epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Крэйдзіч

Сінічкі-міратворцы

Якая зноў іх злосная муха ўкусіла пасярод зімы?

Маленькая Каця сачыла з-за разгорнутай кнігі то за сінічкамі ў акне - яны так гарэзліва мітусіліся ў бярозавай кроне, то за бацькамі. Бацькі таксама мітусіліся, але па-даросламу.

- Ах, так! - сказала мама.

- І ніяк іначай, - стаяў на сваім тата.

Вось так і сварацца цэлы ранак. Зусім забыліся на сваю дзяўчынку.

Калі бацькі змоўклі, па хаце вольна расплыліся жаласлівыя гукі скрыпкі. Радыё, відаць, таксама сачыла за сваркаю адным сваім вочкам-бубачкай са сцяны, з-пад зялёнага і доўгага, як ліяны, вецця традэсканцыі, і плакала-плакала, аж разрывалася. Але вось яно змоўкла, зрабілася ціха-ціха, аж чутно было, як за акном перацінькваюцца-перамаўляюцца сінічкі. Пасля загаварыў строгім голасам дзядзька-дыктар. Ён расказваў пра вайну, некалькі разоў паўтарыў слова «міратворцы». Каці надта ж спадабалася гэтае слова, і яна спытала:

- Тата, а хто такія міратворцы?

- Гэта, дачушка, такія салдаты. Калі недзе вайна, яны прыходзяць і спыняюць тую вайну.

- А, гэта як дарослыя спыняюць бойку паміж хлопцамі, якія нешта не падзялілі, - здагадалася Каця.

- Амаль што, - крутнуў галавой бацька.

- А навошта людзі ваююць?

- Бо дурныя.

- І злосныя, праўда?

- Ага, злосныя, - усміхнуўся тата.

- А вы з мамай таксама ваюеце, калі сварыцеся? - не сунімалася Каця.

- Мы?.. - Бацька адразу і не знайшоўся што адказаць.

- Вось бачыш, ужо і дзіця заўважае, што паміж намі нешта не тое. І ўсё з-за тваёй упартасці, - гукнула матуля з кухні і забразгала посудам.

- Гэта я ўпарты? Гэта ж ты ўпартая! - Бацька рушыў на кухню.

«Ну вось, зараз яны зноў будуць спрачацца», - уздыхнула Каця.

У гэты час адна сінічка сарвалася з бярозавай галінкі, мільганула каля самага акна, села на падаконне, паскакала па ім, смешна круцячы аж занадта жвавай пярэстай, з акулярамі, галоўкай і гэтак жа нечакана пырхнула, знікла.

«Відаць, ежу шукае», - пашкадавала сінічку дзяўчынка.

- Чакайце, гарэзы, я памагу вам. - Раптам яна ўскочыла з крэсла, закрыла кнігу. - Пасля дачытаю, яшчэ ж уся субота наперадзе.

Каця выцягнула з-пад ложка вялізную скрынку з цацкамі, пакорпалася ў ёй, дастала аднекуль з глыбіні скрыначку з-пад цукерак, адчыніла яе.

- Будзеш кармушкай? - спыталася. І, нібы пачуўшы ў адказ «буду», гарэзліва засмяялася.

Падумаўшы-памеркаваўшы, Каця дастала з мамінай шуфляды ў вялікай шафе клубок тоўстых нітак і вялізную іголку, прышыла па кутах скрыначкі па нітцы, звязала іх, усе чатыры, уверсе. Падставіла пад акно крэсла, залезла па ім на шырокі падаконнік, звесіла сваю лёгенькую кармушку з фортачкі на вуліцу, на холад, прышпіліла звязаныя ніткі некалькімі канцылярскімі кнопкамі. Вось і гатова кармушка. Толькі трэба нешта насыпаць у яе. Сінічкі вунь як цікуюць з бярозкі, слінкі, пэўна, глытаюць.

На кухню ісці не хацелася. Там бацькі, чутно, усё яшчэ сварацца.

«Вой, у мяне ж цэлая булачка са школьнага абеду засталася», - успомніла Каця. Яна хуценька адкрыла партфель, дастала з самага дна загорнутую ў паперу булачку. Падсохлая, яна лёгка крышылася. Хуценька скрышыла ўсю. Атрымалася цэлая гара. Каця зноў залезла на падаконнік і высыпала смачную горку ў сваю скрыначку-кармушку.

Ледзь паспела дзяўчынка адысці ад акна, як жэўжыкі-птушачкі ўжо тут як тут. Падляціць жаўтагрудае белашчокае рухавенькае стварэнне, сядзе на самы край кармушкі, схопіць крошку і ўцякае на сваю галінку.

- Тата! Мама! - паклікала Каця.

- Што, дачушка, што нарабілася?

Відаць, яна крыкнула занадта гучна, і бацькі напалохаліся, падумалі, ці не парэзала іх дзяўчынка пальчык.

- Паглядзіце! - І Каця паказала на кармушку. Яна ведала - бацькі надта любяць птушак. Аднойчы тата вылечыў дома параненую галку і пасля адпусціў яе. А матуля дапамагала яму.

Скрыначка, аднак, сіратліва вісела за акном. Відаць, Каця ўсіх птушак крыкам распалохала. Ну, каб хоць адненькая прыляцела. І вось дачакалася. Цэлую чародку. Птушкі пачалі дурыцца, зганяць адна адну з кармушкі. Відаць, наеліся і цяпер, сытыя, забаўляліся.

- Вой, якія харошанькія! - Матуля аж у ладкі пляснула.

Бацька маўчаў, але Каця прыкмеціла, што і яго хмуры твар пасвятлеў.

Тым часам да кармушкі падляцела сівагаловая галка, залапатала цёмнымі крыламі, сінічкі пырснулі ва ўсе бакі.

- Зараз яна перакуліць кармушку, і ўсё высыплецца, - спалохалася мама.

- Нічога, з зямлі пазбіраюць, - супакоіў яе тата.

Але галка, відаць, скеміла, што на лёгкую каробачку сесці ёй не ўдасца, і паляцела на дах. За акном зноў замітусіліся няўрымслівыя жоўтыя камячкі.

- Чакайце, я зараз, - бацька падняў угару ўказальны палец, маўляў, я таксама прыдумаў нешта.

Праз хвіліну ён вярнуўся з кавалачкам сала, які вісеў на доўгай нітцы.

- Сінічкі сала любяць.

Ён смешна забраўся на падаконнік і павесіў побач з кармушкай сала.

Сінічка як бач павесілася на яго, учапіўшыся з-пад нізу кіпцюрыкамі і ўпёршыся ў аконнае шкло раздвоеным пругкім хвосцікам. Яна з такім смакам дзяўбла сала, што матуля сказала:

- Так смачна есць, аж самой захацелася. Хадзем снедаць. Я пакармлю вас найсмачнейшымі ў свеце аладкамі.

- А рэшту птушкам аддамо, - прапанавала Каця.

Матуля прыцягнула да сябе дачушку, абняла:

- Сонейка ты наша.

Кацярына ўсміхнулася і сапраўды стала падобная на сонейка: круглатварая, светлавалосая і ўскудлачаная.

Тата абняў матулю. І атрымалася, што яны ўсе абняліся.

- Вы памірыліся? - Хітра зіркнула Каця знізу адным прыжмураным вочкам, нібы гэта была не маленькая дзяўчынка, а вялікая сініца.

- Памірыліся, - хорам адказалі тата і мама.

- Значыць, гэта не простыя сінічкі, а сінічкі-міратворцы, - заключыла дзяўчынка.

І яны ўсе разам засмяяліся і пайшлі есці найсмачнейшыя ў свеце аладкі.


1995-2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая