epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Крэйдзіч

Ёрчыкаў слуп

Спачатку людзі не верылі, што Ёрчык, гэтакі гаспадарлівы мужык, няхай сабе і дзікаваты, ды зусім з глузду з'ехаў. І калі ніхто ў вёсцы ўжо не сумняваўся ў тым, пачалі людзі дзіваку розум устаўляць:

- Апамятайся, - казалі яму. - Пашкадуй дзяцей, жонку пашкадуй. Яна ж у цябе залатая. Да таго ўжо цярплівая, што іншай такой і ў свеце не знайсці. Што ты за дурату ў галаву ўзяў? Мёртвых не паднімеш - пра жывых думаць трэба. А ты ўсё дабро на вецер пускаеш.

Ёрчык жа толькі слухаў ды пасміхаўся ў пажаўцелыя вусы, а пасля гаварыў:

- Глядзіце, колькі вас. Процьма. Не злічыць. І ўсе вы пра жывых думаеце. А некаму ж трэба і пра мёртвых. Во, праз дарогу ад маёй хаты старыя могілкі. Зайдзіце ды гляньце - там крыжы палеглі на зямлю і тлеюць, а ўзгорачкі магільныя ямкамі сталі. І гаспадараць там вецер ды крумкачы. Закапалі і забыліся - пра жывых думаем. І я пра жывых думаў некалі, а цяпер - пра мёртвых. Чаму? Не ведаю. Мусіць, так трэба. І адгаворваць мяне - пустое. Ідзіце і займайцеся сваім, а я - сваім.

Так ён адказваў кожнаму. І ўсе вярталіся ад яго ні з чым. А потым і зусім хадзіць перасталі, адно са спачуваннем ківалі галовамі.

Жонка спачатку была спакойная, потым здзіўлена пытала:

- Нашто табе столькі камення? Чаму ты аддаў усе грошы на цэглу? Тут хопіць на дзесяць дамоў.

- Людзі страцілі памяць, і мне трэба яе адбудаваць.

- Хіба ж памяць робіцца з камення? - яшчэ больш дзівілася жонка.

- Камень - самы трывалы з усяго, што стварыла прырода.

- Чаму ж якраз табе ўздумалася брацца за гэта? Няхай бы ўсе разам альбо нехта іншы.

- Не магу сказаць, бо і сам не ведаю. Упэўнены, што нікуды ад свайго не дзенуся. Трэба, і ўсё тут.

Жонка адыходзіла, а пасля плакала каля мурзатага прыпечка, моўчкі пазірала, як муж, заняўшы ўвесь агарод, выкладае на ім нешта агромністае і круглае. Знізу ён устрончыў у зямлю велізарныя валуны. Унутр клаў на цвёрды каменны падмурак цэглу, белую і чырвоную - якая траплялася пад рукі, змацоўваючы ўсё гэта цэментам. Работа ішла марудна. За паўмесяца адолеў метры два, не болей. Але наперадзе - усё лета і восень. А можа, нават яшчэ і зіма, калі будзе цёплая. Ды шмат жа яшчэ і гадоў наперадзе.

І Ёрчык будаваў, надрываючыся, а жонка ўсё плакала, дзяцей шкадавала.

Калі чалавек пачаў выносіць з хаты і прадаваць самыя дарагія рэчы, ад вопраткі да шафы, жонка не вытрымала і з'ехала з малымі некуды далёка - да сваякоў. Яна думала пра жывых, пра сваіх дзетак, і нічога іншага зрабіць не магла.

Вось такою атрымалася ў мяне прыказка. А сама казка, канешне ж, яшчэ наперадзе.

 

* * *

 

Вёска, дзе жыў дзікаваты Ёрчык, называлася Чыргі. Яго хата стаяла якраз на ўездзе або на выездзе - гэта ўжо з якога боку ехаць. Счарнелая, з аблезлымі аканіцамі, сіратліва глядзела яна на дарогу, на здзічэлы лес, які быў нядаўна могілкамі. У спальні каля печы стаяў вялікі драўляны ложак, пад акном - куфар, у зале - стол і на кухні таксама стол. І ўсё самаробнае. Маленькі абразок вісеў у зале пад столлю - якраз насупраць дзвярэй. Нават ціканне гадзінніка, што запаўняе звычайна кожнае жытло і нагадвае людзям, што час няўмольна бяжыць і трэба спяшацца нешта рабіць, тут змянілася нуднаю цішынёю. Быццам бы і не жытло гэта зусім, а вялізная труна.

Але ж і тут, у гэтай хаце, неўзабаве пачалі з'яўляцца, хоць і зрэдку, госці. Хто? Звычайныя вясковыя п'яніцы, якія нарэшце знайшлі сабе добры прытулак, дзе можна было спакойна асушыць пляшку ды яшчэ й пагаманіць. Ніхто не лаецца, ніхто не зыркае нядобрым або насмешлівым вокам.

- Ты, Ёра, дурнаваты нейкі. На халеру гробіш сябе гэтай сваёй дурнатою. Я дык ужо, ясна, кончаны чалавек. Алкаш. Але нат з мяне людзі не смяюцца так, як з цябе, - разважаў ахрыплы ад «Беламору», з чырвонымі вачыма і адубелым тварам стары Лявон, адстаўляючы ў кут пустую бутэльку. - На чорта табе здалася гэтая камяніца. Так глянуць, то быццам ты і пры сваім розуме. І ладна ўсё ў цябе атрымліваецца. А нашто, каму яно патрэбна - ну ніяк не дапетру...

Ёрчык таксама піў. Чалавек жа, а не анёл які. Але нямнога, каб не страціць памяці. А мірыўся ён з гасцямі толькі таму, што вечарамі станавілася маркотна на душы. П'яніцы ж былі найлепшай кампаніяй - не пагарджалі. І гаварылі шчыра. Нечым ён з імі радніўся.

- Вось ты мне скажы, Ёрчык, як жа ты харчавацца будзеш? Цалюткі дзень сваю камяніцу правіш, а прыйдзеш у хату - нічога не зварана. Была жонка - і боршч быў, і бліны, і яечня... Не, як сабе хочаш, а ты ўсё ж дурнаваты.

- А ты што, жывеш, каб есці, ці ясі, каб жыць? - пачынаў тады сваю філасофію Ёрчык. - Бліны-ы, бо-о-оршч. А я сала напруся, бульбы звару альбо супчыку грыбнога (у мяне мех грыбоў у запечку вісіць), і нічога больш не трэба.

- Скуль жа ў цябе тое сала? І бульбу ты не садзіш.

- А я дзежачку чалавеку скляпаю, ён і прынясе ладны кавалак. Другую - і бульбы мех ёсць. А пчолы, думаеш, нашто ў мяне? Ведаеш, які цяперака мёд дарагі. Во табе і заробак. Пакуль рукі мне служаць - не прападу.

- Ведаю, рукі ў цябе залатыя. А вось у мазгах клёпак не стае. Бач, да чаго дажыўся - жонка з дзецьмі з хаты ўцякла. Няўжо не шкода?

- Шчэ як шкода, Лявон. Часам і заплачу ў закутку. Але што зробіш, калі такі лёс мне выпаў?

А ранкам Ёрчык выносіў з хаты вялізную шуфлю, вёдры, розныя жалязякі і браўся за справу. Найперш ён напаўняў каменнем вёдры, прывязваў да іх вяроўкі, другім канцом якіх абвязваўся сам, і па жалезных прутах, што тырчэлі ў сцяне, як па лесвіцы, узлазіў наверх. Цяпер ён быў ужо вышэй нават яблынь і самых высокіх грушаў. Глядзеў уніз, і людзі здаваліся яму кузуркамі. Пазіраў без аніякай цікаўнасці, як гоняць пастухі кароў, як сноўдаюць па вуліцы яго суседзі.

«І ўсё ім нешта трэба, - думаў ён. - Круцяцца, круцяцца, як тыя вавёркі, нажываюць дабро... А навошта, каб хто іх спытаў? Яны і самі не ведаюць. А пасля паўміраюць, і ніхто пра іх не ўспомніць. Дык каму патрэбна такое жыццё! Але што мне да іх. Яны жывыя. А мне трэба думаць пра мёртвых. Мусіць жа, я для гэтага і на свет нарадзіўся».

І Ёрчык цягаў наверх цяжкія вёдры з каменнем. Бывала, наведваўся хто-небудзь з тых, хто любіў гасцяваць у яго вечарком. А часцей за ўсіх - Бронь. Зверху яго пазнаць гэтак жа лёгка, як і з зямлі, - па вялізнай бліскучай лысіне. Ён часам, калі бываў на падпітку, падзываў да сябе хлапчукоў і паказваў фокусы.

- Хочаце, выму вока? - казаў ён.

- Ыгы, - адкрывалі тыя раты.

І ён сапраўды вымаў пальцамі правае вока і даваў яго здзіўленым гледачам. Вока аглядалі, мацалі рукамі... Малыя былі вельмі задаволеныя.

Вока ж тое было шкляное. Пратэз. Сапраўднае ён страціў недзе пад Берлінам на передавой.

Дык вось ён, гэты Бронь, падыходзіў да Ёрчыкавай камяніцы і крычаў:

- Памагай Бог, ахмэлак ты прыдуркаваты.

- Казаў Бог, каб і ты памог, аблуда аднавокая, - чулася з вышыні.

- Спускай сюды свае збаны!..

І ў адказ чулася бразганне вёдраў па каменнай сцяне. А праз хвіліну-другую ўжо чулася задыханае і з'едлівае «віра-віра...». Такім жа чынам падымалася гліна, пясок, цэмент і ўсё астатняе. Часам Бронь працаваў разам з Ёрчыкам да самага вечара.

Быў ён тут і за карэктара, выпраўляў памылкі. Справа ў тым, што «стваральнік памяці» цэглу клаў не абы-як, а выкладаў з яе прозвішчы нябожчыкаў. Для літар браў белыя цагліны, астатнюю прастору запаўняў камянямі, чырвонай цэглай.

Атрымалася прыгожа. Знізу сцяну апярэзваў надпіс, буйнейшы за астатнія: «Гэта памяць усім, хто калі-небудзь жыў у вёсцы Чыргі». А вышэй ішлі прозвішчы. Многа - сотні прозвішчаў. Хоць і вёсачка ж, здаецца, невялічкая.

А сцяна - нібы брук. Гэтак ладна падабраны камяні.

- Слухай, верхалаз, а як жа з тымі, хто яшчэ жывы? - мантыляецца ўнізе кудлатая чупрына Сліўкі, суседа праз тры хаты. - Хто іх у тваю «памяць» упіша? Што яны, горшыя за памерлых?

- А от, - смяецца з вышыні Ёрчык, - знойдзецца ж нехта іншы, заменіць мяне.

- А як не?

- Знойдзецца, не хвалюйся. Дзівакоў ва ўсе часы не бракавала.

- Ну, а як усё ж не заменіць?

- Ну не заменіць, дык што ж. Значыць, будзе як будзе.

- А-а, значыць, не дадумаў ты нешта. Калі памяць, то ўсім павінна быць памяць.

- Можа, ты дадумаеш. У цябе галава вунь якая вялізная. А яшчэ з чупрынаю - дык о-о-о!..

- На чорта мне яе ўсялякай лухтой забіваць. Хопіць на вёску і аднаго дурня.

І Сліўка садзіўся на перакулены вазок, паліў. А пасля, як і Бронь, запаўняў вёдры каменнем, глінаю ды пяском...

Так і будаваў «мясцовую памяць» дзікаваты Ёрчык. Ішоў год за годам. За гэты час памёр не адзін жыхар Чыргоў, бо жылі тут амаль адны толькі старыя. Ці не ў кожнай хаце ўжо карысталіся Ёрчыкавымі дзежкамі. І мёдам ласаваліся амаль усе. А пасля «стваральнік памяці» памёр, паспеўшы ў апошнія дні жыцця выкласці на самай вышыні сваё прозвішча і імя.

 

* * *

 

З таго часу мінаў не год і нават не дзесяцігоддзе. Памерлі дзеці тых, хто быў аднагодкам Ёрчыка. Могілкі зараслі лесам. А на месцы вёскі раскінулася поле. Нішто ўжо не нагадвала пра тое, што некалі тут густа цвілі вішні ды яблыні, бегала па вуліцы шчабятлівая малеча, мітусіліся заклапочаныя людзі.

Толькі пярэсты ад шматлікіх прозвішчаў слуп непарушна ўзвышаўся над маўклівай бязмежнай роўняддзю. І калі нехта праязджаў непадалёку па дарозе, абавязкова звяртаў на яго ўвагу і задзіраў галаву. А пасля тлумачыў каму-небудзь з тых, хто ўпершыню ў гэтых мясцінах:

- Калісьці тут стаяла вёска Чыргі, а ў ёй жыў нейкі дзівак (яго прозвішча выкладзена, кажуць, на самым версе і адсюль не бачна), які ўзвёў гэтую камяніцу. Будаваў памяць, хе-хе.

- Гм, і сапраўды. Атрымалася памяць... Ці ж не праўда?

Людзі паціскалі плячыма і думалі пра сваё. Можа, пра жывых.


1990-1994?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая