвак і адна дзесяцірублёвая паперка. Капеек не было.

Рукою, падобнаю больш на сухую альховую галінку, жанчына працягнула правадніцы грошы. Зрабіла яна гэта да таго няўпэўнена, нават з непрыхаваным страхам, быццам апраўдвалася, што ў яе не знайшлося капеек.

- У мяне няма здачы, - наганяючы на жанчыну яшчэ больш страху, адрэзала правадніца. - Калі размяняеце сваю пяцёрку, тады і прыйдзеце па чай.

І правадніца падхапіла са стала ахутаную парай шклянку ў металічнай падстаўцы.

- Хвіліначку, - спыніў яе раптам Жэнік. - Вось вам капейкі. Стаўце чай на стол.

Ён сам выхапіў з пухленькіх дагледжаных рук гарачае пітво, паставіў перад жанчынай.

- Дай Бог табе здароўя, сыночак, - толькі і прагаварыла тая, абдымаючы, быццам нейкую вельмі каштоўную рэч, звычайную шклянку, напоўненую духмяным напіткам.

- Х-хэ, рыцар знайшоўся, - ацаніла яго ўчынак правадніца і знікла за дзвярыма.

Жанчына дрыготкімі рукамі разгарнула паперку, узяла дзве тоненькія белыя цаглінкі... У шклянцы жвавай сінічкай зацінькала бліскучая лыжачка.

У яго маці такія ж патрэсканыя, грубыя, абветраныя рукі. Праўда, грубыя яны толькі з выгляду, а на самой справе вельмі пяшчотныя і мяккія - гэта хлопец добра памятае яшчэ з дзяцінства.

У Валі таксама пяшчотныя рукі. Але іх пяшчота зусім іншая - узбуджае, дурманіць, падбівае да неабдуманых дзеянняў. Рукі ж маці супакойваюць, наганяюць здаровы і моцны сон, лечаць ад усялякіх стрэсаў, душэўнага прыгнечання, перажыванняў.

Дотык Марыіных рук ён чамусьці ўжо не памятае. Ды і вабіла ў ёй Жэніка нешта зусім іншае. А што, ён і сам дакладна не ведаў: ці то ўнутраная нейкая прыгажосць, ці шчырая, з ямачкамі на шчоках, усмешка, ці жывыя і бойкія, з затоенай недзе ў глыбіні дзікаватасцю чорныя выразныя вочы. Хутчэй за ўсё, вабілі ўсе яе вартасці, узятыя разам.

Жэнік раптам акінуў адным усеабдымным успамінам сваё жыццё, пачынаючы аж з таго далёкага часу, які ён толькі мог узнавіць у памяці. І хаця жыццё было пакуль што вельмі і вельмі кароткае - нядаўна размяняў трэці дзесятак, - ён склаў з яго па нейкай сваёй, нікому не вядомай схеме цэлы горад - горад успамінаў. Шчаслівыя выпадкі набывалі ў ім формы раскошных палацаў і шырокіх праспектаў, няшчасныя або нежаданыя з'явы нагадвалі маленькія, увагнаныя па вокны ў зямлю хаткі, якія даўно патрабуюць злому, хвіліны смутку юнак абазначаў вуліцамі без асфальту, на якіх заўсёды вільготна і няўтульна... Вось так і атрымліваўся ў Жэніка цэлы горад, вельмі падобны на сапраўдныя гарады, якія ён паспеў убачыць.

Цяжкія колы цягніка грукаюць манатонна, быццам адбіваюць мелодыю, а хлопец у вагоне, закалыханы ёю, блукае і блукае па няўтульных вуліцах свайго асабістага гарадка, час ад часу зазірае ў маленькія скасабочаныя хаткі: у адной з іх маці плача над памёрлай бабуляй, у другой ляжыць цяжка хворы бацька і просіць пасядзець з ім. «Няўжо ў маім горадзе прыбавіцца яшчэ адна такая чорная хаціна? - думае хлопец. - Нашто яны ў горадзе? Няхай бы ўсё было добра». Раптам брудная вузкая вулачка выводзіць яго на новы светлы праспект, высланы рознакаляровым зіхатлівым брукам, які ўпіраецца ў велічны палац; такой прыгажосці ў сваім горадзе юнак яшчэ не бачыў ніколі. Ахоплены цікаўнасцю, ён адчыняе запаветныя дзверы і... нечакана трапляе ў абдымкі Валянціны. Яе лёгкія, быццам крылы матылька, рукі песцяць ягоныя шыю і твар, дрыготкія вусны слізгаюць полымем па яго вуснах. Залаціста-зялёныя вочы яе на залацістым твары і пад залатою кудзеляю валасоў сабралі ў сабе, здаецца, усе знічкі, якія толькі ёсць на небе. Яны блішчаць і іскрацца. Іскрыцца і ўвесь пакой у палацы. Здаецца, усё тут выраблена з золата.

«Чаму я ні разу не наведаў палац, у якім жыве Марыя? - спытаў ён у самога сябе перад тым, як заснуць, а можа, нават і ў сне.

 

* * *

 

Пад цёплымі промнямі чыстага вясенняга сонца цямнее, плавіцца снег на палях. Ноччу ён падмярзае, пакрываецца зверху нетрывалым шурпатым панцырам, а днём зноў слязіцца, яшчэ больш асядае, прыпадае да чарназёму, робіцца порыстым, нібы гумавая мачалка. Пасля поры растуць, выядаюць апошнія снежна-ледзяныя крышталікі, і сонцу адкрываюцца бліскучыя чорныя камячкі зямлі. У некаторых месцах глеба набрыняла, і вада, не маючы куды дзецца, застойваецца на паверхні, утвараючы невялікія лужыны.

На прысядзібным участку Андрэя Галубка лужын не бывае ніколі. Ён не дае ім застойвацца. Своечасова адводзіць раўчукі (адзін паміж полем і мяжой, астатнія - у залежнасці ад нізкіх месцаў), па якіх цёмная, змяшаная з брудам вада сцякае ў невялічкі штучны вадаём, выкапаны Галубком яшчэ ў тыя далёкія часы, калі ён працаваў на калгасным экскаватары.

Зараз ён чысціць ад усялякага бруду - камякоў зямлі, ламачча, шэрых каменьчыкаў - тоненькія водныя шляхі, падганяе рыдлёўкаю ваду...

Выпростваецца. Заганяе рыдлёўку ў неадталую яшчэ зямлю, і на вяршок адпаліраванага дзяржальна апускаецца яго шырокая цяжкая пяцярня з набрынялымі карэнішчамі венаў.

Бацька засяроджана назірае, як збягае па раўчуку ўчарашні снег, як спяшаюцца ў вялікую ваду маленькія крохкія льдзінкі, якія нават тут дахітраюцца налазіць адна на адну, крышацца на яшчэ больш дробныя часткі, імітуючы сапраўдны рачны крыгаход.

- Дзень добры, тата, - вітаецца сын.

- Здароў сынок, здароў, - не хаваючы радасці, адказвае, павярнуўшыся, бацька. - Ты што, на канікулы?

- Якія зараз канікулы, тата.

- А як жа ты прыехаў? З заняткаў уцёк?

- Чаму ўцёк. Адпрасіўся. Марыя напісала, каб тэрмінова прыехаў дахаты. Я падумаў - нешта здарылася. А што, усё нармальна тут?

- Марыя напісала? - Жэніку падалося, што бацька вельмі здзівіўся. Ну, можа, і малайчына, што напісала. Хоць дома пабудзеш.

- Дык у вас праўда ўсё добра?

- Бяды вялікай няма. А Марыя, відаць, напісала табе пасля таго, як маму нашу дзверы ў старым кароўніку прывалілі. Там крукі жалезныя лёдам абраслі, петлі на іх падняліся, і маці толькі кранула дзверы, каб адчыніць, а яны прама на яе і паваліліся. Так што і галаве, і спіне, і паясніцы, нават левай руцэ дасталося. Ледзьве дамоў прывалаклася. А зараз то нудзіць яе, то бок абмірае.

- Так моцна стукнула?

- А што ж ты думаў. Ведаеш, якія там дзверы - вялізныя, цяжкія. Яны нават не стукнулі - прывалілі яе. Але і гэтага хапіла.

- У бальніцы была?

- А як жа. Бальнічны далі... на тры дні. Сказалі, як будзе горш, каб прыязджала, прадоўжаць. Але яна не хоча ехаць. Там, кажа, пакуль дачакаешся сваёй чаргі - памерці можна. Лепей ужо на працу хадзіць.

- І што, ходзіць?

- А куды дзецца? Бальнічны ж калі ўжо кончыўся.

- Кепска ёй, мусіць, пакалечанай, працаваць?

- А няўжо ж добра. Прыйдзе з фермы - і ў ложак адразу.

- Няхай бы хоць з калгасным начальствам пагаварыла, каб адпусцілі на які тыдзень-два. Жывыя ж людзі, павінны зразумець.

- Ага, чакай - кінуць яны табе ўсё і пачнуць разумець нейкую там замурзаную даярку. Яны ж цяпер злыя на маму.

- За што гэта?

- Прасілі, каб сказала ў дзяржстраху, што траўму не на працы атрымала. Ім жа за гэта нібыта вельмі дастаецца ад начальства. А яна не паслухалася. Крыўдна, што гэтулькі дармаедаў сядзіць у канторы, і ніхто ні пра што не дбае. Дый страхоўка большая будзе.

Бацька падняў рыдлёўку, падзёўбаў ёю мокры чарназём, зноў увагнаў у зямлю і заключыў, нібы прачытаў прысуд:

- Цяпер у начальнікаў справядлівасці не даб'ешся.

Маці ляжала на канапе ў зале. Не спала, таму сына заўважыла адразу.

- Помніш? - сказала, калі Жэнік прысеў побач, - ты некалі хацеў стаць трактарыстам, як бацька. Добра, што адгаварылі цябе...

Маці, здавалася, гаварыла больш самой сабе, чым Жэніку. Але адтаго, што сын слухае яе, рабілася лягчэй на душы...

Хлопец на якую хвіліну нібы разгубіўся. Слізгаў позіркам то па вялізных зімовых яблыках на стале, ад аднаго паху якіх сціскала зубы аскома, то разглядаў дарожкі на падлозе. Там-сям на іх падсыхалі камячкі чорнай зямлі - трэба было б вынесці іх на вуліцу, павыбіваць. Вялізнае лісце фікусаў пакрылася сівізною - таксама ніхто іх даўно не даглядаў. Праўда, утульнасць яшчэ цяплілася ў хаце, але яе прыкметна паменшала. З хваробай гаспадыні ў заняпад прыходзіць не тое што хата, але і ўся гаспадарка - гэта даўно прыкмечана людзьмі.

Жэнік раптам адчуў, што матчына крыўда перакінулася і на яго. Вось яна ўжо распірае грудзі, бліскае з вачэй нядобрым помслівым агеньчыкам, сціскае ў кулакі пальцы.

Ён ускідваецца з лаўкі, кіруецца да дзвярэй, азіраецца на трывожнае матчына «Ты куды, сынок?», прыкмячае адначасова, як з іконы ў процілеглым кутку на яго з папрокам пазірае Хрыстос і быццам памахвае даўгімі перакрыжаванымі сярэднім і ўказальным пальцамі. Жэнік супакойвае маці кароткім «Зараз вярнуся» і шумна выбягае на парог...

 

* * *

 

Вечар неўпрыкмет накрывае хлопцаў празрыстым чорным вэлюмам, і яны, адгароджаныя ад чужога вока цёмнаю сцяною, смялеюць, гавораць усё гучней і гучней, ужо не хаваюць пляшку за ствалом маладой разгалістай таполі, у кроне якой няўклюдна варочаецца выпэцканая ў сажу вата нізкіх, набрынялых веснавой вільгаццю хмар.

У кампаніі лепшых сяброў Жэнік пачувае сябе ўтульна. Блакітнае неонавае святло тоўстым пучком вылятае з акна вясковай сталоўкі-забягалаўкі, насупраць якой і размясціліся хлопцы. Па правую руку ад Жэніка сядзяць браты Сяргей ды Віктар. Побач хістаецца даўгі, як хлыст, кудлаты тамада з пляшкаю і шклянкай у руцэ. Яго таксама завуць Віктар. Але хлопцы вымаўляюцьь гэтае імя адмыслова - націскаючы на апошні склад. У іх атрымліваецца - Вікт'ор.

Стограмоўка пераходзіць у Жэнікавыя рукі.

- Вось што, хлопцы, ніяк не магу забыцца на матку. Яе ж гэтак зняважылі. Хочацца помсціць. Не магу дараваць, далібог, не магу...

- Можна цёмную зрабіць, - прапаноўвае Віктор.

- Здагадаецца, - папярэджвае Сяргей.

- Няхай здагадваецца. Доказаў жа ў яго не будзе, - стаіць на сваім Віктор. - Ці ты мо пра другое думаеш - пра Марыю? Дык мы з гэтым смаркачом Славікам можам пагаварыць. Ён і дарогу да яе забудзе.

Твар Жэніка раптам асвятляе ўсмешка.

- А ведаеце, як назвала мяне адна цудоўная дзяўчына ў Менску? - пытаецца ён. - Не ведаеце? Морысам. Мне спадабалася гэтая мянушка.

- А што, і праўда - падобны...

- Я хачу выпіць за тую дзяўчыну, за Валю.

- Давай, Жэнік.

Хлопец пакутліва глытае горкі напой, але выпівае да дна.

У гэты час светлы праём акна засланяе нешта вялізнае і цяжкае. Аж чутно, як пішчыць і чаўкае пад нагамі раскіслая ад вады зямля. Хлопцы апынаюцца ў цемры.

- Хто там яшчэ засціць? - незадаволена бурчыць Сяргей.

- Цішэй, гэта ж Міхаіл Васільевіч, калгасны старшыня, - хутка пазнае чалавека Гена. - Зноў напіўся ў сталовай.

- Стойце тут, хлопцы. Я зараз вярнуся, - вочы Жэніка ўспыхваюць рашучасцю і нейкай звярынай, задубелай злосцю.

- Мы з табою. Паможам, калі што, - схапіў яго за рукаў Сяргей.

- Не, я сам.

Старшыня, мусіць, не пазнаваў юнака. Ён доўга ўзіраўся: хто гэта такі перагарадзіў дарогу ды яшчэ быццам бы і пагражае? А пазнаўшы, закрычаў гнеўна, як і належыць сапраўднаму гаспадару:

- Ты... Ты пагражаць мне? Ану, марш адсюль. Блытаецца тут пад нагамі ўсялякая драбядзень.

Апошняе яго слова злілося з хуткім - знізу ўверх - ударам.

Праціўнік калыхнуўся. З яго грудзей вырваліся раз'юшаныя праклёны. Тоўстыя бярвенні рук пацягнуліся наперад.

- Задаўлю... г-гада, - шыпеў старшыня.

- Рукі кароткія, - адказаў яму Жэнік, і яго моцны, да болю сціснуты кулак прачарціў той жа шлях, як і хвіліну назад.

Масіўная фігура праціўніка калыхнулася яшчэ раз і пачала бездапаможна падаць на хлопца. Жэнік падхапіў яе і пацягнуў туды, дзе сушэй, - на агністую грыву леташняй травы.

- Заўтра чакай бяды, - сказаў яму па дарозе дамоў Сяргей. - Я ўжо ведаю, што бывае пасля такога разбою.

- Ты не можаш сабе ўявіць, як лёгка мне зараз. Адпомсціў, і быццам нарадзіўся нанова. Ніколі не думаў, што помста валодае такой моцнай лекавай сілай. А пра якую бяду ты гаворыш?

- Павесткі з міліцыі чакай. Пасадзіць могуць. Старшыня ўсё-такі.

Словы сябрука выбілі апошні хмель з галавы. Заснуць у гэтую ноч Жэнік так і не змог. Трывожыўся не за сябе - за бацькоў. Такога ўчынку яны ніяк не чакалі ад свайго адзінага, любімага сына.

 

* * *

 

Пакой, у якім апынуўся Жэнік праз некалькі дзён пасля той кароткай п'янай бойкі, у міліцыі называюць «тэлевізарам». Чаму «тэлевізарам»? Мабыць, таму, што ён мае шкляныя дзверы, праз якія можна бачыць усё, што за імі робіцца. Да таго ж, размешчаны яны насупраць другіх дзвярэй, за якімі сядзіць дзяжурны міліцыянер. Паколькі дзверы «дзяжуркі» амаль заўсёды адчынены, то атрымліваецца, што чалавек у «тэлевізары» знаходзіцца пад пастаянным наглядам. Як рыба ў акварыуме.

Жэнік сядзіць на лаўцы пануры, знябожаны. Чакае выкліку. Правая рука яго з абабітымі пальцамі падпірае моцны, як вытачаны з каменю, падбародак. Вузкія і доўгія каласкі броваў маўкліва сышліся на пераноссі, па якім зверху ўніз пралеглі дзве глыбокія тужлівыя складкі. Выразныя вільготныя вочы, быццам дзве валошкі ў час дажджу, глядзяць некуды ўдалячынь праз тоўшчу шэрай бетоннай падлогі.

«Чаму бацькі ні разу не папракнулі мяне за той неразумны хуліганскі выбрык?» Сярод усіх пытанняў, якія мучаць яго цяпер, гэтае займае цэнтральнае месца. Часам яго засцяць іншыя пытанні, і яны таксама здаюцца галоўнымі.

«Навошта я званіў Валі? Што я гаварыў ёй? Гаварыў, што мне блага. Як жа гэта нізка, не па-мужчынску. Раскіс. Па падтрымку адразу кінуўся. Добра, што не паспеў нагаварыць многа - сувязь перапынілася. Далібог, апаратура айчынная... Валя, здаецца, нават не паспела нічога адказаць. А можа, і не хацела адказваць. Можа, забылася ўжо». Ад гэтай здагадкі сэрца сціскаецца ў маленькі цвёрды каменьчык і ные нудна, аж захлёбваецца, быццам увабраўшы ў сябе тысячы чалавечых боляў. Пакуты абвастрыліся яшчэ больш, калі хлопец уявіў сабе, як высмейвае Валя яго наіўнасць перад сваімі новымі жаніхамі.

«Цікава, як будуць выглядацьь гэтыя дні ў маім горадзе ўспамінаў праз некалькі гадоў». Ён спрабуе пафантазіраваць, але нічога не атрымліваецца. Перад вачыма ўзнікае вобраз маці - патухлыя вочы, пацямнелыя маршчыны, згорбленае цела і нейкая зацятая, прыдушаная маўклівасць. Тут жа прыйшло на памяць, як Сяргей пры сустрэчы паведаміў, што ён, Жэнік, не столькі нашкодзіў, колькі дапамог старшыні. У таго, аказваецца, вельмі балеў зуб, і якраз яго хлопец выбіў пры першым жа ўдары.

«Чорт, гэтаму гаду нават лупцоўка на карысць ідзе». Ад такіх думак маршчыны на пераноссі робяцца глыбейшымі, а бровы сыходзяцца шчыльней і ніжэй навісаюць над цёмнымі валошкамі вачэй.

«Пачытаю, што нефармалы пішуць. Кажуць, у іх больш праўды», - успамінае пра даўнюю пакупку, дастае з кішэні газету. Але раптоўны стук блытае думкі, змушае падняць галаву.

У расчыненых дзвярах паяўляецца грузная, распаўнелая постаць міліцыянера.

- Прымі дзяўчыну, хлопец. Толькі ненадоўга, начальнік убачыць - бяда будзе, - прабасілі яго тоўстыя добрыя губы, і ў пакой лёгкаю, асцярожнаю хадой увайшла... Не, не ўвайшла - выткалася з паветра (Божа, хто б мог падумаць) яго Валянціна. Здаецца, сама прыгажосць запоўніла залацістым святлом гэты маленькі халодны пакойчык.

Жэнік ускоквае, імкнецца рушыць насустрач і... не мае сіл. Ногі змярцвелі, нібы ўраслі ў бетонную тоўшчу падлогі.

- А вось і я, - гаворыць яна лёгка і проста, быццам прыезд гэты быў даўно запраграмаваны, і апякае яго рукі сваімі - мяккімі і пяшчотнымі. - Што ў цябе тут здарылася? Ты мне так і не паспеў усё сказаць па тэлефоне.

Ён песціць вачамі яе прыгожы, смуглявы твар і не знаходзіць што сказаць.

- Валя, я ўсё забываў у цябе спытаць, дзе ты так загарэла. Ты што, на курортах была? - гэтае пытанне аказалася нечаканым нават для яго. Адкуль яно толькі ўзялося?

Дзяўчына смяецца звонка, залівіста, асвятляючы шэры пакой белізною роўных, выстраеных па ранжыру зубоў.

- Які ты смешны і слаўны, мой легендарны Морыс, - звініць тысячамі малюсенькіх званочкаў яе залівісты голас. - Я загарэла пад кварцавай лямпаю. Знарок, каб быць прыгажэйшай, смуглявай. Праўда, папрыгажэла? Хаця зараз гэта не мае аніякага значэння. Галоўнае, што мы зноў разам. І я не паеду адсюль, пакуль не даведаюся, што чакае цябе наперадзе. Я ніколі не пакіну цябе, мой добры і мужны хуліган. Ты хочаш, каб я была з табою?

Яшчэ ніколі не білася так гулка яго маладое чулае сэрца, яшчэ ніколі не адчуваў ён сябе так упэўнена, як зараз, яшчэ ніколі не быў ён такі шчаслівы...


1990-1994?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая