epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Крэйдзіч

Шчаслівая ты, Ленка

У самым цэнтры студэнцкага пакойчыка-кубіка звіваецца на гарачых сілікатных цаглінах вогненная гадзюка - спіраль самаробнага абагравальніка, змудраванага мужчынскай паловай тэхнікумаўскага інтэрната. Карыстацца ім, канечне ж, катэгарычна забаронена, але адчыніце знянацку любыя дзверы ў гэтым шматпавярховым каменным вуллі, і рэдка ў каго вы не ўбачыце падобнага прыстасавання.

- Хіба выключым, дзеўкі, а ну ж праверка?

- Няхай Ленка сагрэецца, змерзла ж, мусіць.

- Ага. Хай пагарыць трошку, і праўда - закалела.

Са сцен на дзяўчат натхнёна пазіраюць, седзячы адзін на адным, як рабацінне на твары, вядомыя артысты, спартсмены і проста прыгожыя мужчыны. З імі не так самотна, тым больш цяпер, калі ўсе дома - усе тры сяброўкі, уся сямейка.

Наташа Весялова. Яе прычоска ў студэнцкіх колах называецца «я ўпала з сенавала...» Успёршыся з нагамі на ложак, дзяўчына напамінае квактуху. У яе руках - злучаныя кавалачкам лескі бліскучыя няўлоўныя спіцы, па баках на дзягастым чырвоным пакрывале два вялізныя яйкі - клубкі тоўстай шэрай ніткі.

- Якая ты шчаслівая, Ленка. Столькі хлопцаў закаханы ў цябе. А гэты, што ўчора падвозіў нас на «Волзе»... Як ён глядзеў на цябе. Ах, трапіўся б мне такі, з'ела б, здаецца. Прыгожы. Праўда, Рыта?

- Мыгы. - Рыта (па мянушцы «Мышка») на імгненне падняла далёка не сімпатычную, хоць і ветлівую, вострую мордачку з доўгім гарбатым носам і працягвала чысціць пазногці чорнаю невідзімкаю.

- А што ён казаў табе?.. Ну, тады ж, калі папрасіў затрымацца?

- Ён назначыў мне спатканне.

- Гэта ж была зараз на спатканні з ім?

- Вядома, - Ленка задаволена, усім сваім выглядам паказваючы перавагу над сяброўкамі, усміхнулася, захінулася ў тоўстую коўдру і падсела бліжэй да агню, бо ўжо была ў адной толькі доўгай і бялюткай ільняной сарочцы ды мяккіх з кутасікамі шлепаках. Ускалыхнутае паветра падняло з падлогі некалькі пясчынак і апусціла іх на распаленыя спіралі. Трэснулі і рассыпаліся іскрынкі.

У Ленкі было не вельмі прыгожае прозвішча - Карпуніна. Хлопцы, што вучыліся на адным з ёю курсе, неаднойчы спрабавалі да гэтай стройненькай светлавалосай прыгажуні, у цёмных вачах якой нястомна бегалі вясёлыя неўтаймоўныя чорцікі, якую-небудзь мянушку, для чаго абавязкова скарыстоўвалі немілагучнае прозвішча. Спачатку прыдумалі «Карпуха». Не прыжылося. Пасля - «Карпуша». Тое ж самае. Былі яшчэ «Карпуня», «Карпіха». Але з'еды шчыравалі дарэмна. Яе па-ранейшаму клікалі Ленкаю. Гэтае імя было заадно і мянушкаю дзяўчыны.

- Вой, я ж забылася. Ленка. Мы торт сёння купілі. Рытка, нясі хутчэй. І гарбаткі падагрэй. Трэба ж, забылася зусім.

- Не ўставай, Рыта. Я не галодная.

- У рэстаране з ім была? Вот так жаніх.

-Ён заказваў для мяне музыку. І мы доўга танцавалі...

- І пілі віно?

- Не, я не захацела.

- А я б не адмаўлялася. Я знарок захмялела б, каб гэты сімпацюля хоць крыху паняньчыўся са мною. У мяне вочы заплюшчваюцца, калі ўяўляю, што ён побач.

- А я сказала, што больш не хачу з ім сустракацца.

- Здурэла? Чаму гэта?

- І сама не ведаю. От сказалася неяк знянацку, і ўсё. Ды што тут шкадаваць. Колькі іх яшчэ трапіцца на шляху.

- На тваім дык канечне. Але ж ён такі... Такі прыгожы. І з машынаю. Гэта яго легкавік?

- Яго.

- Не, не згодна з табою. Такі, можа, раз у жыцці трапляецца. Эх, мне б яго. Ні за што не адпусціла б. Вось учапілася б рукамі, і трымала б усё жыццё.

- Ай хопіць пра гэта. Давайце лепей спаць. Позна ж, а заўтра залік. Трэба са свежай галавою ўстаць.

- То лажымася. А ведаеш, я б, мусіць, цэлую ноч не спала пасля такога спаткання. Што ні кажы, а ты, Ленка, шчаслівая. Вось толькі мы з Рыткаю няшчасныя. Што ні кажы...

 

Ленка захуталася з галавою, уздрыгваючы і курчачыся ад дотыку халодных жорсткіх прасцін. Намуляла малюсенькім акуратным мязінцам, на якім шчымеў нацёрты туфелькамі вадзянік, халодную паверхню нікеляванай ножкі студэнцкага ложка, адчувала, што шчыменне хутка заціхае. «Наташка кладзе ў тумбачку сваё вязанне. Хаваюць пад ложак бляху з пакладзенымі на яе гарачымі цаглінамі». Думаць ёй не хочацца, і Ленка сочыць за сяброўкамі. «Расцілаюць ложкі. У Рыткі зноў заела маланка. Колькі хвілін яна павалтузіцца з ёю і зніме майстарку праз галаву. Так і ёсць. Пстрыкнуў выключальнік і рыпнулі спружыны. Усё - цішыня». Цяпер фіксаваць няма чаго і мусіш успамінаць праведзены ненавісны вечар. Ленка адарвала вадзянік ад металу, ён зашчымеў зноў, але не так моцна. Пад коўдраю назбіралася цяпла, і па целе расплылася асалода. Ногі, стомленыя доўгаю хадой, прыемна нылі - адпачывалі.

 

Яны дамовіліся спаткацца на возеры. Каля кабін на пляжы. Іх там усяго дзве, аблезлыя і спісаныя рознай дурнотай, нібы старонкі чарнавога сшытка. На месцы яна была яшчэ завідна. Толькі-толькі вечарэла. Прайшлася туды-сюды, спрабуючы супакоіць сэрца, узрушанае чаканнем надзвычайнага (так яна лічыла) спаткання. Сэрца з кожнай хвілінай шчымела ўсё болей і болей. Але ён не паяўляўся. Не расхінуў вялізнай і халодна-слізкай шырмы змроку, не асляпіў яе светлаю адкрытаю ўсмешкай. Ён такі пяшчотны, прыемна датыкацца да яго, стройнага, падцягнутага і свежага. Але адкуль яна ведае гэта? Адчувае. Жанчына, няхай сабе і дзяўчына, умее на адлегласці адчуваць такія рэчы.

Ленка на хвіліну ачнулася ад успаміну, вярнулася ў цёплы ложак. І адразу ж адчула: нешта пашчыпвае ў далонях. Распраміла іх і зразумела, што занадта моцна сціснула кулачкі. Ажно ўпіліся ў мяккія далонькі доўгія востранькія пазногці, дагледжаныя і акуратна палакаваныя.

«Якая ж я дурная». У змроку яна ўбачыла нейкую постаць і, забыўшыся на годнасць, пабегла. Да яго. І гэта была яна - прыгажуня, за якою табунамі хадзілі хлопцы. Яна так спяшалася, што не заўважыла нейкай патарчакі і зачапілася нагой. Добра яшчэ - паспела выцягнуць рукі наперад, таму не расцягнулася на вільготным жоўтым пяску. Устала, абабіла далоні, пабегла зноў. Няўжо гэта была яна? Так - яна. А замест яго стаяў пабелены слуп з нейкаю шыльдачкаю наверсе. За ім вымалёўвалася нешта яшчэ. Рушыла туды і ўбачыла спартыўныя снарады: турнік, валейбольную сетку. Вярнулася да кабін, якія вечар ператварыў у цёмныя плямы, прайшлася ў процілеглы бок. Дайшла да прышчастых валуноў, хацела прысесці, але холад адагнаў гэтае жаданне. Відаць, яна хадзіла доўга, хоць і не зважала на час. Яна ні разу не зірнула на свой малюсенькі гадзіннічак, прымацаваны да рукі тонкім пазалочаным прутком. Толькі ў інтэрнаце дайшло, што правяла на возеры больш за пяць гадзін. Пад халодным вільготным ветрам.

Яна паправіла падушку і адчула пад шчакою холад. Мокрая? «Калі ж я паспела выліць столькі слёз?»

 

...Ноччу Ленцы прысніўся сон. Стаіць яна, прыціснуўшы галавою тоненькую палосачку гальштука да ягоных грудзей, і чуе знекуль прыцішанае Наташчына: «Шчаслівая ты, Ленка».


1995-2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая