epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Крэйдзіч

Разграфаваны сшытак у белай вокладцы

З Веранікай, даўняй сваёй знаёмай, я сустрэўся зусім неспадзеўкі. Адразу мы і не пазналі адно аднаго. І не дзіва - столькі гадоў мінула. Апошні раз школьнікамі бачыліся. Да таго ж я быў на добрым падпітку, а яна гэтак начапурылася, што і маці родная прайшла б побач, не прыкмеціўшы сваёй крывінкі.

...Адбылося ж усё вось пры якіх абставінах. Неяк у рэстаране мы з сябрукамі ладзілі вечарынку, адзначалі невялічкім гуртам Дзень друку, бо ўсе былі работнікамі пяра. Працавалі хто ў газеце, хто ў часопісе ці выдавецтве. Заказалі пару пляшак гарэлкі, дадалі да яе прынесеную з сабою і, як гэта водзіцца ў нашага брата, развялі за сталом такія дэбаты, гэтак ухапілі за чупрыну яе вялікасць палітыку, а заадно і філасофію, быццам бы не на свята сабраліся, а на вучоны савет. Часам і я ўстаўляў свае пяць капеек, але ўліцца ў агульную плынь гутаркі так і не здолеў, засумаваў і вырашыў выскачыць на вуліцу, падыхаць свежым паветрам, бо над нашымі бутэлькамі і пузатым графінам, скамечанымі папяровымі сурвэткамі і паўпустымі талеркамі з мясам, косткамі і капустаю пад маянэзам ужо вісеў сапраўдны смог ад цыгарэтнага дыму, за якім губляліся, расплываліся, цямнелі твары суразмоўцаў.

Спусціўшыся па гулкай прасторнай лесвіцы ў аздобленае каляровай мазаікай фае, адчыніў масіўныя высачэзныя дзверы і... аказаўся сведкам, а хутка і ўдзельнікам не вельмі прыемнай сцэны: двое міліцыянтаў праганялі ад рэстарана маладую жанчыну ў залішне кідкай апратцы і з не меней кідкімі, аголенымі нагамі, а тая даводзіла ім, што зараз выйдзе яе муж і толькі разам з ім яна пойдзе дахаты.

Я толькі паспеў прычыніць за сабою масіўныя дзверы, як апынуўся ў самым цэнтры разборак.

- Ну, я ж казала вам - зараз паявіцца мой муж. Во ён, яшчэ цёпленькі. Калі хочаце, пазнаёмцеся, а лепей не трэба.

І незнаёмка ўпэўнена скіравала да мяне, схапіла за рукаў, падміргнула праз вялізныя шкельцы акуляраў тлуста «наваксаванымі» вейкамі:

- Во, пайшоў і прапаў. Хадзем дахаты, пакуль не насцябаўся зусім. Ты ж абяцаў, што не затрымаешся доўга. Апранайся ды пойдзем.

Па натуры я чалавек вельмі добры, ды і кемлівасці хапіла, каб разабрацца, што тут і да чаго. Таму без асаблівых разваг згадзіўся пабыць на якую хвіліну яе мужам.

- Мілачка, ну як жа я пакіну сваіх сяброў. Хоць бы з паўгадзінкі яшчэ. Няёмка пакідаць іх. Не так ужо часта і сустракаемся.

- Дык што мне, стаяць і чакаць тут, пакуль ты наліжашся? - жанчына раздражнёна сціснула вусны.

- Давай тады да нас. Пасядзім і пойдзем.

Міліцыянты падазрона зыркалі на нас з-пад чорных казыркоў, але падысці і праверыць нашае сваяцтва ўсё ж не рашаліся. Я ўзяў незнаёмку пад руку і павёў наверх да нашага шумнага століка ў асобнай каморцы.

- Шаноўныя, дазвольце мне пазнаёміць вас са сваёй дваюраднай жонкай і кідайце дурныя спрэчкі, - звярнуўся я да калег, спыніўшы тым самым застольны гармідар. А тыя ажно раты параскрывалі, калі ўбачылі мяне вось у такім суправаджэнні, бо добра ведалі маё стаўленне да сям'і.

- Ого, - выдыхнуў адзін.

- Андрэй пайшоў юзам, - заспяваў другі.

- У мяне нешта са зрокам, - паспрабаваў пакпіць трэці летапісец.

І сябрукі дружна пацягнулі рукі для знаёмства з госцяй, устаючы, каб прадставіцца.

- Вераніка. Вельмі прыемна. Вераніка... - яна называла сваё імя і дазваляла цалаваць маленькія выпешчаныя пальчыкі.

«Вераніка?»

Я ўспомніў яе. «Далібог. Гэта ж яна - мая Вераніка». Той жа невялічкі кірпаценькі носік, шчылінка паміж верхнімі пярэднімі зубамі, вялікі, ды вельмі сімпатычны, прываблівы рот. Толькі валасы не яе. Фарбаваныя і перафарбаваныя, мусіць, сто разоў, яны цяпер мелі дзіўны дымчата-фіялетавы колер.

- Вераніка!

Я, відаць, крыкнуў занадта гучна, бо сябрукі вылупілі на мяне вочы і зноў узяліся за кпіны:

- Чаго горла дзярэш?

- Ці то я пачуў голас з унітаза?

- Зусім здурнеў, заікамі хоча зрабіць нас.

А мая даўно знаёмая незнаёмка агледзела мяне доўгім позіркам і ніяк не адрэагавала на зварот. Але ж у мяне выдатная памяць на твары. Я іх, можна сказаць, фатаграфую. Я паўтарыў яе імя, толькі ўжо цішэй.

- Андрэй?

- Не, мусіць, не Андрэй.

- Андрэйка, ты? Няўжо? Колькі ж мы з табою не бачыліся. Ты стаў такі салідны і вунь працоўны мазоль на жываце выгадаваў.

- Вераніка. Мы не бачыліся... Гм... Ды што там лічыць - цэлую вечнасць не бачыліся. Вось дык сустрэча. Расказаць каму - не павераць.

Сябрукі, ледзь не страціўшы прытомнасць ад такога развіцця падзей, адно круцілі галовамі ды лыпалі няўцямнымі вачыма. Але хутка ажывіліся, загаманілі, нават спрабавалі пажартаваць.

- А мы, Андрэй, верым. І таму прапаноўваем выпіць за гэтую сустрэчу. Садзіцеся вось тут - разам. Васёк, налівай.

Васёк наліў і падняў чарку.

- Давайце вып'ем ведаеце за што? Зараз скажу. Вось прывядзеш ты, Андрэй, сваю прыўкрасную Вераніку дахаты, пакладзеш у ложак, а калі жонка спытае, што ўсё гэта значыць, адкажаш ёй так. Ішоў, маўляў, па горадзе і ўбачыў жабу пад сцяною дома. Хацеў прайсці міма, а яна і просіцца: «Вазьмі мяне, Андрэйка, ды пакладзі ў кішэню». Так і зрабіў. Прынёс дамоў, а яна зноў: «Пакладзі мяне, Андрэйка, у ложак, а то замёрзла». Паклаў. «Ляж са мною». Выканаў просьбу. І тут жаба ператвараецца ў такую вось прыгажуню. Уразумелі? Дык давайце вып'ем за тое, каб жонка паверыла такой вось казцы, а заадно і каб усе нашыя жанкі такім казкам верылі.

Дружна зарагатаўшы, усе выпілі, запілі фантай, і над сталом запанавала храбусценне пасечанай капусты.

Наступныя два тосты таксама прысвячаліся мілавіднай госці, і ў перапынку паміж выпіўкамі яна зноў была ў цэнтры ўвагі. Ну, а пасля філосафы-палітыкі-пісакі вярнуліся да сваіх бясконцых спрэчак і не чапляліся больш да мяне і Веранікі. Яны ўспомнілі пра Сяргея, які некалі быў у іхнім гурце.

- Эх, быў бы з намі Сяргей, такую эпіграму забацаў бы...

- Або спяваў бы ўжо арыю з оперы.

- А хто вінаваты, Сцяпан, што яго няма за гэтым сталом?

- Ніхто не вінаваты. Проста так сталася.

- Няпраўда, Сцяпан. Ты баішся прызнацца, што вінаваты ўсе мы. Ніхто з нас не хацеў...

...Пакуль яны высвятлялі, хто ўсё ж вінаваты, а хто не, я паспеў расказацьь Вераніцы, чаму мы тут, і нават дзе-што патлумачыў наконт нашых адносін:

- Сяргей працаваў са мною ў газеце. Але нікому не падпарадкоўваўся дый... за каўнер закідаў. За гэта і звольнілі. Цяпер зусім запіў. Я сябраваў з ім. Але ён не прызнаваў маіх сяброў. Тыя ж папракалі мяне за сяброўства з Сяргеем. Тады я зрабіў глупства - парваў з імі, перайшоў у ягоны гурт. І сяджу во як не свой, бо тое, пра што яны балбочуць, мяне зусім не цікавіць.

Я змоўк, і ўсчатая спрэчка зноў завалодала нашым слыхам.

- ...Гэта ты вышукваеш у смецці залатыя зярняткі.

- І знаходжу іх. Ты хоць ведаеш, з кім ён цяпер?

- З такімі ж наркотамі, як і сам.

- Калі ў нашай краіне яшчэ не зніклі апошнія ачагі чыстага сумлення ды сапраўднага сяброўства, дык яны засталіся хіба што ў асяроддзі вось такіх, як ты кажаш, наркотаў.

- Ну-ну-ну... Дагаварыўся. Далей ужо няма куды. Нам толькі не хапала на п'яніц маліцца. Ды твой «святы» нас за людзей не лічыць, разумнік гэткі. Будзь ён тут, даўно ўжо нас з граззю змяшаў бы. У кожным знайшоў бы шчэпку ў воку, а ў сваім бервяна не бачыць.

- Ён калі і змешваў нас з граззю, дык не з чыёй-небудзь, а з нашаю, якой нам не пазычаць...

Мы крыху паслухалі яшчэ, але хутка зразумелі, што канца дурной спрэчцы не будзе, і загаманілі пра сваё, закідваючы адно аднаго пытаннямі. Праўда, Вераніка яшчэ паспела, перш чым мы поўнасцю адасобіліся ад кампаніі, кінуць колькі слоў у гэтае месіва абвінавачванняў. Глыбакадумна зацягнулася цыгарэткаю, эфектна прыцерусіла попелам абгрызеныя костачкі ў талерцы, пасля не то для сябе адной, не то і для мяне таксама сказала:

- Чаго яны дабіваюцца адзін ад другога? Усё адно ж не знойдуць ісціны. Бо сама спрэчка - гэта і ёсць ісціна, бо жыццё - гэта суцэльная супярэчлівасць, няхай сабе і жыццё аднаго чалавека.

Такім чынам Вераніка разбіла ўсе довады «пракурораў» і «адвакатаў» і зрабіла спрэчку пустой і непатрэбнай. Я ж ад гэтых слоў устрапянуўся, адчуўшы, што маю справу зусім не з тою гарэзай-дзесяцікласніцай, з якою да самазабыцця цалаваўся больш чым дваццаць год таму ў хвойніку паміж яе і маёй вёсачкамі. Поруч са мной сядзела, выставіўшы кругленькае крамянае каленца, занадта сур'ёзная, нават, падалося, суровая жанчына, якая, магчыма, перанесла нямала душэўных выпрабаванняў. У гэты момант яна выглядала чужою не тое што ў нашай кампаніі, але і наогул у чалавечым жыцці - такім дробязным і нікчэмным. Пад яе пранізлівым позіркам я пачуваў сябе не вартым увагі мурашком. Уважлівей прыгледзеўшыся да сваёй даўняй знаёмай, я знайшоў, што ўся гэтая кідкая апратка, якую яна нацягнула на сябе, - звычайны маскарад. Ні чырвоная кароценькая спаднічка, ні пушысты, вельмі багаты з выгляду пярэсценькі пуловер, ні доўгія бліскучыя кліпсы зусім не пасавалі ёй, бо тое, што было патрэбна ёй, - гэта шэры касцюм з якім-небудзь някідкім маленькім упрыгожаннем на лацкане пінжака і гэткая ж строгая (для дзелавой жанчыны) прычоска.

Мае развагі, відаць, занялі шмат часу. Вераніцы надакучыла выпрабоўваць на сабе мой хутчэй задубелы, чым задуменны, пагляд, і яна падхапілася, падсунулася бліжэй і зазірнула мне ў вочы:

- Ты хоць калі-небудзь успамінаў пра мяне?

- А ты?

- Божачкі, Андрэй, ты зусім не змяніўся. Ты як быў маўчуном, так ім і застаўся. Гаварыць не любіш, затое гатовы бясконца слухаць і слухаць... Помніш, калі ты праводзіў мяне дахаты і мы садзіліся на лаўку пад парканам, дык заўсёды не знаходзілі пра што пагаварыць. І ты плёў мне дурныя анекдоты, бо далей нашае маўчанне нельга было трываць.

- Помню, Вераніка. Я тады вельмі дакараў сябе за сваю маўклівасць. Баяўся, што стану табе нецікавы, што абрыдну табе і мы расстанемся. Мусіць, я кахаў цябе.

- А цяпер?

- А што цяпер. Цяпер у мяне ёсць жонка, трое дзяцей. Я іх вельмі люблю. Сям'я для мяне - святое. Дый хіба ў такім узросце гавораць пра каханне? Глупства.

Вераніка капнула сабе трошачкі «Рускай», паставіла на месца маленькі кругленькі графінчык. Сябры заўважылі гэта і накінуліся на мяне:

- Ты што, не можаш прыслужыць даме? - Сцяпан хутчэй узяўся падкладваць у яе талерку салату, мяса.

- Кавалер саплівы. Давай разлівай, вып'ем разам з госцяй.

Я моўчкі напоўніў шкляначкі, даліў Вераніцы, спустошыўшы графін.

- Дзеля такой сустрэчы трэба было б яшчэ заказаць якую мачынку. А то нейкі сціплы прыём атрымліваецца, - падаў голас Васіль, які бутэльку заўсёды называў мачынкай. Калі хто заходзіў да яго ў госці, ён заўсёды прапаноўваў: «Ну што, па мачынцы?»

Я запытальна паглядзеў на Вераніку.

- Не, болей піць не буду. Я і так вельмі ўдзячна вам за такі прыём.

- Ну, тады з Богам. За сустрэчу.

Мы выпілі, але ад выпітага я не п'янеў, а, здавалася, толькі цверазеў. І ўсё прымушаў Вераніку добра закусваць. Тая ж для выгляду пакорпалася відэльцам у сваёй талерцы, а пасля, крыху аб нечым падумаўшы, нахілілася да мяне і шапнула:

- Мне пара...

- Дзе ты жывеш? Далёка? Я правяду. - Я таксама перайшоў на шэпт і ўжо выціраў сурвэткаю рукі, рыхтуючыся пакінуць наседжанае месца.

- Хіба так важна, дзе я жыву? Няўжо, калі далёка, дык не захочаш правесці?

- Не-не, што ты.

- Дзякую. Ты не забавішся. Да майго дома - адзін аўтобусны прыпынак.

- І гэты шлях мы пройдзем пешшу.

- Так, пройдзем пешшу.

 

* * *

 

- Ведаеш, Вераніка, а я нядаўна праязджаў тою дарогаю, па якой праводзіў цябе тымі даўнімі вечарамі-начамі дахаты. Ехаў, і нічога асаблівага, надзвычайнага ў тым лесе не прыкмячаў. Нават не пазнаў спярша, пакуль не агледзеўся і не вызначыў дакладна месцазнаходжанне аўтобуса. А тады мне ўсё здавалася надзвычайным: і тое, што ў лесе было шмат варання, якое ад майго свісту ўзнімалася ў фіялетавае вячэрняе неба і рабіла яго чорным, а цябе палохала, і тое, што на дарозе было шмат пяску, таму ты здымала туфелькі, ішла басанож. Цяпер там - асфальт і няма крумкачоў. Быццам бы нехта знарок гэтак усё зруйнаваў, каб не пакінуць і напаміну пра нашае шчасце. Няхай сабе тое і не было каханнем, але ж нам было добра, мы пачувалі сябе як у сне, як у прыемным, цёплым, лагодным сне.

- Ты ўсё такі ж рамантык, як і быў. І пісака-фантазёр. Гаворыш, быццам раман палюбоўны чытаеш. Хаця, Андрэй, усё ты правільна сказаў. Усё так, і я гатова падпісацца пад кожным тваім словам, хоць ужо запамятавала і крумкачоў, і пясок на дарозе.

Гэтак мы гутарылі, седзячы ўжо ва ўтульным пакойчыку (утульнасць гэтая як бы падкрэслівала, што тут жыве адзінокая жанчына) яе досыць багатай двухпакаёвай кватэры. У руках нашых дыміліся напоўненыя каваю маленькія фарфоравыя пасудзіны ад «Мадонны», з якіх мы няспешна адсёрбвалі, седзячы адно насупраць аднаго. Паміж намі на журнальным століку ляжалі каля крыштальнай папяльнічкі цыгарэты ў размаляваным пад амерыканскі сцяг пачку, некалькі брыкецікаў шакаладу, сурвэткі з выявамі ці то нямецкіх, ці швейцарскіх будынкаў з чырвонымі дахамі.

- Можа, мы і ў мяне чаго вып'ем?

- Дзякуй, але мне хутка ісці. Дома ж чакаюць, хвалююцца. Дый нашто траціцца ўпустую.

- О-о, пра гэта не клапаціся. Мой заробак дазваляе мне купляць штодня па дзве-тры бутэлькі шампанскага, і гэта ніяк не адбіваецца на маім бюджэце.

- Ты многа зарабляеш?

- Нямала.

- А чым займаешся?

- Маю прафесію ты неаднойчы абліваў брудам у газетах.

- Найбольш чытацкі інтарэс выклікалі мае публікацыі аб праблемах прастытуцыі, але ж...

- Але ж што? Цябе здзіўляе мая сённяшняя прафесія?

Я з асаблівай выразнасцю зірнуў на яе кругленькае вабнае каленца, якое зманліва вызірала з-за століка, быццам бы паказваючы сваім позіркам, што цяпер мне стаў зразумелы яе выгляд...

Вераніка не зніякавела. Яна толькі паставіла пасудзіну з каваю на сурвэтку - прама на акно намаляванага будынка, размашыстым рухам паднесла да матавых вуснаў цыгарку і чыркнула запальнічкай.

Не сказаць, каб гэтая наколькі знаёмая, настолькі і незнаёмая жанчына цяпер, калі ўва мне даўно перагарэла тое юначае пачуццё, зусім не вабіла да сябе. Але я адчуваў, што стрымацца ад спакусы прытуліцца да гэтага рухавага гарачага цела будзе няцяжка. «Нават калі б яна зараз падышла да мяне ззаду і пачала песціць, я не паддаўся б». І зусім не таму, што Вераніка была не здольная ўзбудзіць мяне (усё якраз наадварот). Проста за пятнаццаць год свайго сямейнага жыцця я ні разу не здрадзіў жонцы, і гэтая мая сямейнасць (падкрэсленая, дарэчы, і гараскопам), павага да хатняга акружэння ўвайшлі ў маю кроў - трывала, назаўсёды.

Праўда, Вераніка і не прадпрымала нічога для таго, каб справакаваць мяне на блізкасць.

- Я чытала твае артыкулы «...У гатэль уварваліся аўтаматчыкі», «Целам гандляваць - не зямлю араць», «Да рынку - з голым задам». У іх мяне нічога не здзівіла, акрамя тваёй нецярпімасці...

Вераніка скамячыла ў попельніцы акурак, адкінулася на мяккую спінку крэсла, склала на грудзях рукі.

- У мяне тут вось якая думка наспела. Хачу прапанаваць табе цудоўнейшую тэму для чарговага артыкула. Ён павінен па ступені папулярнасці перакрыць усе, што былі напісаны раней... А шампанскага мы ўсё ж вып'ем. Усё роўна я затрымаю цябе на якія паўгадзіны.

І Вераніка борздзенька залапатала ўступцамі да сценкі, адчыніла бар, выбрала сярод мноства бутэлек адну, паставіла разам з крыштальнымі філіжанкамі на столік.

- Адкрывай.

З шакаладам шампанскае паказала мякка-салодкі смак.

- Ты ж, наколькі я памятаю, гэтак, як да прастытутак, нецярпімы і да камуністаў?

- І гэтаму ёсць прычыны.

- Няхай сабе. У такім выпадку я для цябе проста знаходка. Ты толькі ўяві сабе: былы адказны работнік крайкома партыі...

- Ты гаворыш пра сябе?

- Я працавала сакратаром па ідэалогіі...

- Ну і ну-у?

- Не перапыняй больш. Я працягваю. Уяві сабе: былы адказны работнік крайкома партыі становіцца прастытуткай. Памятаеш, ты не так даўно называў партыйцаў гэтым словам... Ну, у пераносным сэнсе. Памятаеш?

- Так, помню.

- Дык цяпер у цябе ёсць магчымасць абысціся без параўнанняў. Перад табою - самы што ні ёсць партыйны бюракрат, які ператварыўся ў сапраўдную прастытутку. Ты пачнеш свой артыкул так: «Шаноўныя мае чытачы (ты ж іх любіш, шануеш, ці не так?). Тое, што я вам скажу зараз, магчыма, шакіруе вас. Справа ў тым, што зусім нядаўна я сустрэўся з адной прастытуткай, якая, як пасля высветлілася, у часы камуністычнага праўлення кіравала, вазьміце гэта пад увагу, ідэалогіяй цэлага краю. Вы здзівіліся гэтаму паведамленню? Дарэмна. Асабіста я іншым словам іх ніколі называць не мог. Нарэшце паказалі сапраўднае сваё аблічча...»

Я хацеў даць ёй выказацца да канца, але не стрываў:

- Не блазнуй. Пра каго іншага я, магчыма, і напісаў бы так (дарэчы, ты вельмі добра засвоіла мой стыль). Але пра цябе... Гэта было б злачынствам.

- Нічога ты не зразумеў, інжынерышка чалавечых душ. Не пра сябе ж гавару. Я бяру ў прынцыпе.

- Ты хочаш сказаць, што я не справядлівы да тых, каго крытыкую ў сваіх артыкулах? - Я адштурхнуў нагою пярэстага ката, што безупынку цёрся аб калашыну, і нахіліўся, каб скінуць варсінкі.

- Ды не, нічога такога я табе сказаць не хачу. Проста распавяду дзе-што пра сябе.

- Прабач, Вераніка, але ж першая гадзіна ночы. Мне даўно пара дахаты. Хіба мы другім разам не зможам завяршыць гэтую гутарку?

- Не, другім разам будзе не той эфект. Дазволь мне затрымаць цябе яшчэ на адну гадзіну.

- Добра, слухаю. - Я закінуў нагу за нагу, абхапіў рукамі калена і ўжо сядзеў як на іголках.

 

* * *

 

«...Веранічка, пакажы гэтым лайдакам, як трэба адказваць на ўроку. Малайчына. Выдатна...

...Веранічка, захварэла настаўніца нямецкай мовы. А ты ж у нас выдатніца, напэўна, вывучыла ўсё наперад. Правядзі колькі ўрокаў. Нічога, што вучаніца. У цябе атрымаецца. З хіміяй жа справілася. Вось і слаўненька...

...Слова мае выдатніца вучобы, член бюро райкома камсамола Вераніка Ламейка...

...Прыемна, што сярод выпускнікоў нашай школы ёсць і залаты медаліст. Гэта, як вы, напэўна, здагадаліся, Вераніка Ламейка...

...У апараце райкома партыі мы таксама абмяркоўвалі кандыдатуру Ламейка і прыйшлі да вываду, што, заняўшы пасаду першага сакратара райкома камсамола, яна здолее ўзняць работу раённай камсамольскай арганізацыі на належны ўзровень... Хто за? Аднагалосна...

...Мяркуем, гады працы ў райкоме камсамола не прайшлі дарэмна для Веранікі Максімаўны. Яна набралася вопыту, пасталела і, да ўсяго, паказала выдатныя арганізатарскія здольнасці. Настаў час падумаць і пра далейшую кар'еру. Прапаноўваем табе пасаду сакратара па ідэалогіі райкома партыі. Як лічыш - справішся? Вось і малайчына. Мы таксама не сумняваемся...»

- А ты... Ты зведаў гэтую хваробу?

- Ты маеш на ўвазе хваробу росту?

- Не зусім росту. Хваробу імклівага ўзлёту. Быццам бы ты разагнаўся і не ведаеш, як спыніцца. І не хочаш спыняцца. Ляціш сабе, бяжыш, імчыш па інерцыі, і ўвесь захоплены гэтым бегам, і нічога больш для цябе не існуе, акрамя асалоды руху.

- Не, мяне такая хвароба мінула. Пасля журфака я атрымаў накіраванне ў моладзевую газету... Там і працую.

- Здаецца, мы сябравалі з табою адзін год. Пасля я і матка ўцяклі ад бацькі далёка-далёка - ехалі некалькі сутак цягніком... А ты падаўся на вучобу. Там я пайшла ў дзевяты клас. Я была вясковаю з дня нараджэння, але зусім не ведала, што такое сялянская праца. Захваленую выдатніцу маці баялася прымушаць рабіць што-небудзь па гаспадарцы. «Ты ўжо вучы лепш свае ўрокі, я і сама тыя грады пасаджу. Вучыся, дык не будзеш пасля пакутаваць, як твая маці». Калі яна ішла на працу (відаць, там было шмат клопатаў, бо вярталася яна з заходам сонца), я даставала з партфеля дзённік і доўга любавалася ягоным змесцівам: пагладжвала пальцамі круглыя, як каўшы, або размашыстыя, акуратныя ці нязграбныя пяцёркі. Іх колькасць была для мяне тое самае, што для філатэліста колькасць рэдкіх марак. Пасля я гэтак жа любавалася сваімі сшыткамі, у якіх не магло быць ніводнай памылкі. Толькі роўны, як у кнізе па чыстапісанні для пачатковых класаў, почырк і чырвоныя коўшыкі пяцёрак. З сёмага класа я завяла яшчэ адзін дзённік (бачыла такі ў старэйшай сяброўкі. Там запісваліся пажаданні знаёмых, песні, якія ёй падабаліся, шмат выслоўяў пра каханне і нешта яшчэ, размаляванае каляровымі фламастэрамі). Гэта быў абгорнуты белаю скураною вокладкаю тоўсты агульны сшытак, кожную старонку якога я акуратна разграфавала з дапамогай лінейкі і чырвонай пасты, каб пасля запаўняць тыя графы прыкладна такою дурнотаю:

«1 верасня 1969 года. Мяне папрасілі выступіць на свяце першага ўрока ў райцэнтры. Гаварыла без паперкі. Калі скончыла, загадчыца райана, якая стаяла ззаду, некаму шапнула: «Вельмі, вельмі разумная дзяўчына. Звярніце на яе ўвагу...»

2 верасня 1969 года. Выкладчыца гісторыі, яна ж дырэктар школы (слова ДЫРЭКТАР я якуратна, пад лінеечку, падкрэсліла), сказала: «А зараз я хацела б даведацца, што вы памятаеце з пройдзенага намі ў мінулым навучальным годзе. Але я баюся, каб вы не сапсавалі мне першы ўрок. Я хацела б хоць сёння мець добры настрой, і таму выклікаю да дошкі Вераніку Ламейка...»

3 верасня 1969 года. Верачка, мы просім цябе ўзяць шэфства над адстаючымі вучнямі твайго класа...

26 студзеня 1970 года. У мяне закахаўся самы прыгожы вучань з 9 класа Андрэй К., з якім за шчасце палічыла б сябраваць любая дзяўчына школы. Ён таксама выдатнік і друкуецца ў газетах...

8 красавіка 1970 года. Маці сказала: «Веранічка мая, і ў каго ж ты такая разумненькая ўдалася. Матка ж твая дурніца з дурніц, а бацька і зусім п'яніца...»

- Чакай. Я хачу вярнуцца да папярэдняга запісу. Хіба ты магла напісаць такое пра мяне? Ты ж кахала мяне. Кахала, так?

- Гэта яшчэ дробязі. Паслухай, што я працытую далей.

«...На ўроку ваеннай падрыхтоўкі праходзілі стральбу. Я адстралялася горш за ўсіх. Тады ваенрук заявіў, што паставіць мне адзнаку «добра», і не болей. Я пачала пярэчыць, маўляў, тое, як я страляю, не павінна ўплываць на адзнаку. Галоўнае - я добра ведаю дысцыпліну. Ён зараз жа задаў некалькі пытанняў, і я заблыталася ў іх, бо была занадта ўзбуджаная: мяне вельмі страшыла, што ў маім бездакорным дзённіку можа з'явіцца цёмная пляма. Калі ён папрасіў дзённік, я паглядзела на яго гэтак жаласліва, што пусціў бы слязу і камень, і прашаптала: не магу, вельмі вас прашу. Ён лагодна ўсміхнуўся (так лагодна, як можа ўсміхацца забойца, стоячы над сваёй ахвяраю) і прапанаваў застацца ў ціры пасля ўрокаў, каб трошачкі патрэніравацца. Але мы не трэніраваліся...»

- Вераніка, я не веру табе. Ты была сапраўдным анёлам. Я не хачу, каб ты расказвала мне пра гэта.

- Не, я буду працягваць. У нас не дайшло да ГЭТАГА...

«...Ён папрасіў мяне распрануцца, але я ўся дрыжэла ад страху і не магла скрануцца з месца. А гэты паскудны чалавек, які падобны быў на кій, і калі ішоў, то здавалася, што ў яго хранічны радыкуліт, супакоіў мяне: я не зачаплю цябе, я хачу толькі палюбавацца табою. І я зрабіла, як ён прасіў. Каб ты бачыў, як ён захапляўся маім целам, як цалаваў мае ногі, бёдры і жывот. Не скажу, што гэта было прыемна мне, але перад вачыма маімі ўсплыло самае галоўнае: уціснутая ў клетачку дзённіка дробненькая пяцёрка і сшытак у белай вокладцы, у якім наступны запіс будзе гэткім жа прыемным, як і папярэднія...»

- Гэты запіс у цябе атрымаўся вельмі доўгі. Але ты забыла назваць дату, калі ён рабіўся.

- Гэты запіс захаваўся толькі ў маёй памяці. У сшытку ён выглядаў бы занадта пачварна. А яго ж разграфаваныя лісты былі маім жыццём. Я сама ператварылася ў гэты сшытак.

- Ты падманвала сябе.

- Магчыма. Але так было.

- Са мною ты таксама цалавалася дзеля запісу ў сшытку?

- Гэта пытанне-папрок?

- Не, я задаў яго з цікаўнасці.

- Тады адкажу. Не варта скідваць з рахунку, што я ўсё ж была дзяўчынаю. І дзяўчынаю дарослай. Я нават пачувала сябе жанчынай, і з табою зусім забывалася на сваю хваробу. Яна мяне ненадоўга адпускала. Але ў рэшце рэшт мне наканавана было так і застацца разграфаваным сшыткам. Хочаш, я пакажу табе свой адбітак?..

Не чакаючы адказу, яна падхапілася, скіравала да кніжнай шафы, і я ўбачыў перад сабою зусім не тое, чым любаваўся колькі гадзін таму. Гэта была постаць няшчаснай, стомленай жанчыны. І я падумаў: гэтая хвароба ўсё ж даканала яе.

Не, яна не горбілася. Але рухалася так, нібы наперадзе стаяла гільяціна і ёй трэба горда пакласці на яе сваю галаву. Горда і толькі горда, каб не выклікаць жаласлівасць у некага з тых, хто з прыкрасцю сочыць за кожным яе рухам. Здаецца, ззаду, з бакоў жанчыну акружылі вясковыя бабкі-балбатухі і скрушна ківаюць галовамі: «Хто б мог падумаць, хто б мог падумаць. Які жах, які жах. Жыві проста, кажуць, пражывеш год да ста. Не хоча «проста», не хоча».

Шафа была вялізная і са шклянымі дзвярыма, за якімі я знайшоў вачыма чорныя вокладкі Поўнага збору твораў Леніна і мноства бліскучых, яркіх пераплётаў. Можа, гэта былі кнігі з серыі эратычных бестселераў. А калі адчыніліся ніжнія непразрыстыя дзверцы, увагу прыцягнулі цэлыя стосы тонкіх і агульных сшыткаў. Напэўна, сярод іх ляжалі і вучнёўскія дзённікі. Вераніка ўзяла самы верхні, абцягнуты бялюткаю штучнаю скураю. Выглядаў ён як новы: чысценькі і акуратны.

Я падхапіў яго з вялікай асцярожнасцю. Адчуваў - я першы пасля Веранікі, хто гартае гэтыя пазначаныя чужою таямніцаю старонкі. Большая палова іх аказалася спісаная раўнюткім курсівам і разграфаванымі на тры гарызантальныя паловы: першая - дата, другая - асноўны запіс і трэцяя, самая вузкая (прыкладна два-тры сантыметры шырынёй) аддзяляла чыстае поле. Почырк на першай і апошняй старонцы мала чым адрозніваўся. Можа, з часам ён стаў хіба толькі болей размашысты.

- Каб не займаць лішнія хвіліны, я пакажу табе той запіс, дзеля якога ўзяла гэты сшытак. Вось ён.

І яе бліскучы чаўнок-пазногаць спыніўся на даце: 7 снежня 1988 года.

«Сёння я дакладна ведаю, што павышэння мне давядзецца чакаць зусім не доўга. Не пройдзе і трох месяцаў, як кабінет, на дзвярах якога цяпер вісіць бліскучая ромбападобная шыльда з надпісам: «Сакратар крайкома т. Няфёдаў А.К.» будзе маім. Гэтай ноччу я абагнала сваіх праціўнікаў. Я паланіла якраз таго чалавека, ад якога ўсё залежыць. Цяпер ён мой і толькі мой. Ён сто разоў назваў мяне самаю прыемнаю, самаю мілаю, самаю разумнаю і самаю цнатлівай. Да яго мяне не зведаў ніводны мужчына...»

Вераніка насцярожана сядзела насупраць і пільна сачыла за мною праз вялізныя шыбіны акуляраў. Чакала рэакцыі. Чакала, што вось-вось мае вусны скрывяцца ў пагардзе, быццам я ўкусіў недаспелую антонаўку і «ўбачыў Маскву», каб сустрэць мой здзеклівы пагляд непакорліваю ўсмешкаю. Але я не скрывіўся. Я чамусьці закрыў сшытак, яшчэ раз уважліва агледзеў яго і, не знайшоўшы, за што зачапіцца, зноў адкрыў, хуценька прагартаў старонкі, дабраўся да апошняга запісу.

«8 сакавіка 1991 года. Чалавек, якога я не хачу называць сваім палюбоўнікам, бо зусім абыякавая да яго, падарыў мне цэлае вядро ружаў. Ён абагаўляе мяне».

Цяпер я сапраўды вельмі ўважліва зірнуў на яе. Але гэта быў не позірк-пагарда, а позірк-здзіўленне.

- Вераніка, гэты запіс ні пра што не гаворыць. Чаму ты палічыла, што ён павінен быць апошнім?

- Таму што толькі ў вас, журналістаў, кожны артыкул мае лагічнае завяршэнне.

Куточкі яе перламутравых вуснаў ледзь прыкметна задрыжалі. Пагляд стаў жорсткі, ад чаго, здавалася, выпраміўся маленькі кірпаценькі носік (мусіць, яна не ўмела плакаць). І гэты занадта афіцыйны выраз твару яшчэ больш не пасаваў да яе кідкага мякка-пяшчотнага пуловера і адкрытых каленак.

- Калі табе гэтак цікава, я прадоўжу вусна. Як ты зразумеў, я напісала пра чалавека, якога згадвала 7 снежня. У той дзень ён гаварыў са мною не пра кар'еру, а пра палітыку. Але я не слухала яго, бо апошняе мяне зусім не цікавіла. Затое я добра запомніла іншае. Ён казаў: «Ты шмат чаго не ведаеш з таго, што ведаю я. Дык вось ведай: у нашай справе ніякіх думак пра кар'еру болей быць не можа. Усё. Пакуль не надышоў апошні дзень, трэба вызначацца, што рабіць. Я вызначыўся. Сёння мы сустракаемся з немцамі, будзем прасіць у іх дапамогі. Гэта будзе ў рэстаране. Калі ты не супраць, мы можам схадзіць туды разам...» Тады я спытала: «Што ж мне рабіць?» А ён адказаў: «Будзе лепей, калі ты пойдзеш са мною. І табе, і мне. Праветрышся... Усё разрадка нейкая. А мне, можа, прасцей будзе дамаўляцца з імі...» Я паправілася: «Што мне рабіць увогуле? Як жыць далей?» - «Не ведаю. Ва ўсялякім разе ў адным я не сумняваюся ніколечкі: прастытуткаю ты не станеш». - «Чаму ты ўспомніў гэтае слова?» Мяне яно вельмі ўразіла і нават раззлавала. «Прабач. Проста вырвалася».

- Вось такі працяг мог паявіцца ў сшытку. Але ён не ўвасобіўся ў літары, бо сшытак мой не для такіх запісаў. Ён не прымае іх, - і Вераніка акунула ў попел гарачую галаву цыгарэты, прыдушыла яе ўказальным пальцам, націснуўшы так, што востры пазногаць шкрабянуў па гладкім дне папяльнічкі. Зняла леваю рукою акуляры, а праваю сціснула скроні, слізганула пальцамі па вачах, быццам імкнучыся выдавіць іх, спыніла ўказальны і вялікі на пераноссі. Пад вокам з'явіўся доўгі вузкі сіняк. Гэта ад попелу, што прыліп да ўказальнага пальца і забіўся пад пазногаць. Цяпер як бы яна ні намагалася трымацца горда і незалежна, сіняк зводзіў на нішто тыя высілкі. Ён канчаткова выдаваў яе, усё адно як на гэтым месцы нехта выразна напісаў: «Бездапаможная, зусім бездапаможная».

- А ты? Ты прымаеш такія запісы?

- Як бачыш. Сшытак, мусіць, аказаўся толькі часткаю мяне.

- Што ж было далей?

- Далей мой сшытак перастаў прымаць што б там ні было. І перамогі...

- А яны былі?

- Я раскажу табе, што было далей. Мы елі ў рэстаране дзічыну і пілі «Рускую», бо яе вельмі ўпадабалі немцы. Я выконвала ролю перакладчыцы, але не вельмі ўдала, бо шмат чаго забылася. У іх нешта не клеілася, і мой сябар папрасіў у мяне дапамогі. Я быццам бы незнарок правяла пальцамі па валасатай руцэ старога немца. Пасля, ужо знарок, песціла яго ў сваёй пасцелі. Былі крыкі радасці і згамтаная прасціна, была знямога, было храбусценне навюткіх нямецкіх марак і цяжар пакладзеных у далонь пачкаў, аперазаных светла-карычневымі папяровымі стужкамі з чырвонымі палоскамі, было безліч такіх сустрэч і роспач майго сябра, якому я перадумала дапамагчы, бо ўсё яшчэ помніла ягоную абразу з упамінаннем слова «прастытутка»... А вы, журналісты, у гэты час страчылі свае бязглуздыя і нікому не патрэбныя артыкулы пра барацьбу ідэалогій, спрачаліся, хто быў разумнейшы, Пляханаў ці Ленін, Брэжнеў ці Гарбачоў, вучылі людзей, як адрозніваць сапраўднага перабудоўшчыка ад прыстасаванца...

- Чаму ты з'ехала адтуль сюды, на Радзіму? - Я перавёў гутарку на другое.

- А куды яшчэ ехаць? Там жа я не магла займацца сваім рамяством. Кожны сабака ведае.

- Ну, а кватэра?

- Што кватэра?

- Абмянялася?

- Купіла.

- Ого.

- Ты павінен ведаць, што людзі нашай прафесіі зарабляюць многа.

- Я ведаю. Але каб кватэру. Яна каштуе дзесяткі мільёнаў.

- Мне прадалі танней. Своеасаблівы падарунак. Я ж абслугоўваю абраных. А хочаш, я паведамлю табе свае расцэнкі. Міньет раблю...

- Не трэба працягваць. Мне гэта нецікава.

- Дарэмна. Выкарыстаеш у артыкуле... І яшчэ. Я ніколі не падпільноўвала кліентаў каля гасцініц або рэстаранаў. Яны самі знаходзілі мяне дома. А сёння... Сёння асобы выпадак. Я табе ніколі не скажу, чаму я паявілася каля рэстарана.

- Не настойваю.

- І добра.

Цяпер яе пагляд быў насмешліва-суровы. Сіняк знік, яго амаль на ўсю даўжыню перакрэсліла блакітная аправа акуляраў. Вераніка ўсё яшчэ змагалася. Яна ўпарта не хацела выклікаць жаласлівасць. Але пытанне, адрасаванае мне пасля хвіліны маўчання-роздуму, прадало яе гэтак жа, як прадаў толькі што попельны «ліхтар».

- А цяпер я хачу спытаць у цябе: ці мае чалавек права на памылку?

- Такое пытанне нельга ставіць, бо ці мае права адзін чалавек вызначаць, дзе зрабіў памылку іншы, і ці памылка гэта наогул. Кожны павінен сам аналізаваць і даваць ацэнку сваім учынкам. Да таго ж любая памылка можа мець апраўданне.

- Ну, добра. А вось ты, асабіста ты апраўдваеш усе свае памылкі?

- Часам апраўдваю, але часцей усё ж проста вытлумачваю для сябе іх паходжанне, не знімаючы гэтым самым з сябе віны. Не вельмі даўно, калі мы, журналісты, адчулі сябе адносна вольнымі, мяне запрасілі на адну важную канферэнцыю. Я адмовіўся. Мне захацелася паказаць, што цяпер магу і не выканаць нечы загад, што я незалежны і сам вызначаю, куды мне ісці. Але ж то быў не загад, а звычайная просьба. Да таго ж, канферэнцыя аказалася дужа цікавай. Я вырашыў, што зрабіў памылку.

- Мне спадабаўся твой адказ, хоць і прыклад, які ты прывёў, мае занадта малы жыццёвы маштаб. Згадзіся, твая памылка непакоіла цябе ўсяго некалькі гадзін, няхай сабе дзён, але яна ніяк не паўплывала на ход твайго жыцця. Ва ўсялякім разе - знешне. Для мяне памылкаю стала само маё жыццё. Вось толькі пазнавата зразумела. Ты вельмі добра сказаў, што кожны чалавек сам найбольш дакладна можа вызначыць ступень сваёй памылкі і сваёй віны. Але ж чалавек па прыродзе эгаіст і заўсёды імкнецца апраўдаць сябе. Я таксама знаходжу апраўданне сваім дзеянням (бывае, нават адношу сябе да ліку ахвяр цяперашняга часу), але чым далей, тым цяжэй і цяжэй мне рабіць гэта.

Мне захацелася суцешыць яе, але замест гэтага я толькі ўскінуў руку і зірнуў на гадзіннік, які паказаў палову на чацвертую. Пачынаўся наступны дзень - 6 траўня 1992 года. Цела не слухалася мяне. Здавалася, варта мне падняцца, як пакой уздрыганецца ад скрогату знямелых касцей. Гэта азначала, што добрыя дзве гадзіны я правёў у поўнай нерухомасці. Яна адпіла халоднае кавы, прымасцілася на рог століка:

- Хочаш, я раскажу табе адну прытчу. Слухай. Калі чалавек кажа «дай» і нічога не абяцае ўзамен, гэта яшчэ не сталы чалавек. Калі чалавек кажа «дай, я табе адплачу тым і тым», гэта напаўсталы чалавек. Калі чалавек кажа «давай, я зраблю табе добрую справу, а ты мне адплоціш некалі тым жа», гэта блізкі да сталасці чалавек. Калі чалавек кажа «бяры ў мяне, што табе трэба, я зраблю для цябе ўсё, што магу», гэта сталы чалавек.

- Гэта нейкім чынам тычыцца тэмы нашай гутаркі?

- Гэта тычыцца мяне.

- Якім чынам? Я нешта не зразумеў.

- А такім, што прытчу гэтую прыдумала я. Вось і ўсё.

 

* * *

 

Не помню ўжо, што гэта быў за дзень і наогул канец траўня ці пачатак чэрвеня дзевяноста другога. Але тое і не важна. Мне трэба было тэрмінова рыхтаваць да друку звесткі пад рубрыку: «Хроніка падзей» (колькі дзён таму пакінуў пасаду аглядальніка і ўзначаліў аддзел аператыўнай інфармацыі). І трэба ж: у самы гарачы час прыпёрліся Мікола і Сцяпан. Натуральна, пісаць у такой абстаноўцы не будзеш, і я ўзяўся, перакідваючыся з імі словам-другім, гартаць свежыя газеты. Узялі па аркушу і госці...

- Андрэй, гэта не пра тую Вераніку, што была тады з намі, пішуць?

- Дзе?

Мікола паднёс да мяне газету і пстрыкнуў здаравенным пальцам па кароценькім паведамленні пад маленькім падзагаловачкам «Забойствы», ад чаго папера трэснула. Трэшчына як бы перакрэсліла падзагаловачак.

«У адной з кватэр дома № 128, што па вуліцы Першамайскай, знойдзены трупы 35-гадовай Веранікі Ламейка (уладальніцы кватэры) і маладога мужчыны прыкладна 23-26-гадовага ўзросту. Асоба апошняга ўстанаўліваецца.

Пацярпеўшыя, як сведчаць вынікі папярэдняга расследавання, атруціліся газам, уключыўшы, кладучыся спаць, усе чатыры канфоркі газавай пліты».

- Так, гэта яна.

- Ого. Добра, што яна не ўключыла канфоркі, калі начаваў у яе ты.

Я ўсміхнуўся:

- Дзякуй ёй за гэта.

І раптам нечага расчуліўся:

- Эх, Веранічка. Вось і пазбавілася ты ад сваёй хваробы.

- Яна была хвораю?

Я зрабіў выгляд, што не пачуў гэтага пытання, хаця мог адказаць сцвярджальна. Я мог нават растлумачыць, чаму яна зацягнула да сябе ў пасцель няшчаснага юнака, якога, напэўна, як і мяне, падцікавала каля гасцініцы або рэстарана. Яна не хацела, каб яе смерць выклікала ў людзей шкадаванне. Гэта была яе апошняя перамога, якую, канечне ж, таксама не прыняў разграфаваны сшытак у белай вокладцы са штучнай скуры. Ён, я ў гэтым быў упэўнены, скончыў сваё існаванне трошачкі раней за гаспадыню.


1990-1994?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая